БАЛАДА ЭДВАРДА ВАЙНІЛОВІЧА (13.10.1847—16.06.1928)
Не прышэлец з Усходу ні з Захаду ён, А з тутэйшага люду, які гонар мае, Над якім неба светлага велічны звон Звонам вечным для светлай нас долі яднае.
Звон праз душы людскія з малітвай плыве, На касцёле крыжуецца і на царкве, Каб мы помнілі вечна-- на нашай зямлі І багатыя людзі, як людзі, жылі І жыў ён, і любіў белы свет, і бярог У сабе, як агонь, да Айчыны любоў І вяртаўся дадому з край свету і Бог У душы яго жыў, як жыве ў сэрцы кроў.
І пакінуў ён нам божы свет і святло, І што будзе, што ёсць, што праз вечнасць прайшло, Дзе Чырвоны касцёл, як агонь, што застыў, Каб прайшлі праз яго ўсе хто хоча прайсці І ачысціць душу, каб сказаць: “Я пражыў Так, як трэба было жыць мне ў гэтым жыцці...” І заплакаць, і ўспомніць, што ты не адзін І адзін, бо не ўсё, што хацеў ты збярог, І не толькі Айчыны ты сын, божы сын, І не толькі цябе, а і ўсіх любіць Бог...
|