Паланез для касінераў

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 203 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.3%UNITED STATES UNITED STATES
26.5%CHINA CHINA
5.6%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
4.8%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
3.3%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.9%CANADA CANADA
2.7%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 
Азначнік матэрыялу
Паланез для касінераў
старонка 2
старонка 3
старонка 4
старонка 5
Усе старонкі

 

 

Уладзімір Емяльянчык

ПАЛАНЕЗ ДЛЯ КАСІНЕРАЎ

 

(3 падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. КАСЦЮШКІ на Беларусі)

 


ДА ЧЫТАЧА

 

Гэтая кніга аб малавядомым на Беларусі перыядзе яе складанай і багатай гісторыі. Трагічным і вызначальным адначасова. Вызначальным для лёсаў жыхароў беларускіх зямель пасля паўстання 1794 года, якія пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай насільна ласкава перадаваліся Расійскай імперыі на «вечныя часы».

У 90-ыя гады XVІІІ стагоддзя «Рэч Паспалітая Двух Народаў» — Польшчы (Кароны) і Вялікага княства Літоўскага (Літвы) — уваходзіла з ганебнай памяццю даўняга першага падзелу 1772 года і з болем яшчэ свежай раны, нанесенай другім падзелам 1793 года. Спраўджвалася прарочае прадбачанне аднаго з каралёў Рэчы Паспалітай Яна (ІІІ) Сабескага, што адсутнасць еднасці, міжусобная барацьба магнацтва за ўплывы і ўладу ва ўмовах «залатой шляхецкай вольнасці» прывядзе да згубнага іншаземнага ўмяшальніцтва, захопу тэрыторыі дзяржавы і ў рэшце рэшт да яе ліквідацыі.

Крылаты выраз «Польшча жыве бязладдзем» сапраўды дакладна вызначаў тагачаснае становішча і ў Вялікім княстве. Да таго ж сквапныя і больш моцныя суседзі — Аўстрыя, Прусія і Расія — сышліся між сабою ў тым, што існаванне і падтрымка гэтага бязладдзя цалкам адпавядае іх захопніцкім памкненням. І яны пільна сачылі за тым, каб звесці на нет ці хаця б заблакаваць неаднаразовыя рэфарматарскія памкненні патрыётаў Рэчы Паспалітай падчас панавання караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

А выйсце дзяржавы з глыбокага сацыяльна-палітычнага і эканамічнага крызісу было немагчыма без яе рэфармавання. Гэта добра разумелі прагрэсіўныя колы тагачаснага грамадства як у Вялікім княстве Літоўскім, так і ў Польшчы. Яны змаглі аб'яднацца падчас працы Чатырохгадовага сейму (1788—1792 гг.) і пакласці пачатак працэсу рэформаў у буржуазна-дэмакратычным накірунку. Даволі рашучыя крокі да стварэння моцнай цэнтралізаванай улады, абнаўлення адміністрацыйна-выканаўчай сістэмы, пашырэння правоў набіраўшага сілу мяшчанства былі зафіксаваныя ў Канстытуцыі 3 мая 1791 года.

Але і ў самой Рэчы Паспалітай такі накірунак дзеянняў задавальняў не ўсіх. Склалася групоўка праціўнікаў рэформ з уплывовага магнацтва на чале з вялікім каронным гетманам Ксаверыем Браніцкім, Шчэсным Патоцкім і Севярынам Жавускім. Пры актыўнай падтрымцы з Санкт-Пецярбургу яны ўзначальваюць прарасійскі арыентаваную «Таргавіцкую канфедэрацыю», накіраваную супраць «рэвалюцыі 3 мая».

У Вялікім княстве Літоўскім канфедэрацкі рух, які ўзначалілі браты Сымон і Язэп Касакоўскія, меў, аднак, свае асаблівасці. Інтарэсы Вялікага княства Літоўскага і беларуска-літоўскай шляхты былі істотна закранутыя прыняццем Канстытуцыі 3 мая. Згодна з ёю Рэч Паспалітая фактычна пераўтваралася ва унітарную дзяржаву. Ліцвінскае магнацтва, багацейшая частка шляхецтва пазбаўляліся ўплывовых пасад: гетмана, падскарбія, канцлера і г. д. Аўтаномныя правы Княства ў Рэчы Паспалітай, а разам з імі і магчымасць уплыву на ўнутраную і знешнюю палітыку дзяржавы былі значна абмежаваныя.

22 мая 1792 года па запрашэнню таргавічан на тэрыторыю Беларусі ўступіла 35-тысячнае расійскае войска генерала Крэчэтнікава. Адной з яго дывізій камандаваў генерал-лейтэнант расійскай службы Сымон Касакоўскі, які ўжо меціў таксама і на пасаду Вялікага гетмана літоўскага. Двухмесячная вайна-інтэрвенцыя скончылася поўным паражэннем значна слабейшых войскаў Рэчы Паспалітай — польскага і літоўскага, якія ў той час былі ў пачатку рэфармавання. Кароль Станіслаў Аўгуст, каб «ацаліць тое, што заставалася» ад дзяржавы, вымушаны быў далучыцца да таргавічан.

Гарадзенскі сейм 1793 года пад непасрэдным вайсковым уціскам расіян вымушаны быў пагадзіцца з другім падзелам Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Да Расійскай імперыі адышлі астатнія часткі Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага, Мінскае, усходняя частка Наваградскага і Берасцейскага ваяводстваў, большая частка Браслаўскага і Ашмянскага паветаў Віленскага ваяводства. І мала хто верыў, што ўвайшоўшыя ў смак суседзі на гэтым спыняцца. Рэч Паспалітая ляцела ў бездань, і нішто, здаецца, не магло таму перашкодзіць.

Але перад сконам гэтая дзяржава ўсё ж знайшла ў сабе сілы праз ахвярнасць лепшых сваіх сыноў для апошняй спробы выступіць у абарону зганьбаванай незалежнасці. Такой спробай стала паўстанне 1794 года пад кіраўніцтвам Андрэя Тадэвуша Касцюшкі. Гэтае паўстанне — трагічная і слаўная старонка нашай гісторыі. Доўга і ўпарта нас прывучалі да таго, што гэта выключна «польскае» паўстанне. Аднак полымем касцюшкаўскага паўстання былі ахоплены не толькі этнічна польскія землі, але і значная тэрыторыя Беларусі, сучаснай Летувы і частка Латвіі.

Аўтар ставіў сабе за мэту расказаць пра забыты «беларускі след» у паўстанні 1794 года. Гэта — адна з першых спроб у такім накірунку. Не ўсё ўдалося ахапіць, не аб усім дастаткова поўна выказацца. Даная кніга, разлічаная на шырокага чытача,— толькі подступ для далейшых пошукаў і знаходак.

 

HА ЕЎРАПЕЙСКІМ СКРАЗНЯКУ

 

Хмарным было неба над Рэччу Паспалітай у 90-ыя гады XVІІІ стагоддзя. А беларускім землям чарговы раз напомніла аб спусташэннях і нястачах кароткая вайна-інтэрвенцыя 1792 года. Пасля яе яшчэ толькі паглыбіліся эканамічны крызіс і агульнае разбурэнне гаспадаркі ў дзяржаве. Чакаць дапамогі аднекуль звонку не прыходзілася. Асабліва непрыхільнай да Рэчы Паспалітай была эканамічная палітыка колішняй «саюзніцы» Прусіі. Па сведчанню сучаснікаў, «прускае пранырства» выяўлялася перш за ўсё ў гаспадарчым засіллі. Штучна, у паўтара раза былі падняты цэны на прускую соль. Знізіліся цэны амаль на ўсе тавары Рэчы Паспалітай з адначасовым іх павышэннем на прускія. Але ў сваю чаргу і Расія не надта была зацікаўленая ва ўвозе сельскагаспадарчай прадукцыі з тэрыторыі суседняй дзяржавы. 3 1792 года назіраецца поўны заняпад знешняга гандлю Рэчы Паспалітай.

Да фактычнай эканамічнай ізаляцыі Рэчы Паспалітай далучылася і яе тагачаснае палітычнае адзіноцтва ў Еўропе. Умовы «сяброўства», навязаныя з боку больш моцных суседзяў — Прусіі і Расіі на Гарадзенскім сейме, ставілі яе па сутнасці ў становішча паднявольнай дзяржавы, акупаванай іншаземным войскам. Асаблівую небяспеку ўяўлялі памкненні з боку Расійскай імперыі. Іх накіраванасць пасля заканчэння войнаў са Швецыяй і Турцыяй ужо не выклікала сумненняў. Паражэнне ў вайне 1792 года, фактычная страта незалежнасці былі відавочнай ранай на целе Рэчы Паспалітай. І сыпаў соль на гэтую рану новы ганебны падзел тэрыторыі дзяржавы.

Для патрыятычных колаў грамадства станавілася ўсё больш і больш зразумелым, што ўступкі і здраду можна будзе спыніць толькі ахвярным змаганнем са зброяй у руках. Вялікую значнасць тут мела гатоўнасць да такога змагання войска Рэчы Паспалітай. Аднак гэтае войска, якое складалася з дзвюх частак — літоўскага і кароннага, — на той час знаходзілася ў самым пачатку сваёй рэканструкцыі, цярпела ад недахопу афіцэрскіх кадраў, адсутнасці сродкаў для фінансавання. Да таго ж і псіхалагічна яно было надламанае адсутнасцю перамог у змаганні з захопнікамі. Усе недахопы войска толькі падкрэсліла вайна 1792 года.

Тым не менш, наяўнасць хоць і невялікага, але рэгулярнага войска ў Рэчы Паспалітай выклікала занепакоенасць у сяброў-захопнікаў — Прусіі і Расіі. На прымусовым Гарадзенскім сейме яны дабіліся прыняцця рашэння аб значным яго скарачэнні («рэдукцыі»). Яно павінна было скараціцца да 17 тысяч. У тым ліку ў польскім войску — да 10, а ў літоўскім — да 7 тысяч чалавек. Скарачэнне было даволі значным, больш чым напалавіну. Войска Вялікага княства Літоўскага пасля вайны 1792 года, у якой яно не панесла значных страт, налічвала прыкладна 16 тысяч салдат, з іх — каля 6 тысяч кавалерыі. Рашэнне аб значным скарачэнні выклікала яўную незадаволенасць у самім войску, як каронным, так і літоўскім. У ім узмацніліся антытаргавіцкія і антырасійскія настроі, стварыліся яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для падрыхтоўкі і далучэння да будучага ўзброенага выступлення, асабліва з боку афіцэрства, частка якога ў выніку «рэдукцыі» проста заставалася без сродкаў для існавання.

3 мэтаю арганізацыі «рэдукцыі» войска ў Вялікім Княстве Літоўскім, як і ў Польшчы, таргавічанамі была створана спецыяльная Вайсковая камісія. На чале яе стаў апошні «самавольны» (яго тытул, згодна традыцыі, так і не быў зацверджаны каралём) Вялікі гетман літоўскі Сымон Корвін Касакоўскі. Пачатак працы камісіі неаднаразова адкладваўся, не ўсе яе сябры былі згодны з рашэннем сейма. У выніку Вайсковая камісія Княства не змагла ў вызначаны тэрмін, да сярэдзіны красавіка 1794 года, правесці запланаванае скарачэнне. Канчаткова ж перарваў яе працу пачатак паўстання.

Сымон Касакоўскі і яго брат, біскуп інфлянцкі Язэп, разам са сваімі прыхільнікамі (у асноўным прадстаўнікамі вялікага роду Касакоўскіх і іх сваякамі) фактычна ўстанавілі ў Вялікім княстве Літоўскім сваю дыктатуру. Гетману С. Касакоўскаму гэта было тым больш лёгка зрабіць таму, што ён карыстаўся поўным даверам самой Кацярыны ІІ праз яе тагачаснага фаварыта графа П. Зубава. Сваю адданасць імператрыцы Касакоўскі даказаў не толькі на службе ў яе войску, але і актыўнейшым удзелам у стварэнні ў Княстве пратаргавіцкай Генеральнай канферэнцыі. Не хто іншы, як ён 25 чэрвеня 1792 года абвясціў аб яе заснаванні ў захопленай Вільні.

Памкненні Касакоўскіх перш за ўсё вызначала цяга да неабмежаванай улады і да асабістага ўзбагачэння праз прысвойванне і рабаўніцтва канфіскаваных маёнткаў сваіх палітычных праціўнікаў. Касакоўскія настолькі ўзвялічыліся, адчуваючы падтрымку расійскага войска, што на іх немагчыма было знайсці ўправу. Ніхто ў той час не мог адчуваць сябе спакойна ні ў грамадскім, ні ў прыватным жыцці.

Але трэба прызнаць, што ў братоў Касакоўскіх былі і свае прыхільнікі. Знайсці іх ім дапамагала супярэчлівая практыка барацьбы за вяртанне паўнапраўнай аўтаноміі Вялікага княства Літоўскага ў Рэчы Паспалітай. 3 моманту ўзрастання цэнтралізатарскіх памкненняў, абмежавання правоў аж да фактычнай ліквідацыі аўтаноміі Княства, згодна з Канстытуцыяй 3 мая 1791 года, яны досыць актыўна сталі разыгрываць спрадвечную карту т. зв. «літоўскага сепаратызму». На Гарадзенскім сейме партыя прыхільнікаў палітыкі Касакоўскіх дабілася вяртання былых прэрагатыў і паўнамоцтваў для астаткаў сваёй дзяржавы. Між іншым, былі вернутыя асобныя Вайсковая і Скарбовая камісіі. Аднак памылкова б было лічыць Касакоўскіх за адданых абаронцаў інтарэсаў Княства. Найперш іх цікавіла замацаванне ўласнага становішча. 3 гэтай мэтай яны і выступалі перад Кацярынай ІІ з прапановай падчас працы Гарадзенскага сейма далучыць усё Вялікае княства Літоўскае да Расійскай імперыі на правах уніі. Тым больш што ўсё роўна планаваўся другі падзел Рэчы

Паспалітай. Але на той час, каб не раздражняць Аўстрыю і Прусію, Кацярына ІІ палічыла той праект не столькі залішнім, як пакуль што заўчасным. Гандаль краем і народам па ўзору Касакоўскіх тады быў не дзівам. Ну што ж, як кажуць, не яны першыя...

Так ці інакш, рабункі і тэрор таргавічан на Беларусі і Жамойці выклікалі справядлівую нянавісць да іх драпежніцкай, непрыхавана прарасійскай палітыкі. Яна з'яўлялася своеасаблівым эмацыянальным каталізатарам гэтай нянавісці. Бо ў адрозненне ад іншых кіраўнікоў Таргавіцы — Ссвярына Жавускага, Шчэснага Патоцкага і Ксаверыя Браніцкага, якія ўсё ж у знак пратэсту супраць другога падзелу вымушаныя былі адмовіцца ад сваіх пасад і выехаць за мяжу, Касакоўскія заставаліся на чале літоўскіх таргавічан ажно да афіцыяльнай ліквідацыі скампраметаванай канфедэрацыі на Гарадзенскім сейме. Да таго ж С. Касакоўскі, як бы дражнячы сваіх праціўнікаў ці дэманструючы сваю поўную ўладу ў Княстве, пастаянна апранаўся ў свой расійскі генерал-лейтэнанцкі мундзір.

Зрэшты тых мундзіраў розных званняў перад вачамі «пачцівых ліцвінаў» мільгала на той час багата. Прысутнасць расійскіх войск узбуджала настроі незадавальнення ў грамадстве. Можа, не так іх прысутнасць, якая на Беларусі практычна не перапынялася на працягу ўсяго XVІІІ стагоддзя, як тыя цяжкасці пастою і забеспячэння правіянтам, што неслі яны перш за ўсё сялянству, жыхарам мястэчак і гарадоў. Ва ўмовах жа эканамічнага крызісу, неўраджаю 1792—93 гадоў, росту дарагоўлі гэтыя цяжкасці толькі паглыбляліся. Асабліва цяжар кватаравання найбольш буйных расійскіх гарнізонаў адчуваўся ў Вільні і Гародні — будучых цэнтрах паўстання 1794 года на Беларусі.

Адначасовы ўціск паншчыны, злоўжыванні расійскіх войскаў вялі да бяскарнага рабаўніцтва вясковых гаспадарак, выклікалі ўсё большае незадавальненне перш за ўсё сялянства. У некаторых мясцовасцях Вялікага княства Літоўскага справа даходзіла да сялянскіх бунтаў. Для іх суцішэння таргавічане ўсё часцей звярталіся за дапаліогай да расійскіх атрадаў. Гэта ўзмацняла варожыя адносіны насельніцтва да іх. Частка шляхты Княства, якая напачатку нейтральна-прыхільна ставілася да таргавічан, стала варожа адносіцца да вайсковага расійскага прысутніцтва. Іх гаспадарка таксама цярпела ад гэтага. Спецыяльная «дэпутацыя па прыняццю скаргаў ад грамадзян двух народаў» падчас працы Гарадзенскага сейма ўжо разглядала скаргі на маскоўскія атрады.

Такім чынам, эканамічнае і грамадска-палітычнае становішча ў Вялікім княстве Літоўскім на тэрыторыі, пакуль што ацалеўшай ад двух падзелаў, было напружаным. Яно спрыяла пашырэнню ідэі паўстання супраць «законнай» іншаземнай акупацыі і яе прыхільнікаў.

Пытанне «што рабіць?», як ратаваць дзяржаўнасць Рэчы Паспалітай ад пагрозы канчатковага знішчэння паўстала перад патрыятычнымі коламі грамадства адразу пасля няўдачнага заканчэння вайны 1792 года. Яно яшчэ больш абвастрылася пасля зацвярджэння Гарадзенскім сеймам восенню 1793 года ўмоў другога падзелу дзяржавы. Паступова выкрышталізавалася ідэя неабходнасці ўзброенага паўстання як адзінага рэальна магчымага сродку забеспячэння самастойнага існавання Рэчы Паспалітай. Утвараюцца тры асноўныя цэнтры па яго падрыхтоўцы. Эмігранцкі — у Лейпцыгу (Саксонія), у самой Рэчы Паспалітай — спачатку ў Варшаве, а потым і ў Вільні.

У Вялікім княстве Літоўскім з самага пачатку арганізацыі паўстання стаялі з 1793 года К. Прозар, эксабозны літоўскі, С. Солтан, экс-маршалак надворны літоўскі, Д. Нарбут, войскі літоўскі. Пасля сфарміравання варшаўскага цэнтра, які канчаткова аформіўся ў маі 1793 года, у яго склад прадстаўнікамі «ад Літвы» ўвайшлі К. Ельскі, стольнік старадубскі і П. Гразмані з Вільні. Апошні ў чэрвені 1793 года дзеля больш падрабязнага высвятлення сітуацыі ў Княстве і наладжвання кантактаў з мясцовымі прыхільнікамі паўстання выязджае ў Вільню. А там падрыхтоўчая праца тайных груповак пачалася ўжо недзе з канца верасня 1792 года. У Вільні П. Гразмані сустракаецца і сыходзіцца ў перакананнях з будучым кіраўніком паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім палкоўнікам літоўскага корпуса інжынераў Якубам Ясінскім, які пачаў актыўную працу па падрыхтоўцы паўстання яшчэ з мая 1793 года.

Летам 1793 года ў склад віленскіх змоўшчыкаў — «спіскоўцаў» (вайскоўцаў, цывільных,, мяшчан) — уваходзіла каля 200 чалавек. ПрыймаЛі ў арганізацыю прадстаўнікоў розных катэгорый насельніцтва. Выключэнне рабілася толькі для яўрэяў. Іх культурна-рэлігійная адасобленасць штучна распаўсюджвалася і на палітычнае жыццё.

Я. Ясінскі імкнуўся для канспіратыўнай працы «спіскоўцаў» выкарыстоўваць вопыт і атрыбутыку масонскіх ложаў. На той час у Княстве яны былі яшчэ ў пачатку свайго распаўсюджання. Цэнтрам іх месцазнаходжання была амаль выключна Вільня. Тут дзейнічалі масонскія ложы «Добры пастыр», «Адданы ліцвін», «Дасканалая еднасць». У іх склад у розны час уваходзілі будучыя актыўныя ўдзельнікі паўстання, прадстаўнікі вядомага ў Літве пратэстанцкага «дысідэнцкага» роду Грабоўскіх — Ежы, Павел і Стафан, а таксама Е. Белапятровіч, В. Гарэцкі, В. Гуцэвіч, С. Солтан, Ю. Гарноўскі (ад'ютант Я. Ясінскага), П. Гразмані і іншыя). Не выключана, што і сам Я. Ясінскі быў непасрэдным чынам звязаны з масонскім рухам, хутчэй за ўсё ў Варшаве, адкуль ён у свой час пераехаў у Вільню.

Сябры «спіску» — афіцэры літоўскага войска, прадстаўнікі каталіцкага святарства, віленскія мяшчане рэгулярна збіраліся ў спецыяльна вызначаных месцах на агульныя нарады. Дакладна распрацаваная строгая канспірацыя масонскіх ложаў, найбольш дасканалая на той час, у арганізацыі такіх сустрэч была, відаць, не лішняй. Часам пад выглядам розных вечарынак гэта рабілася і ў віленскім доме палкоўніка Я. Ясінскага. Падчас такіх сустрэч паступова выпрацоўваўся план будучых паўстанцкіх дзеянняў. Удзельнікі змовы — «спіску», звязаныя строгай прысягай, актыўна працавалі над выяўленнем прыхільнікаў ідэі паўстання, павялічваючы тым самым свае шэрагі. Адначасова гэтак жа патаемна збіралася зброя, патрэбная вайсковая амуніцыя. Рабіліся крокі і для пашырэння тэрыторыі Княства, ахопленага «спіскам».

3 канца 1793 — пачатку 1794 года паўстанцкі «спісак» пашыраецца і за межамі Вільні. Перш за ўсё ў месцах дыслакацыі літоўскага войска ў Гародні, на Гарадзеншчыне, Наваградчыне. У Санкт-Пецярбург пайшлі рапарты расійскага вайсковага начальства аб падазроных паводзінах шляхты ашмянскай, браслаўскай, друйскай, лідскай, берасцейскай. Прычым гэта рабілася з пералікам дзесяткаў прозвішчаў «падазроных».

Актыўна шукаў прыхільнікаў змагання з захопнікамі і здраднікамі ў межах першага і другога падзелаў на Меншчыне і Магілёўшчыне полацкі ваявода Тадэвуш Жаба, чым і прыцягнуў да сябе ўвагу ўлад. Перш за ўсё ён спадзяваўся на падтрымку сярод дробнай шляхты. Спачатку ў Вільні, а затым і ў іншых месцах Вялікага княства Літоўскага сталі ўзнікаць не легальныя згуртаванні, якія пачалі паступова рыхтавацца да ўзброенага выступлення. Гэтак жа, як і віленцы, яны працавалі над пашырэннем сваіх шэрагаў, у першую чаргу сярод афіцэрства і шляхты. Збіраліся сродкі на паўстанне — грашовыя і зброя. Асаблівая ўвага ўдзялялася набыццю коней для будучай паўстанцкай кавалерыі. Важнай справай было збіранне інфармацыі аб размяшчэнні і сіле расійскіх атрадаў.

Пасля свайго наведвання Вільні П. Гразмані вылучыў Ясінскага з усяго асяроддзя віленскіх «спіскоўцаў». Сам прыхільнік «якабінскай», найбольш рэвалюцыйна настроенай плыні ў паўстанні, ён убачыў у Ясінскім не толькі адданага патрыёта, але і палымянага дэмакрата, які выступаў з ідэямі грамадскай роўнасці. Паведамляючы ў Варшаву ў канцы чэрвеня 1793 года аб выніках свайго агляду сітуацыі, П. Гразмані адзначае дзейнасць па падрыхтоўцы паўстання Р. Гедройца, Ф. Богуша, А. Сулістроўскага. Але асабліва ён вылучае Я. Ясінскага, які «цэлы гарнізон Вільні мог узначаліць».

Якуб Ясінскі нарадзіўся 24 ліпеня 1761 года ў Венглёве (Вялікапольшча) у заможнай шляхецкай сям'і, якая каранямі сваімі была звязана з Вялікім княствам Літоўскім. Яго бацька — Павел Ясінскі ў свой час служыў у званні паручніка ў харугве ваяводзіча смаленскага Сапегі. Маці — Францішка паходзіла з роду Касцескіх. Відаць, па прыкладу бацькі і Я. Ясінскі, і яшчэ два яго малодшыя браты традыцыйна служылі потым у літоўскім войску. Да гэтага з 1773 па 1781 год Якуб вучыўся ў Варшаўскім корпусе кадэтаў, як у свой час і Т. Касцюшка, і многія іншыя ўдзельнікі паўстання. Пасля заканчэння вучобы ён да 1784 года знаходзіўся пры корпусе ў якасці афіцэра. Але ў тым жа годзе зза цяжкіх матэрыяльных абставін пакідае корпус у званні капітана, каб з лютага 1785 года на нейкі час стаць выхавацелем дзяцей Пятра Патоцкага ў яго маёнтку пад Беластокам. Выхавацельства ў капітана з яго незалежным характарам не заладзілася, і ўжо ў лістападзе 1787 года ён вяртаецца ў корпус кадэтаў. 3 самім П. Патоцкім у Ясінскага засталіся добрыя адносіны. Менавіта пратэкцыя Патоцкага дапамагае ў пачатку 1790 года ўжо падпалкоўніку Я. Ясінскаму стаць камендантам новастворанага «корпуса літоўскіх інжынераў» у Вільні. Пры арганізацыі гэтай новай у Вялікім княстве Літоўскім вайсковай адзінкі Ясінскі прыкладае шмат намаганняў і сіл. Па яго ініцыятыве пры корпусе пачала працаваць спецыяльная інжынерная школа.

13 студзеня 1792 года Ясінскі атрымлівае чарговае званне палкоўніка. Калі ў маі 1792 года пачалася вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй, ён, камандзір корпуса інжынераў, знаходзіцца пры галоўнай літоўскай дывізіі С. Забелы. Ясінскі ўдзельнічае ў бітвах пад Мірам і Бярэсцем. Падчас апошняй за выдатныя дзеянні пры арганізацыі абароны горада, а таксама за ўласцівую яму адвагу ён у ліку іншых быў узнагароджаны Залатым Крыжам «Vіrtutі Militari». Гэтая вышэйшая вайсковая ўзнагарода Вялікага княства Літоўскага і вядзе свой пачатак з 1792 года.

У адрозненне ад многіх іншых удзельнікаў паўстання пасля заканчэння вайны з далучэннем да таргавічан караля Станіслава Аўгуста Я. Ясінскі не падае ў адстаўку ў знак пратэсту. Ён прымае рашэнне застацца ў войску Вялікага княства Літоўскага і дае прысягу на вернасць новым уладам. Ясінскі лічыць, што, застаючыся ў войску, зможа прынесці больш карысці справе змагання за волю і незалежнасць. Час пацвердзіць правільнасць яго выбару.

У пачатку 1793 года Ясінскі вяртаецца ў Вільню, аднаўляе дзейнасць корпуса інжынераў і школы пры ім. Служыць старанна і, як здаецца таргавічанам, аддана. У сакавіку 1793 года іх галоўны кіруючы орган — Генеральная Літоўская канфедэрацыя нават прызначае Ясінскага сакратаром Вайсковай камісіі Княства. Але гэта былі толькі праявы знешняга боку жыцця палкоўніка Ясінскага. «Адданы таргавічанін» на самай справе быў непрымірымым ворагам здрадніцтва. Яго ўражлівая, паэтычная натура ўспрынімала ганьбу другога падзелу, непрыкрытае рабаўніцтва краю Касакоўскімі і іх паплечнікамі як асабістую трагедыю. Пры гэтым трэба было на людзях захоўваць вобраз чалавека, задаволенага жыццём і парадкамі. Выхад жа сваім сапраўдным памкненням Ясінскі знаходзіў у паэзіі. Яскрава выявіў ён свае рэспубліканскія, дэмакратычныя ідэалы ў «Вершы з нагоды жалобы пры двары польскім па Людовіку XVІ». Гэты верш, як ананімны, з'явіўся ў сакавіку 1793 года спачатку ў Вільні, а потым у Варшаве, хутка разышоўся ў шматлікіх копіях па краіне, стаў шырока вядомы. У ім Ясінскі высмеяў фальшывую жалобу пры двары Станіслава Аўгуста па пазбаўленаму галавы французскаму каралю пры адначасовай «маўклівай згодзе» з падзелам сваёй дзяржавы. Верш быў прасякнуты выразным антыманархічным настроем. Ясінскі не хаваў у ім свайго захаплення рэвалюцыйнай Францыяй, адстойваў ідэю роўнасці ўсіх людзей, выказваўся за скасаванне саслоўных размежаванняў паміж імі.

Чым далей ад нас час, у якім жылі і змагаліся героі паўстання 1794 года, тым больш небяспекі для магчымай схематызацыі іх жыцця, сэнсам якога былі, нібыта, толькі барацьба і змаганне. Пры гэтым міжвольна сціраецца непаўторны, жывы чалавечы вобраз удзельнікаў тых падзей. Жыццё ж заўсёды складаней і багацей усялякай схемы. Не простым яно было і ў Я. Ясінскага. У

Вільні ён пазнаёміўся з Тэкляй Папроцкай Гразмані, жонкай П. Гразмані, і шчыра закахаўся ў яе. Тэкля не была шчаслівая ў сваім шлюбе. Яна адказала Ясінскаму ўзаемным і гарачым пачуццём, спадзеючыся знайсці разам з ім надзейнае і спакойнае шчасце. Дзеля гэтага ёю былі ўжо зроблены патрэбныя захады, каб атрымаць развод. Але смерць Я. Ясінскага пры абароне Варшавы ў лістападзе 1794 года, а праз год і П. Гразмані зусім інакш павярнулі яе лёс. У адным з вершаў Я. Ясінскага ёсць такія радкі:

І калі, Божа, з Тваёй управы

Я буду да шчасця абраны,

Не прагну тронаў, не прагну славы,

Хай толькі буду каханы.

(Пераклад з польскай мовы аўтара.)

Напэўна, ёй, сваёй абранніцы, прысвяціў іх Я. Ясінскі. Справы падрыхтоўкі паўстання ў Вільні вымагалі ад Ясінскага ўсё больш і больш часу. І ён не лічыцца з ім, узначальвае з мая 1793 года прыгатаванні віленскіх «спіскоўцаў». Дзякуючы старанням трыццацідвухгадовага палкоўніка падрыхтоўка паўстання ў сталіцы стала больш арганізаванай. «Віленская змова» набывае выгляд арганізацыі, складзенай з паасобных груп па дзесяць чалавек кожная. Іх кіраўнікі прызначаліся самім Ясінскім. Яны былі абавязаны клапаціцца аб узбраенні сваіх груп, добра падрыхтаваць іх да выступлення. Гэтыя кіраўнікі падтрымлівалі трывалую сувязь з намеснікамі Я. Ясінскага, атрымліваючы праз іх неабходныя інструкцыі. Умовы строгай канспірацыі, якіх прытрымліваўся Ясінскі, засноўваліся на тым, што толькі яго намеснікі і бліжэйшыя сябры (падпалкоўнік А. Гушкоўскі, В. Гуцэвіч, маёр І. Эйдзятовіч, падпаручнік Ю. Гарноўскі, Е. Белапятровіч, прэзідэнт Вільні А. Тызенгаўз і некаторыя іншыя) ведалі яго як кіраўніка падрыхтоўкі паўстання. Кіраўнікамі вайсковых груп былі афіцэры, а груп гараджан — пераважна старэйшыя віленскія купцы, старшыні цэхаў альбо майстры.

3 самага пачатку падрыхтоўка паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім набыла самастойны, адносна незалежны ад Варшавы характар. Сувязь з Вільняй і краем праз П. Гразмані была нерэгулярнай, ды і ўмовы канспірацыі накладвалі на яе свой адбітак. Літоўскія «спіскоўцы», блізкія да Я. Ясінскага, былі больш радыкальнымі ў сваіх памкненнях. Прыкладам для сябе ў будучым паўстанні ім бачылася рэвалюцыйная Францыя. Улік вопыту Францыі прадугледжваў абавязковае спалучэнне барацьбы за незалежнасць з сацыяльнай рэвалюцыяй, з падтрымкай ідэі роўнасці і поўных грамадзянскіх правоў для ўсяго насельніцтва краю. Іншая справа, наколькі рэальнай для здзяйснення выглядала такая праграма ў заглыбленым у феадальныя парадкі Вялікім княстве Літоўскім.

Наогул Францыі ў спадзяванні на поспех паўстання сярод яго арганізатараў адводзілася з самага пачатку ці не найгалоўнейшае месца. Міжнародныя абставіны складваліся такім чынам, што ў Еўропе адзіным рэальным саюзнікам у змаганні з манархічнымі рэжымамі Прусіі і Расіі для абноўленай Рэчы Паспалітай магла стаць толькі Францыя. Тая Францыя, якая абвясціла свяшчэннай барацьбу народаў супраць тыраніі і абяцала падтрымку іх намаганням у змаганні за незалежнасць, павінна была, як здавалася, стаць надзейным памочнікам.

Такі падыход быў характэрны для бачання сітуацыі самім Т. Касцюшкам. Але як больш вопытны і асцярожны палітык ён разумеў, што пажаданае і існуючае не заўсёды супадаюць між сабою. Трэба было ўлічваць таксама, што адкрытая сувязь з ненавіснай манархічнай Еўропе Францыяй можа мець і адмоўныя вынікі — прывесці да большай кансалідацыі ворагаў Рэчы Паспалітай. У прыватнасці, у гэтым выпадку ўжо нельга было б разлічваць на пажаданы нейтралітэт суседняй Аўстрыі, якая ваявала ў той час з Францыяй.

У другой палове студзеня 1793 года Т. Касцюшка ўсё ж накіроўваецца ў Парыж для перамоваў з рэвалюцыйным французскім урадам аб магчымай матэрыяльнай падтрымцы паўстання. Жаданне атрымаць саюзніка і дапамогу ў змаганні з падаўляючай сілай Прусіі і Расіі перамагае. Не спыняе неабходнасць у такім выпадку адкрыта і ясна выказацца па балючаму для Рэчы Паспалітай сялянскаму пытанню. Скасаванне прыгону, ліквідацыя феадальнага рабства з'яўляліся асноўнай умовай Францыі пры яе магчымай дапамозе. Адначасова было вядома, што кансерватыўная большасць шляхецтва не толькі не падрыхтавана да радыкальных змен у гэтым пытанні, але ніколі і нікому не даруе нават спробу абмежаваць свае інтарэсы. Тым не менш Т. Касцюшка прывёз у Парыж радыкальны праект плануемых пераўтварэнняў у новай, пасляпаўстанцкай Рэчы Паспалітай. Згодна з ім планавалася ліквідацыя каралеўскай улады, сенату, вышэйшых пасад святарства, усіх саслоўных прывілегій, прыгоннай залежнасці сялянства. Планава­лася, што кожны чалавек, які мае ўласнасць і плаціць які-небудзь падатак дзяржаве, будзе мець свабоду абрання на ўсе публічныя пасады. У гэтым праекце таксама ішла размова пра неабходнасць усеагульнага ўзбраення народа падчас паўстання. На ўтрыманне ўзброеных сіл паўстання аддавалася каралеўская маёмасць і маёнткі святараства. У Парыжы гэтыя радыкальныя патрабаванні з-пад Немана і Віслы гучалі зусім па-французску і выслухоўваліся з прыхільнасцю. Цяжэй, аднак, было з іх рэалізацыяй на месцы. Але для таго і прасіў дапамогі Т. Касцюшка. План усенароднага паўстання, прывезены ім, прадугледжваў выдзяленне Францыяй да 30 мільёнаў злотых фінансавай дапамогі. Адначасова планавалася схіленне да вайны з Расіяй, каб звязаць ёй рукі, Швсцыі і Турцыі. Для іх падтрымкі Францыя павінна была выслаць свой флот у Балтыйскае і Чорнае мора. Неабходным лічылася даставіць у Рэч Паспалітую для паўстанцкай арміі, якая павінна была налічваць не менш 100 тыс. салдат, патрэбнай колькасці ўзбраенняў і амуніцыі.

Аднак прысутнасць Касцюшкі ў Парыжы на працягу некалькіх месяцаў, яго спробы заручыцца падтрымкай з боку французскага ўрада не прывялі да якіх-небудзь канкрэтных вынікаў. Т. Касцюшка, якому незадоўга да яго прыезду сюды Канвент надаў званне ганаровага грамадзяніна Францыі, атрымаў толькі самыя агульныя, ні да чаго не абавязваючыя абяцанні. Яго прапанова падтрымаць місію народаў Рэчы Паспалітай у здабыцці волі не толькі для сябе, але і «праз крэўнасць паходжання, звычаяў, мовы» дабіцца «пашырэння рэспублікалізму ў Расіі да ўзрошчання і ўмацавання дрэва свабоды нават сярод ільдоў Пецярбургу» засталася непачутай. Францыя сама знаходзілася ў складанейшых унутраных і знешніх абставінах, вяла рэвалюцыйныя войны з Аўстрыяй і Прусіяй і не магла істотна падтрымаць будучае паўстанне на ўсходзе Еўропы. Аднак нельга не адзначыць, што яшчэ напярэдадні паўстання яго арганізатары адну з галоўных мэт бачылі ў перанясенні рэвалюцыйных ідэй на абшар значна шырэйшы, чым ацалелы пасля двух падзелаў кавалак Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Гэта дае нам падставу для разважання аб тым, да чаго імкнулася і чым магло б стаць паўстанне 1794 года па праграме «максімум», у чым была яго «звышзадача». У пачатку жніўня 1793 года Тадэвуш Касцюшка пакідае Францыю. Выснова, якую ён, відаць, зрабіў для сябе, улічваючы адсутнасць рэальнай дапамогі з французскага боку, заключалася ў тым, што праграма паўстання павінна быць зменена. Найбольш радыкальныя яе палажэнні, якія б выклікалі супраціўленне таго ж шляхецтва, павінны былі быць знятыя, у лепшым выпадку — значна прыглушаныя. Але ж не для ўсіх гэтая змена абставін была відавочнай. Менш вопытны і не такі дасведчаны ў справах «вялікай палітыкі» Я. Ясінскі іх не ўлічваў.

3 10 жніўня 1793 года Я. Ясінскі быў накіраваны па службовых справах «Вайсковай камісіяй Літоўскай» у Гародню. Ён выкарыстаў свой побыт там для сустрэчы з адным з кіраўнікоў «варшаўскай змовы» палкоўнікам Ігнатам Дзялынскім і яго аднадумцам генерал-маёрам Янам Ціхоцкім — камендантам варшаўскага гарнізона. Імі быў разгледжаны папярэдні план сумеснага выступлення кароннага і літоўскага войска. Там жа Ясінскі даведаўся, што да Касцюшкі ў Лейпцыг накіравана дэлегацыя з прапановай узяць на сябе поўнае кіраўніцтва будучым паўстаннем. Спачатку планавалася пачаць яго ўжо ў лістападзе 1793 года, адначасова ў Польшчы і Літве. Аднак падчас другога свайго службовага прыезду ў Гародню, у кастрычніку таго ж года, Ясінскі даведваецца, што тэрмін паўстання Т. Касцюшкам адкладваецца на больш позні час, да вясны 1794 года.

Чаму так адбылося? На сустрэчы з прадстаўнікамі «варшаўскага спіску» ў Падгужы, ваколіцы часткі даўнейшага Кракаўскага ваяводства, 11 верасня 1793 года Т. Касцюшка згадзіўся аднаасобна ўзначаліць паўстанне, узяўшы на сябе абавязкі яго «дыктатара» з тытулам «найвышэйшага начальніка». Але ен рашуча адмовіўся ад ідэі паўстання як «выключна вайсковага». Для яго, актыўнага ўдзельніка народнай вызваленчай вайны за свабоду і незалежнасць англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы ў 1775—1783 гадах, натуральным было спалучэнне сіл рэгулярнага войска Рэчы Паспалітай з узбраеннем усіх здольных да гэтага яе жыхароў. Інакш задача перамагчы арміі двух магутных дзяржаў, Расіі і Прусіі, была б проста невырашальнай. Да таго ж Касцюшка меў свой, выразна дэмакратычны, пункт гледжання і ў разуменні мэты паўстання. 3 самага пачатку ён заявіў, што «толькі за шляхту» змагацца не будзе.

Такім чынам, Т. Касцюшку з яго амерыканскім вайсковым вопытам было зразумела, што адной з найбольшых небяспек для паўстання можа быць звужэнне яго сацыяльнай базы. Тады найбольш сацыяльна і палітычна бяспраўная, эканамічна прыгнечаная частка грамадства проста засталася б незапатрабаванай да барацьбы за ўласную волю і незалежнасць дзяржавы. Таму ў спецыяльнай інструкцыі, якая павінна была дайсці да кожнага ваяводства, ён выказаўся за неабходнасць стварэння там «патрыятычных клубаў», па сутнасці тайных перадпаўстанцкіх арганізацый. Акрамя наладжвання сувязі паміж сабою і цэнтрамі падрыхтоўкі паўстання ў Вільні і Варшаве яны павінны былі весці актыўную агітацыйную работу сярод простага люду, рыхтуючы яго да паўстання. Т. Касцюшка таксама вырашыў прызначыць у ваяводствах, землях і паветах «генералмаёраў земянскіх» з прадстаўнікоў мясцовай патрыятычнай шляхты, якія б там узначалілі вайсковую падрыхтоўку паўстання.

У абавязак тых «генерал-маёраў земянскіх» і прызначаных імі афіцэраў павінна было ўвайсці фарміраванне паўстанцкіх атрадаў, арганізацыя збірання зброі, у тым ліку косаў і пікаў, амуніцыі, фуражу і запасаў ежы.

Такім чынам, Т. Касцюшка запатрабаваў больш грунтоўнай падрыхтоўкі паўстання. Ранейшыя прыгатаванні ён палічыў недастатковымі як па іх якасці, так і па колькасці ахопленых «спіскам» будучых удзельнікаў паўстання. Таму тэрмін паўстання і быў перанесены ім на пачатак вясны 1794 года.

