БАЛАДА ЯЗЭПА ЛЁСІКА (6.11.1883--1.04.1940)
Нявольны зноў. Няма ў цябе краіны, Бо з воляю краіну адабралі. І родны край-- самотныя руіны, Што скрозь травой чужой пазарасталі-- Далёка, як далёка наша воля, Якую сніш ты і жывеш якою…
Чужая мова і чужое поле, Дзе вецер звар’яцелы прад турмою Лятае, і табе ў турме здаецца, Што нават вецер над табой смяецца, Бо ўсё дарэмна. Толькі ж недарэмна Усё было, і вольным край наш будзе, Бо ёсць наш край і ёсць і будуць людзі, Што любяць волю, а яна ўзаемна Іх любіць, і таму твая краіна Паўстане, нібы крыж святы, з руінаў, Бо ты ў ёй жыў, бо ёю жыў і мову У сэрцы нёс-- дзяржаўнасці аснову,-- Каб кожны дзень, які пасля пачнецца, Быў беларускім, нібы беларуса сэрца...
|