БАЛАДЫ БЕЛАРУСКАГА ШЛЯХУ
|
БАЛАДА ЦІШКІ ГАРТНАГА (23.10.1887--11.04.1937)
Усё ў былым-- і слава, і пашана І ўжо дарогі больш няма назад. Ды выбар ёсць яшчэ-- быць расстраляным Ці раптам звар’яцець… І ты-- вар’ят, Але і ў гэтым доме ў вокнах краты, Як павукі, што ткуць самоту й смерць. І лекары крычаць, крычаць вар’яты І можна тут сапраўдна звар’яцець. А за сцяной вясна ды жыць не хочаш, Бо немагчыма ў вар’ятоўні жыць, І ўжо не поўню ў небе бачаць вочы, Пятлю, якая кліча і гарыць, Як бальшавіцкі сцяг служыў якому І пад якім людзей катуе кат. Не здрадзіў ты Айчыне і нікому Не здрадзіш. Ты-- змагар, а не вар’ят. І заўтра, як сабаку, закапаюць Цябе на ўскрайку парка ды і там Твой чэрап беларускі адшукаем, Нібы ў начы-- бялюткі Храм…
|