Прапановы Т. Касцюшкі прыйшлося ўлічыць. Але адтэрміноўка паўстання выклікала і незадаволенасць сярод радыкальна настроеных «спіскоўцаў». У той жа час у Я. Ясінскага з'явілася магчымасць больш грунтоўна падрыхтавацца да выступлення. Пры гэтым паміж арганізатарамі паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім і Касцюшкам абазначылася ўсё ж некаторая рознасць падыходаў да агульнай справы ў тым, як яна бачылася здалёк і зблізку. У Вільні не без падстаў лічылі, што далейшае пашырэнне лічбы ўдзельнікаў «спіску» мае свае межы, можа пагражаць неабходным умовам канспірацыі і прывесці да раскрыцця ўсёй справы. Да таго ж і сама адтэрміноўка паўстання спрыяла выкрыццю яго падрыхтоўкі. Таму інструкцыі Т. Касцюшкі ў Вялікім княстве Літоўскім, ды і ў Польшчы дакладна і поўна выкананыя па сутнасці не былі.

Але як ні падштурхоўвалі Т. Касцюшку змяніць свой погляд на тэрмін пачатку паўстання, ён ад свайго не адступаў. У прыватнасці, дарэмна спрабавалі гэта зрабіць К. Ельскі і А. Гушкоўскі, звязаныя з віленскім і варшаўскім «спіскамі», калі наведалі Касцюшку ў Рыме, куды ён часова перабраўся з Лейпцыга. Даведаўшыся, што яго распараджэнні ў поўнай меры не выкананыя, Касцюшка рашуча адмовіўся ад заўчаснага выступлення, не падрыхтаванага належным чынам, ізноў уручае дэлегаваным да яго свае інструкцыі, патрабуючы іх выканання. Асаблівую ўвагу ён звяртае на неабходнасць надання паўстанню агульнасаслоўнага характару. Касцюшка не перастае падкрэсліваць, што не толькі рэгулярнае войска, але і ўсе здольныя да ўжывання зброі жыхары дзяржавы павінны прыняць у ім удзел

У такіх умовах найбольш нецярплівая плынь «спіскоўцаў» у Варшаве вырашае нават абраць новага кіраўніка паўстання замест занадта «асцярожнага», на іх погляд, Т. Касцюшкі. Да гэтага схіляўся ў Вільні і Я. Ясінскі са сваімі бліжэйшымі прыхільнікамі.

Але хутка высветлілася, што ніхто іншы не захацеў браць на сябе такую адказнасць. Адзін з кандыдатаў, які адмовіўся скласці канкурэнцыю Т. Касцюшку, К. Прозар, таксама ліцвін, вырашыў яшчэ раз сустрэцца з ім, каб пераканаць прызначыць тэрмін пачатку паўстання не пазней канца сакавіка. І яму ўдалося гэта зрабіць. Тым больш, што і сам Т. Касцюшка бачыў ужо небяспеку з зацягваннем пачатку паўстання.

Быў зацверджаны новы, у выніку змененых абставін, план паўстання. Ён прадугледжваў прыкладна адначасовы яго пачатак у Польшчы (Кракаў), Вялікім княстве Літоўскім і на Украіне (апошняе зусім не ўдалося). Пасля накіравання часткі расійскага гарнізона з Варшавы на Кракаў павінна была паўстаць і сталіца Польшчы.

Падрыхтоўчая работа да паўстання, якая вялася ў Вялікім княстве Літоўскім, сапраўды, доўга не магла заставацца незаўважанай. У пачатку 1794 года весткі аб нейкіх небяспечных для расійскіх акупантаў і паплечнікаў Касакоўскіх з'явах сталі даходзіць да Варшавы і Санкт-Пецярбурга. У канцы лютага расійскі пасол у Варшаве барон Ігельстром у лісце да генерал-губернатара ліфляндскага і эстляндскага М. Рапніна паведамляў аб сваёй заклапочанасці сітуацыяй. «Пабочным чынам,— пісаў ен,— дайшлі да мяне весткі, што з'явіліся на Літве некаторыя сляды змовы, якая схіляецца да ўзбунтавання насельніцтва тутэйшага краю». У сувязі з гэтым Ігельстром вырашыў зрабіць некалькі папераджальных крокаў. Ён загадаў усім «часткам войск майго начальства, у Польшчы і Літве размешчаных», узмацніць назіранне за мясцовым насельніцтвам. Акрамя гэтага Ігельстром дакладваў Рапніну, што, знайшоўшы «надзейнага чалавека з саміх палякаў, здольнага да спазнання літоўскіх абставін», пасылаў яго для гэтага ў Вільню. «Надзейны чалавек», вярнуўшыся з Вільні, прадставіў расійскаму паслу патрэбныя звесткі. 3 іх сапраўды вынікала, што «ёсць там некаторыя прыкметы змовы і грамада да ўзбунтавання схільная складае немалую колькасць людзей». Хаця наўрад ці чалавеку ад Ігельстрома ўдалося высветліць у Вільні нешта дакладнае, тым не менш занепакоенасці гэта ніяк не здымала. Грому яшчэ не было, але навальнічныя хмары над Вялікім княствам Літоўскім ужо пачалі збірацца. Дзенідзе бліскала і маланка.

Да генерал-губернатара «мінскага, браслаўскага і ізяслаўскага» Ц. Туталміна ў Нясвіж таксама даходзілі нядобрыя весткі. Можа, яны былі крыху перабольшанымі, але сведчылі аб далучэнні да «спісковага» руху і вясковага насельніцтва, асабліва уніяцкага, якое на тэрыторыі Беларусі з першага і другога падзелаў праследавалася новымі ўладамі. Таму некаторыя уніяцкія цэрквы і манастыры, як, напрыклад, у Мазыры, сталі месцам збору «спіскоўцаў». Там жа нярэдка захоўвалася назбіраная зброя.

Наэлектрызаваная грамадскім незадавальненнем атмасфера Рэчы Паспалітай на пачатку вясны 1794 года была падрыхтаваная да выбуху. Патрэбна была толькі іскра, каб ён адбыўся. 17 сакавіка ў Вільню прыйшло паведамленне, што ў Польшчы ўзбунтавалася 1-ая вялікапольская кавалерыйская брыгада пад камандаваннсм Антонія Мадалінскага, якая не падначалілася загаду аб «рэдукцыі». Яна ў поўным складзе рушыла маршам з Астраленкі ўздоўж прускай мяжы ў напрамку Кракава. Гэты нечаканы і для «спіскоўцаў» марш непакорнай брыгады па сутнасці паклаў пачатак паўстанцкім дзеянням у Польшчы. Ён стварыў прэцэдэнт адкрытага ўзброенага непадпарадкавання ўмовам, навязаным дзяр­жаве акупантамі на Гарадзенскім сейме. Але без шырокай падтрымкі марш брыгады Мадалінскага застаўся б толькі адзінкавым выпадкам.

І на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, на Беларусі, у Жамойці становішча рабілася ўсё больш і больш напружаным. Праяўлялася гэта ў самых нечаканых формах. 19 сакавіка ў Наваградку падчас «кантрактаў», калі туды з'язджалася для чарговых разлікаў і падпісання новых гандлёвых ці арэндных пагадненняў мясцовая шляхта, дайшло да адкрытага супрацьстаяння паміж прыхільнікамі Таргавіцы і «спіскоўцамі». Палкоўнік літоўскага войска ў адстаўцы Караль Мараўскі і эксстражнік вялікі літоўскі Ігнат Гелгуд прылюдна пабілі кіямі сяброў Таргавіцы на Наваградчыне Фларыяна Вайніловіча і Міхала Лопата. Для М. Лопата гэта было асабліва абразліва, таму што ён уваходзіў у склад Пастаяннай Рады, вышэйшага выканаўчага органа Рэчы Паспалітай. Іх дваіх абвінавацілі ў «фалынывых даносах», якія яны адпраўлялі да Ігельстрома на сваіх землякоў. Пакрыўджаныя таргавічане вымушаны былі хавацца, баючыся расправы. Адзін — за мяжой у Нясвіжы, а другі — у камандзіра раскватэраванага ў Наваградку расійскага атрада.

Магчыма, пад уражаннем аб маршынепакоры Мадалінскага, а можа, з уласных патрыятычных памкненняў, Я. Ясінскі піша прыкладна ў гэты ж час свой вершадозву «Да народу». Гэта быў гарачы заклік да змагання, да вызвалення дзяржавы ад ганьбы падзелаў, чужаземных акупантаў і ўласных здраднікаў, якіх аўтар патрабаваў «пагладзіць мечам». Ізноў Ясінскі абапіраўся на заахвочваючы прыклад Францыі: «Дзе народ казаў — хачу быць вольным, заўсёды вольным рабіўся». Гэты верш стаў таксама шырока вядомы як у Вільні, так і ў іншых месцах Вялікага княства Літоўскага.

Тым часам падзеі ў Польшчы, асабліва каля Кракава, куды рухаўся са сваёй брыгадай непакароны Мадалінскі, выклікала ўсё большую занепакоенасць у барона Ігельстрома. Ён прыняў рашэнне пад пагрозай больш шырокага ўзбунтавання ў Польшчы сцягнуць туды з пакуль што адносна спакойнага Княства даволі значную частку расійскага войска, усяго каля 6 тысяч салдат. Гэта не магло не аслабіць там расійскія акупацыйныя гарнізоны, якія размяшчаліся галоўным чынам на тэрыторыі Бсларусі. Нельга сказаць, што Ігельстром не ўлічваў небяспечнасці такога кроку. 16 сакавіка 1794 года, паведамляючы М. Рапніну аб маршы кавалерыйскай брыгады Мадалінскага, ён звярнуў увагу генерал-губернатара, што сам Мадалінскі «ў намеры сваім найвялікшую надзею ўскладае на Літву» і «на ліцвінаў».

Неўзабаве з Кракава, спачатку на Беларусь, а потым і ў іншыя месцы Вялікага княства Літоўскага, у самым канцы сакавіка прыйшла вестка, якую з нецярпенкем чакалі тутэйшыя «спіскоўцы». 24 сакавіка там урачыста быў абвешчаны Кракаўскі акт аб пачатку паўстання на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай з лозунгам «вольнасць, цэласць, нсзалежнасць». Вышэйшае камандаванне над паўстанцкім войскам узяў на сябе Андрэй Тадэвуш Касцюшка.

Гэтае паведамленне, магчыма, разам з копіяй Кракаўскага акта і першымі адозвамі Т. Касцюшкі прывёз 30 сакавіка М. К. Агінскаму, падскарбію вялікаму літоўскаму, які быў на «кантрактах» у Наваградку, нейкі «прыватны пасланец» з Варшавы (М. Агінскі, будучы актыўны ўдзельнік паўстання, на той час не належаў да «спіскоўцаў», наадварот, знешне цесна быў звязаны з таргавічанамі). Аб атрыманых звестках М. Агінскі неадкладна паведаміў сваім бліжэйшым сябрам. Нельга выключыць, што якраз праз гэтую кры­ніцу, калі не сам Кракаўскі акт і першыя адозвы Т. Касцюшкі, то ва ўсялякім выпадку паведамленні аб іх з'яўленні маглі трапіць да «віленскіх спіскоўцаў». Але яшчэ больш верагодным шляхам гэтыя паведамленні маглі трапіць да іх праз Яна Астрарога, сябра Пастаяннай Рады ў Варшаве. Ён прыкладна ў гэты ж час накіраваў адтуль копію Кракаўскага акта да Адама Гушкоўскага, «спіскоўца» і прыяцеля Я. Ясінскага. Такім чынам, «спіскоўцы» ў Вільні, сам Я. Ясінскі, даволі хутка на тыя часы, пазбаўленыя чыгункі і тэлеграфа, змаглі пазнаёміцца з сутнасцю падзей у далёкім Кракаве 24 красавіка 1794 года.

Я. Ясінскі з нецярпеннем чакаў распараджэнняў ад Т. Касцюшкі. Яму бракуе так неабходнай больш канкрэтнай інфармацыі аб далейшых намерах начальніка паўстання. Паведамленняў, трапіўшых у Вільню пра: трэція рукі, яўна недастаткова. Таму недзе 6 красавіка «віленскія спіскоўцы» накіроўваюць пад Кракаў да Т. Касцюшкі, за інструкцыямі і для больш падрабязнага высвятлення сітуацыі, свайго прадстаўніка К. Мараўскага, які пасля наваградскага «пабоішча» вымушаны быў хавацца ад расійскіх і мясцовых пратаргавіцкіх улад. Акрамя гэтага, адначасова ў Варшаву Я. Ясінскі накіроўвае маёра І. Эйдзятовіча. Яму даручалася звязацца з «варшаўскімі спіскоўцамі», аднавіць іх сувязь з Вільняй, абарваную пасля даволі шматлікіх сакавіцкіх арыштаў у Варшаве, праведзеных расійскімі ўладамі.

Склалася так, што часова віленскія «спіскоўцы» апынуліся без патрэбнай сувязі з паўстаннем, якое пачалося ў Польшчы. Гэта накладзе свой адбітак на пачатак паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім.

У сваю чаргу барон Ігельстром падрабязна інфармаваў Пецярбург аб падзеях, якія адбыліся ў Кракаве. Пры гэтым у сваіх данясеннях ён не прамінаў таго, каб з самага пачатку прынізіць, запляміць паўстанцкі рух, які адразу набываў выразны народны характар. Так, упамінаючы пра слаўную перамогу касцюшкаўцаў над атрадам генерала Тармасава пад вёскай Рацлавіцы каля Кракава (Малапольшча) 4 красавіка, Ігельстром піша, што сам Касцюшка, нібыта, камандаваў «сабранымі да яго войскамі і рознай сволаччу, узброенай коп'ямі і сякерамі і ў бой уведзенай у п'яным вобразе». Менавіта ж пад Рацлавіцамі Т. Касцюшка ўпершыню з поспехам выкарыстаў у баі супраць рэгулярнага расійскага войска сялянскія касінсрскія атрады, узброеныя асаджанымі насторч вострымі косамі. Па сутнасці, касінеры і вырашылі зыход той бітвы, захапіўшы ў выніку імклівай і адважнай атакі артылерыйскую батарэю расійцаў. Падчас паўстання 1794 года і на Беларусі касінеры стануць неад'емнай часткай касцюшкаўскіх атрадаў.

У самім жа Пецярбургу найбольшага страху паўстанню надаваў гэты яго невайсковы, неканфедэрацкі, што было характэрна для даўнейшай Рэчы Паспалітай, характар. Нечаканы ўдзел у паўстанні сялянства, прывід народнай вайны за вызваленне і волю, магчымасць яе перанясення ў расійскія межы — вось што найбольш палохала Кацярыну ІІ і яе «арлоў».

16 красавіка імператрыца, добра ўсведамляючы такую пагрозу, аддае адпаведныя інструкцыі паслу Ігельстрому, старшыні Вайсковай камісіі графу І. Салтыкову і менскаму генерал-губернатару Ц. Туталмшу. Сутнасць іх зводзілася да ўзмацнення вайсковай прысутнасці на Літве, недапушчэння зносін з ёю «бунтаўшчыкоў». Кацярына ІІ загадвае ўвесці тут «найстражэйшае назіранне за паводзінамі насельніцтва, не крыўдзячы без прычыны і не надаючы ім самага малога віду падазрэння».

У дачыненні да Ігельстрома, які прагадаў з рашэннем адцягнення войск з Вялікага княства Літоўскага (выканаць яго па сутнасці яму не ўдалося), пажаданні імператрыцы былі ўжо запозненыя. У Варшаве ў ноч з 17 на18 красавіка перамагаюць паўстанцы. Сталіца Польшчы пераходзіць у іх рукі. Пры гэтым частка расійскага гарнізона была знішчана, частка трапіла ў палон да паўстанцаў, а астатнія разам з Ігельстромам здолелі ўцячы бліжэй да прускай мяжы. Але ўсё ж Ігельстром лічыў сваім абавязкам, прагледзеўшы Варшаву, папярэдзіць Кацярыну ІІ аб хуткім пашырэнні паўстання на тэрыторыі Літвы. 20 красавіка ён піша імператрыцы: «...цяпер несумненна чакаць трэба, што хутка і ў Літве пачнецца рэвалюцыя, у якой, па запрашэнні бунтаўніка Касцюшкі праз маніфест і акт паўстання, якія я меў няшчасце Вашай Імператарскай Вялікасці прадставіць, не толькі войска і шляхецтва, але мяшчане і сяляне будуць удзельнічаць...».

Між тым на Літве яшчэ ў другой палове сакавіка, да абвяшчэння Кракаўскага акта, мясцовыя ўлады з дапамогай расійскага войска ўчынілі шэраг папераджальных крокаў, каб пазбегнуць небяспекі паўстання. У Дзятлаве быў арыштаваны Станіслаў Солтан, адзін з кіраўнікоў падрыхтоўкі паўстання ў наваградскім ваяводстве. Расійскае камандаванне аддало загад учыніць пільны нагляд над Каралём Прозарам і Тамашом Ваўжэцкім, не дапусціць іх магчымага ўцёку. У Гародні генерал-маёр П. Цыцыянаў 9 красавіка па загаду Ігельстрома арыштоўвае 7 афіцэраў пешай гвардыі літоўскага войска па падазрэнні ў прыналежнасці да змовы на чале з Ігнатам Тызенгаўзам. Арыштаванне праводзілася як вялікая вайсковая аперацыя з удзелам 200-асабовага атрада пад камандаваннем палкоўніка Бардакова. Гарадзенцы павінны былі ўпэўніцца, што расійскае камандаванне там не драмае і будзе ў выпадку чаго дзейнічаць рашуча.

Вільня таксама не пазбегла папераджальных арыштаў. Там «шчыраваў» гетман С. Касакоўскі. Нешта не спалася яму пры нарабаваным багацці. У ноч з 11 на 12 красавіка былі схоплены і арыштаваны чатыры віленскіх «спіскоўцы»: Міхал Бжастоўскі, ксёндз Францішак Богуш, адвакат Ігнат Грабоўскі і маршалак сталавіцкай шляхты Міхал Радзішэўскі. Пад аховай для вядзення следства яны адразу ж былі вывезены за межы Беларусі на тэрыторыю Расійскай імперыі. Крыху пазней быў арыштаваны і вывезены ў Менск цесна звязаны са «спіскоўцамі» пісар наваградскі Адам Вярэйскі. Арышт менавіта гэтых людзей не мог быць выпадковай з'явай. Усе яны, хто ў большай, хто ў меншай ступені, але працавалі на падрыхтоўку паўстання. Сярод «спіскоўцаў» у Вільні ўзнікла падазрэнне аб існаванні здрадніка ва ўласным атачэнні... Аднак дакладна на той час назваць імя правакатара ніхто не мог. Ужо пасля паражэння паўстання ўзнікла версія, што правакатарам быў Ігнат Хадзькевіч (Хацкевіч), «тайны» ад'ютант палкоўніка Я. Ясінскага, блізкі яго сябар, які не мог быць не ўведзены ў сутнасць сакрэтаў «віленскага спіску». І. Хадзькевіч абвінавачваўся ў сувязях з расійскай паліцыяй, тайным агентам якой ён нібыта быў... Яму прыпісваюць, у прыватнасці, выдачу расійскім вайсковым уладам аднаго з кіраўнікоў «варшаўскага спіску» — Ігната Дзялынскага, які быў арыштаваны напярэдадні пачатку паўстання. Калі так, то для гетмана Касакоўскага з камандуючым расійскім гарнізонам у Вільні генерал-маёрам М. Арсеньевым, здаецца, павінна было б быць не надта складаным ліквідаваць «віленскі спісак» разам з яго кіраўніком, зусім не дапусціць паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім. Канешне, асоба І. Хадзькевіча, вядомага на Літве як авантурніка і карцёжніка, была небеззаганнай. Але для такіх цяжкіх абвінавачванняў І. Хадзькевіча патрэбны факты. Толькі яны могуць альбо пацвердзіць дапушчэнні на яго адрас, альбо зняць іх. Пакуль жа ў нас іх няма, пакінем над «здрадніцтвам» І. Хадзькевіча знак запытання...

Усё паказвала на тое, што з тэрмінам пачатку паўстання на Літве трэба было спяшацца, каб не спазніцца зусім. 11 красавіка інкогніта вяртаецца з Варшавы пасланнік Ясінскага І. Эйдзятовіч. Каб не быць распазнаным, ён быў пераапрануты ў сялянскае адзенне. Хоць і не адразу, але ўсё ж такі яго вяртанне і «абвяшчэнне распараджэнняў, прывезеных з Варшавы», адзначылі агенты С. Касакоўскага. Гэта магло адбыцца пасля даволі шырокай нарады віленскіх «спіскоўцаў», арганізаванай Я. Ясінскім 12 красавіка ў сувязі з арыштамі і неабходнасцю абмеркавання паведамленняў, прывезеных І. Эйдзятовічам з Варшавы. А той прывёз адтуль, здаецца, пэўныя звесткі аб аднаўленні працы «варшаўскага спіску» з дапамогай эмісара Т. Касцюшкі, Тамаша Марушэўскага, пасля сакавіцкіх арыштаў. Эйдзятовіч паведаміў аб намеры варшавян узняць паўстанне ў горадзе не пазней 17 красавіка. Кіраўніцтва «Рэвалюцыйнага Аб'яднання» ў Варшаве, якое складалася з радыкальна настроеных маладых афіцэраў польскага войска, прапаноўвала адначасова пачаць паўстанне і на Літве. Як мы ўбачым, прыкладна так яно і здарыцца.

Аднак усё яшчэ нічога не было вядома аб выніках місіі К. Мараўскага да Т. Касцюшкі. Бліжэйшыя планы начальніка ў паўстанні заставаліся невыясненымі. Частка «віленскіх спіскоўцаў» выказалася на нарадзе 12 красавіка за тое, каб усё ж яшчэ некалькі дзён пачакаць вяртання К. Мараўскага з загадам і інструкцыямі ад Касцюшкі, а ўжо потым прыняць канчатковае рашэнне аб часе выступлення. На нарадзе 12 красавіка быў зацверджаны прапанаваны Я. Ясінскім план узброенага вызвалення Вільні.

 


На якія сілы маглі разлічваць паўстанцы ў Вялікім княстве? На красавік 1794 года літоўскае войска налічвала каля 11 тысяч чалавек. У тым ліку — каля 5370 чалавек пяхоты і каля 510 чалавек артылерыстаў разам з невялічкім корпусам інжынераў. Кавалерыі ж мелася каля 5100 чалавек. Колькасць гармат, большасць з якіх была невялікага калібру, складала каля сарака адзінак. «Спіскоўцы» маглі разлічваць на падтрымку падаўляючай часткі войска. Толькі некаторыя яго атрады былі слаба ці зусім неахопленыя «спіскам», але паўстанцы не без падстаў разлічвалі, што ва ўмовах усеагульнай барацьбы з акупантамі тыя зробяць правільны выбар. Прычым у тых вайсковых адзінках, якія ўзначальвалі верныя гетману С. Касакоўскаму афіцэры; адразу ж пасля пачатку паўстання Я. Ясінскім павінны былі быць прызначаныя адданыя паўстанню вайскоўцы.

У той жа час чыста вайсковыя вартасці літоўскага войска — забеспячэнне зброяй, прыпасамі і амуніцыяй, адсутнасць станоўчага вопыту ў бітвах, бліжэйшым увасабленнем чаго была нешчаслівая кампанія 1792 года,— у параўнанні з расійскім былі значна ніжэйшымі.

Галоўныя сілы непрыяцеля былі размеркаваныя галоўным чынам у Вільні, Гародні і іх ваколіцах. Менш значныя гарнізоны знаходзіліся ў Наваградку і Слоніме. Віленская частка расійскага акупацыйнага войска пад камандаваннем генерал-маёра М. Арсеньева налічвала каля 3570 чалавек з 23 гарматамі. У Гародні, дзе знаходзілася штабкватэра генерал-маёра П. Цыцыянава, было яшчэ 3985 чалавек з 30 гарматамі. Аднак частка з іх уваходзіла ў склад гарнізонаў Наваградка і Слоніма. Наваградскі гарнізон узначальваў прэм'ер-маёр М. Барклай дэ Толі, будучы герой расійска-французскай вайны 1812 года. Усяго расійскае войска на тэрыторыі Княства налічвала ў красавіку 1794 года больш за 11 тысяч чалавек. Нягледзячы на прыкладна роўную агульную колькасць войскаў, расійскае, дзякуючы перавазе ў артылерыі, добрай вывучцы салдат і афіцэраў, а таксама магчымасці атрымання вялікіх падмацаванняў з імперыі, магло адчуваць сябе даволі ўпэўнена.

Між тым у самой Вільні сітуацыя рабілася ўсё больш напружанай. Гетман С. Касакоўскі адчуваў надыход «бунту» і на Літву. Яму становяцца вядомымі прозвішчы яшчэ некаторых «спіскоўцаў». Нехта з яго агентаў пачынае набліжацца да самай сэрцавіны змовы... 14 красавіка гетман аддае загад аб арышце актыўнага ўдзельніка «спіску» палкоўніка Ксаверыя Несялоўскага, «шэфа» 6га «рэгіменту» літоўскага войска, і «варшаўскага кур'ера» маёра І. Эйдзятовіча. Але апошні паспявае выехаць з Вільні. К. Несялоўскі знаходзіўся ў водпуску. Пачаліся яго пошукі. Пачынае пагражаць небяспека і Я. Ясінскаму. Яго адмысловая канспірацыя, гульня перад Арсеньевым і Касакоўскім у «адданага» таргавічаніна вычарпала сябе. Загады аб пошуках і арыштах К. Несялоўскага і І. Эйдзятовіча, блізкіх да яго людзей, казалі самі за сябе. Позна вечарам таго ж 14 красавіка, папярэджаны аб магчымым арышце праз «спіскоўца» Е.Белапятровіча, Я. Ясінскі пакідае Вільню. Яму не прыйшлося шкадаваць аб гэтым. У наступныя дні гетман Касакоўскі атрымаў недвухсэнсавыя звесткі аб падазроных паводзінах палкоўніка ў апошні час і таемных сходах з яго ўдзелам. Відаць, некаторы час гетман усё ж вагаўся. Яму цяжка было паверыць, што адданы службовец замешаны ў змове. Аднак 17 красавіка ён аддае загад каменданту літоўскага гарнізона горада генерал-маёру Ю. Яленскаму без адкладу арыштаваць Ясінскага. Але на стале ў кватэры Ясінскага была знойдзена толькі цыдулка для гетмана Касакоўскага. У ёй гаварылася, што ў палкоўніка «кібіткай падарожнічаць і на собаля паляваць няма ахвоты...».

Так і не суджана было Я. Ясінскаму дачакацца ў Вільні з распараджэннямі ад Т. Касцюшкі К. Мараўскага. Дык што ж з ім здарылася? К. Мараўскі ўсё ж такі дабраўся да начальніка паўстання не пазней 14 красавіка. Атрымаў ад яго адпаведныя інструкцыі і даручэнні для дастаўкі на Літву. Але там, у Польшчы, з К. Мараўскім адбылася даволі нечаканая метамарфоза. Спецыяльным універсалам ад 14 красавіка Т. Касцюшка прызначыў пасланніка ад віленскіх «спіскоўцаў» галоўнакамандуючым усімі паўстанцкімі сіламі ў Вялікім княстве Літоўскім. Адначасова К. Мараўскаму было прысвоена званне генералмаёра. 3 гэтага вынікае, што К. Мараўскі ніяк не мог быць асабістым пасланнікам Я. Ясінскага да Т. Касцюшкі, а хутчэй за ўсё, таго кола «віленскага спіску», якое баялася «захопу ўлады» ў паўстанні радыкалам-палкоўнікам. Інакш цяжка зразумець згоду К. Мараўскага на такую пасаду... Тады выглядае зусім зразумелым і пажаданне часткі віленскіх «спіскоўцаў» на нарадзе 12 красавіка дачакацца вяртання К. Мараўскага з інструкцыямі ад Касцюшкі. Яны чакалі адпаведнага рашэння.

Кандыдатура К. Мараўскага была не адзінай, якая разглядалася Т. Касцюшкам для прызначэння на гэтую высокую пасаду. Такая ж прапанова напярэдадні была ім зроблена і Казіміру Нестару Сапегу, генералу артылерыі літоўскай у адстаўцы, былому маршалку ад Літвы на Чатырохгадовым сейме. Тут Т. Касцюшка перш за ўсё ўлічваў, відаць, папулярнасць князя Сапегі ў Вялікім княстве Літоўскім, прыдбаную актыўнай патрыятычнай паставай на прыгаданым сейме. Бо асаблівай вайсковай дасведчанасці ці вопыту за Сапегам не было.

Зрэшты, як і за ўсімі нешматлікімі тагачаснымі генераламі ды палкоўнікамі літоўскага войска. К. Сапега адмовіўся ад такой прапановы, якраз спасылаючыся на адсутнасць адпаведнай дасведчанасці ў вайсковай справе. Але ад асабістага ўдзелу ў паўстанні ён не ўхіліўся, згадзіўся дапамагаць у арганізацыі паўстанцкіх сіл у Вялікім княстве Літоўскім.

Тое, што ў місіі К. Мараўскага была з самага пачатку закладзена нейкая інтрыга, сумнення не выклікае. Ігнараванне Я. Ясінскага, які досыць нечакана высунуўся на першыя ролі ў падрыхтоўцы паўстання ў Вільні, улічваючы ранейшыя станоўчыя рэкамендацыі, дадзеныя яму П. Гразмані яшчэ напярэдадні, не магло быць выпадковым. У нежаданні бачыць Я. Ясінскага на чале паўстання на Літве наўрад ці рашаючым было яго не «чыста» ліцвінскае паходжанне, звязанае з Каронай. Тое ж датычыцца і яго малой вядомасці ў краі, дзе ён знаходзіўся толькі каля чатырох гадоў, хаця такая акалічнасць і магла быць выкарыстана супраць. Рашаючае значэнне ўсё ж адыграла рэпутацыя Я. Ясінскага як крайняга радыкала, яго непрыхаваная якабінская арыентацыя на рэвалюцыйную Францыю і гарачы тэмперамент амбіцыёзнага палкоўніка. Усё гэта не магло не выклікаць апасенняў у больш памяркоўных сяброў «спіску» на Літве. Відаць, вымушаны быў улічыць гэта і Т. Касцюшка.

Аднак місія К. Мараўскага закончылася нешчасліва. Праз некалькі дзён пасля свайго прызначэння камандуючым літоўскім паўстанцкім войскам, 17 красавіка, вяртаючыся ў Вільню, ён быў па дарозе арыштаваны ў Бярэсці расійскімі вайскоўцамі. Пасля допыту Мараўскі быў вывезены ў Расію, дзе заставаўся ў высылцы аж да смерці Кацярыны ІІ і амністыі ўсім паўстанцам, дадзенай Паўлам І. Пры яго арышце ў Бярэсці былі перахоплены інструкцыі ад Т. Касцюшкі «спіскоўцам» на Літву, універсал, які заклікаў ліцвінаў далучацца да паўстання.'і асабістыя лісты начальніка да яго арганізатараў у краі. Ва універсале Т. Касцюшка загадваў усім вайскоўцам аб'ядноўвацца на чале з К. Мараўскім. Ён запэўніваў, што тыя, якія «першымі выступяць з карпусамі для прылучэння да святых саюзаў нашых, прымуць неадкладна ва ўзнагароду камандаванне тымі ж карпусамі». Але да паўстання Т. Касцюшка заклікаў не адно войска, а ўвесь народ Вялікага княства Літоўскага. «Як сялян узброіць і да парадку давесці, аб гэтым генерал Мараўскі дасць поўную інфармацыю». Ён спецыяльна падкрэсліваў, што з простым людам «ласкава абыходзіцца трэба».

Знойдзеныя пры К. Мараўскім паперы былі перакладзеныя на расійскую мову і па загаду генерал-губернатара Туталміна спецыяльным кур'ерам з суправаджальным лістом накіраваны ў Санкт-Пецярбург. Але на той час ужо пачалося паўстанне і гэты кур'ер разам з паперамі быў схоплены паўстанцамі. Так, амаль са спазненнем на месяц, але не пазней 14—16 мая, інструкцыі Т. Касцюшкі ўсё ж трапілі да іх.

Канешне, пры гэтым час для наладжвання цеснай узаемасувязі, для каардынацыі дзеянняў у паўстанні паміж Літвой і Польшчай быў непапраўна згублены. Віленскія «спіскоўцы» ў такіх абставінах вымушаныя былі дзейнічаць самастойна.

 

 

ПАМІЖ ВІЛЬНЯЙ І ВАРШАВАЙ

Фармальна свой пачатак узброенае паўстанне на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага вядзе ад 16 красавіка 1794 года. Менавіта ў гэты дзень у Шаўлях частка літоўскага войска, размешчанага ў Жамойці, абвясціла аб падтрымцы Кракаўскага акта паўстання, аб сваім далучэнні да яго з мэтаю вызвалення краю ад чужаземнай акупацыі, вяртання яму сапраўднай незалежнасці ў ранейшых межах Рэчы Паспалітай Двух Народаў.

На першы погляд гэта сведчыла аб развіцці падзей у Вялікім княстве Літоўскім амаль што па такім жа сцэнарыі, як і ў Польшчы. Паўстанне спачатку ўзнімаецца на перыферыі (там — у Кракаве, тут — у Шаўлях), каб выклікаць аслабленне гарнізонаў у сталіцах — Варшаве і Вільні, з якіх частка войска адцягвалася б на падаўленне выступлення. Пасля чаго там рабіліся больш спрыяльнымі ўмовы для захопу ўлады. Да таго ж сустрэчны марш паўстанцаў, як у выпадку з Т. Касцюшкам, з-пад Кракава пад Варшаву быў у такой сітуацыі рэальнай падтрымкай. Усяго гэтага нельга выключаць. Але менавіта ў такім варыянце пачатку паўстання на Літве была яшчэ і свая, унутраная і своеасаблівая «літоўская інтрыга». Як мы ўбачым ніжэй, яна была звязаная з наяўнасцю розных падыходаў да сутнасці самога паўстання сярод «спіскоўцаў» у краі.

Але разам з тым для таго, каб паўстанне на Літве змагло паспяхова заявіць аб сваім пачатку менавіта з Жамойці, сапраўды былі свае прычыны. У тым кутку Вялікага княства знаходзілася даволі значная частка літоўскага войска, камандаванне якога амаль цалкам было ахоплена «спіскам». У Шаўлях жа і іх ваколіцах размяшчалася першая кавалерыйская брыгада пад камандаваннем Мікалая Сулістроўскага — «спіскоўца» яшчэ з 1793 года. Спрыяла паўстанцам і тое, што расійскіх войск у Жамойці, у адрозненне ад тэрыторыі паўночна-заходняй Беларусі, амаль не было зусім. Бліжэйшы іх нсвялічкі гарнізон у нскалькі дзесяткаў салдат размяшчаўся толькі ў Коўне. Асноўныя ж сілы расійцаў, як вядома, былі сканцэнтраваныя каля Вільні і Гародні. Праўда, даволі значныя сілы расійскага войска знаходзіліся побач — у Курляндыі, пад камандаваннем генерал-губернатара М. Рапніна. Але Жмудзь, як і ўсё Вялікае княства Літоўскае, знаходзілася пакуль што паза межамі яго кампетэнцыі, хаця сам Рапнін, які меў цссныя сувязі з Ігельстромам і Туталміным, быў вельмі занепакоены становішчам у Літвс. Натуральна, шіо з тактычнага пункта гледжання Жамойць уяўляла сабою якраз такое месца, дзе ўмовы для пачатку паўстання былі найбольш спрыяльныя.

На 16 красавіка ў Шаўлях было прызначана адкрыццё першай сесіі павятовага земскага суда. 3 гэтай нагоды туды традыцыйна з'язджалася вялікая колькасць мясцовай шляхты. У гэты ж раз у Шаўлях, у месцы дыслакацыі штабу брыгады М. Сулістроўскага, невыпадкова з'явіўся «спісковец» К. Несялоўскі, якога ўжо шукалі, каб арыштаваць, людзі гетмана Касакоўскага. Тут жа апынуліся і Рамуальд Гсдройц, генералмаёр літоўскага войска ў адстаўцы, Антон Прозар, ваяводзіч віцебскі (брат К. Прозара), Пётр Завіша, суддзя земскі ковенскі і іншыя актыўныя ўдзельнікі падрыхтоўкі паўстання. У гэты ж дзень, 16 красавіка, прыязджае ў Шаўлі і гснерал-маёр Антон Хлявінскі з загадам ад гетмана Касакоўскага правесці запланаванае скарачэнне Ў брыгадзе М. Сулістроўскага з тысячы да трохсот чалавек кавалерыстаў. Сам А. Хлявінскі на той час не належаў да «спіскоўцаў». Ён і не падазраваў нават, якую нечаканую ролю на самай справе яму наканавана адыграць у шавельскіх падзеях.

Менавіта А. Хлявінскага і напаткалі нечакана «спіскоўцы» на кватэры ў свайго сябра М. Сулістроўскага, да якога яны з'явіліся раніцой 16 красавіка, каб прыняць канчатковае рашэнне аб далучэнні да паўстання. Далей адбываецца нешта неверагоднае. «Спіскоўцы» не толькі ўводзяць генерала А. Хлявінскага ў курс свайго плана, але і прапануюць яму ўзначаліць увесь узброены паўстанцкі рух у Вялікім княстве Літоўскім. Здзіўлены і збянтэжаны нечаканай прапановай, ён спачатку спрабаваў адмовіцца ад яе і нават адгаварыць прысутных ад іх намеру. А. Хлявінскі прапаноўваў пачакаць, пабачыць, ці ўдасца паўстанне ў Польшчы, дачакацца больш спрыяльнага развіцця міжнародных абставін у Еўропе. Але «спіскоўцы» былі настроеныя вельмі рашуча. У выпадку адмовы яны прытразілі А. Хлявінскаму арыштам.... І той урэшце пагадзіўся.

Канешне, у тых, хто сабраўся ў Шаўлях, былі прычыны для таго, каб не марудзіць. Многія з іх знаходзіліся пад падазрэннем, некаторых шукалі, каб арыштаваць. Сама змова была пад пагрозай выкрыцця. Алс чаму ж яны так спяшаліся, што даверылі самую высокую і адказную пасаду па сутнасці выпадковаму чалавеку ды яшчэ пад прымусам, пагражаючы арыштам? Не магла ж тут рашаючай быць толькі тая выпадковасць, што сярод іх А. Хлявінскі быў адзіным чынным генералам у літоўскім войску? І дзе знаходзіўся Я. Ясінскі, чаму ён нічога не ведаў і адсутнічаў у гэты вырашальны час у Шаўлях? Ён жа познім вечарам яшчэ 14 красавіка таемна пакінуў Вільню. Ёсць усе падставы для сцвярджэння, што Я. Ясінскі выехаў з Вільні адразу ў Шаўлі. Я. Ясінскі вёз з сабою, вядома, з асцярогаю не быць арыштаваным, тэкст акта і план пачатку паўстання на Літве, складзены пад яго кіраўніцтвам. Менавіта яго павінны былі падпісаць паўстанцы ў Шаўлях ці ва ўсялякім выпадку ўзяць за аснову. Але здарылася інакш.

Усе ў Шаўлях выразна спяшаліся паспець пачаць справу, пакуль Я. Ясінскі не з'явіўся са сваімі больш радыкальнымі патрабаваннямі. Пасля згоды А. Хлявінскага прысутнымі канчаткова зацвярджаецца новы тэкст акта, які абвяшчаў паўстанне ў Вялікім княстве

Літоўскім. Затым «спіскоўцы» з А. Хлявінскім на чале афіцэры першай літоўскай брыгады і некалькі афіцэраў з іншых частак накіраваліся ў залу пасяджэнняў шавельскага земскага суда. Там у прысутнасці шматлікай ваколічнай шляхты быў урачыста зачытаны і падпісаны «Акт збору ў Шаўлях, учынёнага вайскоўцамі». Потым гэты акт быў аддадзены на рэгістрацыю ў шавельскім земскім судзе. Падпісаўшыя акт таксама далі яшчэ спецыяльную прысягу перад земскім судом, у якой абавязаліся аддаць усе сілы, здольнасці і маёнткі дзеля «абароны вольнасці, роўнасці і незалежнасці».

У Шавельскім акце выразна выказвалася ідэя неабходнасці аб'яднання дзеянняў з «грамадзянствам Кароны ў адзіным духу і намеры». У доказ гэтага Т. Касцюшка прызнаваўся за «Найвышэйшага Начальніка сілы ўсяго ўзброенага Народу». І толькі пасля гэтага гаварылася, што А. Хлявінскі выбіраецца «за правадыра і начальніка ўсёй узброенай сілы правінцыі В. Кн. Літоўскага».

У той жа час у самім Шавельскім акце знаходзіліся палажэнні, якія давалі падставу для сцвярджэння аб яго адметнасці ад Кракаўскага акта паўстання. Гэта вынікала з таго, што вышэйшая ўлада Т. Касцюшкі ў паўстанні хаця і была прызнана, але з істотным дапаўненнем. Адразу ж было зафіксавана імкненне да ўстанаўлення асобнай самастойнай арганізацыі ўсяго літоўскага войска з уласным камандуючым. Невыпадкова ніяк не агаворваўся часовы характар паўнамоцтваў галоўнакамандуючага на Літве, хаця б да ўстанаўлення трывалай сувязі з начальнікам паўстання — Т. Касцюшкам.

Трэба адзначыць, што і паўнамоцтвы таго ж А. Хлявінскага ў акце былі прадстаўлены не зусім выразна. Мэтамі паўстання абвяшчаліся: «вяртанне свабоды Бацькаўшчыне», перамога над тыраніяй і знішчэнне здраднікаў. Камандуючы ж літоўскім войскам павінен быў дабівацца іх «усялякімі сродкамі».

