БАЛАДА МІХАЛА АНДРЫЁЛІ (14.11.1836--23.08.1893)
…Уцёкшы з царскае турмы на волю, Жывеш спакойна ў Лондане й Парыжы. І цёплы снег, які ляціць з таполяў, Цябе вяртае ў Віленскую цішу, У родны тлум, якія назаўсёды З табою будуць, як да волі прага. Твае карціны-- залатыя соты, Любоўю поўныя, крывёю сцяга, Які лунаў у бітвах над сябрамі, З якімі ты ішоў праз смерці вецер… І ты вяртаешся дамоў, бо ў свеце Мілей няма зямлі, дзе над палямі Лятуць буслы і жаўрукі крыляюць. Герояў на радзіме не вітаюць, Іх у Сібір, нібы ў агонь, кідаюць. І ты жывеш у высылцы, малюеш, І ты свой лёс прымаеш без праклёну, Душою ў Вільні, дзе б ні быў, начуеш І застаешся рыцарам да скону…
|