БАЛАДА НІНЫ МАЦЯШ (20.09.1943—19.12.2008)
Хавацца ад людзей — не для паэта, Якому родны край — зусім не рай, Якога і не будзе — знаеш гэта, Бо гэта наш, як перад прорвай, край, Якому ты сваё люблю сказала У кожным вершы, што ў душы кіпеў І слова кожнае кроў апякала, Як сонца, у якім любоў і гнеў Жывуць і жыць даюць, калі жадаеш Ты ў свеце жыць, дзе ўсім нялёгка жыць, Дзе Млечны Шлях — не рэчка залатая, А — у хрыстовае крыві глыжы. І ты жыла, нібы малітва ў сэрцы Манашкі, для якой яе жыццё, Як матылёк, які аб неба б’ецца, Самотнае, дзе зоркі, як лісцё На шкле, па-за якім дажджы і восень, І дзень, дзе ты з’явілася для нас, Каб слова беларускае вялося І нас вяло праз ветравейны час, Дзе ты сваё люблю жыццю сказала У кожным вершы, што ў душы кіпеў І слова кожнае кроў апякала, Як сонца, у якім любоў і гнеў…
|