Шавельскі акт меў падкрэслена вайсковы характар. Першымі яго падпісалі 18 афіцэраў. Толькі потым далучыліся сябры земскага суда і ўсе, хто сабраўся на яго сесію. Адзначаючы існаванне «патрыятычнага запалу» ў грамадстве, акт, аднак, адкрыта не заклікаў да пачатку ўсенароднай барацьбы ў ваяводствах і паветах Княства. І ў той жа час яўнай была дэмакратычная накіраванасць Шавельскага акта. Кракаўскі лозунг паўстання «вольнасць, цэласць, незалежнасць» быў істотна зменены. Замест «цэласці» з'явілася «якабінскае» патрабаванне «роўнасці». Яно, праўда, ніяк не тлумачылася. І заставалася толькі здагадвацца, які сэнс укладвалі ў яго стваральнікі Шавельскага акта.

Я. Ясінскі з'явіўся ў Шаўлях таксама 16 красавіка ў другой палове дня. Тады, калі ўжо ўсе фармальнасці з абвяшчэннем акта і прысягай былі выкананы. Ен азнаёміўся з тэкстам Шавельскага акта, але свайго подпісу пад ім не пакінуў... Падпісацца — значыць прызнаць вяршынства А. Хлявінскага ў паўстанні. Вяршынства чалавека, які выпадкова, амаль пад прымусам апынуўся ў ролі камандуючага ўзброенымі сіламі паўстання. Гэта не магло не зачапіць амбіцыі маладога палкоўніка, які са сваімі сябрамі столькі сіл паклаў на яго падрыхтоўку. Знешне, аднак, выгляду аб нейкай крыўдзе Ясінскі не падаваў. Ён сустрэўся з А. Хлявінскім і пазнаёміў «нечаканага» камандуючага з планам арганізацый паўстання ў Вільні. А. Хлявінскі ўхваліў план і параіў Я. Ясінскаму, каб той «вяртаўся назад у Вільню і згодна з такім планам пачаў свае дзеянні». А. Хлявінскі, як бачым, хутка ўвайшоў у ролю правадыра і ўхваліў план, пра існаванне якога дзень таму яшчэ нічога не ведаў.

Адначасова тады ж паміж Я. Ясінскім і А. Хлявінскім было ўзгоднена рашэнне аб маршы частак літоўскага войска пад камандаваннем К. Несялоўскага і Р. Гедройца на Вільню. Там яны павінны былі з'явіцца не пазней раніцы 23 красавіка. Да Т. Касцюшкі з рапартам аб пачатку паўстання на Літве і для атрымання інструкцый і распараджэнняў быў накіраваны мясцовы шляхціц Пакубята. Ён выехаў з Шаўлёў не марудзячы: 16 красавіка, позна вечарам, накіраваўся назад у Вільню і Я. Ясінскі, каб узначаліць там паўстанне, прызначанае ў ноч з 22 на 23 красавіка.

Нягледзячы на відавочную інтрыгу, абвяшчэнне Шавельскага акта ўсё ж не было імправізацыяй. Яно складала частку агульнага плана пачатку паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім. Не маглі выпадкова апынуцца ў адным і тым жа месцы, ў адзін і той жа час «спіскоўцы» К. Несялоўскі, Р. Гедройц, А. Прозар і П. Завіша «ў гасцях» у М. Сулістроўскага. Я. Ясінскі з Вільні накіроўваецца таксама не абыкуды, а менавіта ў тое месца, дзе павінна было быць абвешчана аб пачатку паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім. Ды і дзень, 16 красавіка, пачатак працы земскага суда, быў выбраны папярэдне і невыпадкова. Рэгістрацыя акта, складанне прысягі перад судовай уладай надавала прыкметы традыцыйнасці і законнасці такім дзеянням паўстанцаў. Быў разлік на прысутнасць і падтрымку ваколічнай шляхты, збор якой у такіх абставінах не выклікаў падазрэнняў.

Лёс паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім у многім залежаў ад таго, у чыіх руках застаецца Вільня. Ёй, як бачым, не ўдалося напачатку ўзначаліць паўстанне ў краі. Але хваля паўстання пасля абвяшчэння Шавельскага акта шырылася, захоплівала ўсё новыя тэрыторыі і на Беларусі, дзе былі сканцэнтраваны асноўныя сілы паўстанцаў.

18 красавіка падпалкоўнік Стафан Грабоўскі ў Смаргоні заклікае 7-ы пешы літоўскі полк да выступлення супраць расійцаў і непадпарадкавання здрадніцкаму панаванню братоў Касакоўскіх. Камандзір жа палка Фелікс Гажэнскі адмовіўся далучыцца да гэтага закліку. Тады С. Грабоўскі звярнуўся за падтрымкай да саміх смаргонцаў і атрымаў яе. У знак рашучасці сваіх намераў імі на смаргонскім рынку была ўзведзена шыбеніца з надпісам — «для здраднікаў». А праз два дні, узяўшы камандаванне на сябе, С. Грабоўскі з 800асабовым атрадам пры двух гарматах рушыў паскораным маршам са Смаргоні праз Жупраны і Ашмяны . на Вільню.

Праз некалькі дзён, але не пазней 21 красавіка, да паўстанцкага руху далучаюцца войскі, раскватараваныя ў Лідскім павеце. Там заяўляюць аб далучэнні да «канфедэрацыі кракаўскай» часткі другой кавалерыйскай брыгады літоўскай. Пры гэтым вызначыўся, горача заахвочваючы да пачатку выступлення, паручнік Каспер Корсак. Прыкладна да таго ж часу адносяцца паведамленні аб утварэнні паўстанцкай «канфедэрацыі слонімскай».

Усё больш трывожныя чуткі пачалі даходзіць да Вільні. З'явіліся сведчанні аб маючай адбыцца паўстанцкай «канфедэрацыі» і ў Ваўкавыскім старостве з удзелам генерала літоўскай артылерыі князя Францішка Сапегі і Паўла Грабоўскага. Напярэдадні запланаванага паўстанцамі захопу Вільні край ужо віраваў. Усеахопнага полымя яшчэ не было, але тое, што паходня змагання, калі яна будзе запалена і ў Вільні, вырашыць многае, было зразумела ўсім.

21 красавіка ў сталіцу Княства са свайго маёнтка Лукойні ў Жамойці, куды ён выехаў за чатыры дні перад гэтым на адпачынак, вярнуўся гнаны небяспечнымі чуткамі аб падзеях у Шаўлях гетман С. Касакоўскі. Ен сустракаецца з генералам Арсеньевым, стараецца давесці яму ўсю небяспечнасць сітуацыі, якая складваецца вакол Вільні. Гетман зусім слушна просіць Арсеньева, каб той аддаў загад вывесці з горада расійскі гарнізон на «летнія кватэры». Гэта зрабіла б немагчымым нечаканы напад на яго. Але генерал Арсеньеў адмаўляецца. Ён лічыць, што небяспека перабольшваецца, а гарнізон з горада да 15 мая выводзіць заўчасна, бо яшчэ халаднавата і не выключаюцца прастудныя захворванні... Не ў малой ступені нядбальства немаладога ўжо, 55-гадовага генерала тлумачылася тым, што ён у той час быў у захапленні ад прыгажуні-віленчанкі Юзэфы Валадковіч. Прыёмы, вечарыны, якія амаль штодзень наладжваліся ў Вільні, закружылі сівую галаву генерала. Гэтак жа лёгкадумна паставіўся ён і да папярэджання капітана артылерыі Тучкова пра яўныя прыкметы падрыхтоўкі нечага небяспечнага ў горадзе ў самы бліжэйшы час. Тучкоў звярнуў увагу Арсеньева, у прыватнасці, на тое, што дамы, у якіх кватаравалі расійскія вайскоўцы, кімсьці былі пазначаныя чорнымі крыжыкамі. Арсеньеў загадаў іх сцерці і не панікаваць.

На першы погляд Вільня сапраўды выглядала бесклапотным горадам. Але гэтак здавалася толькі на першы погляд. І справа была не толькі ў бойках і бяззбройных, але гарачых сутычках, якія здараліся ўсё часцей, віленчукоў і літоўскіх вайскоўцаў з расійскімі салдатамі. Горад быў напоўнены чуткамі аб падзеях у Кракаве 24 сакавіка, захопе паўстанцамі Варшавы, рацлавіцкай перамозе Т. Касцюшкі, выступленні ў Шаўлях. Усіх непакоіла пытанне: «Калі ж і мы?»

3 другога боку, Арсеньеў, здаецца, мог сапраўды адчуваць сябе ў Вільні досыць небяспечна. У яго распараджэнні на 22 красавіка знаходзілася 2290 салдат і афіцэраў і 19 гармат. Большасць з салдат была раскватаравана ў прадмесцях Вільні. Акрамя таго, арты­лерыйскі парк капітана Тучкова з 17 гарматамі на Пагулянцы трымаў пад прыцэлам амаль увесь горад. Арсеньеў лічыў, што ў выпадку чаго дастаткова будзе некалькіх залпаў карцечы, каб знішчыць «бунтаўнікоў».

Усё ж 18 красавіка, атрымаўшы больш дакладныя звесткі аб падзеях у Шаўлях праз кур'ера ад генерала Цыцыянава з Гародні, Арсеньеў вымушаны быў учыніць шэраг крокаў для прадухілення небяспекі. 19 красавіка ён высылае з Вільні для ўзмацнення ковенскага гарнізона дзве грэнадзёрскія роты. 21 красавіка з горада выходзяць астатняя частка грэнадзёраў і сто пяцьдзесят казакоў палкоўніка Кірэева. Іх задачай было забяспечыць бліжэйшыя ваколіцы Вільні і сам горад ад магчымага нападу паўстанцаў, якія надыходзілі з-пад Шаўлёў. Але тым самым напярэдадні паўстання ў Вільні яе расійскі гарнізон быў ужо аслаблены.

Гэта было немалаважным, улічваючы адносна невялікую колькасць рэгулярнага літоўскага войска, якое знаходзілася ў Вільні. Яно налічвала крыху больш сямісот чалавек. Сілы паўстанцаў магла павялічыць толькі прага да змагання, жаданне перамагчы і падтрымка насельніцтва.

Гетман Сымон Касакоўскі са свайго боку робіць ліхаманкавыя спробы збіць бунтаўнічы парыў у сталіцы краю. Па даносу сваіх агентаў 19 і 21 красавіка ён аддае загад аб арышце яшчэ некалькіх афіцэраў літоўскага войска. У тым ліку і падпалкоўніка корпуса інжынераў С. Гурскага, намесніка Якуба Ясінскага. Яны памяшчаюцца ў віленскім арсенале. Але яго абслуга была цалкам ахоплена «спіскам». Адтуль ужо 20 красавіка дапамагае С. Гурскаму ўцячы і схавацца часова ў віленскім прадмесці падпаручнік літоўскай артылерыі Аляксандр Косця. Усведамляючы ненадзейнасць аховы, гетман 22 красавіка вымушаны быў аддаць загад аб пераводзе некаторых арыштаваных, у прыватнасці, маёра М. Шпенсбергера і паручніка Б. Калантая з арсенала пад ахову ў свой дом.

21 і 22 красавіка гетман Касакоўскі разам з бліжэйшымі сваімі памочнікамі палкоўнікам Кадлубіскім і ад'ютантам паручнікам Рудзінскім, з дапамогай расійскіх афіцэраў Дзюгамеля і Собалева, піша і адсылае загады да асобных частак літоўскага войска. Ён патрабуе пільнасці ў дачыненні да перамяшчэнняў паўстанцкіх атрадаў, гатоўнасці да тэрміновага выступлення па яго загадах. Але гэта ўжо былі распараджэнні гетмана, які, па сутнасці, застаўся без войска...

А ў віленскіх «спіскоўцаў» на той час амаль усё было падрыхтавана да паўстання. Пад вечар 18 красавіка нелегальна вяртаецца з Шаўлёў палкоўнік Ясінскі. Ён спыняецца ў віленскім прадмесці Антокаль. Падтрымлівае цесную сувязь са «спіскоўцамі», аддае апошнія распараджэнні і загады. Сам наведвае горад, пераапрануўшыся ў «камінара», каб правесці нарады з афіцэрамі, адказнымі за арганізацыю паўстання.

Акрамя літоўскага гарнізона віленскія «спіскоўцы» разлічвалі яшчэ на падтрымку не менш чым пяцісот цывільных грамадзян, сваіх паплечнікаў. Папярэдне яны былі ўжо падрыхтаваныя і адпаведным чынам узброеныя, мелі стрэльбы, пісталеты, шаблі. Цывільныя «спіскоўцы», згодна з інструкцыяй, у час выбуху паўстання павінны былі быць спецыяльна апранутыя ў палатняныя шэрыя світкі, абшытыя па краях зялёнай стужкай. На галавах — круглыя капелюшы з кукардамі белага і чырвонага колеру. У кожнага павінна была быць таксама і торба з таго ж шэрага палатна для розных прыпасаў.

Такім чынам, паўстанцы ў Вільні непасрэдна ў першы момант маглі разлічваць разам з гараджанамі недзе на тысячу дзвесце чалавек. Але яны таксама, і не без падстаў, спадзяваліся на падтрымку іншых патрыятычна настроеных жыхароў горада. У прыватнасці, у Вільні знаходзілася значная частка «рэдукаваных» салдат і афіцэраў літоўскага войска. У гэтым выпадку колькасць паўстанцаў і падтрымаўшых іх магла павялічыцца да чатырох тысяч чалавек.

Поспех паўстання ў Вільні ў значнай ступені залежаў ад нечаканасці нападу. Я. Ясінскі, распрацаваўшы план віленскага паўстання, прадугледжваў перш за ўсё нечаканую і адначасовую начную атаку паўстанцаў на расійскую гаўптвахту, дамы гетмана С. Касакоўскага і генерала Арсеньева, а таксама на кватэры расійскіх афіцэраў і салдат у цэнтры горада. Ізноў жа адначасова планавалася папярэдне вызначанымі групамі ліквідаваць варту і захапіць усе восем віленскіх брам, якія потым трэба было ўзмацніць гарматамі з арсенала. Апошняе патрэбна было для таго, каб не даць магчымасці расійскім войскам, раскватэраваным у ваколіцах Вільні, дапамагчы свайму заблакаванаму гарнізону.

Пад вечар 22 красавіка апошнія прыгатаванні да выступлення былі скончаны. Яго кіраўнікі, разам з палкоўнікам Я. Ясінскім, перабраліся ў віленскі арсенал, дзе гарматы былі ўжо падрыхтаваныя да бою. Ноч жа з 22 на 23 красавіка ў Вільні выдалася вельмі цёмнай і як бы спрыяла паўстанцам. Незадоўга да поўначы невялікія атрады літоўскага гарнізона, выходзячы з арсенала і cа сваіх іншых кватэр, а цывільныя «спіскоўцы» — з месцаў папярэдняга збору, пачалі скрытна накіроўвацца да вызначаных пунктаў. Апоўначы ўсе ўжо знаходзіліся напагатове да апошняга кідка, чакаючы сігналу.

А палове першай у віленскім арсенале стрэліла васьміфунтовая гармата. Гэта і быў сігнал да пачатку адначасовай атакі на спячы расійскі гарнізон. Загаварылі званы ў каталіцкіх і уніяцкіх храмах. Яшчэ нядаўна горад, здавалася, быў апанаваны глыбокім сном, а цяпер то там то тут чуліся крыкі «да зброі, да зброі!», гучалі стрэлы. Пустыя вуліцы імкліва напаўняліся вайскоўцамі, «спіскоўцамі» — віленчукамі і тымі, хто спачуваў ім.

Пасля кароткай, але зацятай барацьбы была захоплена і здалася ў палон 300-асабовая расійская гаўптвахта, якая знаходзілася на Ратушавай плошчы каля касцёла святога Казіміра. Атаку на яе ўзначаліў маёр 7-га «рэгіменту літоўскага» Фелікс Сабецкі. Гэты наймац­нейшы атрад паўстанцаў налічваў таксама трыста чалавек. Я. Ясінскі, які хутка з'явіўся на плошчы на сваім сівым кані, загадаў памясціць палонных у касцёле св. Казіміра і пільна вартаваць. А каб у палонных не было ніякіх сумненняў наконт сур'ёзнасці намераў паўстанцаў, у вароты касцёла была нацэлена адна з захопленых пры штурме гаўптвахты гармат.

У гэты час невялікі 30-асабовы атрад пад камандаваннем капітана Адама Нялепца гэтак жа нечакана атакаваў варту перад палацам Паца на Замкавай вуліцы. Тут была кватэра генерала Арсеньева. У атацы гэтай удзельнічаў і Ігаат Хадзькевіч, «тайны ад'ютант» палкоўніка Якуба Ясінскага. 3 уласцівым сабе спрытам Хадзькевіч, уводзячы ў зман варту, пачаў голасна аддаваць каманды нібыта цэламу батальёну. Пасля залпу па вокнах палаца, ледзь прахапіўшыся са сну і, відаць, усё ж здэмаралізаваны камандамі Хадзькевіча, палічыўшы супраціўленне невялікай аховы цэламу батальёну бессэнсоўным, генерал Арсеньеў аддаў загад варце скласці зброю. Ён і яшчэ некалькі афіцэраў, якія кватаравалі разам з ім, трапілі ў палон.

Дом, у якім жыў гетман Сымон Касакоўскі, на вуліцы Нямецкай, быў захоплены амаль без супраціўлення. Яго тут і не магло быць. Згодна з планам паўстання варту там у гэтую ноч неслі артылерьісты на чале з падпаручнікам Юзафам Гарноўскім, які быў адным з самых бліжэйшых паплечнікаў Якуба Ясінскага. Пару стрэлаў паспелі зрабіць толькі сам гетман ды яго ад'ютант паручнік Рудзінскі. Але яны ўжо нічога вырашыць не маглі. Гетмана схапілі на гарышчы дома, дзе ён хаваўся за комінам, і арыштавалі. Яго павялі пешшу па вуліцах у віленскі арсенал пад крыкі паўстаўшых віленчукоў: «Віват вольнасць і роўнасць!», «Шэльма і здраднік у нашых руках!». С. Касакоўскі ішоў, апусціўшы галаву. У сваім хатнім жоўтым халаце ён нагадваў пагарэльца, які ўсё страціў.

Палкоўнік Я. Ясінскі ў час бітвы, кіруючы яе ходам, з'яўляўся на кані ў самых небяспечных месцах. І захоплены знянацку нечаканым начным нападам, не ведаючы сапраўднай сілы нападаўшых, расійскі гарнізон, нягледзячы на колькасную перавагу рэгулярнага войска, не змог аказаць якоганебудзь дзейснага супраціўлення.

Менш чым праз тры гадзіны ўсё было скончана. Горад апынуўся ў руках паўстанцаў.

Аднак усё ж немалая частка з віленскага гарнізона, да тысячы чалавек разам з цывільнымі, здолела выбрацца на ўскраіну Вільні і сабрацца на Пагулянцы ў артылерыйскім парку пад камандаваннем капітана Тучкова. Ізноў жа скарыстаўшы начную пару, якая на гэты раз спрыяла ўжо ім. Як толькі развіднела, па загаду Тучкова пачалася бамбардзіроўка Вільні з усіх семнаццаці наяўных гармат. Гэта адразу ж выклікала шматлікія пажары і разбурэнні ў горадзе.

На дапамогу капітану Тучкову ў той жа дзень, 23 красавіка, спрабаваў прабіцца атрад падпалкоўніка Левіза сіламі ў 420 чалавек, з дзвюма гарматамі. Але сустрэўшы супраціўленне, ён вымушаны быў адступіць пад Немянчын. Па дарозе атрад Левіза ўступаў у дробныя сутычкі з паўстанцкімі патрулямі. На адстаўшых ад яго калоны салдат з каламі і віламі нападалі мясцовыя сяляне.

Інтэнсіўная бамбардзіроўка Вільні на працягу некалькіх гадзін з Пагулянкі артылерыстамі Тучкова не спраўдзіла надзеі генерала Арсеньева. Паўстанцы не збіраліся выкідваць белы сцяг. Наадварот, ішла падрыхтоўка да штурму артылерыйскіх пазіцый.

Адчуваючы сябе ў небяспецы, пакінуты без падмацаванняў, Тучкоў ноччу 24 красавіка рушыў са сваім атрадам у накірунку Гародні на злучэнне з больш моцнымі сіламі генерала Цыцыянава. Рэйд Тучкова зпад Вільні на Гародню суправаджаўся разбурэннямі і гвалтамі над мясцовым насельніцтвам. Многія вёскі і мястэчкі, якія апынуліся на шляху яго атрада, былі спалены. Чуткі аб гэтым хутка распаўсюдзіліся, і многія, хто напачатку вагаўся — далучыцца да паўстання ці не, канчаткова вырашылі злучыць свой лёс з ім. Ніхто не мог у той час адчуваць сябе спакойным: ні шляхціц у сваім маёнтку, ні селянін у сваёй хаце. Каб выжыць, трэба было бараніцца. Сотні добраахвотнікаў пачалі сцякацца пад Вільню, каб далучыцца да паўстаўшых. «Тучкоўская агітацыя» спрацавала.

А ў Вільні ішоў падлік страт і трафеяў. У выніку нечаканага нападу і кароткіх баёў на вуліцах горада расійцы страцілі дваццаць вайскоўцаў забітымі і столькі ж было параненых. У палон былі ўзятыя генерал М.Арсеньеў, палкоўнік пскоўскага палка мушкецёраў Языкоў, камендант горада Рэбок і яшчэ 42 афіцэры. Разам з імі ў палон трапілі 964 падафіцэры і салдаты. Усяго колькасць палонных склала 1013 чалавек. Паўстанцы ў Вільні захапілі дзве расійскія 6-фунтовыя гарматы, значную колькасць зброі. Да іх трапілі таксама склады расійскага гарнізона з немалымі запасамі амуніцыі, збожжа, скур, абутку і палатна, а таксама вайсковыя касы, літоўскія і расійскія, з 64 тысячамі злотых.

Паўстанцы таксама панеслі страты. Але, як гэта часам здараецца ў пераможцаў, яны былі значна меншыя. Былі забітыя два падафіцэры літоўскай артылерыі Забароўскі і Рагажынскі, а таксама кананір Зянкевіч. Шэсць вайскоўцаў было паранена. Былі пацярпелыя, вядома ж, і сярод цывільнага насельніцтва, але дакладнай лічбы іх мы не ведаем.

Не ўсё у паўстанцаў пры захопе Вільні атрымалася так, як яны планавалі. Згодна з планам Ясінскага, абмеркаванага яшчэ ў Шаўлях з А. Хлявінскім, у ноч з 22 на 23 красавіка пад Вільню, у раён Пагулянкі павінен быў паспець падысці атрад генерала Р. Гедройца з Жамойці і захапіць расійскі артылерыйскі парк. Але Гедройц спазніўся, і гэта паспрыяла выратаванню артылерыі. Запозненая спроба атрада Гедройца 26 красавіка захапіць яе на маршы да Гародні таксама не ўдалася. Тучкоў здолеў уратаваць амаль усю артылерыю з начыннем і вывесці яе з-пад Вільні ў Гародню. 3 таго часу катастрафічны недахоп у паўстанцкім войску гармат, вырашальнага на той час віду зброі ў войнах, будзе адчувацца на працягу ўсяго паўстання.

І ўсё ж поспех быў несумненны. Вызваленне Вільні дало магутны імпульс паўстанню на тэрыторыі ўсяго Вялікага княства Літоўскага. Дзве сталіцы — Вільня і Варшава — былі вольнымі ад чужаземных захопнікаў. Яны як бы заклікалі і іншых браць з іх прыклад. Усё ж вораг быў толькі ашаломлены, але не разбіты поўнасцю.

24 красавіка ў Вільні адбылася важная падзея, якая паклала пачатак канкрэтнай арганізацыі кіраўніцтва распачаўшымся паўстаннем. Яшчэ перад поўднем на гарадской плошчы каля ратушы і на суседніх вуліцах пачалі збірацца жыхары горада. Перад будынкам ратушы быў выстраены чатырохкутнікам віленскі вайсковы гарнізон. Сюды ж падышлі і тыя, хто хутка будуць абвешчаны сябрамі вышэйшага органа па кіраўніцтву паўстаннем на Літве. Усе яны былі падкрэслена сціпла апранутыя, без ордэнаў і якіх-небудзь іншых адзначэнняў. Сярод іх быў і новы камендант горада Вільні палкоўнік Я. Ясінскі. Ён першым і ўзяў слова, горача вітаючы перамогу паўстання ў сталіцы краю. Потым быў зачытаны «Акт Паўстання Народу Вялікага княства Літоўскага». Гэта зрабіў экспісар вайсковы літоўскі Е. Белапятровіч. Каб прысутным лепей было чуваць, ён узабраўся на вялікі стол, які стаяў пасярэдзіне вайсковага чатырохкутніка. Ва ўрачыстай цішыні паплыў над галовамі сцішаных віленчукоў яго гучны голас:

«Мы, грамадзяне Правінцыі В. кн. Літоўскага і жыхары места вольнага Вільні, схіляючыся перад Найвышэйшым Прадбачаннем, дачакаўшыся шчаслівага моманту паўстання Народу [супраць] гвалту і ўціскаў, якімі нас чужых суседзяў уведзеныя войскі, здрада і высакамерная амбіцыя малой часткі не вартых імя польскага суайчыннікаў, абцяжарвалі, гэтак жа адданыя, як і каронныя грамадзяне, адной і той жа мэце здабыцця волі і роўнасці грамадзянскай, а таксама ўсіх тых выгод і намераў, якія ў сабе Акт Кракаўскі, у годзе цяперашнім 1794, м[еся]ца сакавіка 24 дня абвешчаны, устанаўляе, Акт найурачысцейшы Народу Літоўскага з ахвярай жыцця і маёнткаў для агульнай нас саміх і Бацькаўшчыны нашай абароны, аддаючы кожнага Ёй, і хто не з намі, наш вораг, [а] таксама беручы заклік смерць альбо перамога над ворагамі нашымі, Акт гэты ўхваляем. Да якога ў асобным універсале адпаведныя ўстанавіўшы магістратуры, а таксама іх апісанне Раду Нацыянальную Правінцыйную і да яе асобы, менавіта Язэпа Несялоўскага, ваяводу наваградскага; Антонія Тызенгаўза, харунжага віленскага, прэзідэнта места Вільні; Бенядыкта Марыконі, Станіслава Мірскага, пісараў літоўскіх; Міхала Бжастоўскага, старасту менскага; Дамініка Нарбута, войскага лідскага; Язэпа Паца, старасту вілейскага; Міхала Грабоўскага, канюшага літоўскага; Станіслава Валовіча, падкаморыя рэчыцкага; Тамаша Ваўжэцкага, эксхаружага літоўскага; Мікалая Храпавіцкага, маршалка аршанскага; Валентага Гарэцкага, войскага віленскага; Бенядыкта Карпа, харужага ўпіцкага; Міхала Страшэвіча, маршалка ўпіцкага; Язэпа Коцела, палкоўніка войск В. кн. Літоўскага; Каэтана Нагурскага, харужага павету шавельскага; [Сымона] Вішнеўскага, падкаморыя прэнскага; Мікалая Мараўскага, экспісара вайсковага; Тадэвуша Высагерда; Алоіза Сулістроўскага, экспісара літ.; Самуэля Корсака; Ігнація Гелгуда, эксстражніка літоўскага; ксяндза Марціна Пачабута, рэктара Акадэміі; ксяндза [Міхала] Карповіча, прафесара Акадэміі Літоўскай Віленскай; Ежы Белапятровіча; [Антонія ] Хлявінскага, генераламаёра в[ойск] В. кн. Літоўскага; Рамуальда Гедройца, генераламаёра; [Якуба] Ясінскага, палкоўніка і каменданта места Вільні; Антонія Ляхніцкага, віцэпрэзідэнта места Вільні, прызначаем, якія найменьш у лічбе пяці сабраныя, асобы да іншых магістратур урадавых прызначаць і да кожнай са свайго асяродку аднаго не меней прызначыць неадкладна абавязаныя будуць. І пасля таго прыпыняючы гэтым часам усе магістратуры ўрадавыя і судовыя ў цяперашняй іх дзейнасці, прысягу вернасці Бацькаўшчыне нашай, на рынку публічным сабраныя, выканалі і рукамі нашымі падпісалі. Рабілася дня 24 красавіка 1794».

Пасля гэтага ўсё новаабранае кіраўніцтва паўстаннем у Вялікім княстве Літоўскім дало прысягу:

«Мы... прысягаем Пану Богу Усемагутнаму ў Тройцы С[вятой) Адзінаму ў тым, што Бацькаўшчыне жыццём і маёнткам найадданей служыць будзем, уладам, Актам Паўстання Народу прызначаным, найвярней паслушнымі будзем і тое ўсё, што ад нас залежыць будзе да моцы абароны гэтага Акту Паўстання Народу, аддана і пачціва выканаць не замарудзім, і што нам ад улады якой-небудзь гэтым Актам утворанай, даручаным стане, не толькі сакрэту захаваем, але ва ўсім паўстанні нашым ніколі асабісты інтарэс, але агульнае дабро краю мець будзем; так нам, Пане Божа, дапамажы і бязвінная пакута Сына Яго».

У той дзень у Вільні падпісала акт аб пачатку паўстання і прыняло прысягу 2328 чалавек. Потым урачыстая працэсія ад ратушы рушыла да найвялікшага віленскага касцёла Св. Яна, дзе адбылася ўрачыстая імша. Вільня святкавала вызваленне.

Не білі ў званы і не вялі ўрачыстай службы толькі ў праваслаўным Свята-Духавым манастыры. Урэшце для гэтага былі свае прычыны. 23 красавіка паўстанцы замкнулі і апячаталі манастырскую царкву, а ключы ад яе забралі. Гэта было зроблена з перасцярогі, што ў сценах манастыра змогуць знайсці сабе прытулак салдаты і афіцэры расійскага гарнізона. Праз пяць дзён манастыр трапіў ужо пад спусташальны разгром, а яго ігумен Георгій Яноўскі быў нібыта неміласэрна пабіты. Але і на гэты раз чутка аб тым, што там хаваюцца расійскія вайскоўцы, не знайшла пацвярджэння. Самаўпраўныя дзеянні афіцэра літоўскага войска і яго падначаленых былі асуджаныя паўстанцкімі ўладамі. У гэтай справе было пачата следства. Вынесеныя ж з манастыра каштоўнасці і рэліквіі загадана было неадкладна вярнуць. Відаць, тое-сёе было ўжо страчана непапраўна, бо ўлады толькі пасля перамогі паўстання абяцаліся дапамагчы ў аднаўленні манастыра.

У Віленскім акце, гэтым своеасаблівым паўстанцкім маніфесце Вялікага княства Літоўскага, былі пададзены самыя агульныя мэты паўстання. Справе ж больш дэталёвай арганізацыі паўстанцкага руху ў краі быў прысвечаны «Універсал да ваяводстваў і паветаў Правінцыі Вялікага княства Літоўскага і гарадоў вольных». Ён быў абвешчаны ўжо ад імя «Найвышэйшай Рады Літоўскай» таксама 24 красавіка і паўтораны на наступны дзень. (Дарэчы, сама назва вышэйшага органа па кіраўніцтву паўстаннем у Княстве канчаткова ўсталявана так і не была. Спачатку, як гэта відаць з тэксту Віленскага акта, ужывалася назва «Правінцыйная Нацыянальная Рада». Потым жа часцей ужываліся назвы «Найвышэйшая Літоўская Рада», «Часовая Нацыянальная Рада». Усяго існавала да дванаццаці варыянтаў наз­вы. Далей мы будзем ужываць толькі адну назву — Літоўская Рада — як абагульняючую). Ва «Універсале» ж гаварылася:

«Пасля столькіх ужо паражэнняў і зганьбаванняў Прадбачанне Найвышэйшае паслала Народу нашаму шчаслівую пару; мужнасць умела з яе скарыстацца, а калі адданасць грамадзянская і розум дапамагаць захоча, Бацькаўшчына мілая, ёсць выратаваная.

Слухай, Народзе Літоўскі, што Табе гаворыць не кароль слабы са слабейшага яшчэ трону, не свавольная грамада, нічога акрамя марнага тытулу не маючага люду, але спакойнае Згуртаванне спагадлівых тваіх сыноў, якія доўга для вызвалення твайго працавалі тады, калі Ты ўжо ў ім зняверыўся.

Мужны народ французскі, разам з іншымі, падае нам сяброўскую руку, і патрабуе паўстання нашага, дае нам для таго дапамогу ў розным выглядзе; пажаданне яго, заснаванае на ўзаемных выгодах двух народаў, не засноўваецца на той махлярскай і драпежнай палітыцы, якой, на жаль, столькі разоў былі мы ахварямі; адно нам з двух выбраць застаецца: ужыць астатак сілы для вызвалення сябе, альбо бязлітасна загінуць ад рукі заўсёды непрыязных, а цяпер яшчэ раздражнёных суседзяў.

Паведамляем Вам, Найдастойнейшыя Грамадзяне, што войска літоўскае мужна Панам Ясінскім, палкоўнікам інжынераў кіраванае, адпавядаючы мужнасцю сваёй дастойнасці і адвазе каменданта, выканала ўжо свой абавязак; згуртаванне ўсеагульнае ў ім створана. Горад сталічны Вільня — вольны ад непрыяцельскай прысутнасці; уся каманда, гарматы, штандарты і ўсе амаль тут быўшыя вайскоўцы ў нашых руках; рэшта ўсёй сілы непрыяцельскай у Літве на працягу некалькіх дзён быць можа наша, а калі, Народзе, захочаш быць паслушным тым, што Цябе з пажадання высакароднага будуць узначальваць, ужо назаўжды ёсць мы вольныя.

У дзень 24 красавіка грамадзяне, у Вільні быўшыя, асобны Акт Паўстання Народу Літоўскага, з адзінай мэтай здабыцця вольнасці і роўнасці грамадзянскай, а таксама ўсіх тых выгод і намераў, якія Акт кракаўскі ў годзе цяперашнім 1794, сакавіка 24 дня прыняты, пастанаўляе, як мага найурачысцей дзеля агульнай нас саміх і Бацькаўшчыны нашай абароны прысягнуўшы, Раду Найвышэйшую Дзяржаўную, з асобаў у тым Акце прызначаных... устанавілі, якім асобы да іншых магістратур дзяржаўных альбо дакладней да дэпутацый прызначэнне дазволіўшы, апісанне іх у пунктах, да таго ж Акту належачых, вызначылі; з таго ж парадку вынікаюць гэтыя пункты:

1.         Суд Крымінальны, адначасова з Актам утвараецца, якога абавязкам будзе з гэтага часу караць здраднікаў Бацькаўшчыны, яе паўстанню супраціўных, радай альбо змовай якой-небудзь пагражаючы, і тых, якія Бацькаўшчыне сваёй ужо вінаватыя. Суд яго павінен быць кароткім, і калі б раптоўная ўзнікала патрэба, на працягу 24 гадзін абвінавачванне, доказы і прыгавор скончыць павінны, а паводле прыгавору іначай не выходзіць, альбо толькі вызваленне з наганай абвінавайцы, альбо смерць вінаватага на шыбеніцы. Да гэта Суду прызначанымі засталі асобы: Язэп Несялоўскі, ваявода навагр[адскі]; Каэтан Нагурскі, харужы шавельскі; Самуэль Корсак; Фелецыян Памернацкі, суддзя земскі вілен[скі]; Дамінік Нарбут, войскі лідскі]; Каспар Чыж, падваявода вілен[скі]; Язэп Пац, старасга вілейскі; Тадэвуш Высагерд; Ян Бухавецкі, суддзя земскі вілен[скі]; Антоні Бажымоўскі, ротмістр кавалерыі нацыянальнай; Ежы Бялапятровіч; Людвік Вязоўскі, маёр; Мацей Бабровіч, камор[нік]; Тадэвуш Мордас, камор [нік ]; Ігнат Войніч, грамадзянін горада Вільні. Камплект судовы найменей з асобаў сямі павінен складацца.

2.         Дэпутацыя Забеспячэння, ад гэтага ж часу пачынаючая справы свае, займацца будзе наогул усім тым, чаго толькі патрэба паўстання Народу як найхутчэйшымі спосабамі... вымагаць можа; ...судоў ніякіх не мае, але згодна з выпадкам да судоў належных адсылаць будзе. Да гэтай Дэпутацыі асобы прызначаныя, адпаведна: Міхал Грабоўскі, канюшы літоўскі; Мікалай Храпавіцкі, маршалак аршанскі; Станіслаў Валовіч, падкаморы рэчыцкі; Антон Тызенгаўз, харужы віленскі; Бенедыкт Карп, харужы ўпіцкі; Мікалай Мараўскі, экс-пісар вайсковы; Ігнат Тавянскі, суддзя земскі віленскі; ксёндз Міхал Карповіч, архідыякан смаленскі; ксёндз Мікалай Тамашэўскі; Ян Міллер, Фран[цішак] Фрыбес, Готліб Цейдлер, грамадзяне з горада Вільні. Камплект, аднак, не меней чым з трох асобаў будзе дастатковым.

3.         Дэпутацыя Бяспекі Публічнай, таксама ад гэтага часу пачынае сваю дзейнасць, распараджацца будзе сілай нацыянальнай узброенай і назіраць за бяспекай, прадухіляючы ўсялякія для паўстання Народу перашкоды. Яе абавязкам будзе найасаблівейшым быць пільнай самым дакладным чынам, каб нічога супраць паўстання Бацькаўшчыны не толькі не рабілася, але нават і гаворана не было. Судоў уласных таксама мець не будзе, але [належным чынам ] да права адсылаць павінна. Будзе, аднак, упаўнаважана асобы падазроныя, звязваючыся з атрадамі вайсковымі часова затрымаць, і пасля праведзенага роспыту, калі б затрыманы апынуўся вінаватым, і не было вінавайцы, следчы публічны працэс весці будзе, без адказнасці, аднак жа, як па службе сваёй робячы. У тую Дэпутацыю асобы прызначаны наступныя: Бенядыкт Марыконі, пісар літоўскі; Станіслаў Мірскі, пісар літоўскі; Міхал Бжастоўскі, стараста менскі; Язэп Коцел, палкоўнік войска літоўскага; Валенты Гарэцкі, войскі віленскі; ксёндз Юзаф Міцкевіч, канонік інфлянцкі; Сымон Малеўскі, прафесар Акадэміі Віленскай; Язэп Мейер; Антоні Ляхніцкі, віцэ-прэзідэнт горада Вільні; Міхал Дашкевіч; Ваўжынец Гуцэвіч; Ляйко, грамадзянін з горада Вільні. А камплект падобна з трох асобаў найменей складацца будзе.

4. Дэпутацыя Скарбу Публічнага загадваць будзе тым жа скарбам і выконваць абавязкі законам на Камісію Скарбовую ўскладзеныя, тэрмінова павінна распачаць такое кіраванне. У якую асобы прызначаныя наступныя: князь [Мацей ] Радзівіл, кашталян віленскі; Ігнат Дамброўскі; Ян Непамуцэн Гарайн; Фларыян Сыруць, суддзя ковенскі; Тамаш Ваўжэцкі; ксёндз Давыд Пільхоўскі, афіцыял віленскі; Антоні Важынскі, падкаморы ашмянскі; Плацыд Тжаскоўскі; Мацей Нелюбовіч; Ксаверы Юрага, пісар актавы віленскі; Нікадзім Прамянецкі, Петр Біллінг, грамадзяне з горада Вільні.' Камплект ? асобаў трох дастатковым быць павінен.

Такія ўсе дэпутацыі, пад уладай Рады Найвышэйшай Дзяржаўнай... у Вільні дзейнічаць павінныя, кожная асобна поўнай арганізацыі сваёй неадкладна парадак складае і на зацвярджэнне гэтай жа Радзе падасць, як таксама ў выкананні абавязкаў узаемна паміж сабой і з Найвышэйшай Радай Дзяржаўнай адносіны заўсёды захоўваць абавязаныя будуць... Усяляк хочучы выказаць Народу, з якім духам адданасці дзеля яго выратавання працаваць стараемся, вельмі заклікаем Вас, Найдастойнейшыя Грамадзяне, каб з Княства Жамойцкага трох, а з ваяводстваў і паветаў, а таксама з гарадоў усіх галоў­ных па адным, пры атрыманні гэтага універсалу адразу ж да агульнай з намі прыядноўваючыся абароны, Акт дакладна такіх жа згуртаванняў, маючы на мэце ўзвышэнне Народу, учыніўшы, да гэтай жа Рады Найвышэйшай для выканання паслугі публічнай выбраць і спосабам далучэнняў дэлегаваць хацелі; і на той час Рада Найвышэйшая, маючы павялічаную супрацоўнікаў лічбу, да такой жа патрэбы і акалічнасці камплект свой памножыўшы, адчуе сябе быць больш здольнай на тое, каб скінуць ярмо ганебнай няволі і вазваліцца ад усіх краю свайго захопаў. Найдастойнейшыя Грамадзяне, трэба захацець узбудзіць у сабе любоў да волі і мужнасць даўнейшых продкаў вашых і па іх прыкладу праз паспалітае рушэнне бярыцеся ўсе за зброю... Звярніцеся ласкавым голасам натуры да люду, які настолькі замучаны ўціскамі, кормячы хлебам, ад уласнага ірта адарваным, непрыяцеля свайго, у астатняй нудоце і роспачы вашага толькі, здаецца, чакае загаду. Хай тая прылада, якую яму для працы ў полі распусны салдат ужыць перашкаджае, патануўшая ў яго ж грудзях, выратаванню Бацькаўшчыны і волі прысвечанай стане...»

«Універсал» заканчваўся заклікам да згуртавання ўсіх паўстанцкіх сіл перад агульным ворагам. Тэкст «Універсалу» павінен быў чытацца на набажэнствах ва ўсіх царкоўных парафіях Вялікага княства Літоўскага.

Першыя дакументы, прынятыя ў Вільні, сведчаць, што паўстанцкі рух у Вялікім княстве Літоўскім з самага пачатку набыў своеасаблівыя рысы. Цяжка сказаць, ад чаго гэта ішло. Ці то ад спрадвечнай цягі Княства да незалежнасці ад Польшчы, ці гэта было вынікам адсутнасці на той час патрэбнай узаемасувязі паміж дзвюма часткамі Рэчы Паспалітай напярэдадні выбуху паўстання?

