БАЛАДА ЭМІЛІІ ПЛЯТЭР (13.11.1806--23.12.1831)
Юная графіня, ты не хочаш танчыць, Спакушаць мужчынаў і ўцякаць ад іх, І не спаць начамі, зоркі ў небе бачыць, Нібы россып кветак побач ног сваіх, Бо не час для танцаў, бо твая Айчына Больш трываць не можа здзеку чужакоў. І няхай паўстанне-- гэта шлях мужчынаў Да прыснёнай волі праз агонь і кроў-- Ты яго абрала, нібы пакахала Маладога воя, што аддаў табе Пад тваё ўладанне і душу, і цела… Завіруха ў лесе ноч усю гудзела, Ля цябе спявала, плакала ў журбе. Ну а ты шаптала горача малітву І, як свечка, гасла на вачах сяброў. Мы свой край не страцім, праіграўшы бітву, Бо за волю края пралілася кроў, І яна святая, як і ты святая Для зямлі, якою заўтра станеш ты-- І ўваскрэснеш зоркай па-над нашым краем, Краем, што аднойчы выйдзе з цемнаты…
|