БАЛАДА СТЭФАНА ГРАБОЎСКАГА (24.06.1767--4.06.1847)
Вялікага Княства не будзе ўжо болей, А ты спадзяешся, што вернецца час, Якому да нас не вярнуцца ніколі, Бо й час, што прыходзіць-- не цалкам для нас. Ён нас не шкадуе, руйнуе палацы, А ты не шкадуеш для волі сябе. І ты-- пераможца, ты ў Вільні на пляцы, Але ўсё часова, ізноў ты ў журбе, Бо мора крыві і яна залатая, Бо самыя лепшыя леглі ў зямлю. Вялікае Княства, як сонца, знікае І ўсходзіць у сэрцах, як слова “люблю”,-- Люблю гэты край, дзе, як слёзы, азёры, Бялюткія Храмы, ля вёсак крыжы І, нібы з бурштыну, драбнюткія зоры У небе, дзе вольна заўсёды душы, Якая баліць па радзімавых гонях, Якія цяпер здратаваны мяжой. І верыш, што прыйдуць французы і сёння ж Адродзіцца Княства і ў Княстве спакой. І будзе спадманам табе абяцанне, Што вернецца Княства і светлы той час. Ды час залаты і павек не настане, Бо час, што прыходзіць, прыходзіць па нас. І ты ўжо глядзіш на завею, што ў полі Французаў хавае, хавае іх шлях, Якім яны ўжо тут не пойдуць ніколі, І слёзы ў тваіх не ўскіпаюць вачах…
|