Перш за ўсё не такім, як меркавалася ў Кракаўскім акце, быў сам характар Літоўскай Рады. Стварэнне яе, як вядома, не прадугледжвалася наогул. Арганізатарамі паўстання Рада ўтваралася не часова, да ўстанаўлення ўзаемасувязяў з Т. Касцюшкам, а на ўвесь час паўстання, да поўнай яго перамогі. У гэтым сэнсе трэба разглядаць і адзін з варыянтаў назвы Рады — «Часовая», г. зн.— да канчатковай перамогі паўстання і ўтварэння новага органа кіравання. У палажэнні аб Радзе, якое рэгламентавала яе дзейнасць, было запісана, што «найвышэйшая ўлада літоўскага народу ў гэтым цяпер рэвалюцыйным стане Бацькаўшчыны сканцэнтравана ў Часовай Радзе Нацыянальнай, якая мае сілу і найвышэйшую ўладу пастаянна, пакуль той святы саюз выратавання будзе народам прызнаны патрэбным, распараджацца ўсім, што да збавення Бацькаўшчыны здатным палічыць».

Літоўская Рада адразу ж сканцэнтравала ў сваіх руках і вышэйшую ўладу над войскам. 3 мая Рада прызначыла Я. Мсінскага галоўнакамандуючым над усімі паўстанцкімі сіламі ў краі. Але адначасова яна вызначыла тры асобы са свайго асяродка, якія разам з ім павінны былі займацца распрацоўкай аператыўных планаў паўстанцкіх дзеянняў. Па сутнасці гэта было спробай абмежаваць неяк паўнамоцтвы Ясінскага праз кантроль з боку Рады.

У «Палажэнні» аб Радзе ўжо ўпамінаецца імя Т. Касцюшкі, чаго не было спачатку ў тэксце Віленскага акта. «Начальніку сілы ўзброенай паўстання», як і ў Кракаўскім акце, было пакінута безумоўнае права ўдзельнічаць як у пасяджэннях Літоўскай Рады, так і яе «дэпутацый» [аддзелаў ]. Але тут жа было падкрэслена, што Рада поўнасцю не падпарадкоўваецца Т. Касцюшку. У прыватнасці, за ім не было зарэзервавана месца старшыні ў Радзе ў выпадку яго магчымага ўдзелу ў яе пасяджэннях. Старшынствуючы ў Радзе павінен быў змяняцца кожны дзень згодна алфавіту.

Пакінула Літоўская Рада за сабою і яшчэ адно яскравае сведчанне памкненняў да самастойнасці — права ўстанаўлення і збору часовых падаткаў, распараджэння маёмасцю, а таксама магчымасці пазыкі ці то ў краі, ці то за яго межамі.

Першапачаткова ў склад Літоўскай Рады ўвайшло 29 чалавек. Сярод іх знаходзіліся А. Хлявінскі і Р. Гедройц, якія, як вядома, падпісалі ўжо Шавельскі акт. Прычым імя А. Хлявінскага, якога ў Вільні на той час не было, ужо не абцяжарвалася тытулам «галоўнакамандуючага» ўзброенымі сіламі паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім. У Вільні трыумфаваў Я. Ясінскі, і менавіта ён небеспадстаўна разлічваў на кіраўніцтва паўстанцкім войскам. 3 гэтага часу ж пачнецца то прыхаванае, то яўнае супроцьстаянне гэтых людзей, што, вядома, на карысць справе не пойдзе.

У Літоўскую Раду ад ваяводстваў і паветаў павінны былі высылацца свае дэлегаты. Пазней гэта будзе зроблена і яе склад павялічыцца яшчэ на 37 чалавек. У прынцыпе гэта давала магчымасць для пераўтварэння Рады з цягам часу ў незалежны сейм Вялікага княства Літоўскага. Аднак у поўным складзе Рада за час паўстання ніколі не збіралася. Перашкаджалі складаныя ўмовы вайсковых дзеянняў. Відаць, улічваючы гэта, і быў устаноўлены адносна невысокі дастатковы «кворум» для прыняцця ёю рашэнняў — 11 чалавек. Рашэнні

Рады маглі прымацца пры адсутнасці агульнай згоды большасцю шляхам тайнага галасавання.

Аб адметнасці, а ў пэўнай меры і незалежнасці сяброў Літоўскай Рады сведчыў і тэкст прысягі. У ёй падкрэслівалася падначаленасць паўстанцаў уладам, утвораным толькі Віленскім актам, перш за ўсё — Літоўскай Радзе і ўстановам, ёй падуладным.

Такім чынам, з самага пачатку паўстанцы ў Вялікім княстве, хоць і былі салідарныя са сваімі паплечнікамі ў Польшчы ў галоўных мэтах паўстання і выказаліся за неабходнасць аб'яднання сіл і сродкаў, у справе яго арганізацыі пайшлі сваім шляхам. Беларуска-літоўскія землі сцвярджалі тым самым, што яны па-ранейшаму жадаюць заставацца самастойнай часткай Рэчы Паспалітай Двух Народаў. Своеасаблівы характар арганізацыі паўстання на Літве, уразлівы факт апушчэння імя Т. Касцюшкі ў Віленскім акце ад 24 красавіка далі зачэпку Варшаве западозрыць кіраўнікоў паўстання ў Княстве, і асабліва Я. Ясінскага, у «літоўскім сепаратызме».

Як бачым, адной з мэт паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім, зазначаных ў Віленскім акце, было пакаранне здраднікаў, запляміўшых сябе супрацоўніцтвам з акупацыйнымі расійскімі ўладамі. 25 красавіка ў Вільні адбылася падзея, якая паказала, што тут слоў на вецер кідаць не збіраюцца. У гэты дзень Крымінальны суд на першым сваім пасяджэнні вынес смяротны прыгавор апошняму Вялікаму гетману літоўскаму Сымону Корвіну Касакоўскаму. У абвінавачанні, складзеным следчым у гэтай справе, Каспарам Эльснерам, гаварылася: «Суд Крымінальны, не знаходзячы дагэтуль у гісторыі польскай падобнага прыкладу такой гнюснай здрады, якую ўчыніў Сымон Корвін Касакоўскі, выступаючы супраць Бацькаўшчыны сваёй, калі ў годзе тысяча семсот дзевяноста другім уварваўшыся ў межы Рэчы Паспалітай з войскам расійскім як генерал, часткаю таго ж войска камандуючы, згодна з духам змовы таргавіцкай, дапамагаючы замежнага двара інтрыгам і гвалту для ліквідацыі Канстытуцыі нацыянальнай, ужыў таго ж гвалту з пагардаю да ўсіх правоў польскіх, каб дагадзіць высакамернай пыхлівасці сваёй і падтрыманы сілай зброі непрыяцельскай, у горадзе Вільні тытул гетмана польнага літоўскага, на той час Канстытуцыяй (3 мая 1791 г. — Аўт.) ліквідаваны, нібыта з волі народу сабе наданы, незаконна прысвоіў і ў тым злучэнні булавы польнай з генеральствам войскаў расійскіх спусташаючы правінцыю літоўскую, і праследуючы невінаватых, толькі ім ненавідзімых грамадзян, уласнымі загадамі сваімі арыштоўваючы, а іншых гвалтам да прысягі для той жа змовы таргавіцкай прымушаць асмеліўся; потым, захапіўшы ўладу над войскам літоўскім, грошы са скарбу публічнага праз дазвол змовы таргавіцкай, і з кас вайсковых цераз уласныя загады да свайго забраў ужытку». За ўсё гэта С. Касакоўскі быў прысуджаны да смерці праз павешанне. Маёмасць яго канфіскавалася і перадавалася ў скарб Вялікага княства Літоўскага.

Яшчэ перад поўднем 25 красавіка на плошчы перад рагушай была пастаўлена шыбеніца «пры ліхтары, у выглядзе парыжскага ліхтарнага шнура». Плошча была запоўнена да адказу жыхарамі Вільні. А гадзіне 14-ай з боку вуліцы Вялікай паказалася блакітная лакіраваная, з адчыненымі вокнамі карэта палкоўніка Ясінскага. Менавіта ў ёй везлі на кару С. Касакоўскага пад пільнай аховай вайскоўцаў. Гетман быў у тым жа хатнім халаце, у якім яго схапілі паўстанцы.

Пад біццё барабанаў працэсія ўвайшла на плошчу. Да прысутных звярнуўся новы камендант горада палкоўнік Я. Ясінскі. Прамова яго была кароткай, але кожнае слова западала ў душу прысутным. Тут Ясінскі пераходзіў свой Рубікон. «Міласцівыя панове! Адбудзецца тут справа, якую забараняецца абмяркоўваць, і ці яна будзе падабацца каму з вас ці не, кожны павінен маўчаць, а хто голас свой падасць, будзе неадкладна на гэтай шыбеніцы павешаны».

І стала ціха. У поўнай цішыні К. Эльснер, віленскі адвакат і следчы ў справе С. Касакоўскага, зачытаў рашэнне Крымінальнага суда. А потым кат выканаў прыгавор.

Так ганебна адышоў у нябыт апошні Вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага. Ніколі ў гісторыі Княства не было чагосьці падобнага.

Што бачылася перад смерцю С. Касакоўскаму ў чыстым віленскім небе, аб чым ён успомніў напаследак? Мо тое, як калісьці ў 1792 годзе пераходзіў па ўжо ненадзейным веснавым лёдзе Дзвіну ў суправаджэнні расійскага афіцэраад'ютанта і, аступіўшыся, ледзь не трапіў у палонку. Афіцэр паспеў яго затрымаць, але спалохаўся. Hа што яму будучы гетман сказаў: «Ээ, браце, не палохайся. Хто павінен вісець, той не ўтопіцца...»

А які ж Рубікон пераходзіў Я. Ясінскі, трымаючы такую суровую прамову перад віленцамі? Хоць яго подпіс і не стаяў пад прыгаворам суда, але прысутным было зразумела, хто сапраўдны ініцыятар гэтай акцыі. Справа была яшчэ і ў тым, што тым самым Ясінскі выступіў не столькі супраць асабіста С. Касакоўскага, як супраць той (не такой ужо малой) часткі беларуска-літоўскага магнацтва, якая запляміла сябе супрацоўніцтвам з акупантамі. Усе яны ведалі, што Касакоўскі быў «сабака», але гэта быў «свой» сабака. Так ці інакш, гэтым пакараннем у французскім стылі непрымірымы рэспубліканец Ясінскі нажыў сабе не аднаго ворага. І вельмі хутка ён гэта адчуе ў адносінах да сябе нават з боку прадстаўнікоў умеранага крыла ў самой Літоўскай Радзе.

25 красавіка ад Літоўскай Рады быў накіраваны ў Варшаву і да Т. Касцюшкі І. Хадзькевіч. Ён павёз паведамленні аб апошніх падзеях у Вільні.

Між тым у Польшчу ўжо дайшлі першыя весткі аб падзеях у Вялікім княстве Літоўскім. 24 красавіка вестку аб паўстанні ў Шаўлях даставіў у Варшаву Часовай Радзе «грамадзянін літоўскі» шляхціц Пакубята. Рада накіравала аб гэтым данясенне Т. Касцюшку. Пры гэтым спецыяльна была звернута ўвага, што паўстанне ў Шаўлях пачалося «пад кіраўніцтвам генерала Хлявінскага, адпаведна з Актам Паўстання Найвышэйшага Начальніка сілы ўзброенай нацыянальнай», г. зн. Т. Касцюшкі. Магчыма, з улікам гэтага папярэдняга паведамлення Касцюшка быў потым асабліва ўражаны тым, што яго «начальніцтва» было чамусьці прамінута ў Віленскім акце.

Аб поспеху паўстання ў Вільні ў Варшаве стала вядома 28 красавіка. Але гэта былі самыя агульныя звесткі, часам не зусім дакладныя. Больш падрабязную інфармацыю прывёз туды І. Хадзькевіч і іншыя кур'еры ад Літоўскай Рады. Так, 28 красавіка была накіравана «першая экспедыцыя» да Т. Касцюшкі з данясеннем «аб стане рэвалюцыі на Літве, аб сіле нашай, аб становішчы непрыяцельскага войска, з просьбаю аб падтрымцы Літвы гарматамі, амуніцыяй і грашыма». Тады ж яшчэ раз Т. Касцюшку былі накіраваныя тэксты «Акту

Паўстання Літоўскага Народу», першыя універсалы Найвышэйшай Літоўскай Рады.

А ў Варшаве, ў Часовай Радзе, пазнаёміўшыся з сутнасцю падзей, якія адбыліся ў Вільні, загаварылі пра «дух нячысты», пра небяспеку расколу ў паўстанні. Літоўская Рада адразу была абвінавачана ў самавольным захопе вышэйшай улады на Літве, а паасобныя яе сябры ў спробе ўвесці «дух нязгоды, абражаючы унію Двух братніх народаў», каб дабіцца «ўласнай вытады». Імя Я. Ясінскага пры гэтым не называлася, але здагадацца пра тое, супраць каго накіраваны абвінавачванні, было няцяжка...

 


Тадэвуш Касцюшка са свайго боку ў лістах да Францішка Сапегі і Тамаша Ваўжэцкага выказваў сваю занепакоенасць станам, калі ў Вільні дайшло да абвяшчэння свайго асобнага акта. Ён падкрэсліваў, што Літва павінна была пайсці следам за польскімі ваяводствамі, якія проста далучыліся да Кракаўскага акта. На думку Т. Касцюшкі, своеасаблівы крок ліцвінаў толькі перашкаджаў поспеху паўстання. Справа была не толькі ў фармальных адрозненнях двух актаў. Трывогу і незадаволенасць Т. Касцюшкі магло выклікаць перш за ўсё не тое, што ў Вільні «забыліся» ўспомніць яго імя. Куды больш істотнай была адкрытая заява аб падтрымцы памкненняў французскай рэвалюцыі, устанаўленні сяброўскіх адносін з Францыяй. У тагачасных неспрыяльных для паўстання міжнародных абставінах гэтая заява магла яшчэ болей аб'яднаць ворагаў новай Рэчы Паспалітай.

3 другога боку, адсутнасць яўна выказаных рэвалюцыйных настрояў у Кракаўскім акце, агульная яго памяркоўнасць з улікам таго ж складанага міжнароднага становішча маглі выклікаць незадаволенасць у часткі радыкальна настроеных паўстанцаў у Княстве. Таму наўмыснае неўпамінанне імя Т. Касцюшкі ў Віленскім акце спачатку магло насіць і афарбоўку палітычнага выкліку.

Гуга Калантай, адзін з актыўных арганізатараў паўстання, у лісце да Я. Ясінскага ад імя Т. Касцюшкі настойваў на абавязковых зменах у Віленскім акце. Ен лічыў, што трэба зрабіць так, каб Віленскі акт быў толькі далучэннем да Кракаўскага і нічым болей. У адваротным выпадку Г. Калантаю бачыўся сумны канец паўстання, калі «не будзе адзінства ў кіраўніцтве».

Да крытыкі Віленскага акта далучыўся і прэзідэнт паўстаўшай Варшавы Закжэўскі. Аб сваёй занепакоенасці ўтварэннем «асобнага кіраўніцтва» на радзіме Касцюшкі ён напісаў свайму калегу прэзідэнту Вільні, сябру Літоўскай Рады Антонію Тызенгаўзу. Адказваючы Закжэўскаму, Тызенгаўз у лісце ад 13 мая тлумачыў утварэнне асобнай Рады тым, што на паўстанне з Вільні трэба было ўздымаць не паасобныя ваяводствы, а ўсю Літву. Ён спасылаўся таксама на тое, што прыклад Польшчы ў гэтым сэнсе не адпавядаў гістарычным традыцыям краю. Тым не менш, Тызенгаўз ужо паведамляў, што Літоўская Рада і падначаленыя ёй магістратуры прызнаюць над сабою ўладу начальніка паўстання — Тадэвуша Касцюшкі. 3 гэтага часу (г.зн. з 13 мая) тытул яго абавязкова будзе змяшчацца на ўсіх публічных зваротах і дакументах Рады. Адначасова Тызенгаўз заверыў Закжэўскага ў безумоўным «даверы» і «паслушэнстве» ліцвінаў перад Касцюшкам. У канцы свайго адказу А. Тызенгаўз падкрэсліў, што Літва — «Бацькаўшчына і калыска Тадэвуша Касцюшкі» і «народ Літоўскі» будуць старацца рабіць усё разам са сваімі братамі ў Польшчы, каб быць годнымі свайго земляка.

Насцярожаная рэакцыя варшаўскай Часовай Рады, самога Т. Касцюшкі ў дачыненні да першых арганізацыйных крокаў паўстанцаў у Вялікім княстве Літоўскім прымусіла задумацца віленскіх «сепаратыстаў». Больш таго, стала ясным, што з'яўленне асобнага Віленскага акта ў Польшчы прынята ў цэлым негатыўна. Гістарычны «літоўскі сепаратызм» як бы ўжо не ўпісваўся ў новую канцэпцыю цэнтралізаванай дзяржавы, якая мелася аднавіцца на падставе Канстытуцыі 3 мая 1791 года. У Вільні, у першую чаргу прадстаўнікамі больш памяркоўных колаў у Літоўскай Радзе, робіцца шэраг крокаў да зняцця напружанасці ва ўзаемаад­носінах з Польшчай. Змена курсу фактычна пачалася яшчэ 3 мая, калі Я. Ясінскі быў прызначаны часовым галоўнакамандуючым у Літве да ўстанаўлення сталых сувязей з Т. Касцюшкам. А 14 мая ў спецыяльнай дэкларацыі Літоўская Рада, яшчэ перад атрыманнем афіцыйнага адказу ад начальніка паўстання, спецыяльна падкрэсліла неабходнасць адпаведнасці «літоўскіх» улад Акту паўстання ў Кракаве.

Дзеля паўнаты характарыстыкі складанага становішча, у якім апынуўся Т. Касцюшка на пачатку паўстання, трэба адзначыць, што канфліктная сітуацыя, хоць і меншай напружанасці, стварылася ў яго і з варшаўскай Часовай Радай. У яе ўтварэнні Касцюшка таксама ўбачыў выразнае адступленне ад умоў Кракаўскага акта. У лісце да яе ад 25 красавіка Т. Касцюшка выказваў жаданне, каб яна набыла новую назву — «Парадкавая Камісія Сталіцы і княства Мазавецкага». Пры гэтым яна павінна была строга выконваць загады начальніка паўстання, усё рабіць толькі згодна з Кракаўскім актам. І хоць гэтае непаразуменне існавала нядоўга, 27 красавіка Т. Касцюшка ў лісце да Часовай Рады зняў усялякія падазрэнні і выказаў ёй давер, аднак складанасці ва ўзаемаадносінах паміж імі існавалі і надалей.

У прыватнасці, гэта датычылася знешнепалітычных праблем. Т. Касцюшка забараніў Часовай Радзе ў Варшаве заключаць якія-небудзь пагадненні з прадстаўнікамі замежных краін без яго ведама. Але Рада фактычна не выконвала гэтага патрабавання. І ў лісце да яе ад 8 мая Касцюшка выказаў «здзіўленне», што дэпартамент замежных інтарэсаў не дакладвае яму аб сваіх намерах і дзеяннях. У выніку чаго ён вымушаны даведвацца аб іх толькі з рапартаў трэціх асоб. Але Т. Касцюшка перш за ўсё надаваў вялікае значэнне справе адзінства, неабходнасці моцнага і дзейснага кіраўніцтва ў паўстанні, а не ролі сваёй асобы ў ім.

Накірункі «сепаратызму» ў Варшаве і Вільні ў дачыненні да Кракаўскага акта былі рознымі. У Варшаве Часовая Рада імкнулася ўвесці ўсё паўстанне ў Рэчы Паспалітай у рэчышча большай памяркоўнасці. У той жа час яна падтрымлівала цэнтралізатарскія памкненні Т. Касцюшкі, а недзе нават і падштурхоўвала яго ў досыць жорсткім стаўленні да праяў «літоўскага сепаратызму». У Вялікім княстве ж асобная арганізацыя паўстанцкай улады, акрамя таго, што мела даўнія гістарычныя карані, першапачаткова перапляталася і з выразна больш радыкальнымі патрабаваннямі.

Паўстанцы ў Кракаве, Варшаве і ў Вільні мелі агульную мэту — адраджэнне вольнай і незалежнай Рэчы Паспалітай Двух Народаў. Але тая Рэч Паспалітая бачылася ім ужо парознаму. 3 боку Кракава і Варшавы яна бачылася як незалежная, але ўжо унітарная дзяржава на базе Канстытуцыі 3 мая. Гэтая Канстытуцыя не прадугледжвала «аўтаноміі» Вялікага княства Літоўскага. Паўстанцы ж з Вільні, рашуча салідарызаваўшыся з паплечнікамі з Польшчы ў барацьбе супраць акупантаў, сваімі першымі крокамі засведчылі, што ў выпадку перамогі паўстання Княства павінна заняць становішча, роўнае з Польшчай.

«Літоўскі сепаратызм» доўга не пратрымаўся. Але ўжо сам факт яго аднаўлення ў спецыфічных умовах паўстання — паказальны. Яго праявы нельга ўспрымаць толькі як адмоўную з'яву, якая абцяжарвала і ўскладняла ход паўстання. Магчыма, што, калі б у Польшчы быў адкінуты страх перад самастойнымі крокамі ў развіцці агульнай паўстанцкай ідэі ў Вялікім княстве Літоўскім, гэты «літоўскі сепаратызм» можна было б выкарыстаць і дадатным чынам. Прызнанне і падтрымка дзейнасці Літоўскай Рады, а не барацьба з ёю далі б больш карысці, спрыялі б толькі ўзмацненню даверу і ўзаемаразуменню паміж Вільняй і Варшавай. Нехта, магчыма, прайграў бы ў амбіцыях, але затое выйграла б справа.

 

• •

 

Як і чакалася, падзеі ў Вільні ўскалыхнулі насельніцтва і ў іншых частках Княства. Усё больш няўтульна адчувае сябе ў сваёй рэзідэнцыі ў Нясвіжы генерал-губернатар «менскі, ізяслаўскі і брацлаўскі» Ц. Туталмін. Усё больш непрыемныя весткі і рапарты пачынаюць даходзіць да яго. Хаця ў лісце да М. Рапніна ад 28 красавіка Туталмін яшчэ спадзяецца на лепшае. Ён піша: «Акрамя Ашмянскага павету і Полацкага ваяводства, нідзе яшчэ няма ў гэтай справе яўнай і адкрытай небяспекі, хаця ўсе галовы да гэтага падрыхтаваны». Туталмін паведамляе, што заклікі да «пачатку бунту» ідуць з Ашмян на частку Ашмяншчы­ны, па другому падзелу перайшоўшай да імперыі, і ў суседняе Полацкае ваяводства, а «можа быць, і на Беларусь».

Але спадзявацца на лепшае не прыходзілася. Трэба сказаць, што на самым пачатку паўстання расійскія акупацыйныя ўлады адчувалі сябе вельмі няўпэўнена. Кракаўскі акт, перамога Касцюшкі пад Рацлавіцамі, заняцце паўстанцамі Варшавы, а потым і Вільні стварылі ўражанне добрай арганізацыі і наяўнасці ў іх значнай сілы. Больш за ўсё той жа Ц. Туталмін апасаўся таго, што паўстанне перакінецца за мяжу другога і першага падзелаў. Таму ён літаральна закідваў Пецярбург панікёрскімі рапартамі, патрабуючы падмацаванняў.

Зрэшты, выдумляць яму асабліва не прыходзілася. 2 мая Туталмін паведамляе таму ж М. Рапніну аб існаванні паўстанцкага асяродка ў мястэчку «Гарахоўна» (Арэхаўна) у «шасці мілях ад Полацка», якое належыць пані «Заб'ялавай» (Забэла). Там па загаду яе аканома шляхціца Дзежкі яшчэ ў канцы мінулага, 1793 года было ўжо назапашана 300 дзідаў (пікаў). А цяпер, пасля падзей у Вільні, іх выраб, ізноў па загаду таго ж аканома, аднавіўся. Зброя часткаю захоўвалася ў мясцовай Гараховенскай уніяцкай царкве, частка ж дзідаў знаходзілася ў мясцовых сялян. Кавалі тыя дзіды мясцовы гараховенскі «каваль Піліп з братам». Таксама пад Полацкам, адзначаў Туталмін, рыхтуе зброю і збірае верных людзей нехта «пан Буйніцкі» разам з полацкім ваяводам Жабам.

Прыходзілі весткі ў Нясвіж і аб узбраенні шляхты і сялянства каля Пастаў. Даносілі Туталміну, што ў раёне Валожына сабралася каля 2 тысяч мясцовага люду «пры некаторай колькасці жаўнераў», якія чакаюць прыбыцця туды літоўскага войска. У самым пачатку мая прыйшлі да генерал-губернатара паведамленні аб тым, што ў мястэчку Новая Мыш Наваградскага ваяводства, якое належала сябру Літоўскай Рады Я. Несялоўскаму, знаходзіцца «вельмі вялікая лічба шляхты і сабраных узброеных сялян». (14 (25) мая генерал Цыцыянаў выбівае з таго мястэчка 300-асабовы конны атрад падпалкоўніка Ахматовіча. Пры гэтым 15 паўстанцаў былі забіты, а тры трапілі ў палон.) Аб хваляваннях сярод сялянства Наваградчыны ў той жа час паведамляў старшыні дзяржаўнай вайсковай калегіі М. Салтыкову ў Пецярбург генерал Кнорынг, атрад якога стаяў у Менскай губерні. Кнорынг таксама пасылаў ад свайго імя «абвесткі» «пярвейшым уладальнікам» па абодва бакі мяжы, «схіляючы іх на свой бок». У іх ён папярэджваў, што калі шляхта будзе прадаўжаць узбройваць сялян, то да яе без літасці будзе прыменена вайсковая сіла. Наўрад ці гэтыя «абвесткі» спынілі тых, хто ўжо вырашыў змагацца. А «маёнткавыя патрыёты» і без таго былі напалоханыя дастаткова. Не мог ім прыйсціся даспадобы заклік Я. Ясінскага не дрыжаць над сваім скарбам, не баяцца таго, што страцяць у полымі паўстання ўласныя дамы ўзамен за незалежнасць дзяржавы.

Закранулі хваляванні і браслаўскую шляхту. Значная яе колькасць, да трохсот чалавек, павінна была сабрацца на 11 (22) мая ў Браславе. Там, згодна з патрабаваннямі віленскага «Універсалу», у той дзень намячалася прыняцце павятовага паўстанцкага акта і прысягі. Падкаморы і маршалак браслаўскі Багуслаў Мірскі намерваўся ўзначаліць гэты чын у сваім павеце, дзеля чаго ён павінен быў у азначаны дзень з'явіцца ў Браславе. Да гэтага ў сваёй адозве да шляхты ён заклікаў сабрацца ўсім 11 мая, каб выканаць распараджэнне «Найвышэйшай Рады Народу Літоўскага, узяць у рукі зброю, абараніць родную зямлю, свабоду і жыццё». Аднак звярнуцца да мясцовага сялянства «ласкавым голасам натуры» Б. Мірскі, як таго патрабаваў «Універсал», не палічыў патрэбным... Гэта ў Вільні веяла рэвалюцыйным французскім духам, а тут, у глыбінцы, яшчэ цяжка было адмовіцца, відаць, ад замшэлых звычаяў сваёй шляхецкай абранасці.

Чакалася прыбыцце з Вільні ў Браслаў афіцэраў, якія павінны былі ўзначаліць паўстанцаў. Для фарміравання атрадаў прадугледжваўся набор «рэкрутаў». Для мясцовага павятовага атрада — аднаго з 5, а для рэгулярнага — аднаго з 25 «дымоў».

Існуюць звесткі, што браслаўцы мелі на мэце пасля прыняцця паўстанцкай прысягі рушыць на Друю і захапіць яе. Для папярэджання гэтага вялася разведка і з расійскага боку. У «польскую Літву» для выяснення становішча быў накіраваны «друйскі грамадзянін» Ян Свянціцкі. Напярэдадні запланаванага выступлення ён вярнуўся з паведамленнем аб тым, што пад Смалянамі, каля Друі, нібыта збіраюць паўстанцаў шляхціцы Ваўжэцкі і Лапацінскі, а таксама шляхціц Ашмянскага павета Гарадзенскі. Колькасць іх атрадаў складала некалькі сот чалавек. Яны планавалі прыбыць у Браслаў, каб злучыцца з мясцовымі паўстанцамі.

Аднак намерам гэтым не прыйшлося спраўдзіцца. Прамаруджванне ў справе далучэння да паўстання мясцовай браслаўскай шляхты, нерашучасць самога Б. Мірскага прывялі да апераджальнага начнога нападу на мястэчка расійскага атрада пад камандаваннем секундмаёра Стафеапула. У начным баі з боку паўстанцаў, па расійскіх, яўна перабольшаных, дадзеных, загінула больш за сто чалавек. , Браслаў быў спалены. А сам Мірскі з двумастамі чалавек кавалерыі, які пад раніцу быў ужо на падыходзе, убачыўшы сполахі пажару над Браславам, не рашыўся прыйсці на выручку. І дарэмна. Бо атрад «бравага» секундмаёра быў зусім невялікі, не меў і ста чалавек. Усё вырашылі напор, рашучасць і нечаканасць. Валоданне гэтымі якасцямі бліскуча прадэманстраваў Я. Ясінскі ў Вільні ў ноч з 22 на 23 красавіка. На жаль, не ўсім тых якасцяў на той час хапала. Ды і мясцовая шляхта зусім не была заўжды такой ужо адналітнай і адданай ідэі паўстання. Не мог не напалохаць яе заклік да «роўнасці», прагучаўшы з Вільні.

Цікавы прыклад «маёнткавага патрыятызму» даў пісар браслаўскі, нехта Жаба (не блытаць з полацкім Жабам!). Дарэчы, «па сумяшчальніцтву» ён пастаўляў сакрэтныя паведамленні расійскім уладам. Дык вось у пісара Жабы, як і ў многіх іншых уладальнікаў, маёнткі пасля другога падзелу апынуліся і ў Вялікім княстве Літоўскім, і ў Расійскай імперыі. Пачуццё страчваемай маёмасці, якой у Расіі, напрыклад, за падтрымку паўстання пагражаў секвестр, а ў Княстве — рабункі расійскага ж войска падчас яго падаўлення, прывяло пісара да смелай прапановы. Выбраўшы за абаронцу мацнейшага ўсходняга суседа, ён прасіў расійскія ўлады перанесці мяжу другога падзелу. І менавіта такім чынам, каб яго, Жабавы маёнткі, усе апынуліся пад крылом імперыі...

Усё ж паўстанцкі агонь на Браслаўшчыне, на самым пачатку не паспеўшы як след разгарэцца, хоць і быў прытушаны, але да канца яго знішчыць не ўдалося. Вайсковыя рапарты адтуль да канца мая адзначаюць яшчэ каля васьмі рознага роду сутычак расійскіх каманд з паўстанцамі на тэрыторыі павета.

І на іншых землях Беларусі паўстанцкі рух абазначаўся ўсё яскравей. Пасля адыходу 5 мая атрада генерала П. Цыцыянава з-пад Гародні на Наваградак туды 14 мая перабіраецца гарадзенская паўстанцкая «парадкавая камісія». Яна была створана яшчэ 9 мая ў Саколцы. У самой Гародні і яе ваколіцах пачынаецца актыўная праца па збіранні паўстанцкага войска. На пачатак чэрвеня колькасць новых «рэкрутаў» у павеце склала больш чатырох тысяч чалавек.

9 мая ў Бярэсці, пасля адступлення адтуль у накірунку Пінска расійскага атрада пад камандаваннем палкоўніка Часменскага, адбываецца сход «грамадзян і жыхароў ваяводства Берасцейска-Літоўскага з паветам Кобрынскім і ўсіх парафій, межы таго ваяводства складаючых». Старшынстваваў на тым сходзе стараста берасцейскі Казімір Нестар Сапега. Сход падтрымаў Кракаўскі акт, і берасцейская зямля, радзіма Т. Касцюшкі, таксама далучылася да паўстання. Быў утвораны і свой мясцовы орган па яго кіраўніцтву. Прычым у склад берасцейска-кобрынскай «парадкавай камісіі» ўвайшлі восем асоб праваслаўнага веравызнання. А ігумен Грыгароўскі праз некаторы час стане нават яе старшынёй. Справа наогул у Рэчы Паспалітай да таго часу нечуваная: «схізматыкі» на чале ўлады... Вядома, такі чын сваіх землякоў не мог застацца паза ўвагай Т. Касцюшкі, і ён звярнуўся да іх з пасланнем-падзякай. Пры гэтым ён асабліва ўхваліў і прывітаў далучэнне да паўстання прадстаўнікоў праваслаўнага насельніцтва. Таксама запэўніў іх, што з боку паўстанцкіх улад праваслаўныя заўжды будуць карыстацца падтрымкай і ім не на словах, а на справе будуць забяспечаныя такія ж правы, як і каталікам.

Між тым ва ўзаемаадносінах паміж начальнікам паўстання і Літоўскай Радай і надалей існавала напружанасць. Тое, што імя Тадэвуша Касцюшкі не было нават упамянута ў тэксце Віленскага акта, дало падставу для сцвярджэння аб ігнараванні яго паўнамоцтваў у Вялікім княстве Літоўскім. Аднак ігнараванне гэтае мела своеасаблівы характар. Літоўская Рада не так абмінала Т. Касцюшку, як імкнулася з самага пачатку засведчыць сваё самастойнае месца ў паўстанні. У пасланні да генерал-маёра Е. Грабоўскага, шэфа пятага пешага палка літоўскага войска, ад 28 красавіка Літоўская Рада ад імя Тайнай Дэпутацыі даручала яму як найхутчэй старацца ўстанавіць сувязь з Варшавай і Т. Касцюшкам. У другім пасланні да Касцюшкі 7 мая Тайная Дэпутацыя палічыла патрэбным, нават крыху мінаючыся з фактамі, паведаміць яму, што абвяшчэнне ў Вільні «Акту Паўстання Літоўскага Народу» адбылося пад яго «начальніцтвам». Трэцяе пасланне Тайнай Дэпутацыі ад 16 мая да Т. Касцюшкі таксама невыпадкова пачыналася з запэўнівання ў поўным яму падпарадкаванні і паслушэнстве. Здаровы сэнс і ўсведамленне неабходнасці аб'яднання ўсіх сіл перад моцным ворагам бралі верх, асабістыя амбіцыі адыходзілі на задні план.

Аб памяркоўнасці незалежніцкіх памкненняў Вялікага княства Літоўскага сведчылі неаднаразовыя захады з боку Рады праз «місіі» сваіх сяброў у Варшаву, а таксама да Т. Касцюшкі, каб вытлумачыць і нейкім чынам уладкаваць сітуацыю. 17 мая да начальніка паўстання з «інструкцыяй» Літоўскай Рады быў накіраваны Я. Коцел. Яго мэтай было расказаць Касцюшку пра ўсе «падрабязнасці пры паўстанні літоўскага народа, пра ўсе справы Літоўскай Рады і яе дэпутацый, што робіцца наогул у Літве, паветах...». У адпаведнасці з дадзенай «інструкцыяй» Коцел павінен быў таксама растлумачыць «патрабаванні, згодна з якімі літоўскі народ жадае самастойна кіраваць паўстаннем». Пры гэтым ён павінен быў спаслацца на тое, што «Літоўская Рада ў цэнтры княства мае больш зручныя спосабы падтрымліваць і пашыраць паўстанне, ...[яна] больш знаёмая са звычаямі і схільнасцямі, унутранай сітуацыяй і тым самым лепшыя знойдзе сродкі дзейнічаць як найлепей». Пасланніку Літоўскай Рады адначасова даручалася яшчэ раз запэўніць «Найвышэйшага Начальніка Узброеннай Сілы Двух Народаў» у такім жа, як і ў Польшчы, даверы да яго з боку ліцвінаў. Цікава, што Рада не толькі спрабавала растлумачыць прычыны свайго ўзнікнення, але даручыла Коцелу дабіцца падтрымкі і прызнання ў Касцюшкі таго, каб яна была «паважанай» і яе «слухалі без усялякай розніцы ўсе жыхары і войска».

Узаемаадносіны паміж Літвой і Польшчай нельга разглядаць як толькі канфрантацыйныя. 3 самага пачатку паўстання яны мелі і выразны характар узаемадапамогі і супрацоўніцтва. Некалькі разоў Літоўская Рада звярталася да варшаўскай Часовай Рады за дапамогай у забеспячэнні Вільні і літоўскага войска гарматамі, порахам і амуніцыяй. Неабходнасць аказання такой дапамогі матывавалася важным стратэгічным становішчам Княства і яго сталіцы ў паўстанні. Асабліва падкрэслівалася, што ў Літвы і Польшчы, у гэтых «дзвюх дзяржаў асабліва цяпер, як і заўсёды, адзін інтарэс». Урэшце некаторая іх колькасць была накіравана ў Княства, нягледзячы на тое, што і ў самой Польшчы існавала ва ўсім гэтым пільная патрэба.

Праявы «літоўскага сепаратызму» выклікалі напачатку яўную незадаволенасць Т. Касцюшкі. Ва ўтварэнні Літоўскай Рады ён перш за ўсё ўбачыў пагрозу справе адзінства ў барацьбе з акупантамі, дэцэнтралізацыю кіравання паўстаннем. Справа ўскладнялася яшчэ і тым, што пагроза «сепаратызму» зыходзіла ад суайчыннікаў

T. Касцюшкі — жыхароў Вялікага княства Літоўскага, ліцвінаў, да якіх і сам ён заўжды сябе прылічаў. І нездарма прэзідэнт Варшавы, старшыня варшаўскай Часовай Рады І. Закжэўскі, успамінаючы Віленскі акт, папракаў паўстанцкія віленскія ўлады, што яны прамінулі не каго іншага, а якраз свайго земляка, ліцвіна Андрэя Тадэвуша Касцюшку.,

21 мая Т. Касцюшка сам звярнуўся да сваіх землякоў са спецыяльнай адозвай «Да ўсяго Княства Літоўскага». У тых умовах, пры нявысветленасці абставін узнікнення Літоўскай Рады, «нашаптаных» яму нагаворах супраць Я. Ясінскага, адозва насіла даволі жорсткі характар. У ёй Т. Касцюшка папярэджваў, што ніхто, акрамя яго, ні ў ваяводстве, ні ў правінцыі (г. зн. у ВКЛ) не павінен прымаць тытула «Начальніка Сілы Узброенай». Касцюшка падкрэсліваў таксама, што сваю ўладу атрымаў не ад каго іншага, а «проста ад народу». Усе ж іншыя «ўлады дапамагаючыя проста ад мяне паходзіць павінны». Далей знявераны начальнік паўстання абяцаў нават ужыць усю сілу і моц «супраць фальшывых патрыётаў і інтрыганаў», якія не будуць улічваць яго распараджэнняў і загадаў. Праўда, ён не назваў ні аднаго прозвішча, як бы даючы кожнаму, хто мог трапіць пад абвінавачванні за непаслушэнства, прымераць мулкі мундзір «фальшывага патрыёта».

Зрэшты, праціўнікі Я. Ясінскага не сумняваліся, відаць, што якраз ён і яго бліжэйшыя паплечнікі павінны зрабіць гэта ў першую чаргу. Нездарма ж, маглі меркаваць яны, начальнік паўстання не зацвердзіў Ясінскага на пасаду галоўнакамандуючага паўстанцкім войскам у Вялікім княстве, а толькі прызначыў яго камандуючым адной з трох «дывізій» літоўскага войска...

Калі гэтая адозва дайшла да Вільні, то яна не магла не выклікаць здзіўлення ў тых, хто разам з Ясінскім ахвяраваў усім дзеля поспеху паўстання, а калі і памыляўся, то толькі ад жадання хутчэй наблізіць яго перамогу. Хаця строгае папярэджанне з боку Т. Касцюшкі, як адзначалі сучаснікі, і «прывяло да большага парадку ў адміністрацыі», але адначасова як бы «паменшыла запал» у найбольш нецярплівых.

Сам Касцюшка, відаць, адчуўшы, што ўзяў занадта жорсткі тон у адносінах да сваіх землякоў, тым больш атрымаўшы з Вільні не адно ўжо пацверджанне аб лаяльнасці ад Літоўскай Рады, вырашыў яшчэ раз звярнуцца да іх. 2 чэрвеня ў лагеры пад Кжэнціцамі ён падпісвае другую адозву «Да грамадзян літоўскіх і парадкавых камісій». І ў ёй паўстае перад сваімі землякамі ўжо не столькі як начальнік паўстання, а найперш як суайчыннік, ліцвін, занепакоены лёсам сваёй радзімы. Ён горача заклікаў землякоўліцвінаў да самаахвярнасці, каб быць годнымі сваіх мужных продкаў, каб дабіцца волі, заглушыўшы «ў сабе голас нікчэмны асабістага інтарэсу».

Стыль гэтага звароту Т. Касцюшкі ўзнёслы і шчыры. Менавіта ў ім праглядае праз усю заклапочанасць вайскова-палітычнымі справамі паўстання чулая і ўразлівая чалавечая душа: «Літва! Землякі і суайчыннікі мае! На вашай нарадзіўся зямлі і ў запале праведным для маёй Бацькаўшчыны адгукаецца ўва мне найасаблівейшая схільнасць да тых, пасярод каторых пусціў карані жыцця». І далей: «Літва! Слаўная змаганнем і грамадзянскасцю, доўга нешчаслівая праз уласных сыноў здрады, абяцаю стаць сярод вас з удзячнасцю за давер ваш да мяне, калі дазволяць мне вайсковыя абставіны... хто ж я ёсць, як не ліцвін, зямляк ваш, вамі абраны?».

