БАЛАДА ТОДАРА КЛЯШТОРНАГА |
БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА ТОДАРА КЛЯШТОРНАГА (11.03.1903—30.10.1937)
Трамваі зноў разбудзяць горад шэры, Засвецяцца, нібыта ліхтары, Лістотай трапяткою клёны ў скверы Жаўцюткія і чорныя ў нутры. І ўсё абудзіцца, і дзень пачнецца, І засмяецца сумнае дзіця, Але тваё не страпянецца сэрца, Бо куля ў ім і ў ім няма жыцця, Якое ты любіў пад родным небам, З якога часта дождж і снег ішоў, Ды неба іншага было не трэба, Бо ў свеце лепшых снегу і дажджоў Няма і не было, і больш не будзе, І ў вершах застануцца назаўжды Яны і новы дзень сабой абудзяць, Нібы трамвай ад сонца залаты, Што празвініць і знікне за дамамі Старымі, як і гэты свет стары, І будзе плакаць дзень дажджом-слязамі Чарнюткімі і светлымі ў нутры.
|