БАЛАДА СЫМОНА БУДНАГА (1530—13.01.1593) 1.
…І ён у Вашаве, і ён у Парыжы Мог замкаў, маёнткаў сабе накупляць, Але ён друкарню будуе ў Нясвіжы, Каб кніжкі на мове сваёй друкаваць. І нехта смяецца, і злосна пытае: “Навошта ён грошы на школы дае?” І восень ідзе, як арда, залатая, Што ў дыме стагоддзяў, як дым, растае, Бо ўжо не вярнуцца і не паўтарыцца Таму, што было тут на нашай зямлі. У Храм ён ідзе, каб за бедных маліцца, Каб людзі, як людзі, на свеце жылі. І словы малітвы ўзлятаюць высока Да зор, як да свечак, што Бог запаліў. І робіцца сэрцу трывожна і горка І ў небе, як кнігі, лятуць жураўлі, Знікаць, як радасць, знікаюць, як лета, Якое было, як ёсць сёння Нясвіж. І, пыл падымаючы, мчыцца карэта, Але не яго—у далёкі Парыж, Бо ён зімаваць застаецца ў Айчыне, Дзе вецер, дзе хмары, дзе будуць снягі, Дзе ў кнізе, нібы на маленькай ільдзіне, Нам плыць і праз святаць і плыць праз грахі Ад княства далей, тут якога не будзе, Але застанецца зямля і на ёй Прыгожыя, вольныя, светлыя людзі, Як княства вялікае з нашай крывёй.
2.
Не адшукаць у Вішневе тваёй магілы. Магілаю тваёю стала ўся зямля, Па-над якой бялюткія бусловы крылы, Як ветразі вандруючага карабля, Дзе нашых слаўных продкаў душы і малітвы Над намі з вечнасці да вечнасці плывуць Па той крыві, што ўжо за Беларусь праліта Была і стала небам, дзе буслы лятуць Да родных ніў, да Лоска, да Нясвіжа, Дзе ты друкарні заснаваў, каб кнігі нам Век асвятлялі шлях у беларускі Храм, У Храм бялюткі пад адзіным боскім крыжам…
…І ты стаіш на белай роднае зямлі, На снезе, як на белым-белым караблі, Які спусціўся, каб цябе забраць з сабою І вечна плыць над белаю, як снег, зямлёю, Каб бачыў ты, што Беларусь жыве і нам Прыйсці з табою ў беларускі Храм…
|