Увесь час, і перад паўстаннем і на яго працягу, імкнуўся Тадэвуш Касцюшка, маючы цяжкі абавязак «Начальніка», да ўсталявання і зацвярджэння агульнай палітычнай салідарнасці ўсіх частак Рэчы Паспалітай Двух Народаў у змаганні за яе незалежнасць. Якраз у гэтых інтарэсах, выступаючы паўстанцкім лідэрам дзяржавы, ён падкрэсліваў сваю «польскасць». Але ў гэтым звароце да сваіх землякоў загучала тое, што прыхоўвалася на карысць палітычных патрабаванняў, тое, што каля сэрца, што не схаваеш, — любоў да радзімы і яе народа. Гэту высокую ноту любові падхопіць пазней другі вялікі сын нашай зямлі Адам Міцкевіч у «Пане Тадэвушу» ў знакамітым сваім: «Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: Не цэнім маючы, а страцім — залатое...».

Зварот Т. Касцюшкі да землякоў быў размножаны ў друку і паўсюдна распаўсюджваўся паўстанцкімі «парадкавымі камісіямі».

Адначасова з выясненнем узаемаадносін з Польшчай кіраўніцтву паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім прыходзілася змагацца і з праявамі «свайго», унутранага сепаратызму. Ён выяўляўся ў суперніцтве за лідыруючае становішча ў паўстанні паміж Я. Ясінскім і яго нядобразычліўцамі, прыхільнікамі памяркоўнай плыні. На ўзаемаадносіны паміж кіраўнікамі паўстання тут як бы спраектавалася даўгачасная адсутнасць згоды на гэтай зямлі, а таксама падазрэнні адзін аднаго ў адстойванні толькі ўласных інтарэсаў.

Я. Ясінскаму перш за ўсё прыйшлося вытрымаць, ча­сам замаскіраванае, але ад таго не менш упартае супраціўленне А. Хлявінскага. Асабліва да таго часу, пакуль не было вядома, чый бок возьме Касцюшка. А. Хлявінскі не мог дараваць Я. Ясінскаму, дый урэшце ўсёй Літоўскай Радзе, што было праігнаравана яго «галоўнакамандаванне», замацаванае ў Шавельскім акце. Тое, што Хлявінскі быў завочна ўведзены ў склад сяброў Рады, было для яго слабой «кампенсацыяй» за той шавельскі «грэх». І генерал А. Хлявінскі не адразу адмаўляецца ад вядучай ролі ў паўстанні. Два разы, 18 і 28 красавіка, апошні раз ужо праз чатыры дні пасля ўтварэння Літоўскай Рады ў Вільні, ён звяртаўся да ўсяго «літоўскага народу» ў якасці камандуючага войскам Княства ў паўстанні, заклікаў далучыцца да Шавельскага акта. Апошні Зварот А. Хлявінскага ў дачыненні да Літоўскай Рады выглядаў зусім канфрантацыйна. Згодна з «Універсалам да ваяводстваў і паветаў Вялікага княства Літоўскага і гарадоў вольных» ад 24 красавіка, Рада, стаўшы вярхоўнай уладай у краі, абавязала ўсе ваяводствы і паветы далучацца да паўстання згодна з Віленскім актам.

У адпаведнасці з гэтым універсалам і далучыліся да паўстання спачатку Ковенскі і Вілкамірскі паветы (30 красавіка), а неўзабаве і ўся Жамойць. Да таго ж зменшыліся і шэрагі «прыхільнікаў» А. Хлявінскага, якія запрасілі яго на вышэйшую пасаду. М. Сулістроўскі, К. Несялоўскі і Р. Гедройц, стваральнікі Шавельскага акта, прызнаючы паўнамоцтвы Літоўскай Рады, 30 красавіка прыязджаюць у Вільню. У рэшце рэшт нічога іншага не застанецца і А. Хлявінскаму. 6 мая ён, выкліканы Радай для ўдакладнення плана маючых адбыцца аперацый, таксама з'яўляецца ў Вільні. А перад гэтым Рада накіравала сваіх сяброў Р. Гедройца і М. Мараўскага да атрадаў, падначаленых Хлявінскаму, якія далі прысягу на вернасць Віленскаму акту.

Але ўзаемаадносіны А. Хлявінскага з Літоўскай Радай ніколі не былі добрымі на ўсім кароткім працягу яе існавання. Супраць жа Я. Ясінскага ён інтрыгаваў досыць адкрыта і перад Т. Касцюшкам і перад варшаўскай Часовай Радай, шукаючы іх падтрымкі. Ім жа быў інспіраваны пісьмовы рапарт сваіх падначаленых афіцэраў, якія выказвалі поўны давер менавіта А. Хлявінскаму, жадаючы толькі яго бачыць на чале паўстанцкіх сіл «на Літве». Адначасова ў гэтым жа рапарце выказваўся недавер да Я. Ясінскага. Копію гэтага празры­стага па намерах паслання варшаўская Часовая Рада пераслала да Т. Касцюшкі.

Непрыхільна былі настроеныя да Я. Ясінскага і двое сяброў Літоўскай Рады — Я. Коцел і Т. Высагерд, прадстаўнікі памяркоўнай плыні ў ёй. Менавіта іх 17 і 25 мая Рада накіравала з пасланнямі да Касцюшкі. Я. Коцел вусна і ў Варшаве перад Часовай Радай, і перад начальнікам паўстання прадставіў Я. Ясінскага як крайняга радыкала, прыхільніка тэрору. Ён ахарактарызаваў Ясінскага таксама як «дэмагога», які, нібыта, мае на мэце задавальненне толькі ўласных амбіцый. Такое ж, але ўжо пісьмовае меркаванне часткі Літоўскай Рады даставіў у Польшчу і Т. Высагерд.

«Унутраны сепаратызм» гэтым не абмежаваўся. Ён знайшоў свой выраз і ў дзейнасці некаторых «парадкавых камісій» у Вялікім княстве Літоўскім. Ужо першыя загады і распараджэнні з Вільні ад Літоўскай Рады выклікалі «вялікі перапалох» у Бярэсці. 11 мая берасцейская «парадкавая камісія», звяртаючыся да Т. Касцюшкі, прама пісала, што «.„выпадкі віленскія напалохалі нас». Перасылаючы экземпляры Віленскага акта і «Універсал» Літоўскай Рады, камісія просіць яго аб'яднаць «хуткімі сродкамі... усіх жыхароў краю і ўсе ўлады, прыдатныя да народнага паўстання... пад адзінай найвышэйшай уладай, каб Літоўская Рада не ўспрынімала нас супраціўнай сабе». Прычым берасцейцы віну за адхіленне Літвы ад адзінага арганізацыйнага цэнтра на чале з Т. Касцюшкам ускладалі непасрэдна на Я. Ясінскага. Яны прасілі Касцюшку зрабіць так, каб «не было ўлад асобных ад той адзінай...», каб ён ліквідаваў гэтае «двухуладдзе».

Такім чынам, у дачыненні да Літоўскай Рады берасцейская «парадкавая камісія» апынулася ў даволі складаным становішчы. Чые распараджэнні ўсё ж выконваць? Камісія лічыла нават неабходным, каб у кожным павеце было па два прадстаўнікі. Адзін — ад Т. Касцюшкі, другі — ад Літоўскай Рады. Ва ўсялякім разе тады яны, паразумеўшыся, маглі б даць тлумачэнні, як дзейнічаць у тым ці іншым выпадку. Тут яўна прагледжвалася жаданне не пасварыцца ні з тымі, ні з гэтымі. Але, відавочна, гэта не вырашала праблемы, а толькі магло зрабіць больш складанай сістэму кіравання паўстаннем. 3 другога боку, берасцейская «парадкавая камісія» нібыта і зрабіла свой выбар. Яна далучылася да паўстання, прысягнуўшы на вернасць Касцюшку і ўладзе толькі «ад яго абранай або пацверджанай». Аб гэтым сведчыў і той факт, што выбраных генерала і палкоўнікаў «зямянскіх», якія ўзначалілі «паспалітае рушэнне» і набор «рэкрутаў» для паўстання, берасцейцы прадставілі на зацвярджэнне не ў Вільню, а адразу непасрэдна Касцюшку. Але трэба адзначыць, што, апынуўшыся паміж двух агнёў, берасцейская «парадкавая камісія», здаецца, знайшла нейкае выйсце. Яна ў далейшым накіроўвала свае рапарты і да Літоўскай, і да варшаўскай Часовай Рады, і да Т. Касцюшкі.

Крыху інакш выглядала сітуацыя ў Гародні. Гарадзенцы далучыліся да паўстання, як і берасцейцы, паводле Кракаўскага акта. Магчыма, таму Літоўская Рада ўбачыла ў гэтым «шмат неадпаведнасці». Але гарадзенцы не былі так непрыхільна настроеныя да загадаў і распараджэнняў, якія ішлі з Вільні. Яны абралі і накіравалі ў Літоўскукэ Раду ад Гарадзенскага павета свайго прадстаўніка Дамініка Матакевіча. Акрамя гэтага ад Гародні быў накіраваны туды ж яшчэ адзін дэлегат — Францішак Мушынскі.

Усяго ў Літоўскую Раду накіравалі сваіх прадстаўнікоў 19 паветаў і 5 гарадоў. І гэта сведчыць, што Рада на працягу ўсяго аднаго месяца свайго існавання атрымала прызнанне ў краі. Падаўляючая большасць беларускалітоўскіх паветаў бачыла ў Вільні гістарычны цэнтр Вялікага княства Літоўскага і не збіралася мінаць яго.

Барацьба з «літоўскім сепаратызмам» ішла з двух бакоў. 3 боку Вільні прыхільнікі большай цэнтралізацыі ўлады ў паўстанні ў піку Ясінскаму стараліся дыскрэдытаваць яго перад Т. Касцюшкам. Прычым тут галоўнай была ўжо не справа адзінства, а неабходнасць пазбаўлення ўлады над паўстаннем з боку «якабінца» Ясінскага.

22 мая 1794 г. Літоўская Рада стварае спецыяльную камісію пад кіраўніцтвам М. Карпа і Д. Нарбута для прывядзення Віленскага акта ў поўную адпаведнасць з Кракаўскім. У гэты ж дзень Рада звяртаецца з адозвай да насельніцтва Княства, у якой выразна адмаўляецца ад пазіцый, занятых у сваіх першых дакументах. У прыватнасці, падкрэсліваўся яе «часовы» характар пад «найвышэйшым верхавенствам Тадэвуша Касцюшкі існуючай». Рада адмовілася тым самым ад тытула «найвы­шэйшай» улады, нададзенай ёй Віленскім актам. Спаўняліся галоўныя жаданні тых, хто палохаўся праяў «літоўскага сепаратызму», знікалі, здаецца, якія-небудзь падставы для падазрэнняў у яго замацаванні. Але сябры Літоўскай Рады не ведалі яшчэ, што яе лёс, нягледзячы на выразную змену курсу, ужо быў вырашаны.

Яшчэ 10 мая Т. Касцюшка прымае рашэнне аб утварэнні Найвышэйшай Нацыянальнай Рады (ННР) для Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, падуладнай толькі начальніку паўстання. Кампетэнцыя ННР была значна меншай, чым нават у Літоўскай Рады напачатку яе існавання. Так, войска было выведзена зпад яе кіравання. 21 мая Т. Касцюшкам было падпісана сваё рашэнне аб утварэнні ННР з мэтаю ўвядзення яго ў дзеянне. Згодна з ім Літоўская Рада, як і варшаўская Часовая Рада, павінна была спыняць сваю дзейнасць.

У склад ННР увайшлі восем «радцаў» і сам Т. Касцюшка. Ад Княства сярод іх былі Т. Ваўжэцкі і А. Сулістроўскі, сябры Літоўскай Рады. У склад трыццаці двух «намеснікаў» ННР ад Літвы таксама былі ўведзены свае прадстаўнікі: Ян Гарайн і Сава Пальмоўскі, былы ігумен Бельскага манастыра і старшыня праваслаўнай кансісторыі ў Рэчы Паспалітай.

У пракламацыі «Да грамадзян Польшчы і Літвы» ад 21 мая Т. Касцюшка паміж іншым растлумачваў прычыны затрымкі з утварэннем ННР. Звяртаючыся да народа, ён падкрэсліў такую акалічнасць, як неабходнасць «зрабіць такі выбар, які б вы самі зрабілі», выбраць сапраўды найлепшых, даказаўшых сваю вернасць Бацькаўшчыне, тых, хто выявіў свой патрыятызм у час нялёгкіх выпрабаванняў. Т. Касцюшка ў сваіх тлумачэннях звярнуў увагу яшчэ і на наступны аспект замаруджвання ў справе ўтварэння ННР. Ён чакаў, пакуль Кракаўскі акт «большай часткай народу зацверджаны не будзе», таму што «не хацеў Рады даваць народу з волі аднаго ваяводства, але з волі цэлай, па меншай меры, пераважаючай часткі Польшчы і Літвы». Прызначыўшы ў ННР ад Літвы сябрамі Рады Т. Ваўжэцкага і А. Сулістроўскага, начальнік паўстання абмінуў Я. Ясінскага. Той паранейшаму знаходзіўся ў выразнай «няміласці», можа, не столькі ў Касцюшкі, як сярод былых сяброў Літоўскай Рады.

Замест ліквідаванай Літоўскай Рады тым жа рашэннем Т. Касцюшкі была ўтворана «Цэнтральная Дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага». Яна значна адрознівалася ад сваёй папярэдніцы. Цяпер ужо нават абмежаваныя паўнамоцтвы Цэнтральнай Дэпутацыі па распараджэнні Т. Касцюшкі павінны былі зацвярджацца ННР, што і было зроблена ёю 1 чэрвеня 1794 г. Адпаведна з гэтымі паўнамоцтвамі ў склад Цэнтральнай Дэпутацыі ўвайшло 7 дэпутатаў і 28 намеснікаў. Дэпутатамі былі прызначаныя: Я. Несялоўскі, А. Тызенгаўз, Е. Белапятровіч, В. Гарэцкі, С. Мірскі, Б. Марыконі, ксёндз Д. Пільхоўскі. Абранне намеснікаў было даручана самой Цэнтральнай Дэпутацыі. Усе яе сябры, акрамя Д. Пільхоўскага, раней з'яўляліСя сябрамі Літоўскай Рады. Урэшце статут Дэпутацыі быў амаль аналагічны статуту ННР у Варшаве, але ўтрымліваў адно істотнае дапаўненне. Яно зводзілася да таго, што «невыкананне загадаў ад Начальніка ўзброенай сілы або ад ННР зыходзячых» адразу ж вядзе да пазбаўлення сяброўства ў новым органе па кіраўніцтву паўстаннем у Вялікім княстве Літоўскім.

У Цэнтральнай Дэпутацыі было ўтворана сем аддзелаў. Аддзел парадку ўзначаліў А. Тызенгаўз, бяспекі — В. Гарэцкі, справядлівасці (судовы) — С. Мірскі, скарбу — Я. Несялоўскі, харчавання — Б. Марыконі, вайсковых патрэб — Е. Белапятровіч, інструкцый (займаўся справамі асветы, друку, прапаганды і агітацыі) — Д. Пільхоўскі.

Галоўнае прызначэнне Цэнтральнай Дэпутацыі згодна са статутам зводзілася да таго, што яна павінна была стаць «выканаўчым інструментам» Т. Касцюшкі і ННР, «так як і іншыя пасрэдніцкія ўлады (г. зн. ваяводскія «парадкавыя камісіі». — Аўт.) паводле Акту Паўстання». Абавязкам Дэпутацыі было дакладнае выкананне распараджэнняў начальніка паўстання ці ННР, звыш якіх яна сама «ні ўхваляць, ні тлумачыць, ні выконваць не павінна». Цэнтральная Дэпутацыя павінна была выступаць толькі ў якасці «пасрэдніка» ў зносінах ваяводскіх і павятовых «парадкавых камісій» з ННР у Варшаве. 10 чэрвеня Літоўская Рада афіцыйна спыніла сваю дзейнасць. У гэты ж дзень у Вільні было абвешчана аб стварэнні і пачатку дзейнасці Цэнтральнай Дэпутацыі.

Нягледзячы на значнае абмежаванне паўнамоцтваў новага органа ў параўнанні з папярэдняй Літоўскай Радай, сам факт яго ўтварэння на фоне існавання толькі ваяводскіх і павятовых «парадкавых камісій» у Польшчы быў выразным кампрамісам. Амбіцыі ліцвінаў гэты кампраміс калі і мог задаволіць, дык толькі па форме.

Трэба адзначыць, што такая шырокая абмежаванасць правоў Цэнтральнай Дэпутацыі ўсё ж не выклікалася патрэбамі паўстання на беларуска-літоўскіх землях. Неабходнасць звароту ў Варшаву з боку кіраўніцтва паўстаннем з усялякай нагоды не толькі змяншала яго аўтарытэт, але наогул не спрыяла прыняццю хуткіх і рацыянальных рашэнняў. Гэта быў якраз той выпадак, калі ўмацаванне цэнтральнай улады, безумоўна неабходнай у паўстанні, усё ж прыглушыла парасткі здаровай самастойнасці і ініцыятывы.

 

 

ПАЎСТАНЦКІ ПАЛАНЕЗ ДЛЯ КАСІНЕРАЎ

3 самага пачатку паўстанне ў ВКЛ, як мы ўжо ведаем, набыло своеасаблівы характар. Гэта выявілася ў асобнай арганізацыі паўстання, утварэнні напачатку незалежнай Літоўскай Рады. Не менш істотным быў і ясна акрэслены радыкалізм, які выявіўся ў рэспубліканскіх, выразна антыманархічных памкненнях аднаго з арганізатараў паўстанцкага руху ў Вялікім княстве — Я. Ясінскага. Усё гэта сведчыла не толькі аб існаванні рознасці поглядаў на паўстанне, але і аб адсутнасці пэўнай узгодненасці ў дзеяннях паўстанцаў у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім. Вядома, ускладнялі справу адсутнасць рэгулярнай сувязі ва ўмовах канспірацыі, праследаванні і арышты часткі арганізатараў паўстання перад яго пачаткам. Відаць, падрабязнага, дэталёвага плана паўстання для Польшчы і Літвы не існавала. Бо сітуацыя ў Рэчы Паспалітай напярэдадні паўстання была настолькі напружанай і складанай, што магла ў кожны момант парушыць чыесьці планы. Урэшце так і здарылася ў Польшчы, калі нечаканы марш брыгады Мадалінскага ўздоўж прускай мяжы проста прымусіў Т. Касцюшку прыспешыць тэрмін пачатку паўстання ў Кракаве.

Так ці інакш, але ў паўстанні беларуска-літоўскім землям Т. Касцюшка адводзіў амаль што вырашальную ролю. Поспех паўстання там, з пажаданым пашырэннем яго на тэрыторыі другога і першага падзелаў, стварэнне своеасаблівага кардона паміж імперыяй і тэрыторыяй Польшчы дазвалялі спадзявацца на вырашэнне ўсёй справы.

На самым пачатку паўстання Т. Касцюшка ўсё ж лічыў магчымым сцягнуць на дапамогу паўстанню ў Польшчы, якая першая выступіла, частку літоўскага войска, у прыватнасці пад Варшаву, каб з яго дапамогай хутчэй дабіцца перавагі і перамогі. Але ўжо ў чэрвені ён пераглядае такую магчымасць. Самакаштоўнасць беларуска-літоўскага паўстанцкага плацдарма ў стрымліванні наступлення расійскага войска на Варшаву пераважае. І з таго часу Т. Касцюшка, наадварот, ужо не бачыць неабходнасці якога-небудзь больш-менш значнага сцягвання «літоўскага войска» да Варшавы. Відавочным стала, што гэта магло б аслабіць сілы паўстанцаў, «адчыніць» Вялікае княства Літоўскае для расійскага войска. А страта Вільні, якую таксама трэба было абараняць, і стратэгічна і псіхалагічна была б незаменнай.

Магчыма, на першапачатковыя намеры Касцюшкі паўплывала і нерашучая пазіцыя М. Рапніна, які 22 красавіка 1794 года быў прызначаны імператрыцай камандуючым «над усімі войскамі ў Польшчы». Некаторы час пасля прызначэння М. Рапнін, да пераезду на Беларусь у Нясвіж, заставаўся ў Ліфляндыі. Як галоўнакамандуючы ён «дзейнічаў» напачатку адтуль вельмі асцярожна. За першую задачу сабе паставіў забеспячэнне канцэнтрацыі неабходнай колькасці войскаў каля і ў самой Літве. Да гэтага не павінны былі прадпрымацца якія-небудзь наступальныя дзеянні. У загадзе генерал-лейтэнанту Нумсену, аддадзеным яшчэ з Рыгі 2 мая, Рапнін перасцярог таго ад заўчаснага ўступлення яго атрада на тэрыторыю Літвы, каб «дарэмна не прыцягнуць на Вас усіх сілаў мяцежнікаў, якія, як час надыдзе, трэба, наадварот, падзяліць рознымі рухамі нашых войскаў з розных бакоў».

На пачатку паўстання, у перыяд яго найбольшых поспехаў, калі сярод расійскага акупацыйнага войска пачалася паніка, якая часам засноўвалася і на перабольшванні сіл паўстанцаў, такая асцярожнасць выглядала ў нечым апраўданай.

Са свайго боку Касцюшка, для якога недахоп паўстанцкіх сіл, вядома, не быў таямніцай, лічыў, што ў такіх абставінах нельга разлічваць на вялікую, вырашальную бітву. Некарысны яе зыход адразу мог паставіць пад удар усё паўстанне. Таму і кіраўнікам паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім ён загадваў пазбягаць вялікіх сутычак, але пастаянна непакоіць ворага ў розных месцах, расцярушваючы яго сілы, не даючы магчымасці аб'яднацца. Такім чынам, на пачатку паўстання кожны з бакоў, імкнучыся дасягнуць розных мэт, зыходзіў з аднолькавых тактычных прыёмаў.

Якія ж планы вядзення вайсковых дзеянняў былі ў Літоўскай Рады? Пасля захопу Вільні яшчэ нельга было адчуваць сябе гаспадаром сітуацыі. У Гародні знаходзіўся вялікі расійскі гарнізон пад камандаваннем генерал-маёра П. Цыцыянава. Без ліквідацыі гэтай сілы нельга было спадзявацца на поспех паўстання на тэрыторыі заходняй Беларусі. Таму на пачатку паўстання зусім натуральна ўзнікае ідэя аб маршы паўстанцкіх атрадаў на Гародню.

Асноўныя сілы паўстанцаў пад камандаваннем А. Хлявінскага, П. Грабоўскага і Ф. Сапегі павінны былі ісці пад Гародню, каб спачатку ізаляваць, а потым разграміць атрады П. Цыцыянава. П. Грабоўскі атрымаў такія загады ад Тайнай Дэпутацыі Літоўскай Рады 30 красавіка і 5 мая. На 6 мая праз пасланых з Вільні кур'ераў устанавіў кантакт з Радай і Ф. Сапега, атрады якога бліжэй за ўсіх знаходзіліся ад Гародні. (Спачатку ў Высокім Літоўскім, а потым пад Слонімам.) Не пазней 7 мая прыехаў у Вільню і А. Хлявінскі. Сябры Тайнай Дэпутацыі мелі з ім нараду па выясненні «стану сілы рускай і нашай, план іх і што нам рабіць застаецца». Ясінскага ў гэты час у Вільні не было. 3 часткаю паўстанцкага войска, якая знаходзілася ў яго непасрэдным падпарадкаванні, больш за 3 тысячы чалавек, ён 7 мая прыняў удзел у бітве з расійскімі атрадамі пад в. Паляны на Ашмяншчыне. Але менавіта Я. Ясінскі быў адным з аўтараў ідэі маршу на Гародню. Бо ў пачатку мая ён вёў ці сам, ці ад імя Тайнай Дэпутацыі інтэнсіўную перапіску з Ф. Сапегам, А. Хлявінскім, П. Грабоўскім, уводзячы іх у сутнасць плана і заклікаючы як найхутчэй яго выканаць. Ён спадзяваўся, што ўжо 9 мая Ф. Сапега будзе пад Гародняй, А. Хлявінскі стане са сваім атрадам у Мерачы (60 км на паўночны ўсход ад Гародні). Сам жа Ясінскі будзе да развіцця далейшых падзей ахоўваць Вільню.

План «канцэнтрычнага», г. зн. з розных бакоў, маршу на Гародню ўзнік у наступных абставінах. Паўстанцамі было перахоплена пасланне генерала П. Цыцыянава да генерал-губернатара Ц. Туталміна. 3 ім разам у іх рукі трапіла і перапіска Цыцыянава з прускім генералам Гальштэйнам. 3 перапіскі вынікала, што Цыцыянаў меркаваў рушыць са сваім атрадам, нібыта ў 8600 чалавек (на самай справе колькасць яго была ў два разы меньшай), пры 28 гарматах з Гародні на Наваградак, каб стаць на мяжы другога падзелу. Адначасова Цыцыянаў прапаноўваў прускім войскам наблізіцца да Нёмана і «пільнаваць той ракі», зрабіўшы ўздоўж яе асланяючую лінію ад «сваёй мяжы праз Гародню да Беліцы» (мястэчка ў 20 км на поўдзень ад Ліды). Ад гэтага месца П. Цыцыянаў меркаваў трымаць гэтую асланяючую лінію сваімі сіламі да мяжы другога падзелу. Галоўнай мэтай такога плана было перарваць камунікацыі Вялікага княства Літоўскага з Польшчай, спачатку ізаляваць «літоўскае паўстанне», а потым і ліквідаваць яго праз устанаўленне кантролю над «усёй Літвой».

У плане ж Літоўскай Рады праз «марш на Гародню» якраз прадугледжваліся меры па недапушчэнні ізаляцыі паўстання ў Вялікім княстве Літоўскім. Галоўная роля ў гэтым адводзілася «дывізіі» Ф. Сапегі, маладога 23-гадовага «шэфа артылерыі літоўскай», слаба дасведчанага ў вайсковых справах. Па загаду Тайнай Дэпутацыі яму трэба было неадкладна рушыць з Бельска на Падляшшы са сваімі атрадамі, якія тады налічвалі каля 4200 чалавек, пад Гародню. І потым ці заняць яе пасля адыходу П. Цыцыянава, тым самым аднавіўшы сувязь паміж Літвой і Польшчай, ці не дапускаць да горада прускіх войск, як гэтага жадалася расійскаму генералу.

Гэты план не быў здзейснены. Атрад Цыцыянава ў 3500 чалавек змог амаль без перашкод адысці зпад Гародні. На час яго адыходу каля горада не ўдалося сканцэнтраваць якой-небудзь большменш значнай вайсковай сілы паўстанцаў. Генерал Цыцыянаў пакінуў Гародню, узяўшы вялікую кантрыбуцыю, нібыта ўзамен за тое, што горад не будзе разбураны. Расійцы забралі з сабою 520 тысяч злотых літоўскага скарбу, які захоўваўся ў Гародні, 35 тысяч злотых грашовых прыбыткаў з каралеўскіх эканомій, 6800 дукатаў уласна грашовай кантрыбуцыі з горада. Былі вывезены таксама некаторае абсталяванне і ўсе гатовыя сукны з гарадзенскай суконнай фабрыкі. Абцяжараны вялікай здабычай, атрад Цыцыянава рухаўся не вельмі хутка і ўяўляў з сябе добрую мішэнь для атакі. Але «дывізія» Ф. Сапегі чамусьці пайшла з Бельска не пад Гародню, а на Слонім. Усё ж магчымасць атакавання адступаючай цыцыянаўскай калоны змог давесці паручнік літоўскага войска Каспер Корсак. 3 невялікім атрадам у 130 чалавек, манеўруючы па шляху адыходу расійцаў, ён вымусіў іх затрымацца на некалькі дзён у дарозе. Стратэгічна добра задуманая аперацыя па нейтралізаванні гарадзенскага гарнізона не ўдалася. Атрад Цыцыянава выслізнуў з нязручнага для сябе становішча, не панёсшы амаль ніякіх страт. У далейшым менавіта гэты атрад расійскага войска не раз яшчэ заявіць аб сабе, атакуючы тых, хто замарудзіў з яго ліквідацыяй у больш спрыяльных умовах.

У правале «маршу на Гародню», як у люстэрку, адбіліся ўсе хібы і супярэчнасці паўстанцкага руху. Яны ў першую чаргу былі звязаны з адсутнасцю дысцыпліны ў войску, належнай субардынацыі паміж яго часткамі, інтрыгамі супраць Я. Ясінскага. Наклала ізноў жа свой адбітак і супрацьстаянне часткі Літоўскай Рады польскім паўстанцкім уладам.

Цяжка было гаварыць аб узгадненні нейкіх планаў, калі асобныя часткі паўстанцкага войска на некаторы час наогул знікалі з поля зроку Літоўскай Рады. Так, на пошукі «дывізіі» Ф. Сапегі былі накіраваны спецыяльныя «камісары» Рады Граноўскі і Мараўскі. 3 іх рапарту ад 26 мая вынікала, што «дывізія» Ф. Сапегі застаецца «нечыннай», ігааруе сувязь з Я. Ясінскім. Да Ф. Сапегі і да «камісараў» адразу ж былі высланы з Вільні кур'еры. «Камісарам» Рады ставілася задача дабівацца ліквідацыі «несубардынацыі ў войску», наладзіць устойлівую сувязь паміж атрадамі Ф. Сапегі, А. Хлявінскага і Я. Ясінскага.

Тайная Дэпутацыя Літоўскай Рады спрабавала выкарыстаць аўтарытэт Касцюшкі ва ўстанаўленні належнага парадку ў войску. Пра Ф. Сапегу было паведамлена, што да яго было накіравана тры кур'еры з распараджэннем, каб ён ішоў пад Гародню, а не на Бярэсце ці Слонім. Тайная Дэпутацыя абвінавачвала Ф. Сапегу ў тым, што праз яго была страчана магчымасць акружэння і нападу на Цыцыянава з трох бакоў: атрадамі Ясінскага, Хлявінскага і Сапегі. У пасланні да Т. Касцюшкі была звернута ўвага на пастаяннае ўхіленне Ф. Сапегам ад сутыкненняў з ворагам. Мала таго, ён раіў прытрымлівацца такой тактыкі і Я. Ясінскаму.

Але, накіроўваючы «строгія вымовы» таму ж Ф. Сапегу, Літоўская Рада не была ўпэўнена ў сваіх паўнамоцтвах. Той заўсёды мог спаслацца на яе некампетэнтнасць, беручы пад увагу толькі правамоцнасць распараджэнняў, якія зыходзілі ад органаў, утвораных згодна з Кракаўскім актам і зацверджаных Т. Касцюшкам. Урэшце Ф. Сапега, спаслаўшыся на хваробу, пакінуў камандаванне спачатку генералу Я. Бяляку, а потым П. Грабоўскаму і з канца мая фактычна адышоў ад удзелу ў паўстанні. Яшчэ да гэтага справа ўзаемаадносін паміж рознымі часткамі літоўскага войска ўскладнілася, калі стала вядома, што Т. Касцюшка прыняў рашэнне аб яго афіцыйным падзеле на тры «галоўныя дывізіі» на чале з Я. Ясінскім, Ф. Сапегам і А. Хлявінскім. Усе яны загадам Касцюшкі ад 11 мая атрымалі званні генерал-лейтэнантаў. Становішча галоўнакамандуючага літоўскім войскам, якое было «часова», да зацвярджэння Касцюшкам, нададзенае Я. Ясінскаму Літоўскай Радай, не атрымала падтрымкі з боку начальніка паўстання. Сітуацыя зрабілася яшчэ больш заблытанай. У гэтай сувязі адзін з сяброў Тайнай Дэпутацыі Літоўскай Рады Б. Марыконі дарэмна спрабаваў выясніць, хто ж «з трох генерал-лейтэнантаў старэйшы» і ці ўсе яны «камандуючыя». У гэтай сітуацыі не лепшым чынам павёў сябе А. Хлявінскі. Вярнуўшыся з Вільні да сваёй «дывізіі», ён стаў у яўную апазіцыю Літоўскай Радзе, фактычна адмовіўшыся выконваць яе распараджэнні. Наданне сабе праз Тадэвуша Касцюшку звання генерал-лейтэнанта ён, відаць, памылкова растлумачыў як падтрымку яго няспраўджаных амбіцый.

Так, імкнучыся да патрэбнай цэнтралізацыі ўлады ва ўмовах узброенага паўстання ў маштабах Рэчы Паспалітай, Т. Касцюшка міжвольна на некаторы час дэцэнтралізаваў яе ў Вялікім княстве Літоўскім. Магчыма, ён вымушаны быў гэта зрабіць, каб уладзіць сваркі паміж літоўскімі генераламі, фармальна ўраўняўшы іх у правах. За гэты час трэба было разгледзецца і падабраць на пасаду галоўнакамандуючага асобу, якая б не выклікала вялікіх спрэчак. А пакуль што пытанне той жа Тайнай Дэпутацыі — «што за прычына да корпусу такога малога войска, якім ёсць літоўскае, гэтулькі нарабіць генералаў ад сябе аддаленых, адзін ад другога незалежных» — заставалася без адказу.

Дарэчы пытанне аб «субардынацыі» заўжды востра стаяла ў войску Рэчы Паспалітай, як польскім, так і літоўскім. Падчас вайны 1792 года Міхал Забела, галоўнакамандуючы літоўскай арміяй, скардзіўся на адсутнасць «генерала-прафоса», які б «ілбы зносіў» (г.зн. які б меў вярхоўную ўладу і навёў бы строгую дысцыпліну), бо «нічога не зробім, калі субардынацыі няма». І, Дзялынскі, адзін з арганізатараў паўстання, які падчас той вайны служыў, як і Т. Касцюшка, у каронным войску, адзначаў, што «кожны з генералаў нашых прагне сабе асабіста рэпутацыю зрабіць». Вайсковыя нарады Дзялынскі параўноўваў з «сеймавымі сесіямі», якія не мелі патрэбнай сакрэтнасці і не вызначаліся прыняццем канкрэтных рашэнняў. На жаль, такая «традыцыя» захавалася ў войску і на час паўстання. Вядома, што армія — гэта злепак з дзяржавы. Стан бязладдзя, панаваўшы ў Рэчы Паспалітай у канцы XVІІІ стагоддзя, адбіваўся і на войску.

Было відавочным, што вялікае значэнне ў поспеху ўзброенага паўстання ў Княстве мае наяўнасць дасведчанага вайсковага лідэра, які б такое паўстанне ўзначаліў. На тэрыторыі ж паўстання здарылася так, што аб сваіх прэтэнзіях на гэтую ролю заявілі, ці яўна, ці прыхавана, некалькі асоб: Я. Ясінскі, А. Хлявінскі, Ф. Сапега, П. Грабоўскі...

Прывід «літоўскага сепаратызму», перасцярогі ад з'яўлення дыктатара-якабінца Я. Ясінскага, скаргі на яго, відаць, і гэта прычынілася да рашэння Тадэвуша Касцюшкі падзяліць войска на тры часткі.

Такім чынам, незалежніцкі накірунак як бы пазбаўляўся свайго магчымага лідэра. Але «перамога» над ім несла і такія непажаданыя наступствы, як фактычная ліквідацыя адзінага цэнтра па кіраўніцтву паўстаннем на тэрыторыі ВКЛ, уносіла элемент недаверу ва ўзаемаадносінах паміж Вільняй і Варшавай.

3 самага пачатку паўстання паміж яго кіраўнікамі не было згоды наконт таго, хто павінен быць галоўнакамандуючым. Хаця ўсе галоўныя прэтэндэнты (і А. Хлявінскі, і Ф. Сапега, і асабліва Я. Ясінскі) лічылі, што такі абавязкова павінен быць. Той жа «нячынны» Ф. Сапега да сваёй адстаўкі лічыў не зусім слушным падзел «літоўскага войска». Ён меў думку, што тыя яго часткі «ніколі паміж сабою ў згодзе не будуць, пакуль Начальнік найвышэйшы не прышле генеральнага каменданта».

Ф. Сапега выказваўся, што «сорамна самому за Літву, але тое за ёю прызнаць мушу, што не толькі я, але і іншыя, калі праўду хочуць казаць, не знаходзяць нікога здатнага на найвышэйшага каменданта». Што ж, дэфіцыт на дасведчанага, вопытнага кіраўніка войскам і ў Літве, і ў Польшчы сапраўды існаваў. Але, выказваючы такую думку, Ф. Сапега як бы падштурхоўваў Касцюш­ку да абавязковага прызначэння галоўнакамандуючым чалавека нейтральнага. Тым больш, што сітуацыя раздробленасці ў паўстанцкім войску, адсутнасць адзінага камандавання ўсё больш запатрабоўвалі ад Касцюшкі прызначэння адзінага камандуючага «літоўскім войскам», акі б аб'яднаў намаганні паўстанцаў. Сам Я. Ясінскі, ужо не разлічваючы на сваё прызначэнне, пісаў да начальніка паўстання, каб прыслаў каго-небудзь, хто «возьме ў свае рукі літоўскае войска». Адсутнасць належнага ўзаемадзеяння паміж часткамі паўстанцкіх сіл на Літве непакоіла і Вільню. У гэтай сітуацыі на працягу амаль усяго мая Тайная Дэпутацыя Літоўскай Рады, якой было даручана кіраўніцтва і каардынацыя вайсковых дзеянняў, старалася ўсяляк узмацніць аўтарытэт Ясінскага, дапамагчы яму менавіта як галоўнакамандуючаму. У сяброў Тайнай Дэпутацыі існавала надзея, што хутка і ад Тадэвуша Касцюшкі прыйдзе пацверджанне паўнамоцтваў Я. Ясінскага.

20 мая ўрэшце вярнуўся ў Вільню «кур'ер» Літоўскай Рады да Т. Касцюшкі — І. Хадзькевіч. Ён заявіў, што прывёз Я. Ясінскаму, якога пад той час у сталіцы не было, патэнт на генерал-лейтэнанта. Адначасова ён даў зразумець, што тым самым начальнік нібыта зацвярджае Я. Ясінскага на пасадзе галоўнакамандуючага... Гэтае вуснае паведамленне не пацвердзілася ў далейшым, бо хутка стала вядома, што такія ж званні атрымалі і іншыя — А. Хлявінскі, П. Грабоўскі, Ф. Сапега...

4 чэрвеня Т. Касцюшка прыняў рашэнне аб прызначэнні галоўнакамандуючым паўстаннем на Літве генерал-лейтэнанта Міхала Вяльгорскага. Апошні да гэтага доўга служыў у аўстрыйскім войску разам з пляменнікам караля Станіслава Аўгуста Юзафам Панятоўскім. Разам з ім ён потым і ўступіў у польскае войска, удзельнічаў у вайне 1792 г. з Расіяй. На фоне інтрыг супраць Я. Ясінскага прызначэнне галоўнакамандуючым М. Вяльгорскага, чалавека «чужога», які быў аддалены ад мясцовых «літоўскіх непаразуменняў», выглядала ў нечым і абгрунтаваным. Да таго ж востры недахоп чынных, маючых баявы вопыт генералаў таксама, здаецца, гаварыў на карысць гэтага выбару. Т. Касцюшка меў падставы разлічваць на тое, што М. Вяльгорскі прайшоў добрую школу ў аўстрыйскім войску, колькі гадоў ужо быў генералам, атрымаўшы гэтае званне разам з ім.

Але спадзяванням Касцюшкі, на жаль, спраўдзіцца не давялося. М. Вяльгорскаму не ўдалося кансалідаваць вакол сябе паўстанцкі рух у Вялікім княстве Літоўскім. Толькі 15 чэрвеня ён прыехаў у Вільню, зрабіў агляд войска. А потым выехаў са сталіцы пад Воранава, дзе вызначыў размяшчэнне для свайго штаба. «Людзі рэвалюцыйныя», як сведчаць сучаснікі падзей паўстання, «шкадавалі Я. Ясінскага». Наадварот, «умяркаваная партыя» ўскладала вялікія надзеі на прызначэнне М. Вяльгорскага. Апошні і сам не выказваў, праўда, вялікага жадання і імпэту да кіраўніцтва вайсковымі дзеяннямі. Падарванае на вайсковай службе здароўе не дазваляла М. Вяльгорскаму быць на ўзроўні той задачы, выкананне якой даручыў яму Касцюшка. Знаходжанне штаба і абозу М. Вяльгорскага пад Воранавым «праславілася» гульнёю ў карты ды іншымі забавамі афіцэраў на фоне галадаючых простых жаўнераў. Да гонару М. Вяльгорскага, трэба адзначыць, што ён, разумеючы сваю неадпаведнасць пасадзе, неаднаразова прасіў адстаўкі ў Касцюшкі. Пры гэтым спасылаўся на няведанне краю, людзей і лічыў, што Ясінскі іх ведае лепш і будзе больш карысным справе, чым ён.

Ёсць сведчанні, што пасля прызначэння М. Вяльгорскага «літоўскія патрыёты скардзіліся дужа і ганца за ганцом да начальніка адпраўлялі з пажаданнямі, каб іншага даў ім правадыра».

31 ліпеня М. Вяльгорскі ўведамляе Т. Касцюшку, што ён сур'ёзна хворы і не можа камандаваць войскам. Практычна М. Вяльгорскі і да гэтага ні ў чым сябе не праявіў. І 5 жніўня начальнік паўстання выдае загад аб часовым, да выздараўлення Вяльгорскага, замяшчэнні яго на пасадзе галоўнакамандуючага генералам Станіславам Макраноўскім. І на гэты раз Я. Ясінскі застаўся не ўбачаным. Ды тут было ўжо не да асабістых амбіцый. Гінула справа, дзеля якой ахвяравалі ўсім паўстанцы, пакуль ішлі пошукі кіраўніка паўстання «на Літве»...

Самае галоўнае — быў страчаны час. Перавага паўстанцаў, якую яны часова атрымалі зза рашучасці і нечаканасці сваіх дзеянняў на пачатку паўстання, была пад канец чэрвеня страчана. Адсутнасць у гэткай сітуацыі дзейснай кансалідуючай улады аслабіла паўстанцкі рух.

