БАЛАДА КАСТУСЯ ЕЗАВІТАВА (17.11.1893—23.05.1946)
У куце больш не маю бажніц— Мапа там. А на ёй—Беларусь. Кастусь Езавітаў
Не ў кожнага народа ёсць свая краіна, Ды кожны хоча мець, як сёння маеш ты. А ля вакна, нібы пажар, шуміць рабіна, Губляючы яшчэ зялёныя лісты. І разумееш ты, што ўсё не проста ў свеце І кожны дзень, нібыта ўцёкі з ночы шэрай, Дзе некаму і поўня, нібы сонца, свеціць І дзе, як крэпасць, некаму яго кватэра. А ты не можаш жыць схаваўшыся ад свету, Ты беларусам адкрываеш іх багацце, Дзе ёсць князі, музыкі, мастакі, паэты І мова родная—як божы шлях да шчасця, Да Беларусі той, якая толькі сніцца Усім хто моліцца, каб Беларусь была Краінаю, якою кожны ганарыцца І ў ёй жыве, нібыта кропелькі святла, З якіх сатканы словы Беларусь, Краіна, Якімі сёння ганарымся я і ты… А ля вакна, нібы пажар, шуміць рабіна, Губляючы яшчэ зялёныя лісты.
|