БАЛАДА МІКОЛЫ ТРУХАНА (18.08.1947—20.03.1999)
На сцэну выйсці і на ёй застацца, Як застаюцца зоры над зямлёй, Каб разам з намі плакаць і смяяцца, І падаць на дарогу прад сабой, Нібы на вогнішча, якое гіне У цемры, дзе вятры, снягі, дажджы… Жывём—пакуль патрэбныя Айчыне, Айчына ж вечная, як і глыжы На тых грудах, дзе нашы спяць героі Забытыя, якія ўсё ж—былі, Як—на абрыве залатыя хвоі, Што падалі ў раку і ў свет плылі, Каб расказаць аб Беларусі далям… І ты на сцэну выйшаў, каб сказаць, Што Беларусь—не край балот і жалю, А край любові светлай, як сляза Каханай над магілай інсургента, З крыві якога пачаліся мы Не для таго, каб век па свеце швэндаць, А—берагчы бацькоўскія дамы І слова роднае, што тут спрадвеку Было і будзе тут пакуль жывём І зоры адлюстроўваюцца ў рэках, Бо зоры нашым поўняцца святлом, Як вочы беларускія анёлаў, Што ў нашы душы праз вякі глядзяць І бачаць наша маладое Ўчора І наша Заўтра, дзе не сумаваць…
|