Але адсутнасць належнага ўзаемадзеяння ў паўстанцкім войску вымушала шукаць новых форм па яго наладжванні. Падчас паўстання 1794 г. на Беларусі знайшоў ужытак новы для тых часоў інстытут кіравання паўстанцкім рухам. Літоўская Рада, Часовая Рада ў Варшаве, а потым і Найвышэйшая Нацыянальная Рада, па прыкладу французскай рэвалюцыі, сталі накіроўваць у паўстанцкія атрады спецыяльных сваіх прадстаўнікоў — камісараў. Яны мелі адпаведныя абавязкі і правы, зацверджаныя вышэйшымі органамі паўстання. Перш за ўсё яны павінны былі аказваць вайсковым камандзірам дапамогу ў арганізацыі «паспалітага рушэння», забеспячэнні войска правіянтам і амуніцыяй. 3 іх удзелам маглі распрацоўвацца планы вайсковых дзеянняў. Аднак, у адрозненне ад французскіх, паўстанцкія камісары не мелі права напачатку ажыццяўляць вышэйшы кантроль над дзейнасцю вайсковых камандзіраў, адхіляць іх ад пасад, аддаваць пад арышт і г. д.

Увядзенне інстытута «камісараў» пры войску, «прадстаўнікоў» вышэйшых улад, павінна было забяспечыць больш трывалую сувязь з аддаленымі тэрыторыямі, наладзіць узаемадзеянне паміж паўстанцкімі атрадамі. Ва ўмовах адсутнасці належнай субардынацыі паміж часткамі войска, як гэта было ў Вялікім княстве, камісары павінны былі забяспечваць выкананне рашэнняў Літоўскай Рады. Упершыню рашэнне Літоўскай Рады аб дэлегаванні сваіх прадстаўнікоў у паўстанцкія аддзелы было прынята ў сярэдзіне мая. 14 мая Антон Прозар на падставе даручэння Рады прызначаць яе сяброў «да ўсіх калон войска літоўскага» быў накіраваны да «дывізіі» А. Хлявінскага. 16 мая Рада прызначае яшчэ двух сваіх камісараў — Міхала Граноўскага і Мікалая Мараўскага — да «дывізіі» Ф. Сапегі. Не было зроблена і выключэнне для Я. Ясінскага. У яго «дывізію» быў накіраваны прадстаўнік Літоўскай Рады — Леанард Эйдзятовіч.

Па магчымасці кожныя суткі прадстаўнікі Рады павінны былі накіроўваць у Вільню рапарты аб стане спраў у вызначаных ім паўстанцкіх частках. У дачыненні да А. Хлявінскага і асабліва Ф. Сапегі іх «кіруючая» роля была мінімальнай. І Хлявінскі, і Сапега досыць апазіцыйна ставіліся да самой Рады, а не толькі да нейкіх яе прадстаўнікоў. Але больш цесная сувязь паміж паўстанцкімі сіламі, рэгулярная перадача патрэбнай інфармацыі былі ўстаноўлены. Вольніца апазіцыянераў хоць такім чынам крыху была абмежавана.

Падобны, хаця і крыху іншы, характар мелі місіі прадстаўнікоў — «паўнамоцнікаў» на Беларусь з Варшавы ад Часовай, а потым і ад Найвышэйшай Нацыянальнай Рады.

Яшчэ 26 красавіка, па атрыманні першых звестак аб пачатку паўстання, Часовая Рада ў Варшаве накіроўвае ў Вялікае княства сваіх спецыяльных прадстаўнікоў Яна Гарайна і Аўгуста Гажэнскага. Мэтай іх місіі была падтрымка «маючага распачацца Акта Паўстання Народу ў Вялікім княстве Літоўскім». Яны павінны былі таксама ўстанавіць кантакты з паўстанцамі на беларускалітоўскіх землях, «каб надаць усяму паўстанню аднастайны характар». Таму Часовая Рада ў Варшаве ўпаўнаважыла Гарайна і Гажэнскага па прыбыцці да месцаў збору паўстанцаў «паведаміць ім аб усіх падрабязнасцях Кракаўскага акта і іншых дакументах, да яго дапасаваных». У кампетэнцыю высланнікаў варшаўскай Рады ўваходзіла абмеркаванне «разам з грамадзянствам княства» як мага найлепшага спосабу развіцця паўстання. Павінны былі быць абумоўлены таксама формы сувязі з ваяводствамі і паветамі.

Звяртае на сябе ўвагу наступная акалічнасць: аб паўстанні «на Літве» размова ідзе як яшчэ аб маючай адбыцца падзеі. Першыя паведамленні аб паўстанцкім руху ў Шаўлях і ў Заблудаве (Беласточчына) разглядаюцца толькі ў якасці першапачатковых намераў. Пра падзеі ў Вільні яшчэ нічога не вядома, і таму пра іх нават не ўпамінаецца. Можа, таму Часовая Рада ў Варшаве ў адозве да «літоўскіх грамадзян» 27 красавіка цэнтрам абвяшчэння акта аб «агульналітоўскім» паўстанні бачыць невялікі Бельск на Беласточчыне. Здаецца, для такога выбару былі і неабходныя абгрунтаванні: спрыяльнае месца для збору паўстанцаў, добрая магчымасць сувязі адтуль з А. Хлявінскім у Жамойці, блізкасць да Варшавы... Усё гэта, хоць і ўскосным чынам, сведчыць аб тым, што на той момант узаемаўзгодненага паміж Варшавай і Вільняй плана паўстання не мелася. Сапраўды, у Бельску ў самыя апошнія дні красавіка сабралася каля 3 тысяч літоўскага войска пад часовым камандаваннем Францішка Сапегі, якія аб'явілі аб сваім далучэнні да паўстання. Гэта падзея звязана таксама і з місіяй ГарайнаГажэнскага. А тым часам, відаць, ужо прыйшлі і звесткі аб падзеях у Вільні. Як паведамлялі 5 мая Гарайн і Гажэнскі з Бельска ў Варшаву: «Уздым Бярэсця рабіцца будзе зараз жа ў духу Кракаўскага акта, а не Віленскага. Менавіта да ўплыву гэтай місіі трэба аднесці тое, што не ўсе паветы на Беларусі адразу прызналі віленскую ўладу.

21 мая Я. Гарайн і А. Гажэнскі вярнуліся ў Варшаву, дзе склалі падрабязную справаздачу аб сваёй дзейнасці. Але ўжо 1 чэрвеня Найвышэйшая Нацыянальная Рада прымае рашэнне аб накіраванні сябра Рады Алоіза Сулістроўскага «ў Вялікае княства Літоўскае з неабходнасцю вяртання там адзінства».

У чым жа была справа? 30 мая, напярэдадні, Найвышэйшая Нацыянальная Рада атрымала пасланне парадкавай камісіі Гарадзенскага павета, прывезенае спецыяльна для гэтага яе сябрам Янам Камінскім, які быў таксама і асабіста выслуханы. На жаль, сутнасць паслання гарадзенцаў у пратаколах пасяджэнняў ННР не падаецца. Але, відаць, там узнік досыць востры канфлікт, бо Рада тэрмінова вырашыла накіраваць у павет «для паспяховага знаходжання выйсця ў здарыўшыхся абставінах» А. Сулістроўскага.

Ім былі атрыманы для гэтага неабходныя паўнамоцтвы. У афіцыяльным прызначэнні, выдадзеным ННР А. Сулістроўскаму, гаварылася аб «патрэбе самага хуткага вырашэння сітуацыі ў В. Кн. Літоўскім зза адсутнасці згоды і адзінства ў дывізіях войска літоўскага і вайсковых аперацыях там жа». А. Сулістроўскі павінен быў дабіцца адзінства ўсімі прыдатнымі для гэтага сродкамі.

Магчыма, што місія ўпаўнаважанага ННР у дачыненні да Гарадзенскага павета датычылася канфлікту ў дывізіі пад камандаваннем кн. Ф. Сапегі паміж ім і генералам Я. Бяляком, які камандаваў татарскім конным палком. Бяздзейнасць Ф. Сапегі выклікала ўсё большае незадавальненне, у тым ліку і ў старога ваякі Бяляка, што давала падставу для сумнення ў правамоцнасці камандавання Сапегі тымі, хто імкнуўся ў бой. Непаразуменні паміж генераламі не маглі не выклікаць занепакоенасці. Але ННР была занепакоена таксама агульным становішчам у Княстве, перш за ўсё адсутнасцю адзінства ў дзеяннях паміж кіраўнікамі паўстання. Таму, першапачаткова выязджаючы на Гарадзеншчыну з нагоды канкрэтнай канфліктнай сітуацыі, А. Сулістроўскі быў, аднак, надзелены неабходнымі паўнамоцтвамі і «поўнай уладай», якая тычылася ўсяго Вялікага княства Літоўскага.

Каб растлумачыць Літоўскай Радзе свае намеры, ННР 2 чэрвеня прымае рашэнне аб пасланні ў Вільню яе сябра «грамадзяніна Т. Высагерда» з данясеннем. У ім падаваліся прычыны накіравання «да Літвы» А. Сулістроўскага. Паза гэтым Т. Высагерд павінен быў паведаміць у Вільні аб высылцы з Варшавы для літоўскага войска даўно чаканай дапамогі зброяй. Т. Высагерд павёз таксама статуты Цэнтральнай Дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага і павятовых парадкавых камісій, каб згодна з імі праводзілася іх арганізацыя.

Яшчэ праз тыдзень, 8 чэрвеня, ННР, відаць разумеючы, што аднаму А. Сулістроўскаму будзе цяжка справіцца з пастаўленай перад ім мэтай, вырашае накіраваць яму ў дапамогу новага свайго прадстаўніка Я. Коцела. Яму даручалася аказваць дапамогу ў вырашэнні вайсковых спраў нядаўна прызначанаму галоўнакамандуючаму літоўскім войскам М. Вяльгорскаму. Перш за ўсё гэта тычылася спраў, звязаных з наборам «рэкрутаў», забеспячэння войска правіянтам, арганізацыі паспалітага рушэння і яго ўзбраення.

Місія А. Сулістроўскага «на Літве» працягвалася да канца чэрвеня 1794 года. Я. Коцел заставаўся пры сваёй пасадзе крыху даўжэй. Але іх дзейнасць, відаць, не поўнасцю задавольвала ННР у Варшаве. Не давала жаданых вынікаў арганізацыя паспалітага рушэння. Актывізавалася дзейнасць ачуняўшага ад першага постраху расійскага акупацыйнага войска, якое, пераходзячы ў наступленне, звужала тэрыторыю, ахопленую паўстаннем.

Апошняй спробай абаперціся на свайго прадстаўніка«камісара» ў паўстанцкім войску «на Літве» было накіраванне туды ад ННР Караля Прозара. Ён з 18 ліпеня атрымаў ад Т. Касцюшкі асобныя паўнамоцтвы і адначасова быў уведзены ў склад ННР у якасці намесніка. Паўнамоцтва К. Прозара распаўсюджвалася на ўсе «ды­візіі войска В. Кн. Літоўскага». К. Прозар надзяляўся правам адхілення ад камандавання камандзіраў у паспалітым рушэнні ў выпадку невыканання яго загадаў з прызначэннем новых. Ён атрымаў ад Т. Касцюшкі права аддаваць пад крымінальны суд «вінаватых цывільных», «ахалодаўшых да паўстання грамадзян», а таксама магчымасць накіроўваць у трыбунал вайскоўцаў. Цэнтральная Дэпутацыя, «парадкавыя камісіі» абавязваліся выконваць усе распараджэнні прадстаўніка ННР. У адрозненне ад сваіх папярэднікаў Прозар з боку галоўнакамандуючага войскамі Княства павінен быў быць «уведзены у сутнасць агульнага плану вайсковых аперацый».

Такім чынам, былыя сябры Літоўскай Рады А. Сулістроўскі, Я. Коцел і яшчэ ў больш значнай ступені вядомы на Літве ўдзельнік падрыхтоўкі паўстання К. Прозар ад імя ННР атрымалі вельмі шырокія паўнамоцтвы. Па сутнасці, нават Цэнтральная Дэпутацыя павінна была ўсімі сіламі спрыяць выкананню іх патрабаванняў, падпарадкоўвацца іх распараджэнням. Гэта ўсё ж сведчыла аб пэўным недаверы да яе з боку Найвышэйшай Нацыянальнай Рады. У Варшаве хацелі мець уласную інфармацыю з Беларусі і Жамойці і аказваць дзейсны ўплыў на сітуацыю там. Гэта не магло не выклікаць здзіўлення ў сяброў Цэнтральнай Дэпутацыі ў Вільні. Тым болей, што і А. Сулістроўскі, Я. Коцел і К. Прозар атрымалі пасады ў Варшаве, а ў склад Дэпутацыі не ўвайшлі. Яны былі поўнасцю незалежнымі ад віленскіх улад. У такой сітуацыі Цэнтральная Дэпутацыя рабілася ўсё болей «дэкаратыўным» элементам кіраўніцтва паўстаннем.

Адметным момантам паўстання 1794 г. на Беларусі было ўжыванне партызанскіх, дыверсійных форм барацьбы паўстанцамі супраць расійскіх акупацыйных войск. 3 дапамогаю партызанскіх рэйдаў касцюшкаўцы імкнуліся распаўсюдзіць паўстанне за межы ацалелай часткі Вялікага княства Літоўскага на тэрыторыі першага і другога падзелаў. Зрэшты, такая форма барацьбы для Беларусі не была чымсьці зусім новым і нязведаным. За перыяд амаль пастаянных у папярэднія стагоддзі вайсковых захопніцкіх наездаў сквапных суседзяў, калі краіна міжволі рабілася арэнай вырашэння міждзяржаўных спрэчак, відаць, выпрацаваўся ўжо некаторы вопыт змагання з ворагам ва ўмовах часовай акупацыі. Успомнім толькі вайну 1654—1667 гадоў паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, асноўныя падзеі якой разварочваліся на тэрыторыі Беларусі. Шляхецка-сялянскія партызанскія аддзелы тады шырока дзейнічалі супраць рабаўнікоў цара Аляксея Міхайлавіча на Полаччыне, Віцебшчыне, Меншчыне.

Важнасць усеагульнага змагання, неабходнасць яго пашырэння на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, захопленыя ў 1772 і 1793 гадах, добра разумелі ў Літоўскай Радзе з самага пачатку паўстання. Яшчэ 12 мая Рада абавязала Тайную Дэпутацыю распрацаваць «план уваходжання ў старыя межы Масквы», каб «здраднікам правоў Божых, людскасці і народаў як мага большыя рэпрэсаліі ўчыніць».

Есць сведчанні, што яшчэ раней М.К. Агінскі, былы падскарбій літоўскі, сябар Літоўскай Рады, падаў ідэю рэйдаў за маскоўскія межы «трох атрадаў па некалькі соцень чалавек».

1 чэрвеня Я. Ясінскі выдаў свой знакаміты «Універсал» да павятовых генерал-маёраў аб тэрміновай арганізацыі спецыяльных дыверсійных конных 300-асабовых атрадаў. Яны павінны былі ўвайсці ў межы другога і першага падзелаў, адцягауць на сябе сілы расійцаў, сеяць паніку, адначасова ўздымаючы на паўстанне тутэйшае сялянства і шляхту. Тым самым на два тыдні Я. Ясінскі апярэдзіў з'яўленне падобнага «універсалу» Касцюшкі ад 15 чэрвеня. У ім, звяртаючыся да ННР, Т. Касцюшка адзначаў, што арганізацыя «паспалітага рушэння» і ўступленне на тэрыторыі, забраныя праз падзелы ад Рэчы Паспалітай, «павінны быць на гэты момант найпершай нашай працай». Пры гэтым ён спецыяльна адзначыў, што «ў Літве генерал Ясінскі апярэдзіў маю думку, калі выдаў да сваіх суайчыннікаў праўдзівыя адозвы ў тым духу і з тымі прадпісаннямі, якіх парадак рэчаў вымагае і якія на ўвесь край павінны быць распаўсюджаныя».

«Праўдзівыя адозвы» Ясінскага былі вытрыманы ў досыць суровым тоне. Ва «Універсале» ён, ставячы задачу перад атрадамі, якія «ўваходзілі б на расійскую тэрыторыю», заклікаў іх «там так дзейнічаць, як Масква дзейнічае ў краі нашым». Тыя, хто ўхіляецца без здавальняючых прычын ад выканання гэтага загаду, гаварылася ва «Універсале», будуць аддадзены пад суд, а іх маёмасць будзе канфіскавана на карысць патрыётаў Бацькаўшчыны.

Апрача «Універсалу» Я. Ясінскім была складзена і «Інструкцыя для ўваходзячых у кардон расійскі». Разам з вырашэннем арганізацыйных пытанняў у «Інструкцыі» асаблівае месца адводзілася ўздзеянню на мясцовае насельніцтва. Так, у пункце чацвёртым інструкцыі гаварылася: «Пры ўваходзе да кожнага мястэчка альбо парафіяльнай вёскі запатрабаваць ад святара, каб звонам склікаўшы людзей адчытаў наяўную адозву перад імі і копію яе на дзвярах касцельных прыбіць загадаў». Гэтая копія павінна была быць зацверджана подпісам камандзіра паўстанцкага атрада. Калі ж святар адмовіцца выканаць гэты загад, то яго дом і маёмасць рабіліся вольнымі для спажывы жаўнераў, а сам ён павінен быў быць пераправаджаны на суд да Ясінскага.

У інструкцыі гаварылася, што, заахвочваючы паўсюдна «шляхту і люд да падобнага паўстання, трэба з сялянствам як найлепей, па-людску абыходзіцца». А з шляхты «тыя толькі маёнткі падлягалі рабунку, уладальнікі якіх былі папярэдне абвінавачаныя рэвалюцыйным судом і тыя, якія ўпарта ад сядання на каня ўхіляюцца». Ніякага абмежавання для разграблення і руйнавання маёнткаў не прадугледжвалася толькі для «шляхты расійскай», г. зн. наезнай.

У той жа час інструкцыя папярэджвала, што забойства безабароннага чалавека, тым болей не вінаватага селяніна, «будзе карацца смерцю». Партызанскія, дыверсійныя дзеянні на «чужой» тэрыторыі павінны былі весціся ажно да таго часу, пакуль «хоць адзін яшчэ ўзброены расійскі салдат застанецца».

Наўрад ці можна папракнуць Я. Ясінскага ў тым, што ў гэтых дакументах ён быў занадта радыкальны. Суровым быў тон і «Універсалу» і «Інструкцыі» для «літоўскай шляхты», як закардоннай, так і той, што знаходзілася на тэрыторыі Княства. Але і паўстанне вымагала напружання ўсіх сіл, зладжанасці і самаахвярнасці ў дзеяннях паўстанцаў. Тут было не да лагоды...

Стратэгічны план вядзення партызанскіх дзеянняў прадугледжваў акружэнне і заняцце Мінска паўстанцкімі атрадамі, якія б дзейнічалі ў тыле расійцаў. Але ўжо пад канец мая ўздоўж мяжы другога падзелу былі досыць шчыльна размешчаны расійскія войскі. Спачатку неаднаразовыя спробы прабіцца праз гэтую мяжу не прыводзілі да поспеху. Справа зводзілася да нязначных разведвальных рэйдаў. Так, у канцы мая Я. Ясінскі з «немалым атрадам стаяў у Іўі». Адтуль ён направіў за кардон, праз Нёман «дзеля постраху расійцаў», якія стаялі абозам пад в. Мікалаева, невялікі 60-асабовы атрад пад камандаваннем паручніка Каспера Корсака. К. Корсак разбіў нешматлікі атрад расійскіх «карабінераў», захапіў палоннага і вярнуўся назад. Сапраўды стратэгічны плён гэтай аперацыі быў невялікі, але «пострах» быў немалы, бо расійцы, знаходзячыся ў пастаянным напружанні, чакалі падыходу больш значных сіл паўстанцаў.

Усё ж Ясінскі справядліва лічыў вельмі патрэбным пашырэнне партызанскіх дзеянняў і невялікімі атрадамі ў «кародоне расійскім», асабліва на Меншчыне, як адну з галоўных умоў поспеху паўстання. Ён слушна меркаваў, што такія акцыі прывядуць да расшчаплення і аслаблення варожага войска, дазволяць больш упэўнена дзейнічаць асноўным сілам паўстанцаў.

Таму ў першых днях чэрвеня Я. Ясінскі з прыхільнасцю сустрэў прадстаўлены Міхалам Клеафасам Агінскім план «уварвання на Беларусь». На Меншчыне і Магілёўшчыне знаходзіліся вялікія, праўда секвестраваныя расійскімі ўладамі, уладанні магнатаў Агінскіх. Сам М. К. Агінскі прадугледжваў, што калі дасць «тутэйшым сялянам волю», то прыдбае ў паўстанцкае войска не менш 12 тысяч чалавек.

Яшчэ да гэтага М. Агінскі быў абраны мяшчанствам Вільні і зацверджаны Літоўскай Радай камандзірам атрада стральцоў-добраахвотнікаў. Ён за ўласны кошт экіпіраваў і узброіў гэты 480асабовы атрад. Значная сума ў 100 тыс. злотых была ахвяравана М. Агінскім і на ўзбраенне коннага палка К. Нагурскага.

М. К. Агінскі ніколі не быў вайскоўцам, не меў ніякага вопыту камандавання, але ўсё ж вырашыў узначаліць партызанскі рэйд. На гэта магло быць некалькі прычын. М. Агінскі стараўся як найхутчэй загладзіць успаміны аб супрацоўніцтве з Таргавіцай і яе правадыром у Вялікім княстве Літоўскім С. Касакоўскім, з дапамогай якога ён атрымаў уплывовую пасаду вялікага падскарбія літоўскага — па сутнасці міністра фінансаў. А можа, ён хацеў тым самым загладзіць ужо больш блізкі свой «грэх»... Справа ў тым, што хутка пасля павешання ў Вільні бліжэйшага паплечніка гетмана С. Касакоўскага, былога маршалка віленскай таргавіцкай Канфедэрацыі Швыйкоўскага, якое адбылося 14 мая, М. К. Агінскі вырашае выехаць спачатку з Вільні, а потым і з Літвы ўвогуле. Прычым знешне гэта не выглядала як уцёк — ён суправаджаў захварэўшую жонку, якая накіравалася ў адзін з маёнткаў Агінскіх пад Варшаву. Але недзе за Гародняй на мяжы Беларусі і Польшчы нейкі пільны шляхціц Гушча выпадкова затрымаў карэту Агінскіх і... ўвайшоў у гісторыю. У Агінскага не было пашпарта на выезд з Княства, які выдаваўся Літоўскай Радай, і шляхціц Гушча абвінаваціў затрыманага ў спробе ўцячы ў Прусію, ратуючы сваё жыццё. Пад арыштам М. Агінскі быў дастаўлены ў Гародню, а потым для далейшага разбору ў Вільню. Справа набыла гучны розгалас, на рэпутацыю М. Агінскага нечакана быў кінуты цень. Гэта дало, у прыватнасці, падставу А. Хлявінскаму, скарыстаўшыся з «уцёкаў» сябра Літоўскай Рады М. Агінскага, узяць пад падазрэнне ў лісце да Касцюшкі ўвесь яе склад як выпадковы і некампетэнтны. Выключаючы, канешне, сябе. У Вільні Агінскі канчаткова змог апраўдацца, а Літоўская Рада афіцыйна выказала яму свой давер. А пра пільнага шляхціца Гушчу засталася ў народзе прымаўка: «Шляхціц Гушча да Прусаў не пушча»...

Вось менавіта ў такіх, не вельмі карысных для сябе абставінах і прадставіў М. Агінскі Я. Ясінскаму свой план «уварвання на Беларусь». Трэба было ратаваць свой гонар, і былы пасол Рэчы Паспалітай у Галандыі і Англіі, які акрамя пяра і смыка скрыпкі нічога цяжэйшага ў руцэ не трымаў, на злом галавы кінуўся ў рызыкоўную справу.

Праз некалькі дзён пасля таго як Я. Ясінскі ўхваліў яго праект у цэлым, М. К. Агінскі сакрэтна з дзвюма сотнямі кавалсрыі пад камандаваннем маёра Корсака і 300 чалавек свайго атрада стральцоў пакідае Вільню. Атрад меў перш за ўсё на мэце зрабіць нешта накшталт разведвальнага рэйду ў накірунку Менска.

Хутка адбылася і першая сутычка. Пры нападзе на невялікі гарнізон расійскай арміі ў Валожыне атрад М. Агінскага захапіў значныя запасы вайсковай амуніцыі і харч;івання, нарыхтаваных там. Абозам пад аховай 20 конных гэтыя трафеі былі адпраўлены да галоўнай кватэры паўстанцаў на Беларусі пад Ашмяны. Абоз дайшоў да месца прызначэння, але ахова назад не вярнулася. Гэта сведчыла аб тым, што дарогі былі ўжо перарэзаныя. Некалькі конных казакоў здолелі ўцячы пры нападзе на валожынскі гарнізон і паднялі трывогу ў наваколлі.

Пасля Валожына атрад М. Агінскага рушыў пад Івянец. Прыйшоўшы туды, паўстанцы не засталі ўвогуле ніякага войска. Затое яны знайшлі там поўныя вайсковыя склады, нарыхтаваныя расійскімі камандамі.

Кіруючыся папярэднім планам, М. Агінскі павінен быў рухацца далей, у глыб Менскага ваяводства. Але і багатая здабыча таксама не магла быць пакінута. Да таго ж да М. Агінскага дайшлі весткі, што мінскі губернатар Няплюеў нібыта сабраў у горадзе ўсё ваколічнае войска, узмацніў яго абарону. Гэта не адпавядала аднак рэчаіснасці, як і тое, што Няплюеў размясціў паза мурамі Менска «вялікую колькасць узброеных сялян (?), каб іх выставіць на першую атаку». Так ці інакш, але гэтыя звесткі і ўсведамленне недастатковасці ўласных сіл урэшце схілілі М. Агінскага да рашэння, каб, склаўшы абоз, павярнуць назад на злучэнне з паўстанцамі. А абоз атрымаўся не малы — 200 сялянскіх вазоў. Пад вечар паўстанцы вырушылі з Івянца на Бакшты праз лес цяжкай, не самай зручнай дарогай.

Але пад Вішневам, абцяжараны здабычай, атрад М. Агінскага быў насцігнуты і разбіты расійскімі атрадамі пад камандаваннем М. Зубава і Бенінгсена. Была страчана ўся здабыча. Толькі рэшткі атрада, 150 чалавек кавалерыі, выйшлі пад Крэва, дзе і злучыліся з авангардам паўстанцаў. Туды ж крыху пазней дабралася частка стральцоў з атрада М. Агінскага.

Калі М. Агінскі з'явіўся ў Ашмянах з рапартам да Я. Ясінскага, той, нягледзячы на няўдачу разведвальнага рэйду, сустрэў яго прыязна, нават падбадзёрыў. Потым М. Агінскі выехаў у Вільню. І там ужо застаў змены ў кіраўніцтве паўстаннем у Вялікім княстве Літоўскім. Я.

Ясінскі быў адхілены. М. Агінскі заўважыў, што ў Вільні гэта падзея аднымі была сустрэта з горыччу, іншымі ж — з непрыхаванай радасцю. Сам М. Агінскі не адносіўся да прыхільнікаў Ясінскага, лічыў яго занадта «экзальтаваным рэвалюцыянерам».

М. Вяльгорскі неўзабаве накіроўвае М. Агінскага пад Варшаву да галоўнай кватэры начальніка паўстання з рапартам аб становішчы «на Літве». У ім адзначаўся, між іншым, востры недахоп зброі, амуніцыі, была і просьба аб дапамозе войскам.

29 чэрвеня М. Агінскі ўжо быў у Т. Касцюшкі. Начальнік паўстання адзначыў, што М. Агінскі «заслужыў сабе ўдзячнасць ад народу». Рэйд атрада М. Агінскага Т. Касцюшка назваў той падыходзячай для паўстання формай партызанскай вайны, якую як мага больш трэба старацца пашыраць. Ён таксама адзначыў, што дыверсійныя дзеянні Т. Ваўжэцкага ў Курляндыі, М. Агінскага пад Менскам ужо тым карысныя, што непакояць ворага, не даюць магчымасці да злучэння расійскаму войску, вымушаюць турбавацца забеспячэннем уласнага тылу.

Такім чынам Т. Касцюшка ўхваляў больш сам факт, самую форму змагання, чым канкрэтныя яе вынікі ў выпадку з М. Агінскім, якія былі ўсё ж досыць сумныя.

3 адказам ад Т. Касцюшкі М. Вяльгорскаму падбадзёраны М. Агінскі вярнуўся ізноў на Беларусь. Ён знайшоў камандуючага ў Воранаве, дзе была яго галоўная кватэра. І, дарэчы, атрымаў магчымасць параўнаць побыт Т. Касцюшкі і М. Вяльгорскага. Калі ў лагеры пад Варшавай М. Агінскі зайшоў у палатку, дзе жыў Т. Касцюшка, той адпачываў лежачы на саломе. Магната М. Агінскага ўразіў убор начальніка: ён быў апрануты ў просты сурдут з грубага сялянскага палатна. Сталаваўся Касцюшка таксама надзвычай проста, ні ў чым не адрозніваючыся ад звычайнага паўстанца. У абозе ж М. Вяльгорскага ён застаў бясчыннасць, гульню ў карты, шыкоўнае сталаванне прыбліжаных да камандуючага афіцэраў на фоне галадаючых салдат....

Прэтэнзіі да М. Вяльгорскага мелі не толькі вайскоўцы, але і жыхары Вільні. 18—19 ліпеня расійскія войскі зрабілі першую спробу наступу на Вільню ў мэтах вярнуць горад сабе. Дзякуючы мужнасці і самаахвярнасці ў першую чаргу простых віленцаў Вільню на той раз удалося адстаяць. А камандуючы Вяльгорскі са сваі­мі атрадамі на абарону сталіцы спазніўся і тым заслужыў не самыя добрыя эпітэты ад яе абаронцаў.

Дарэчы, жаданне арганізаваць дыверсійныя рэйды на ўсходнюю частку Беларусі выказвалі і іншыя ахвотнікі. У пратаколах пасяджэнняў Найвышэйшай Нацыянальнай Рады ў Варшаве зафіксаваны адпаведны «мемарыял грамадзяніна Міхалоўскага». 20 чэрвеня ён звярнуўся да Рады з просьбаю дазволіць аб'яднаць сабраны ім люд з «бліжэйшым атрадам рэгулярнага войска». Мэтай такога аб'яднання павінна было стаць «вызваленне з-пад захопу мінскага ваяводства». Хаця такі дазвол і быў яму дадзены, але па нейкіх невядомых нам прычынах самастойна ажыццявіць сваю задуму Міхалоўскаму не ўдалося. Яго атрад уліўся ў больш значнае паўстанцкае фарміраванне пад камандаваннем Стафана Грабоўскага. Менавіта пад кіраўніцтвам апошняга і адбыўся партызанскі рэйд паўстанцаў на Міншчыну. Але да гэтага М. Агінскі яшчэ раз паспеў паспрабаваць пасеяць паніку ў тылах расійцаў. На гэты раз, праўда, ужо ў іншым накірунку.

У канцы ліпеня М. Агінскі звярнуўся да М. Вяльгорскага з просьбаю дазволіць яму «ўчыніць дыверсію» на гэты раз на поўначы Беларусі на мяжы з Інфлянтамі і Курляндыяй. Пры гэтым ён асабліва спасылаўся на пажаданні самога Т. Касцюшкі, які менавіта ў гэтым напрамку раіў Агінскаму пашыраць партызанскія дзеянні. Касцюшка сапраўды лічыў, што «найкарыснейшай была б дыверсія з боку Інфлянт і Курляндыі з мэтай прымусіць маскалёў да падзелу сіл...» Адначасова гэта прымусіла б расійцаў хоць на некаторы час адцягнуць свае войскі ад Вільні, якая з 18—19 ліпеня фактычна знаходзілася, хоць і не ў досыць шчыльнай, аблозе.

Вяльгорскі не адразу, з-за агульнага недахопу ўзбраення і людзей, але згадзіўся. М. Агінскаму было выдзелена толькі 50 чалавек конніцы. Але пры ўваходзе ў паветы Завілейскі (частка былога Ашмянскага), Вілкамірскі і Браслаўскі меркавалася, што да іх далучацца ўзброеныя атрады мясцовай шляхты і сялянства. У сувязі з гэтым М. Вяльгорскі аддаў загад аб падпарадкаванні М. Агінскаму павятовых генерал-маёраў Я. Зянковіча (Завілейскі), К. Беліковіча (Браслаўскі), І. Марыконі (Вілкамірскі), якія ўзначальвалі мясцовую шляхту і сялян-касінераў.

Напачатку невялікі атрад М. Агінскага пакінуў Вільню 1 жніўня 1794 года і праз Немянчын і Свянцяны

рушыў на Браслаўшчыну. М. Агінскаму ўдалося злучыцца з атрадамі тых трох павятовых генерал-маёраў. Яго войска павялічылася да адной тысячы конных. Але палова з іх была дрэнна ўзброена, мела кепскіх коней. Пяхоты было каля паўтары тысячы чалавек. 3 іх толькі каля трохсот чалавек мелі стрэльбы. Астатнія ж тысяча дзвесце чалавек былі ўзброены толькі косамі, асаджанымі, як пікі. Гэта былі мясцовыя сяляне — касінеры. Наяўнасць артылерыі абмяжоўвалася дзвюма невялічкімі гарматамі.

Сам М. Агінскі называў сваё войска самаахвярным і самаадданым, але, на жаль, кепска дысцыплінаваным. Для неабходнага яго навучання і падрыхтоўкі не было часу. Наўрад ці яно магло ўяўляць сур'ёзную пагрозу для вышкаленых рэгулярных атрадаў расійскага войска. Але ўсё ж з'яўленне досыць далёка ў тыле расійцаў невядомага паўстанцкага атрада нарабіла напачатку вялікага постраху. Урэшце паўстанцы і разлічвалі на гэта. Магчыма, у гэтым адыграў сваю ролю і «дэзынфармацыйны прыём», ужыты М. Агінскім падчас свайго рэйду. Ён часта выдаваў пісьмовыя загады па наваколлі аб дастаўцы да яго атрада жыўнасці і фуражу з разлікам нібыта на 6-тысячны «корпус. Дадаткова М. Агінскі «прагаворваўся», што мае даволі значны запас артылерыі. Часова гэты прыём спрацоўваў, даючы паўстанцам, хай сабе, толькі псіхалагічную перавагу.

Дайшоўшы да Дусят, М. Агінскі пакідае там большасць свайго атрада. Адтуль, забраўшы з сабою найбольш падрыхтаваных і лепш узброеных трыста чалавек конных, ён накіроўваецца да Дзвіны, на Дынабург (Дзвінск). Але непрыкметна падысці да горада, які знаходзіўся на другім беразе ракі, не ўдалося. Заўважыўшы паўстанцкі атрад, камендант дынабургскага гарнізона абвясціў трывогу па наваколлі. У самім Дынабургу пачаліся прыгатаванні да адпору. На крыху заўчаснае патрабаванне М. Агінскага аб капітуляцыі была атрымана адмова. М. Агінскі не спяшаўся перапраўляць свае асноўныя сілы на другі бок ракі. 3 мэтаю разведкі за кіламетры тры ўніз па Дзвіне пераправіўся толькі невялікі атрад пад камандаю Тадэвуша Гарадзенскага. У той час, калі М. Агінскі ўжо вырашыў вяртацца ў Дусяты, атрад Гарадзенскага 4 жніўня ўвар­ваўся на драўляную ўскраіну горада. Ад страляніны загарэліся саламяныя стрэхі дамоў і пачаўся пажар. Улічваючы недахоп сіл, Гарадзенскі пасля кароткага бою вымушаны быў адысці са сваім атрадам на злучэнне з асноўнай сілай паўстанцаў. Па дарозе яму ўдалося захапіць у палон двух расійскіх афіцэраў з сакрэтным пасланнем М. Рапніну з Пецярбурга і вялікай поштай. Усё захопленае ў кур'ераў было тэрмінова перапраўлена да Касцюшкі.

Неўзабаве да Дусят, дзе зноў сабраліся паўстанцы, дайшла вестка аб захопе 12 жніўня Вільні расійскім войскам. Гэта кардынальна мяняла ўсю сітуацыю: паўстанцы з атрада М. Агінскага апынуліся ў глыбокім тыле. Агінскі здаў камандаванне атрадам Марыконі і пакінуў Браслаўшчыну. Не ўдалося дасягнуць яму вялікіх поспехаў у сутычках з ворагам, але і абвінаваціць будучага аўтара знакамітага паланеза ў сузіральніцтве і бяздзейнасці ніхто не меў права. Ды і сам М. Агінскі свой рэйд на Дынабург цалкам няўдалым не лічыў. Ён, не без падстаў, сцвярджаў, што ўсё ж адцягауў на сябе нейкую частку войска, папсаваў яму камунікацыі.

Занепакоенасць расійскіх уладаў падзеямі на поўначы Беларусі была не дарэмнай. Тым болыл што неўзабаве на Міншчыну ўварваўся другі атрад паўстанцаў пад камандаваннем палкоўніка Стафана Грабоўскага. Ёсць падставы для меркавання, што расійцы партызанскія рэйды М. Агінскага і С. Грабоўскага лічылі ўзаемазвязанымі часткамі выпрацаванага ў кіраўніцтве паўстання агульнага плана, які грунтаваўся на перамяшчэннях паўстанцаў аж у глыбіню Расіі.

Па атрыманні весткі аб капітуляцыі Вільні С. Грабоўскі звярнуўся да Вяльгорскага з прапановай. Сутнасць яе оыла ў тым, каб пад яго, Грабоўскага, камандаваннем у межы другога і першага падзелаў у тыл ворага быў накіраваны «корпус» з мэтаю як найдаўжэйшага адцягнення ўвагі расійцаў. Мелася пры гэтым таксама на ўвазе даць магчымасць паўстанцкаму войску пасля страты Вільні перагрупаваць свае сілы.

Калі дазвол М. Вяльгорскага быў атрыманы, атрад С. Грабоўскага, які налічваў каля 3 тысяч чалавек з пяццю гарматамі, перайшоў каля Івянца мяжу і 17 жніўня ўварваўся на Міншчыну. Да гэтага яшчэ 15 жніўня паўстанцы, як бы ў якасці падрыхтоўкі, мелі ўдалую сутычку з атрадам маёра Дэмэтра пад Іўем, імі былі спалены наведзеныя расійцамі масты праз Нёман. Тэрмінова на Міншчыну і наогул на Беларусь для ліквідацыі атрада С. Грабоўскага было паслана пяць буйных, добра ўзброеных вайсковых атрадаў на чале з Цыцыянавым, Германам, Мілерам, Ланскім і Львсвым. Агульная іх колькасць перавышала пяць тысяч чалавек. Маючы перад сабою такую значную вайсковую сілу, С. Грабоўскі вымушаны быў адмовіцца ад намеру пашырэння паўстання ў цэнтральнай і ўсходняй Беларусі. Заставалася толькі праз дыверсійныя аперацыі, невялікія сутычкі прымусіць непрыяцеля ісці за сабой, адцягваючы яго з Віленшчыны, Гарадзеншчыны ды Берасцейшчыны.

Ядро атрада паўстанцаў складала частка рэгулярнага літоўскага войска, якая яшчэ ўдзельнічала ў вызваленні Вільні. Большасць жа яго была складзена з недастаткова ўзброенай шляхты і сялянства, малазнаёмых з вайсковай справай. Па сведчанні аднаго палоннага расійца, трапіўшага да паўстанцаў, атрад С. Грабоўскага складаўся з «панічоў», дзяцей шляхецкіх і «простай» шляхты. Гэтыя так званыя «панічы» часта былі без абутку, некаторыя ў «лахманах»... Але ўсе яны, як сведчыў палонны, гатовыя былі памерці альбо перамагчы. Агульным недахопам такіх недасведчаных вайскова-цывільных фарміраванняў, а атрад С. Грабоўскага не быў выключэннем, была адсутнасць належнай дысцыпліны і арганізаванасці.

Упершыню 23 жніўня ар'ергард паўстанцаў сутыкнуўся з казацкім раз'ездам, пасланым з Менска да Ракава ў разведку. Адбылася невялікая, але жорсткая сутычка. Адзін з казакоў трапіў у палон, але астатнія з трывожнаю весткаю аб набліжэнні да Менска «мяцежнікаў» прыгарцавалі ў горад, чым і нарабілі там вялікага перапалоху. Гарнізон горада налічваў толькі дзве сотні салдат і сур'ёзнага супраціўлення паўстанцам даць бы не змог. Тэрмінова для эвакуацыі ў Слуцк былі падрыхтаваны губернская каса, архіў.

Відаць, у адчаі, каб «затрымаць мяцежнікаў» і ў чаканні магчымага падыходу ў горад падмацаванняў, менскі губернатар Няплюеў каля поўначы таго ж дня высылае насустрач паўстанцам эскадрон драгун. Але ўжо ў гадзіну ночы ў Менск уваходзіць данскі полк казакоў з дзвюма гарматамі пад камандаваннем прэм'ер-маёра Шчадрова. Ледзь-ледзь адпачыўшы, полк выступіў услед за эскадронам насустрач атраду С. Грабоўскага. А раніцою асмялеўшы губернатар сам вывеў за горад дзвесце чалавек пяхоты з дзвюма гарматамі і таксама рыхтаваўся рушыць услед за данцамі.

3 высланымі насустрач паўстанцам расійцамі і сутыкнулася раніцою 24 жніўня частка атрада С. Грабоўскага. У дзесяці вярстах ад Менска на Ракаўскім гасцінцы адбылася сутычка. Паўстанцы, аднак, не чакалі больш-менш значнай вайсковай прысутнасці непрыяцеля на сваім шляху і пасля кароткага бою павярнулі ў бок Койданава. Потым у ноч з 24 на 25 жніўня атрад, прыняўшы правільнае рашэнне абысці Менск, праз вёскі Дудзічы, Лапічы і мястэчка Свіслач накіраваўся на Пухавічы. У Пухавічах падначаленыя С. Грабоўскаму камандзіры запатрабавалі «вайсковай рады», каб вырашыць, што рабіць далей, калі адна з галоўных мэт рэйду — узяцце Менска — адкладваецца. Некаторыя выказаліся за вяртанне ў «Літву ці ў Карону». Але пад уплывам С. Грабоўскага большасць вырашыла прадоўжыць рэйд, каб ісці далей па Беларусі і «ўрэшце ці прапасці, ці, скарыстаўшыся з добрага месцазнаходжання, мець добрыя кандыцыі». Дарэчы, Т. Касцюшка выправу

С. Грабоўскага палічыў несвоечасовай. Ён нават загадаў С. Макраноўскаму, каб той тэрмінова накіраваў кур'ера да Грабоўскага з загадам рушыць хуткім маршам на злучэнне з асноўнымі сіламі паўстанцаў у Вялікім княстве Літоўскім. Але, відаць, загад той да С. Грабоўскага не дайшоў.

А тым часам становішча расійскага войска ў Менску значна палепшылася. У горад 25 жніўня ўступіў яшчэ адзін данскі полк пад камандаваннем прэм'ер-маёра Ілавайскага. У дадатак ужо з-пад узятай Вільні прыйшоў моцны атрад палкоўніка Мілера з некалькімі гарматамі. Праўда, снарадаў у яго зусім не было. Але калі шанцуе, дык шанцуе. У гэты ж дзень у Менск прыбывае «транспарт» са снарадамі, які накіроўваўся з Полацка ў Нясвіж. Відавочна, ён быў затрыманы Няплюевым з той нагоды, што паўстанцы перарэзалі ўсе шляхі... Губернатар атрымаў магчымасць накіраваць у пагоню за атрадам С. Грабоўскага казацкі полк Ілавайскага і атрад Мілера з усё тым жа эскадронам драгун пры шасці гарматах. А 27 жніўня ў Менск прыбывае са сваім вялікім атрадам рухавы грузін П. Цыцыянаў. Атрымаўшы звесткі аб паўстанцах, ён зараз жа рушыў з Менска, маючы намер абысці іх з другога боку. Як бы тое ні было, але адна з мэт рэйду С. Грабоўскага апраўдвалася: паўстанцы сцягвалі на сябе значныя сілы ворага.

Атрад С. Грабоўскага, між тым, рухаўся ўжо на Бабруйск. Як і раней, ідучы на Менск, паўстанцы разбуралі на сваім шляху масты, псавалі дарогі, завальваючы іх засекамі, захоплівалі расійскія пасты. Атрад увайшоў у Бабруйск ноччу 30 жніўня. Пры гэтым быў цалкам знішчаны невялікі бабруйскі гарнізон. Але пагоня была ўжо зусім побач. Таму С. Грабоўскі прыняў рашэнне адразу ж павярнуць свае сілы ў другі бок — на Глуск і Слуцк.

Тут трэба сказаць, што пагоню за паўстанцамі стрымлівалі не толькі засекі, завалы ды спаленыя масты. Пэўны час сярод расійцаў існавала паніка. Значна перабольшваліся колькасць, магчымасць і намеры атрада. Хадзілі чуткі, што атрад С. Грабоўскага складае ажно восем тысяч чалавек. Князь М. Рапнін наогул не мог уцяміць «дёрзостное стремленне сих мятежннков, пустившихся в глубнну наших границ». Ва ўсім гэтым ён тым не меней бачыў безумоўную згоду з паўстанцамі мясцовых жыхароў. Бо паўстанцы без цяжкасці зна­ходзілі папярэдне падрыхтаваныя падводы і харчаванне ў тых месцах, куды накіроўваліся.

 


У вялікі страх увагналі «грабоўчыкі» быўшага ў Слуцку архіепіскапа менскага Віктара Садкоўскага. Ён намерваўся па царкоўных справах накіравацца да Кіева, але паўстанцы парушылі яго планы. В. Садкоўскі ўсё ж вырашыў, узяўшы ахову з 20 салдат, пакінуць Слуцк, які нечакана стаў небяспечным месцам. Але ў трыццаці кіламетрах ад горада архіепіскап ледзь не трапляе ў рукі паўстанцаў. Яго ахова разбеглася, а сам ён, «моцна перапалохаўшыся», вяртаецца назад. Страшным відовішчам у вачах архіепіскапа стаяла, відаць, постаць павешанага за супрацоўніцтва з расійскімі ўладамі інфлянцкага біскупа Я. Касакоўскага. І В. Садкоўскі нездарма падазраваў паўстанцаў, як ён потым пісаў, — «ищущих примером Коссаковского души моея». Вярнуўшыся ў Слуцк, архіепіскап захварэў і «без памяці» праляжаў у слуцкай крэпасці некалькі сутак. Што ж, папроку В. Садкоўскі не заслугоўвае. Быў у яго і асабісты адмоўны вопыт знаёмства па абыходжанні з ім у Рэчы Паспалітай яшчэ ў мірныя часы. 3 1788 па 1792 год знаходзіўся ён у зняволенні ў Варшаве, а потым у Чанстахове. Тады Садкоўскага бяздоказна падазравалі ў падрыхтоўцы да паўстання супраць Варшавы праваслаўнага насельніцтва Беларусі.

Хваляванні В. Садкоўскага ўсё ж былі дарэмнымі. Да Слуцка атраду С. Грабоўскага дайсці не ўдалося. Пад Любанню шлях яму перагарадзіў Цыцыянаў з чатырма тысячамі войска. 4 верасня адбылася бітва, якая ішла цэлы дзень. Прычым С. Грабоўскі апынуўся там амаль без пяхоты і часткі конніцы, якія не змаглі напярэдадні пераправіцца праз раку і прайсці балотамі з-пад Глуска пад Любань. Паўстанцы біліся мужна, гэта адзначыў потым у рапарце і сам Цыцыянаў, але ўсё ж прайгралі і вымушаны былі капітуляваць. Сілы былі занадта няроўныя. 3 атрадам у 250 чалавек пяхоты, сярод якой нямала было касінераў, С. Грабоўскі вымушаны быў згадзіцца з прапановай «ганаровай» капітуляцыі.

Спачатку паўстанцы з атрада Грабоўскага былі накіраваныя пад Смаленск. Там усе афіцэры былі падрабязна дапытаныя ў спецыяльнай смаленскай следчай камісіі. Праз яе, дарэчы, пасля паражэння паўстання, прайшлі амаль усе беларускія касцюшкаўцы. С. Грабоўскі, як і іншыя, быў асуджаны на высланне на поўнач Расіі.

Партызанскія выступленні падчас паўстання на тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на іх агульную няўдачу, застаюцца слаўнымі старонкамі змагання касцюшкаўцаў. Асноўнай прычынай няўдач было тое, што не ўдалося ўзняць на барацьбу колькі-небудзь значныя сілы беларускага сялянства ў межах першага і другога падзелаў. Як, дарэчы, і шукаўшай дзяржаўнага спакою шляхты. Выйсця са свайго прыгаечанага становішча ў паўстанні 1794 года селянін не паспеў яшчэ ў поўнай меры ўбачыць і адчуць.

Акрамя арганізацыі партызанскіх, дыверсійных рэйдаў у межах другога падзелу беларускія касцюшкаўцы змагаліся з расійскімі акупантамі і на ацалелай тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Найбольш значныя бітвы адбыліся пад вёскамі Паляны на Ашмяншчыне і Солы на Смаргоншчыне, ля Крупчыцкага манастыра пад Кобрынам і пад Бярэсцем. Скажам колькі слоў пра іх, узрушым святыя цені палеглых там нашых продкаў...

Галоўным пунктам у стратэгічнай сітуацыі, якая складвалася на пачатку паўстання ва ўзаемадачыненнях паміж паўстанцкімі і расійскімі войскамі, была Вільня. Расійцы добра разумелі ўвесь псіхалагічны ўплыў на развіццё паўстання самога факта страты імі сталіцы краю. Ужо з пачатку мая яны паставілі сабе за галоўную мэту вярнуць страчанае.

7 мая адбылося буйное вайсковае сутыкненне паўстанцкага войска з моцным атрадам палкоўніка Дзеева пад вёскай Паляны, што недалёка ад Ашмян. Я. Ясінскі перад гэтым для прадухілення пагрозы маршу на Вільню палкоўніка М. Дзеева, дзе, па словах апошняга, была «сама сутнасць бунту», сабраў каля двух тысяч рэгулярнага «літоўскага войска». Асобныя яго часткі ўзначальвалі К. Несялоўскі, М. Сулістроўскі, С. Грабоўскі, Я. Мейен. Акрамя гэтага, сілы паўстанцаў напоўніла амаль тысяча мясцовых сялянкасінераў, узброеных пікамі і косамі. Сілы ж М. Дзеева налічвалі больш за 3 тысячы вопытнага і добра ўзброенага рэгулярнага войска.

Напачатку добрая пазіцыя, занятая паўстанцамі, ураўнаважвала сілы супрацьлеглых бакоў і нават стварала добрую магчымасць для перамогі. Зацятая бітва ішла на працягу амаль 6 гадзін. Але потым частка кавалерыі з брыгады М. Сулістроўскага не змагла ўтрымаць сваю пазіцыю пад артылерыйскім абстрэлам, «папсавала ўсё»і прывяла да страт. Услед за гэтым касінеры не вытрымалі напору і таксама пачалі адыходзіць. Атрад Я. Ясінскага страціў некалькі дзесяткаў забітымі, 34 паўстанцы трапілі ў палон, разам з трыма гарматамі. М. Дзееў недалічыўся 174 чалавек забітымі, 327 салдат было паранена. У данясенні ж аб сутычцы пад Палянамі Т. Касцюшку Тайная Дэпутацыя прывяла лічбу забітых расійцаў аж пад 400 чалавек, але гэтыя дадзеныя былі яўна завышаныя. (Дарэчы, рапарты абодвух бакоў аб стратах у той ці іншай бітве амаль заўсёды перабольшвалі страты праціўніка і змяншалі свае. Таму лічбы ў такіх выпадках носяць толькі прыблізны характар.) Нягледзячы на тое што паўстанцы вымушаны былі пакінуць сваю пазіцыю, палкоўнік Дзееў ніяк не мог лічыць сябе пераможцам. Доўгі і цяжкі бой, а таксама панесеныя страты вымусілі праціўнікаў разысціся ў розныя бакі. М. Дзееў са сваім атрадам вымушаны быў адступіць да Смаргоні, каб там злучыцца з атрадам Л. Бенігсена. Ясінскі ж вярнуўся пад Вільню.

Я. Ясінскаму пасля вызвалення Вільні ніяк не ўдавалася праявіць сябе на полі бою, хаця ён пастаянна імкнуўся да гэтага. На прапановы таго ж Ф. Сапегі пазбягаць буйных сутычак, берагчы сілы мала звяртаў увагі. Да таго ж ён добра разумеў, што заткнуць рот сваім нядобразычліўцам, паказаць сваю адпаведнасць пасадзе камандуючага ён зможа не ў махлярскіх рапартах начальніку, а толькі ў бітве. Калі ў Вільні стала вядома аб рашэнні Касцюшкі прызначыць камандуючым паўстанцкімі сіламі ў Вялікім княстве Літоўскім М. Вяльгорскага, Ясінскі толькі і шукаў выпадку давесці ўсім недарэчнасць такога выбару. Урэшце ён вырашыў знішчыць буйныя атрады М. Зубава і Л. Бенігсена агульным лікам каля 5 тысяч чалавек з 16 гарматамі, якія стаялі над вёскай Солы на Смаргоншчыне. У самога ж Ясінскага было каля 4 тысяч паўстанцаў. Ізноў, як і пад Палянамі, у іх складзе налічвалася больш за тысячу сялян-касінераў.

Бітва пад Соламі адбылася 26 чэрвеня, цягнулася больш пяці гадзін. Вырашыла справу перавага расійцаў у артылерыі. Мужна стрымліваючы атакі непрыяцеля, паўстанцы пад канец бою трапілі пад шквальны гарматны агонь і сталі адступаць. У гэтай бітве загінула 15 салдат рэгулярнага войска, больш як 200 касінераў і стральцоў, сярод іх малодшы брат Я. Ясінскага — Язэп. Атрад Ясінскага вымушаны быў адысці з поля бою. Знясілены няўдачай, Ясінскі накіроўваецца ў Вільню, дзе яму не ўдаецца ўгаварыць М. Вяльгорскага самому непасрэдна, а не здалёк, узначаліць вайсковыя дзеянні. 3 13 ліпеня Ясінскі знаходзіцца ў Варшаве. Будучы ў стане нервовага знясілення, зняслаўлены нядобразычліўцамі, расчараваны няўдачамі, ён імкнецца дабіцца сваёй поўнай адстаўкі. Але там жа ён упэўніўся, што яго адхіленне ад камандавання паўстанцкім войскам было вынікам дамаганняў пэўных колаў Вільні, а не якой-небудзь уласнай ініцыятывы Т. Касцюшкі, і вырашае застацца на службе.

Потым, на кароткі час, апошні раз Я. Ясінскі з'яўляецца ў сталіцы Княства. Яго яшчэ мучыць думка, што самаахвярнасць аказалася непатрэбнай тым, дзеля каго ён згодзен быў аддаць жыццё. 22 ліпеня ў газеце «Нарадова Віленьска» з'яўляецца развітальны ліст Я. Ясінскага. Ён піша, што, будучы ў Варшаве, пераканаўся ў «неаднаразовых жаданнях Літвы сваёй адстаўкі», што «Начальнік, дагаджаючы жаданням правінцыі, быў вымушаны даць туды камандуючага ад свайго імя...» І далей Я. Ясінскі звяртаецца да ліцвінаў: «Шаноўныя грамадзяне! Калі такое ваша жаданне, воля ваша ёсць маім законам; шкадую, што не гледзячы на мае намаганні, да сэрца вам не прыйшоўся, але зза гэтага не меней вас кахаю і не меньш ахвотна, чым мог, служыць вам буду». Сацыяльна-палітычны радыкалізм Ясінскага, які абапіраўся на прыклад французскай рэвалюцыі 1789 г., не прыйшоўся даспадобы ў першую чаргу магнацтву, багацейшай шляхце і вярхушцы каталіцкага клеру. Нельга сказаць, што паспеў знайсці Ясінскі і падтрымку сярод простага люду. Нягледзячы на выразны дэмакратызм, да свайго «літоўскага» «Паланецкага універсалу» ён не дайшоў, а мо не паспеў...

У пачатку жніўня Я. Ясінскі атрымаў ад Т. Касцюшкі новае прызначэнне. Пад Гародняй яму даручалася камандаванне ўсімі атрадамі добраахвотнікаў і рэгулярнага войска Вялікага княства Літоўскага для дзеянняў на мяжы з Польшчай і Прусіяй. Але гэта ўжо было хутчэй толькі кампенсацыяй за ранейшыя заслугі Ясінскага. Зорка яго славы заходзіла. Апошні раз, трагічна, успыхне яна на мурах варшаўскага прадмесця Прагі...

Паўстанцам вельмі патрэбна была перамога, каб упэўніцца ў сваіх сілах, падняць баявы дух у войску. Немалыя спадзяванні ўскладаў Т. Касцюшка на даволі добра забяспечаны зброяй «корпус» пад камандаваннем К. Серакоўскага, які пачаў дзейнічаць на Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне ў пачатку ліпеня. Некаторы час гэты атрад адчуваў недахоп у людзях. У сувязі з чым К. Серакоўскі звяртаўся за дапамогай да Т. Касцюшкі. Той адказаў Серакоўскаму, што далёка шукаць не трэба. Не­абходна ўзмацніць свае сілы добраахвотнікамі«кантаністамі», якіх «ёсць шмат на Берасцейшчыне». Адначасова Касцюшка заклікаў К. Серакоўскага, як дарэчы і іншых кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў, да актыўных дзеянняў супраць непрыяцеля, ісці за ім «хоць бы да Курляндыі і атакаваць». Але ўжо ў ліпені — пачатку жніўня на захадзе Беларусі ініцыятыва амаль поўнасцю перайшла ў рукі расійцаў. Яны пачалі дыктаваць свае ўмовы беларускім касцюшкаўцам, тэрыторыя паўстання якіх усё змяншалася.

У канцы ліпеня ў «корпусе» К. Серакоўскага налічвалася ўжо больш за 4 тысячы чалавек пры 26 гарматах. 3 такою сілаю можна было сапраўды разлічваць на поспех. 2 жніўня адбылася сутычка атрада К. Серакоўскага з расійцамі пад Слонімам. Серакоўскі страціў двух афіцэраў і 15 салдат, расійцы ж панеслі больш

значныя страты — параненымі і забітымі да 300 чалавек. Нягледзячы, здаецца, на спрыяльныя ўмовы для далейшага наступлення, пасля Слоніма К. Серакоўскі вырашае адысці да Ружан, а потым і да Бярозы. Ён лічыць, што, адцягваючы на сябе значныя сілы расійскага войска, дае большую свабоду дзеянням паўстанцаў пад Вільняй і Гародняй. У той жа час Т. Касцюшка раіць Серакоўскаму ўчыніць «нібыта намер руху на Нясвіж», дзе расійскае войска мела багатыя склады. У той жа час Серакоўскаму нельга было спускаць з вока і Бярэсце. Надышлі звесткі, што з Украіны ідзе ў тым накірунку шматтысячны расійскі атрад. У верасні «берасцейскі напрамак» для атрада К. Серакоўскага стаў рашаючым.

18 жніўня з Нямірава (на Украіне) па загаду фельдмаршала Румянцава з атрадам у чатыры з паловай тысячы чалавек рушыў на Беларусь у накірунку Бярэсця і А. Сувораў. Ён вельмі рваўся ў бой супраць «французаў і палякаў», быў незадаволены тым, што часова апынуўся паза справамі. Генерал хацеў нават пісаць прашэнне ў Санкт-Пецярбург аб адпраўцы яго простым «валанцёрам» у саюзныя войскі Аўстрыі ці Прусіі на «польскі тэатр вайны». Яшчэ ў 1793 годзе А. Сувораў пісаў, сумуючы без «справы»: (я) «...в непрестанной мечте, паки я не в Польше, там бы я в сорок дней кончил». Справа даходзіла да таго, што ў сваім жаданні ваяваць Сувораў згодзен быў служыць за межамі Расіі, трапіць «хоть в Японь». Вось які імпэт быў, якая прага ўдзелу ў захопніцкіх войнах імперыі, што пашыралася за кошт сваіх суседзяў!

Атрад А. Суворава ішоў вельмі хутка. Па дарозе ён пастаянна папаўняўся. На падыходзе да Кобрына войска будучага фельдмаршала налічвала ўжо болей за 11 тысяч чалавек пры 39 гарматах.

Дарэчы, званне фельдмаршала А. Сувораў атрымае ад імператрыцы якраз за падаўленне паўстання Т. Касцюшкі, а «навука перамагаць» на гэты раз дастасоўвалася да простага, не дасведчанага ў вайсковай справе беларускага селяніна-касінера... Таму да высокага вайсковага звання «фельдмаршал» герою, але чужой дзяржавы-імперыі, пасуе і яшчэ адно, ганебнае — «душыцель паўстання»... Як кажуць — дзе іх «слава», там наша ropа...

Але вернемся пад Кобрын. 15 верасня К. Серакоўскі атрымаў загад ад камандуючага С. Макраноўскага выступіць пад вёску Крупчыцы недалёка ад Кобрына, каб паспрабаваць стрымаць імклівы рух Суворава. У Серакоўскага на той час было да 10 тысяч войска і 28 гармат. Праўда, Т. Касцюшка накіраваў яму на дапамогу атрад Князевіча з 1074 чалавек, але тая дапамога не змагла своечасова з'явіцца да пачатку бітвы з Суворавым. Да гэтага ўжо адбылася сутычка перадавой казачай каманды з паўстанцкім атрадам пад Дзівінам. А 15 верасня на світанні казакамі ізноў жа быў атакаваны 400-асабовы атрад павятовага генерал-маёра К. Рушчыца, які знаходзіўся ў Кобрыне. Абедзве сутычкі закончыліся паражэннем паўстанцаў. Гэта быў вельмі трывожны сігнал. Але галоўнае павінна было вырашыцца пад Крупчыцамі, дзе абралі сабе пазіцыю паўстанцы Серакоўскага і куды сцягваў паступова свае сілы Сувораў.

Бітва пачалася раніцай 17 верасня і працягвалася да трох гадзін дня. 3 інфармацыі «шматлікіх шпегаў», пераважна мясцовых яўрэяў, А. Сувораву былі добра вядомыя бакавыя шляхі і падыходы да асноўнай пазіцыі атрада К. Серакоўскага перад крупчыцкім кляштарам кармелітаў. У выніку флангавых абыходаў і ўдараў, перайшоўшы рэчку Трасцяніцу, атрады А. Суворава выйшлі ў тыл паўстанцам, захапіўшы пануючае над іх пазіцыяй узвышша. Гэта і прадвызначыла зыход бою. Каб не падставіць увесь свой атрад пад знішчальны агонь варожай артылерыі, К. Серакоўскі быў вымушаны аддаць загад аб адыходзе з-пад Крупчыц. Сам Сувораў даў даволі высокую адзнаку мужнасці паўстанцаў, адзначыўшы, што «атакаваны непрыяцель змагаўся моцна больш, чым пяць гадзін». К. Серакоўскі ў сваім рапарце Т. Касцюшку вылучыў самаахвярнасць многіх удзельнікаў бітвы. Асабліва адзначыў мужнасць падпаручніка Рудзінскага, які нават смяротна паранены карцеччу, адмовіўся пакінуць поле бою, з апошніх сіл заахвочваючы паўстанцаў да змагання. У гэтай бітве паўстанцы страцілі да дзвюх тысяч чалавек забітымі, параненымі і прапаўшымі без звестак. Многія з яе ўдзельнікаў, у асноўным мясцовыя сяляне-касінеры, уцяклі ў Крупчыцкі манастыр кармелітаў, дзе спрабавалі схавацца, але былі там пасечаныя казакамі Суворава.

Пасля кароткага адпачынку К. Серакоўскі ноччу 14-гадзінным маршам адвёў сваё войска пад Бярэсце, мяркуючы, што там у яго будзе час, каб перагрупаваць сілы. Але ўжо ў 6 гадзін раніцы 19 верасня ізноў быў атакаваны сувораўскім атрадам. Гэты нечаканы напад прывёў да катастрофы «корпуса» К. Серакоўскага, з якога ад разгрому ацалела толькі 700 чалавек. 2645 чалавек было забіта і паранена альбо трапіла ў палон. Асабліва цяжкай была страта ўсіх гармат, якіх паўстанцам і так не хапала. 19 верасня А. Сувораў у сваім рапарце ў Санкт-Пецярбург пісаў: «Бржеский корпус... кончен... вытерпя храбро поражение холодным оружнем чрез восемь часов... Пленных мало... несколько сот. Наш урон примечателен, хотя невелик».

Цяпер наперадзе ў Суворова была толькі Варшава. У тыле заставаліся невялікія часткі разбітага корпуса К. Серакоўскага, пераважна касінеры. На іх проста палявалі. Як адзначаў той жа А. Сувораў: «разбежавшихся при сражении в леса, кои не сдаются и сами не являются, перестреливают поныне егеря и иная пехота, как то и в болотах, кои в них не потонули».

Уласцівы Сувораву спрыт у вайсковай справе, яго ўдачы пад Крупчыцамі і Бярэсцем перавярнулі планы М. Рапніна, які ўжо падумваў аб часовым спыненні баявых дзеянняў з паўстанцамі ў сувязі з пераходам войска на «вінтэр (зімовыя)кватэры». Сувораў ірваўся ж далей, на Варшаву, і пра ніякае часовае спыненне баявых дзеянняў і чуць не хацеў. Узніклі непаразуменні паміж ім і М. Рапніным, аўтарытэт якога як галоўнакамандуючага расійскім войскам «на Літве» Сувораў міжволі паставіў пад сумненне. Непаразуменні прывялі да таго, што атрад А. Суворава затрымаўся пад Бярэсцем ажно на месяц, што ўрэшце было на руку паўстанцам.

 

 

Тадэвуш Касцюшка яшчэ перад пачаткам паўстання адкрыта заявіў, што калі ў ім будзе вырашацца справа аб правах і волі толькі аднаго шляхецкага саслоўя, то ён за яе брацца не хоча. Яму не былі абыякавыя крыўды сялянства. Звяртаючыся да шляхецкага саслоўя, ён пісаў: «Скіньце з вачэй вашых заслону. Воля не можа быць абаронена толькі рукамі людзей вольных...».

Восем гадоў змагання за свабоду паўночнаамерыканскіх калоній, за незалежнасць ад Англіі назаўжды замацавалі ў Т. Касцюшку дэмакратычныя перакананні, ідэі роўнасці і справядлівасці. Разумеючы, што Рэч Паспалітая яшчэ не падрыхтаваная да радыкальнага вырашэння сялянскага пытання, на працягу ўсяго паўстання Касцюшка зрабіў нямала для паляпшэння становішча селяніна. 2 мая 1794 г. з абозу пад Вінярамі ён выдае пракламацЫю, якую адаслаў да варшаўскай Часовай Рады для яе публічнага размнажэння. У ёй гаварылася аб тым, што кожнаму «кантаністу», ідучаму ў паўстанцкае войска, паншчына павінна быць зменшана не менш чым на адзін дзень у тыдзень. Пры гэтым ваяводскія парадкавыя камісіі атрымлівалі права прыняць рашэнне і аб вызваленні ад паншчыны і на большую колькасць дзён. Сяляне, удзельнікі «паспалітага рушэння», на час паўстання таксама вызваляліся ад працы на свайго пана.

Аднак самым рашучым крокам у тых умовах насустрач пажаданням сялянства быў выдадзены Т. Касцюшкам 7 мая з абозу пад Паланцам знакаміты «Паланецкі універсал». Згодна з ім, усім прыгонным сялянам была прадастаўлена ўласная свабода («асоба ўсякага селяніна ёсць свабодная»), за імі прызнавалася таксама спадчыннае права карыстання зямлёй, якую яны абраблялі, значна былі аблегчаны павіннасці. Сяляне маглі пайсці ад пана пры ўмове выканання ўсіх павіннасцяў і выплаты даўгоў. Удзельнікі паўстання атрымлівалі вызваленне ад паншчыны, а астатнім яна была на трэць зменшаная. «Універсал» ставіў пад пэўную ахову дзяржавы іншую ўласнасць селяціна, якая не магла быць незаконна адабрана ў яго панам. У ім гаварылася таксама і аб абароне селяніна ад рабаўніцкіх падаткаў. Адначасова, аднак, падкрэслівалася, што за гэта селянін павінен «старанна дні паншчыны, якія засталіся, адбываць, начальству свайму быць паслухмяным».

Выдаючы «Паланецкі універсал», Т. Касцюшка апынуўся паміж Сцылай і Харыбдай. 3 аднаго боку, трэба было як мага больш заахвоціць сялянства да ўдзелу ў паўстанні, фактычна ўзяўшы яго пад абарону закону і паўстанцкага ўрада. А з другога боку, трэба было не адштурхнуць такімі крокамі ад падтрымкі паўстання і шляхту, якая не была прызвычаена да абмежаванасці ў дачыненні да цалкам падуладнага ёй сялянства. Падчас паўстання на Беларусі нават некаторыя «парадкавыя камісіі» не маглі, відаць, адразу «прыняць» рэвалюцыйныя, па тагачасных мерках, палажэнні «Універсалу». Берасцейская «парадкавая камісія» 20 чэрвеня звярнулася да Найвышэйшай Нацыянальнай Рады ў Варшаву з пасланнем з нагоды з'яўлення «Паланецкага універсалу». У ім берасцейцы паспрабавалі «па-свойму» вытлумачыць і нават адмяніць найбольш прагрэсіўныя, у дачыненні да сялянства, палажэнні «Універсалу». Аднак у адказ на гэта ННР са спасылкай на загады Т. Касцюшкі цвёрда заявіла, што «Універсал», які «ўзяў сялян пад апякунства ўрада і даў яму паслабленні ў паншчыне, так, як ёсць надрукаваны... тэрмінова без замаруджвання ў Берасцейскім ваяводстве быў люду абвешчаны».

Літоўская Рада невыпадкова ў адной са сваіх адозваў абвінавачвала тых, хто імкнуўся ўвесь цяжар падаткаў ускласці на сялянства. Рада абавязвала вярнуць сялянам несправядліва ўзятыя паборы.

«Паланецкі універсал» заканчваўся заклікам да святарства «абодвух абрадаў» (каталіцкага з уніяцкім і праваслаўнага) абвяшчаць і вытлумачваць яго сутнасць перад сялянствам. Здавалася, з боку рымска-каталіцкага клеру не павінна б было чыніцца ў гэтым асаблівых перашкод. Але гэтая царква сама была адным з буйных землеўладальнікаў. Толькі на тэрыторыі Беларусі рымска-каталіцкая і уніяцкая цэрквы валодалі дзесяткамі тысяч прыгонных сялян. І гэта была, відаць, адна з асноўных прычын часам «халодных» адносін вышэйшага клеру, як у Польшчы, так і ў Беларусі, да «Універсалу». Літоўская Рада неаднаразова папярэджвалася аб атрыманні святарамі каталіцкіх акруг ад сваіх духоўных улад цыркулярных лістоў, якія загадвалі ўстрымлівацца ад распаўсюджвання «Універсалаў» паўстанцкіх улад.

Увогуле трэба адзначыць, што і сам «рэвалюцыйны ўрад» марудзіў з шырокім абвяшчэннем і распаўсюджваннем «Універсалу». У Варшаве ён быў раздрукаваны ННР толькі 30 мая, хаця тэкст яго з'явіўся там ужо 17 мая. Яшчэ пазней дайшлі паведамленні аб з'яўленні «Паланецкага універсалу» на Беларусь. Можна лічыць, што факт яго існавання быў, бясспрэчна, вядомы там з чэрвеня месяца. Так, Гарадзенская парадкавая камісія, якая 14 чэрвеня накіравала з рознымі пытаннямі сваіх прадстаўнікоў да Т. Касцюшкі, у суправаджальным пасланні сцвярджала, што ведае аб «Універсале», але толькі з «публічнай газеты» (відаць, «Вольнай Газеты Варшаўскай»), а не са «службовых паведамленняў». Таму гарадзенцы і пыталіся, ці можна абвясціць гэты «Універсал» на сваёй тэрыторыі. У адказе ННР гаварылася, што яна мела спадзяванні на Цэнтральную Дэпутацыю Вялікага княства Літоўскага, якая павінна была пераслаць усім парадкавым камісіям гэты дакумент. Але, паколькі гэтага не здарылася, «Універсал» быў перасланы ў Гародню з Варшавы асобна з загадам распаўсюдзіць яго. Невялікі быў час таго паўстання, але, як бачым, зарадзілася ўжо і свая «паўстанцкая бюракратыя».

Толькі 19 чэрвеня Цэнтральная Дэпутацыя загадвае раздрукаваць «Універсал» і адаслаць яго неадкладна ў паветы. Газета «Нарадова Віленьска», падаючы гэта рашэнне ў нумары ад 25 чэрвеня, разам змясціла і тэкст «Паланецкага універсалу». У выглядзе плаката ён быў выдрукаваны ў Вільні з датай 18 чэрвеня. Не так хутка, як было б патрэбна, але ўсё ж прабіваўся і на Беларусь, на радзіму Т. Касцюшкі, яго «Універсал»...

Т. Касцюшка, пачынаючы паўстанне, магчымы яго поспех у змаганні з адной з самых лепшых армій у Еўропе звязваў з папаўненнем невялікага рэгулярнага войска Рэчы Паспалітай праз «паспалітае рушэнне» — усеагульны ўдзел у барацьбе прадстаўнікоў усіх саслоўяў. Відаць, гэта было не зусім рэальна, але праз падтрымку сялянства ён разлічваў давесці колькасць паўстанцкага войска ажно да 300 тысяч чалавек.

Адначасова гэта было і адметнасцю паўстання, якое выходзіла ўжо за рамкі былых шляхецкіх канфедэрацый, бо прадугледжвала ўдзел у змаганні ўсіх жыхароў дзяржавы без выключэння.

4 мая Я. Ясінскі звярнуўся з першай сваёй адозвай да «усіх грамадзян, цывільных і вайсковых» ВКЛ. У ёй ён выклаў асноўныя намеры паўстанцкіх улад. Прызначаны Літоўскай Радай часовым, да зацвярджэння Т. Касцюшкам, якога ён так і не атрымае, галоўнакамандуючым літоўскім войскам, Я. Ясінскі пацвердзіў, што не складзе зброі, пакуль «зямля літоўская поўнасцю ад іншаземнага салдата не вызваленая будзе». Адначасова ён заклікаў усіх «годных жыхароў зямлі літоўскай» да ўсеагульнага ўзбраення, збірання сіл і сродкаў, арганізацыі паасобных паветаў пад кіраўніцтвам «генералаў зямянскіх», дастаўкі ў войска рэкруцкага папаўнення. Універсалы Літоўскай Рады; удакладніўшы пажаданні Я. Ясінскага, загадвалі даваць «аднаго рэкрута з 25 дымоў да войска рэгулярнага і асобна аднаго з 5 дымоў сялянскіх добраахвотніка і аднаго з 25 дымоў шляхецкіх ваколічных гэтаксама коннага добраахвотніка». Пры гэтым спецыяльна забаранялася пры «рэкрутацыі» ўжываць які-небудзь прымус, бо некаторымі несумленнымі людзьмі гэта магло быць выкарыстана як прычына ўхілення ад свайго абавязку.

6 чэрвеня ННР у Варшаве выдала універсал, адпаведны звароту Т. Касцюшкі, да жыхароў Польшчы і Літвы ў справе набору пешых і конных «рэкрутаў». У гэтым жа універсале тлумачыўся таксама і парадак арганізацыі «паспалітага рушэння». Згодна з загадам Т. Касцюшкі, у гарадах, мястэчках і вёсках з 5 дымоў павінен быў быць дастаўлены 1 рэкрут. Гэта меўся быць малады і здаровы чалавек, узброены стрэльбай альбо пікай «11 стоп даўжыні», ці касой, «проста асаджанай», ці сякерай. 3 пяцідзесятага дыму прызначаўся адзін конны «рэкрут», узброены шабляй, парай пісталетаў і пікай.

Справа набору «рэкрутаў» ускладалася на мясцовыя ваяводскія і парадкавыя камісіі. Ім жа даручалася справа навучання вайсковай справе мясцовага насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў. Сама арганізацыя «паспалітага рушэння» грунтавалася на падзеле здатных да выканання вайсковых абавязкаў людзей на дзве часткі. Непасрэдна ў вайсковых дзеяннях павінна была ўдзельнічаць толькі адна, а другая частка заставалася на месцы «для пільнавання не толькі сваёй гаспадаркі, але і дапамогі тым, якія ідуць са зброяй на ворага». На чале «рушэння» з вёсак павінны былі стаць іх уладальнікі — «дзедзічы».

Набор «рэкрутаў», арганізацыя «паспалітага рушэння» ў Вялікім княстве не пайшлі гладка. Паўплывала кароткачасовая, але меўшая паважныя вынікі, сітуацыя «канфрантацыі», недаверу ў дачыненні да дзейнасці Літоўскай Рады, асабіста Я. Ясінскага. «Двухуладдзе» часова дэзарыентавала частку «парадкавых камісій», якія не ведалі, чые ж загады выконваць, як ставіцца да Літоўскай Рады. Найбольш удала «рэкрутаванне», арганізацыя «паспалітага рушэння» пайшлі ў Берасцейскім і Гарадзенскім паветах, у Вільні і яе ваколіцах.

Прычым Вільня давала прыклад арганізацыі паўстанцкіх узброеных сіл. Там паплечнік Я. Ясінскага па віленскаму корпусу інжынераў прафесар архітэктуры ў «Галоўнай Школе літоўскай» Ваўжынец Гуцэвіч склаў праект «усеагульнага ўзбраення». Ён быў ухвалены Літоўскай Радай. Згодна з ім была створана «муніцыпальная гвардыя», даволі добра забяспечаная амуніцыяй і зброяй — «карабінамі, пікамі, пісталетамі, сякерамі і бердышамі». Форму «муніцыпальнага гвардзейца» ўпрыгожвала кукарда, складзеная «ў знак абодвух народаў, В. Кн. Літоўскага і Кароны польскай вечнай, аб'яднаных уніяй, з колераў блакітнага, які азначае пастаянства, і зялёнага, які азначае надзею». Ужо 11 мая на Пагулянцы адбыўся агляд гвардыі перад сябрамі Літоўскай Рады Т. Ваўжэцкім і М. Агінскім. На той час яе колькасць складала каля 2 тысяч чалавек. Узначальваў «муніцыпальную гвардыю» той жа В. Гуцэвіч. Апрача таго, жыхары Вільні адправілі два батальёны добраахвотнікаў y рэгулярнае паўстанцкае войска. У сваю чаргу ў сталіцу Княства сцякаліся «рэкруты» з Ашмяншчыны, Браслаўшчыны і іншых бліжэйшых паветаў. У пачатку чэрвеня каля і ў самой Вільні налічвалася ўжо да шасці тысяч «рэкрутаў». Але на ўсіх не хапала зброі. Асабліва адчуваўся недахоп артылерыі. Як бы ўзмацнілі сілы паўстанцаў тыя гарматы, якія паспеў вывезці з-пад Вільні абачлівы і.капітан Тучкоў... Тым не менш віленцы змаглі наладзіць уласны выраб гармат. Пад кіраўніцтвам «механіка Акадэміі віленскай» Францішка Заліўскага да 6 ліпеня было адліта шэсць шасціфунтовых гармат. А для «адабраных бамбардыраў» артылерыі пачаліся заняткі ў Галоўнай Школе і пры арсенале. Часам яны прыходзілі на кватэру Я. Ясінскага. Кватэра была свабоднай, бо сам гаспадар знаходзіўся ў войску.

Рэчаіснасць была куды больш жорсткай, чым папярэднія меркаванні аб павелічэнні паўстанцкага войска. Не раз пасля выдання «Паланецкага універсалу» Т. Касцюшка звяртаў увагу ННР на неабходнасць зрабіць паслабленні «ўбогаму люду» ў тым, на што ён найбольш скардзіцца і што яго найбольш датычыць. 30 чэрвеня ў чарговым звароце да ННР ён пісаў з абозу пад Галковам: «Трэба зменьшыць павіннасці і варты, якія яго (просты люд вёскі і горада) ад рамёстваў адрываюць і адбіраюць у яго спосаб існавання, трэба яму зменьшыць падаткі... якія выплаціць не ў стане, словам, ужыць усіх сродкаў, якімі б пацярпелых аблегчыць, абманутых асвятліць, злых і падбухторваючых адвесці і пакараць можна (было)». Але час ішоў, а «паспалітае рушэнне» не набывала таго размаху, на які разлічваў начальнік паўстання. Ён пастаянна прыспешваў ННР у Варшаве, каб старалася пашырыць і паскорыць «рушэнне». Касцюшка схільны быў лічыць, што вінаватыя ў гэтым маруднасць парадкавых камісій у паветах, складзеных амаль выключна з мясцовай шляхты. Вопыт падказваў, што толькі лагоднасць не можа даць вынікаў. У Т. Касцюшкі з'яўляецца і суровы, цалкам апраўданы ў тых абставінах, тон: «Робім рэвалюцыю, паў-спосабамі рабіць яе нельга... Трэба сурова спаганяць і непаслухмяных караць, трэба прымушаць людзей, каб былі вольнымі, калі добраахвотна імі быць не хочуць». Частка шляхты, асабліва заможнай, пачала падазраваць Т. Касцюшку, што ён робіць «рэвалюцыю» не толькі супраць іншаземнага панавання, а і супраць яе спрадвечных «панскіх» прывілеяў...

Гэтую часлку шляхты не мог задаволіць масавы адыход селяніна ад панскай гаспадаркі ў паўстанцкае войска, што ва ўмовах вайсковага бязладдзя вяло да яе поўнага заняпаду. Таму нездарма, як кажуць, не верачы сваім вачам, гарадзенская павятовая камісія пыталася ў ННР — ці праўда тое, што і сялянства падпадае пад «паспалітае рушэнне». У адказ спецыяльная рэзалюцыя Найвышэйшай Нацыянальнай Рады даводзіла, што ні адно саслоўе, якое можа насіць зброю, не вызваляецца ад «паспалітага рушэння», у тым ліку і сяляне. Гэтай рэзалюцыяй ад 13 чэрвеня панам забаранялася сілай затрымліваць сялян, якія добраахвотна выказалі б жаданне ўступіць у войска. У выпадку якіх-небудзь крыўд з боку селяніна на свайго пана апошні мог з'явіцца ў вайсковы абоз і толькі там прад'явіць свае патрабаванні.

У справе пашырэння сацыяльнай базы паўстанцкага руху гарачыя дэмакратычныя памкненні Андрэя Тадэвуша Касцюшкі на Беларусі натыкнуліся на халодны мур жорсткай сацыяльна-палітычнай рэчаіснасці, існаваўшай у Рэчы Паспалітай. «Сялянскае пытанне», толькі з вырашэннем якога мог быць звязаны поспех паўстання, пачало зрушвацца з месца, але да канца вырашана не было. А ці магло? Відаць, на той час усё ж — не. Улічыць поўнасцю інтарэсы сялянства, г. зн. даць ім волю і зямлю, адабраўшы яе ў шляхты, значыла поўнасцю адштурхнуць заможную шляхту ад паўстання, застацца з аднымі касінерамі супраць вопытнейшага расійскага войска.

Беларускаму ж сялянству канца XVІІІ стагоддзя наогул было цяжка зарыентавацца ў віры гэтага паўстання. На Беларусі да таго ж вырашэнне «сялянскага пытання» было яшчэ звязана з патрэбай уліку этнічна-рэлігійнай самабытнасці яе насельніцтва. Тут, на беларускіх землях, для поспеху паўстання, шырэйшага ўдзеЛУ Ў ім сялянства патрэбна была ўласная яго «этнічна-рэлігійная ідэалогія». Асновай такой «ідэалогіі» магло б стаць скасаванне прыгону, сапраўдная рэлігійная свабода і раўнапраўе, захаванне шырокай дзяржаўнай аўтаноміі Вялікага княства Літоўскага, улік інтарэсаў беларускай большасці насельніцтва дзяржавы. Але яе магчымыя выпрацоўшчыкі і носьбіты на той час — шляхта, мяшчанства, святарства былі амаль цалкам апалячаныя праз каталіцтва. Само ж сялянства, бяспраўнае і пакінутае, выпрацаваць такой «ідэалогіі» не магло.

Прапольская «ідэалогія» паўстання — «воля, цэласць, незалежнасць» Рэчы Паспалітай, толькі як сіноніма каталіцкай Польшчы, цалкам унітарнай цэнтралізаванай дзяржавы, была для беларускага селяніна (як і летувіскага ці ўкраінскага), нават уніята або яшчэ болей — праваслаўнага,— малацікавай. Дарэчы, як і «ідэалогія ўсходняга «адзінакроўнага» расійскага «брата», якую імкнуліся правесці браты Касакоўскія. Яны ў свой час марылі аб разрыве старой уніі з Польшчай і завязванні новай — з Расійскай імперыяй, уніі печкура са шчупаком... Але гэтая змена дзяржаўнай шыльды не змяняла б падуладнага свайму пану становішча беларускага селяніна. Хто б убачыў у ім чалавека, запрасіў бы яго да змагання за сапраўдную волю — за тым бы і пайшоў, таго б і падтрымаў. Трагедыя часу і абставін якраз і была ў тым, што ніхто яе, волі, не мог тады даць. Т. Касцюшка толькі спрабаваў, наколькі дазвалялі магчымасці, наблізіць яе прыход...

Канешне, улічваючы асаблівасці «практычнага» сялянскага светапогляду, для яго на першым месцы і тады стаялі не палітычныя і рэлігійныя ідэі. Сялянства патрабавала не абяцанняў, а практычнага ажыццяўлення сацыяльных змен. Уся складанасць справы была ў тым, каб да сацыяльнай незадаволенасці сялян прыкласці рэальную палітычную праграму, якая б аб'яднала ў сабе ідэі вызвалення, незалежнасці разам з кардынальнай зменай становішча простага беларуса-ліцвіна. Непад'ёмнай была гэтая справа на той час, але ж гэта не значыла, што калісьці яе ўсё роўна не трэба будзе вырашаць.

У славутым паланезе герой паўстання 1794 года ў Беларусі М. К. Агінскі развітваўся з Бацькаўшчынай. Беларускаму ж селяніну яшчэ трэба было з ёй сустрэцца. Паўстанцкі паланез для беларускіх касінераў сімвалізаваў развітанне з «чужой бацькаўшчынай», у якой ён быў бяспраўным і пагарджаным, і — адначасова — сустрэчу са «сваёй», роднай...

Значнай у паўстанні 1794 г. на Беларусі была роля сялянкасінераў, асноўнай зброяй якіх стала простая каса, асаджаная, як дзіда, — «насторч». Ад таго, ці падтрымае селянін нешматлікае рэгулярнае войска Вялікага княства Літоўскага, і не столькі правіянтам і фуражом, але галоўным чынам сваёй сялянскай зброяй, касой, у многім залежаў поспех паўстання. Ды яно і задумвалася Т. Касцюшкам і яго бліжэйшымі паплечнікамі якраз як усеагульны рух усіх саслоўяў супраць ганьбы акупацыі, як супольная барацьба менавіта ўсяго насельніцтва за волю. У адрозненне ад шляхецтва, якое ў горшым выпадку мяняла падданства, але захоўвала ў асноўным свае прывілеі, сялянства заставалася ў ранейшым паднявольным стане. Заклік жа да змагання за волю, які прагучаў з Кракава, быў падтрыманы ў Вільні і Варшаве, зацвердзіўся ў «Паланецкім універсале» Т. Касцюшкі, гэты заклік дайшоў і да Беларусі, абудзіў надзею і ў простага, пагарджанага панамі селяніна. А мо і праўда будзе воля? Дык чаму ж за яе і не змагацца, чаму не падтрымаць тых, хто заклікае да такога змагання?

Важнасць падтрымкі паўстання простым людам добра разумелі ў Найвышэйшай Літоўскай Радзе з першых дзён пачатку паўстання. У лісце Тайнай Дэпутацыі Рады да К. Н. Сапегі, былога маршалка ад Вялікага княства Літоўскага на Чатырохгадовым сейме, ад 7 мая гаварылася, што галоўная ўвага павінна быць звернута на ўсеагульнае ўзбраенне. Адзначалася, што на Беларусі і Жамойці «ўжо ў многіх месцах люд узброены ў пікі, у к°сы асаджаныя, як дзіды, і ў стрэльбы нават». Гэтай лініі Літоўская Рада прытрымлівалася ўвесь нядоўгі час свайго існавання. У пачатку чэрвеня да яе звярнуўся са скаргай на нежаданне часткі мясцовай браслаўскай шляхты актыўна далучацца да паўстання павятовы «генерал-маёр зямянскі» Казімір Беліковіч. У адказ Рада спаслалася на свае рашэнні па арганізацыі «паспалітага рушэння» ў Княстве, дзе для «звыродных» прадугледжваліся самыя строгія пакаранні. Але адначасова К. Беліковічу як бы было падказана, дзе трэба шукаць сапраўднай шырокай дапамогі паўстанню, у якім асяроддзі імкнуцца папоўніць шэрагі яго ўдзельнікаў: «Каса, насторч асаджаная, і дзіда, паводле памеру ва універсалах апісанага, ёсць зброя страшная і танная. Тою люд наш узбройваць».

Менавіта па загаду Літоўскай Рады з Вільні пад Солы ў «дывізію» Я. Ясінскага было накіравана болей за тысячу «рэкрутаў віленскіх», узброеных дзідамі і косамі. Без удзелу касінераў, падчас паўстання 1794 года на Беларусі не абыходзілася ні адна бітва ці сутычка. Касі

неры былі абавязковымі ўдзельнікамі партызанскіх, дыверсійных рэйдаў пад камандаваннем М. Агінскага і С. Грабоўскага. Найбольш мужныя і здатныя з іх разам з адыходзячым рэгулярным «літоўскім войскам» дайшлі да Варшавы, дзе самаахвярна змагаліся на мурах Прагі з сувораўскімі «чудо-богатырям».

Вынослівасць і рухлівасць касінераў у баі не маглі кампенсаваць адсутнасці вайсковай дасведчанасці, нявопытнасці, кепскага забеспячэння і недахоп часу для самага першага навучання ўменню ваяваць. Часам сказвалася і адвечная пагарда часткі пыхлівай шляхты да цёмнага «хлопа», да яго здольнасцяў быць такімі ж ваярамі, як і яна. Але былі і іншыя, праўда досыць рэдкія, выпадкі, якія сведчылі аб разуменні некаторымі прадстаўнікамі шляхецтва рашаючай ролі простага люду ў змаганні з мацнейшым ворагам. Характэрным у гэтым дачыненні быў адкрыты ліст-зварот праз «Вольную Газету Варшаўскую» ад 16 верасня, дробнага гарадзенскага шляхціца, «грамадзяніна Даўкшы» да «грамадзяніна Коцела». На той час Коцел знаходзіўся ў Гародні ў якасці камісара-ўпаўнаважанага ад варшаўскай ННР на Літве. Па сутнасці гэта было гарачым зваротам патрыёта Вялікага княства Літоўскага, свядомага рэспубліканца і непрыхаванага прыхільніка французскай рэвалюцыі да прадстаўніка памяркоўнай плыні ў паўстанні.

Напачатку Даўкша звяртае ўвагу Я. Коцела на тое, што «ўзяцце Вільні расійцамі (12 жніўня) тхароў выдала... праўдзівым патрыётам жа запаліла сэрцы». Даўкша сам выказвае гарачае жаданне змагацца з ворагам, але не словамі, а cа зброяй у руках «без адступлення». Добра было вядома, што Я. Коцел «заседзеўся» ў Гародні пры хворым М. Вяльгорскім. Таму зусім натуральным выглядаў заклік Даўкшы да яго: «Выйдзі ж на момант з тых муроў Гарадніцы (месца ў Гародні, дзе знаходзіўся каралеўскі замак. — Аўт.), дзе яшчэ закопчанымі застаюцца сцены агнямі ілюмінацыі Таргавіцы і спальваннем ахвяр паўночнаму ідалу, ненасытнаму з крыві людской. Пахадзі вакол люду, знойдзеш у ім роспач, пачуеш пахвалы Мейену (Ян Якуб, генерал, мужна змагаўся пры абароне Вільні. —Аўт.), але адначасова і абвінавачванні тым, якія цераз пыхлівасць або няведанне далучыліся да злога і дастойных грамадзян адлучылі ад бою (тут, відаць, прыхаваны папрок за «адлучэнне» ад камандавання літоўскім войскам Я. Ясінскага, да чаго прыклаў руку і сам Коцел. — Аўт.)... Шмат ёсць такіх, якія аб табе кепска гавораць, што не знаходзішся пры войску». І тут Даўкша прыводзіць у прыклад Коцелу паставу аднаго з камандзіраў рэвалюцыйнай французскай арміі, «прадстаўніка і ўпаўнаважанага французскага люду» — Саліцэцці, які «прадраўся па залітых крывёю мурах з шабляю ў руцэ і здабыў Тулон». Гэтак жа напорыста Даўкша працягвае свой ліст-зварот і далей: «Калі ёсць такія грамадзяне, што ўцякаюць з Гародні, я паскудна ўцякаць не буду. Калі падасіся, як павінен, да войска, вазьмі мяне з сабою, я аб званнях не амбіцыяную... а месца для бою за Бацькаўшчыну знайду». Далей ідуць радкі, якія выразна характарызуюць погляды шляхціца Даўкшы: «...усё сэрца маё поўнае нянавісці да дэспатаў... Сапраўдны рэспубліканец не патрабуе ніякіх выгод; сухар і трохі саломы пад бок павінны гартаваць яго цела». І ў канцы ліста Даўкша выказвае свае адносіны да касінерскіх атрадаў у паўстанні: «Чуў, упаўнаважаны, ад многіх афіцэраў, што касінеры — цяжар для войска, (але) хай я страчу сваю галаву, калі з імі не вазьму ў першай атацы батарэі, абы толькі меў іх аддадзеных мне за тыдзень да бітвы. Заўсёды да іх кепска ставіліся і часта эгаісты імі камандавалі». На жаль, такіх свядомых людзей, як шляхціц Даўкша, разумеўшых важнасць ролі простага селяніна ў паўстанні, было няшмат.

Аб адносінах да паўстання 1794 года на Беларусі прадстаўнікоў мяшчанскага саслоўя ў тагачасных крыніцах захавалася значна меней сведчанняў, чым, напрыклад, аб сялянстве. Хаця, здаецца, былі і свае перадумовы для таго, каб мяшчанства больш актыўна падтрымлівала гэтае паўстанне.

У другой палове XVІІІ ст. шляхце Рэчы Паспалітай Двух Народаў прыйшлося паступіцца сваім манапольным правам на зямлю і сялян. Гэта, у прыватнасці, выявілася ў тым, што ўжо сейм 1773—1775 гадоў дазволіў мяшчанам Польшчы і Літвы набываць зямлю. Яшчэ болей рашучыя крокі ў дачыненні да павелічэння грамадзянскіх і палітычных правоў мяшчанства былі зробленыя шляхецка-буржуазным блокам на Чатырохгадовым сейме (1788—1792 гг.). На ім мяшчанам было дазволена набываць не толькі зямельную ўласнасць, а нават «земскія маёнткі» разам са шляхецкай набілітацыяй. Гэта, дарэчы, дало падставу для скаргаў на сейме некаторым паслам, якія спасылаліся на пагаршэнне зза гэтага «чысціні» шляхецтва коштам «аптэкараў і цырульнікаў». У той жа час шляхце дазвалялася займацца гандлем і «промысламі» ў гарадах без страху страты шляхецтва. У выпадку набыцця гарадской нерухомасці шляхта набывала і гарадскія правы. Такім чынам, быў пакладзены пачатак працэсу ўзаемапранікнення гэтых двух саслоўяў.

Найбольшую актыўнасць у падтрымцы паўстання праявіла віленскае мяшчанства. Гэта выявілася і ў зборы грашовых сродкаў на паўстанне, і ў арганізацыі муніцыпальнай добраахвотнай гвардыі, і ў дапамозе паўстанцкім уладам у наладжванні выпуску зброі для войска, як гэта было ў Вільні, што мы ўжо адзначалі. Але адносна невялікая колькасць гарадскога насельніцтва на Беларусі, значную частку якога на той час складалі яўрэі, якія з-за свайго ізаляванага становішча ў грамадстве досыць індыферэнтна ставіліся да паўстання, не дазваляла гаварыць аб вялікім уплыве на падзеі.

Тым не менш, праз усё паўстанне прасочваецца непрыхаваны «інтарэс» беларускага мяшчанства да паўстання. Так, 17 ліпеня сам Т. Касцюшка ў сваім лісце да «аддзелу вайсковых патрэб» у Варшаву адзначыў «ахвярнасць» нейкага мешчаніна Баранка, аптэкара з Янава-Падляшскага. Той ахвяраваў на паўстанне «каня добрага, штуцар добры і іншыя рэквізіты», а таксама «тры дамы ў Янаве... аптэку добрую з медыкаментамі і інструментамі». Мешчанін Баранак узяўся да таго ж арганізаваць «як найлепей аптэку пры віленскім лазарэце».

Аказвалі падтрымку паўстанню купцы-мяшчане нават з тэрыторыі Беларусі другога падзелу. 3 Міншчыны здолелі на пачатку ліпеня даехаць да Варшавы з дваццаццю вазамі «саланіны» Казімір Дабранскі і Ян Агінскі. У звароце да Т. Касцюшкі яны пісалі: «Адарваныя ад сваіх суайчыннікаў... засталіся мы пад урадам ярма і дэспатызму, дзе нам прадукту нашага не дазволена вывозіць як толькі ў кардон царскі... Мы вырашылі аднак (зрабіць наадварот) і прывезлі яго да Варшавы». Даволі часта сустракаюцца імёны мяшчанскага насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак, у прыватнасці Смаргоні і Ашмян, у матэрыялах спецыяльнай следчай камісіі па справах паўстання, якая працавала ў Смаленску.

Не абышлося падчас паўстання і без некаторых супярэчнасцяў, калі мяшчанству ў некаторых выпадках прыходзілася шукаць абароны ў новых улад. 14 верасня звярнуўся з просьбай — хадайніцтвам да Т. Касцюшкі за «нешчаслівых» жыхароў «вольнага мяшчанства Саколкі» старшыня парадкавай камісіі Гарадзенскага павета Францішак Боўфал. (Ён, дарэчы, адносіўся да тых нямногіх са шляхецкага саслоўя, якія назаўжды вызвалялі ад прыгону сваіх сялян, што далучаліся да паўстання.) Сутнасць справы была ў тым, што яшчэ задоўга да паўстання «ўладай арыстакратыі» сакольцы былі пазбаўлены сваіх старажытных прывілей «вольных людзей» і амаль усе пераведзены ў стан тых жа «ўбогіх» сялян у каралеўскіх эканоміях, якімі, аднак, яны сябе ўсё ж ніколі не лічылі. Жыхары скардзіліся на ўжо памерлага Тызенгаўза, які «нявольніцкія кайданы пастаяннай павіннасці на нас усклаў». Ф. Боўфал пісаў Т. Касцюшку, адзначаючы адданасць паўстанню сакольцаў, што яны першымі ў акрузе далучыліся да яго «па закліку вольнасці», «узброеныя адданасцю і сялянскай толькі зброяю ў колькасці некалькіх соцень, даўшы клятву разам з намі перамагчы або памерці», адбывалі і адбываюць добрасумленна ўсе «варты» на карысць паўстання, і «палахлівым ці нерашучым даюць шляхетны прыклад». Але «звычаем, задаўнёным сілай» упраўляючымі каралеўскіх эканомій, яны, «не гледзячы на правы свае, да паншчыны выганяюцца». Ф. Боўфал выказвае спадзяванне, што «адданасць іх да паўстання, схіліць цябе, Начальніку, да паслаблення іх уціску».

Матывацыю Ф. Боўфала яшчэ больш удакладніў войт Саколкі Язэп Міхаліс, які асобна 23 верасня падаў у ННР такую ж просьбу ад імя яе жыхароў з «правінцыі Літвы». Я. Міхаліс звяртаў увагу на тое, што ў паветах заможнай шляхтай не выконваюцца «універсалы» Т. Касцюшкі, распараджэнні ННР. Ліст войта Саколкі за­канчваецца гарачым і адчайным заклікам: «3 енкам да вас звяртаемся. І мы людзі, людзьмі нас прызнайце і сярод людзей свабодных нам, людзям, забяспечце свабоду». Я. Міхаліс справядліва наракае і на тое, што згодна з «Канстытуцыяй 3 мая 1791 г.» нават чужынец, які ступіць на зямлю Рэчы Паспалітай, рабіўся вольным, а сваім жа ў волі чамусьці адмаўляецца. Гэта ён расцэньваў як абразу неад'емнаму «праву ад нараджэння» кожнага чалавека быць вольным, чым выказваў сваю знаёмасць з самымі перадавымі ідэямі свайго часу. Не шмат, але былі, былі ў «якабінца» Я. Ясінскага паплечнікі, і не толькі ў «адукаванай» Вільні...

Пажаданні сакольцаў, улічваючы тое, што паўстанне ішло на схіл, не былі выкананы паўстанцкімі ўладамі. А ад новых расійскіх ці старых — таргавіцкіх нічога лепшага чакаць ім не прыходзілася.

Не простым і адназначным было стаўленне да паўстання і беларускай шляхты. Адна частка яе, і немалая, падтрымала паўстанне, папоўніла паўстанцкае войска. Другая, якая ў большасці сваёй знаходзілася ў межах першага і другога падзелу, прыняла ідэю паўстання з недаверам. Яна паводзіла сябе досыць смірна. Бо падтрымка паўстання магла прывесці да страты яе ўладанняў, права на карыстанне якімі было ўжо атрымана ад новых улад. Ці магло такое нешматлікае, даўно не ведаўшае перамог войска Рэчы Паспалітай нешта супрацьпаставіць зладжанаму суровай дысцыплінай і вялікім вопытам удалых войнаў расійскаму войску? Агульны эканамічны інтарэс, імкненне захаваць прыгон і ўладу над сялянамі ў сваіх маёнтках штурхалі яе ў «абдымкі» да царызму. Палохаў заможную шляхту і выразны дэмакратычны накірунак паўстання ў дачыненні да селяніна, замацаваны ў «Паланецкім універсале». Сапраўды, відаць, прыгон радніў апалячанага шляхціца і вялікарасійскага памешчыка болей, чым славянская кроў.

Але і спісваць паражэнне паўстання 1794 г. нібыта на цалкам «прахалодныя» адносіны да яго толькі «літоўскай шляхты» будзе памылкова. Так, былі выпадкі здрады і ўхілення ад матэрыяльнай падтрымкі паўстання. Была, урэшце, і абыякавасць, але і самі «каранякі» (так ліцвіны называлі палякаў) давалі не зусім вартыя пашаны прыклады. Вядомы зварот Т. Касцюшкі да сандамірскай шляхты, у якім ён бязлітасна хвошча яе раўнадушша да

паўстання, што выявілася ў масавым дэзерцірстве ў Галіцыю, каб пазбавіцца ад цяжкасцяў вайны. А з ліста Касцюшкі ад 1 жніўня да ННР вынікае, што «ўся шляхта холмшчыны, за выключэннем аднаго чалавека», уцякла ў тую ж Галіцыю ніяк і нічым не хочучы падтрымаць паўстанне. Як кажуць у народзе — абое рабое... На шчасце, не гэтыя прыкрасці, а ўсё ж самаахвярнасць, мужнасць і адвага вызначаюць і адносіны лепшых сыноў Беларусі і Польшчы да паўстання. На іх мы кіруемся, на лепшых паплечнікаў Т. Касцюшкі і Я. Ясінскага, імі маем права ганарыцца.

Быў падчас паўстання на Беларусі яшчэ жывы і тып шляхціца — забіякі, сарвігалавы, які не прывык доўга разважаць, кідаючыся ў бойку з ворагам. Адразу ж пасля перамогі паўстання ў Вільні гэтым вызначыўся ў расійскай частцы Ашмянскага павета шляхціц Гарадзенскі. Ён, сабраўшы «войтаў і ўсіх сялян» свайго і нават суседніх маёнткаў, прымусіў іх разам з сабою, стоячы на каленях, прысягнуць на вернасць Касцюшку. Тарадзенскі тут жа заклікаў усіх узброіцца пікамі і косамі, сам аддаў на гэтыя і іншыя патрэбы ўвесь свой набытак. А потым з утварыўшымся такім чынам атрадам, з іншымі шляхціцамі — Вышынскім, Падзвінскім, Загрэўскім і Іваноўскім рушыў помсціць у маёнткі той шляхты, якая запляміла сябе супрацоўніцтвам з акупантамі. І тут без крыві не абышлося. Нарабіўшы панікі ў наваколлі, Гарадзенскі са сваім атрадам перайшоў мяжу, шукаючы падтрымкі паўстанцам каля Вільні.

Па загаду Ясінскага Т. Гарадзенскі ў чэрвені 1794 года папоўніць паўстанцкае войска некалькімі сотнямі мясцовай шляхты і сялян на Пастаўшчыне.

Была ў шляхты і яшчэ адна магчымасць падтрымкі паўстання — матэрыяльная. Шматлікія, у першую чаргу шляхецкія і святарскія, ахвяраванні ўтварылі немалы паўстанцкі фонд у Вялікім княстве Літоўскім. За ўвесь час паўстання адтуль у Варшаву, дзе ўсё гэта канцэнтравалася, было адпраўлена вырабамі з золата і серабра, грашыма больш чым на 700 тысяч злотых. Гэта была даволі значная, улічваючы абставіны, фінансавая дапамога, якая дала магчымасць паўстанцкаму ўраду прыступіць да арганізацыі свайго войска.

Кацярыну ІІ, яе намеснікаў на Беларусі і галоўнакамандуючага расійскімі войскамі на ўсёй Літве М. Рапніна больш за ўсё непакоіла магчымасць таго, што полымя паўстання можа перакінуцца і на «вновь прнобретенные» тэрыторыі: цэнтральную і ўсходнюю Беларусь, а там, глядзі, і ў Расію. Пры гэтым шмат залежала ад стаўлення да паўстання не толькі мясцовай беларускай шляхты, але, галоўным чынам, простага сялянства. Таму падчас паўстання з боку расійскай вайскова-цывільнай адміністрацыі надавалася такая ўвага змаганню за сялянскія душы, выказвалася вялікая заклапочанасць перад агітацыйнымі захадамі паўстанцкага кіраўніцтва. Хаця гэтая занепакоенасць была двухбаковай. Па сутнасці ўвесь той нядоўгі пяцімесячны тэрмін, на працягу якога ішло паўстанне на Беларусі, не спынялася і прапагандысцкая вайна паміж расійцамі і паўстанцамі.

Яшчэ перад пачаткам паўстання ў Княстве галоўнымі козырамі магчымых прапагандысцкіх акцый сярод сялянства на тэрыторыях Беларусі другога і першага падзелу з боку паўстанцаў Ц. Туталміну бачыліся «наяўнасць (у Расіі) пагалоўнага перапісу, продаж у нас сялян, як быдла, рэкруцкія паборы і падушны падатак».

Сам М. Рапнін у адным з сваіх лістоў адзначаў: «Пры нашых дзеяннях на літоўскіх ускраінах ...трэба, як гэта толькі магчыма, прыхільнымі быць да сялян, каб перацягнуць іх на свой бок». Гэтую ідэю «перацягвання на свой бок» М. Рапнін канкрэтызаваў у адозве ад 30 мая, выдадзенай падчас уступлення яго ў Літву. Мэты акупацыйных войск, як і ва ўсе часы, прадстаўляліся шляхетнымі: «Уваходзяць цяпер пад маім начальствам войскі яе імператарскай вялікасці ў Літву як дзеля пакарання здраднікаў і бунтаўшчыкоў, так (і) дзеля апекі, зберажэння і захавання людзей». У ёй таксама гаварылася: «Калі дзедзічы і ўправіцелі прыстануць да бунту, то сяляне не павінны ніякага ім выказваць паслушэнства, плаціць якія-небудзь падаткі... наадварот... бунтаўшчыкоў такіх павінны хапаць... і пад аховай да мяне дастаўляць; за гэта такія сяляне атрымаюць належную ўзнагароду...» Усе сяляне заклікаліся Рапніным да спакою і «упражненнй в своем хлебопашестве»...

Рапнін загадваў сваім афіцэрам, каб перш за ўсё заўжды стараліся аберагаць сялян, «прывабліваць» іх да сябе. Рэквізіцыі харчавання і фуражу па меры магчымасці трэба было рабіць у шляхты. Сялян, якія добраахвотна пакінуць паўстанцкія атрады, ён рэкамендаваў абавязкова ўзнагароджваць грашыма і адпускаць «на волю», г. зн. да «свайго» старога ці новага расійскага пана, але без пакарання.

Услед за Рапніным у «прывабліванні» сялянства вызначыўся адзін з камандзіраў буйнога расійскага атрада на Беларусі Л. Бенігсен. У в. Беніца пад Смаргонню ён схіляў сялян да непаслушэнства сваім уладальнікам. Там, і ў іншых вёсках, Бенігсен «абнадзейваў» таксама сялян нібыта магчымасцю атрымання волі.

Т. Касцюшка неаднаразова засцерагаў ад падвойнай небяспекі, якая зыходзіла ад ворага: сілы зброі і «інтрыгі хітрасці». Ён пісаў: «Маскалі шукаюць спосабу падбухторвання вясковага люду супраць нас... заахвочваюць да лепшай будучыні з дапамогай маскоўскай... да рабунку двароў, сілай убіраюць у свае мундзіры».

Літоўская Рада, дарэчы, не пакінула без увагі ў сваіх адозвах і пракламацыях і расійскіх салдат, людзей «у мундзірах». 8 мая ёю была выпушчана да іх спецыяльная адозва. «Салдаты-расіяне, — заклікала Рада,— з аблічча чалавечага за людзей ад нас знаныя, строгай ад камандзіраў уладзе падлеглыя, мы вас лічым за братоў бліжніх і спачуваем вашай долі, што вы, жадаючы волі, пад варварскім кіраваннем мець і карыстацца ёю не можаце». Пракламацыя заклікала простых расійскіх салдат павярнуць зброю супраць «уласных тыранаў». А 27 мая Літоўская Рада звярнулася да жыхароў Княства з напамінаннем аб патрэбе людскага стаўлення да расійскіх дэзерціраў «у дамах сваіх».

Спроба расійскіх улад скампраметаваць ідэі паўстання сустракала адпор і з боку ННР у Варшаве. На пасяджэнні Рады 28 чэрвеня абмяркоўваўся праект адказу на лістоўкі-адозвы, якія распаўсюджваліся з волі «генералаў маскоўскіх». Праект быў прыняты і перасланы галоўнакамандуючаму літоўскім паўстанцкім войскам М. Вяльгорскаму «для надрукавання яго ў Літве і раздавання люду». Такое ж рашэнне было прынята ННР і 11 верасня ў адказ на «ліст маскоўскі», які распаўсюджваўся «на Літве». У адказ быў прыняты праект адозвы «да грамадзянства літоўскага».

Але гэтая «прапагандысцкая вайна» за людскія душы была толькі дапаможным сродкам. Лёс паўстання вырашаўся са зброяй у руках, а тут перавага была за расійскім войскам.

Са стратай Вільні паўстанцамі 12 жніўня 1794 г. пачаўся новы, заключны, перыяд паўстання на Беларусі. Няўмольна звужалася тэрыторыя, якая кантралявалася касцюшкаўцамі. Пасля паражэння «корпуса» К. Серакоўскага ад Суворава на Берасцейшчыне фактычна толькі Гародня з наваколлем засталася востравам паўстання перад расійскім войскам, якое хвалямі накатвалася з усходу.

Становішча няпэўнасці, узнікшае на той час, адлюстроўвала сітуацыя, якая склалася з кіруючым органам паўстання — Цэнтральнай Дэпутацыяй. Пасля страты Вільні яна вымушана падзялілася на дзве часткі. Адна — з Е. Белапятровічам, Марыконі, Мірскім і Т. Высагердам апынулася ў Гародні, большасць жа — Ю. Міцкевіч, Б. Карп, Ю. Лапа, А. Прозар, Я. Мюлер, А. Тызенгаўз і іншыя трапілі ў Коўна. Некаторы час паміж імі ішла непатрэбная барацьба, які горад абраць месцам дыслакацыі. У рэшце рэшт у пачатку верасня месцам працы Цэнтральнай Дэпутацыі абралі Гародню. На гэты час паўстанцы былі амаль выцеснены з Жамойці і Курляндыі, і Коўна апынулася ў глыбокім тыле.

Трэба сказаць, што яшчэ да гэтага ў дзейнасці Дэпутацыі з'явіліся трывожныя сімптомы стомленасці і адчаю. Фактычна малаэфектыўнай была праца яе аддзелаў, бадай, за выключэннем скарбовага, які ўзначальваў дзейны Е. Белапятровіч. Пасрэдніцкая роля Цэнтральнай Дэпутацыі ў выкананні распараджэнняў Найвышэйшай Нацыянальнай Рады з Варшавы, падпарадкаванасць камісарам-упаўнаважаным той жа Рады на Літве прывялі яшчэ ў ліпені частку яе сяброў да думкі аб магчымасці ліквідаваць «дэпутацыю» як не маючую патрэбнага аўтарытэту. Але ННР слушна тады не згадзілася з гэтай прапановай. Выразна ахарактарызаваў сітуацыю, якая наогул склалася ў кіраўнічых органах паўстання, Я. Ясінскі. Ён пісаў Т. Касцюшку з Гародні 13 верасня: «...Дэпутацыя Цэнтральная, якая ёсць найвышэйшай уладай правінцыі, не дзейнічае, разарвалася сувязь з цэнтрам (з ЦД ВКЛ — Аўт.), таго — з Радай (ННР у Варшаве. — Аўт.), Рады — з народам, ніхто не ведае, да чаго трэба імкнуцца». Як бачым, Я. Ясінскі тут крытычна ставіцца не толькі да дзейнасці Дэпутаііыі, а ўвогуле да ўсяго кіраўніцтва паўстаннем у гінучай Рэчы Паспалітай. Галоўная ж, вядома, трагедыя была ва ўсведамленні разрыву сувязі «з народам»...

Сітуацыя ў Вялікім княстве Літоўскім заўсёды непакоіла Т. Касцюшку, але выканаць сваё абяцанне, прыехаць на радзіму, каб «стаць сярод сваіх землякоў» у паўстанні, ён змог толькі ў канцы верасня. Ёсць звесткі, што Касцюшка намерваўся зрабіць гэта раней, у сярэдзіне верасня. Тады ён разам з бліжэйшым сваім паплечнікам Ю. Нямцэвічам тайна выехаў з Варшавы для агляду паўстанцкага войска ў Літве, якое знаходзілася там пад начальствам генералаў С. Макраноўскага і К. Серакоўскага. Трэба было ўдакладніць іх агульныя дзеянні ў сувязі з набліжэннем з боку Валыні атрада Суворава. Але дарогай Касцюшка з Нямцэвічам даведаліся аб разгроме К. Серакоўскага Суворавым і таму вымушаны былі вярнуцца назад. Толькі адзін раз на кароткі час, з 29 па 30 верасня, змог начальнік паўстання з'явіцца на тэрыторыі Беларусі. У гэтыя дні ён быў у Гародні. Тут апошні раз ён убачыўся з Я. Ясінскім. Прызнаючы заслугі Ясінскага, узнагародзіў яго сваім асабістым знакам — залатым пярсцёнкам пад нумарам 37. Акрамя гэтага, ён даручыў Ясінскаму камандаванне адной з «літоўскіх дывізій», другую павінны былі ўзначаліць Т. Ваўжэцкі і Р. Гедройц. Т. Ваўжэцкі, выцеснены з Жамойці са сваімі атрадамі наступаючым расійскім войскам, з'явіўся ў Гародні ў канцы верасня. Як і Ясінскі, ён атрымаў такую ж узнагароду. Ганаровыя пярсцёнкі Касцюшкі ў Гародні атрымалі таксама С. Макраноўскі, які надалей заставаўся галоўнакамандуючым, маёр Корсак, генерал Р. Гедройц і паручнік Я. Гарноўскі, апошні — за «мужную абарону Вільні падчас першай атакі» 18—19 ліпеня. Гэта была апошняя магчымасць у Касцюшкі падзякаваць лепшым са сваіх землякоў за мужнасць і самаахвярнасць.

Згодна з загадам Касцюшкі, пасля яго ад'езду часткі літоўскага войска, каб пазбегнуць пагрозы атачэння, вымушана пакідаюць Гародню і цяжкім маршам праз Саколку і Беласток сцягваюцца на абарону Варшавы. Апошнім пакідаў Гародню Я. Ясінскі.

14 кастрычніка С. Макраноўскі ў абозе пад Браньскам атрымаў вестку аб паражэнні 10 кастрычніка пад Мацяёвіцамі і ўзяцці ў палон Т. Касцюшкі. Адначасова ён уведамляўся, што начальнікам паўстання Рада ў Варшаве абрала другога ліцвіна — Тамаша Ваўжэвкага

С. Макраноўскага чакалі пад Варшавай, дзе ў яе абароне вельмі разлічвалі «на аддзелы літоўскія».

Першым пад Варшавай з'явіўся са сваёй «дывізіяй» у колькасці 5 тысяч чалавек Р. Гедройц.

Пераехала ў Варшаву з Гародні і Цэнтральная Дэпутацыя. 20 кастрычніка камісар Гарадзенскай парадкавай камісіі Канопка даставіў сюды на «трох параконных фурманках» серабро, грошы і архіў сваёй камісіі. 23 кастрычніка ННР прыняла рашэнне ўвесці ў склад сваіх аддзелаў сяброў і супрацоўнікаў Цэнтральнай Дэпутацыі Княства, пакуль «ЦД да сваёй правінцыі не вернецца». Але на той час ужо і сама ННР уяўляла сабой яскравы вобраз узаемнай падазронасці і разбежнасці ў меркаваннях. Абранне ж Т. Ваўжэцкага, які ніколі не вызначаўся вайсковым талентам і сам неаднаразова аб гэтым гаварыў, з'яўлялася па сутнасці кампрамісам. Яно задавальняла ўсіх, не даючы перавагі ні леваму, радыкальнаму, крылу ў ННР, ні «ўмеркаваным». Не было адзінства ў камандавання паўстаннем і ў спосабах арганізацыі абароны горада.

А між тым Сувораў хутка сцягваў свае сілы, узмоцненыя новымі папаўненнямі, пад прадмесце Варшавы — Прагу. 4 лістапада пачаўся яе рашаючы штурм, які ператварыўся ў «славутую» разню мірнага насельніцтва, калі была прарвана абарона прадмесця і баі перанесліся на яго вуліцы. Сувораўскія «чудобогатыри», раз'ятраныя крывёю, упартасцю супраціўлення паўстанцаў, якім дапамагалі жыхары Прагі, не давалі літасці нікому. Горы трупаў з салдат, жанчын, дзяцей і старых грувасціліся на вуліцах пражскага прадмесця, ад крыві пачырванелі нават воды Віслы...

Згодна з рапартам самога А. Суворава, з больш чым дваццаці тысяч абаронцаў Прагі было забіта 13 340, патанула ў Вісле больш за 3 тысячы і 12 860 чалавек узяты ў палон. Выратавалася, перайшоўшы на другі бок ракі, у Варшаву, толькі 800 чалавек.

Пры абароне Варшавы паклалі свае галовы сотні чалавек з літоўскага войска. Сярод іх былі і Я. Ясінскі,г С. Корсак, генерал П. Грабоўскі, палкоўнік Сымон Гурскі з сынам падпаручнікам артылерыі, падпалкоўнік Ф. Грабоўскі, палкоўнік В. Квасьнеўскі, маёр Сухадолец, Астрарог, А. Граноўскі — усе таварышы Я. Ясінскага.

Пад пагрозай рабунку, гвалту і спусташэння Варшава капітулявала. А. Сувораў накіраваў Кацярыне ІІ у Санкт-Пецярбург кароткае паведамленне аб перамозе: «Ура! Варшава наша!» і атрымаў такі ж кароткі адказ: «Ура, Фельдмаршал!» Так А. Сувораў стаў фельдмаршалам. Крыху пазней узнікла прапанова выбіць ганаровы медаль за ўзяцце Варшавы. Але на той час імператарам ужо стаў Павел І, вельмі непрыхільны да пачынанняў сваёй маці. Ён не згадзіўся з гэтым, бо палічыў, што «сраженне» пад Варшавай больш нагадвала разню, а не бітву.

ПАСЛЯ ПАЎСТАННЯ

На тэрыторыі Беларусі паўстанне 1794 года скончылася ў канцы верасня. Яшчэ гучалі гарматныя залпы на барыкадах варшаўскай Прагі, дзе лілася кроў і паўстанцаў з Вялікага княства Літоўскага, а тут, у краі, ужо расійская акупацыйная адміністрацыя пачала «стваральную» працу.

Галоўнакамандуючы расійскім войскам «на Літве» князь М. Рапнін у пачатку кастрычніка 1794 года распрацаваў у Нясвіжы праект «Маніфеста» да насельніцтва Вялікага княства Літоўскага ад імя імператрыцы Кацярыны ІІ. Асаблівая ўвага ў ім звярталася на найвялікшую частку насельніцтва — сялянства. У знаёмым ужо нам стылі М. Рапнін прапаноўваў яму «адлучыцца ад спакусы... не слухаць ніякіх здрадніцкіх абвестак і пагрозаў і пад аховаю войскаў расійскіх імператарскіх спакойных і без апасення — ізноў жа нрактыкавацца ў земляробстве і домабудаўніцтве сваім». Падкрэслівалася ў праекце «Маніфеста» неабходнасць добрых узаемаадносін з мясцовым насельніцтвам войска, нагляду за своечасовай і справядлівай аплатай за вайсковыя выдаткі.

Праект «Маніфеста» быў накіраваны ў Санкт-Пецярбург на «найвышэйшае» зацвярджэнне Кацярынай ІІ. Адтуль ён быў вернуты М. Рапніну 30 кастрычніка 1794 года для абвяшчэння ў некалькі іншай рэдакцыі, месцамі зусім новай. Так, у пункце першым гаварылася аб «міласці і дараванні» тым, хто добраахвотна дасць прысягу на вернасць імператрыцы, у пункце другім — «аб поўнай і нічым не абмежаванай свабодзе ў публічным ужыванні веры» і «аб зацвярджэнні правоў уладання і бяспекі» мясцоваму шляхецтву, у пункце трэцім — «аб усталяванні ў Гародні «Вышэйшага Літоўскага Кіравання». Пункт чацвёрты зацверджанага і дапоўненага Кацярынай ІІ «Маніфеста» змяшчаў прысягу на вернасць імператрыцы, а пяты — заклік да рымска-каталіцкага святарства, каб яно падавала сваёю дзейнасцю прыклад «пастве». Сам М. Рапнін ад 30 кастрычніка 1794 г. атрымаў новую пасаду — літоўскага генерал-губернатара. Кацярына ІІ загадала яму адначасова абнародаваць «Маніфест» ва ўсім Княстве, прыняць прысягу «ад усялякага звання жыхароў», адчыніць яе імем суды і ва ўсіх галоўных і павятовых гарадах увесці выканаўчую ўладу вайсковых начальнікаў.

Тэкст «Маніфеста» быў надрукаваны ў Бярдзічаве (бліжэй не засталося друкарань са славянскім шрыфтам) на расійскай і польскай мовах. Адначасова з яго абвяшчэннем 20 лістапада (па старому стылю) 1794 года ў храмах адбывалася прыняцце прысягі на вернасць «га­сударыні». Асаблівых эксцэсаў пры гэтым не назіралася. Магчыма, беларуска-літоўскае шляхецтва, не звязанае з паўстаннем, было асабліва ўдзячнае свайму генерал-губернатару за тое, што ён не пакінуў без увагі самага істотнага і дарагога для яе інтарэсу — паслухмянасці сялянства сваім уладальнікам. Хаця ў тую эпоху чакаць якога-небудзь іншага вырашэння «сялянскага пытання» з боку М. Рапніна, які да таго ж, як адзначаюць сучаснікі, «па самой натуры сваёй» быў зацятым праціўнікам скасавання прыгону, было немагчыма. Гэта яскрава было відаць пры падаўленні ім паўстання і пасля яго. Усё мог дараваць удзельнікам паўстання М. Рапнін, акрамя аднаго: спробы адмены прыгону.

У ліку такіх (праўда, іх было няшмат, пераважала якраз адваротная тэндэнцыя) быў касцюшкавец генерал-паручнік Мірбах. Гэты курляндскі шляхціц праславіўся падчас паўстання тым, што сам «узбудзіў сялян супраць памешчыкаў». Мірбах пасля заканчэння паўстання з'явіўся ў Гародні з расійскім пашпартам, выдадзеным яму ў Варшаве Суворавым. Ён звярнуўся да генералгубернатара з надзеяй, што, як і многія іншыя касцюшкаўцы, якія далі «рэцэс» (падпіска не ўдзельнічаць больш у паўстанні), атрымае пропуск да свайго маёнтка ў Курляндыі. Але замест гэтага Рапнін аддаў загад арыштаваць Мірбаха і накіраваць у Рыгу пад пільны нагляд тамтэйшага генерал-губернатара фон Палена. А ў лісце да фаварыта Кацярыны ІІ графа Платона Зубава ён асабліва падкрэсліваў «шалёныя паводзіны» Мірбаха падчас паўстання, запатрабаваў аддаць таго пад суд уладальнікаў маёнткаў, якія па яго ж агітацыі былі разрабаваныя сялянствам. Пасля гэтага стваральнік такога ж «прэцэдэнту» на Беларусі шляхціц Гарадзенскі, калі з'явіўся з такім жа пашпартам да Рапніна, таксама быў арыштаваны. Шукаць «ласкі» вызваліцелям сялянства ў Рапніна не прыходзілася. Гэта яскрава паказвае, чаго больш за ўсё апасаліся расійскія ўлады ў касцюшкаўскім паўстанні — спробы вызвалення ад прыгону сялянства, распаўсюджання гэтай «якабінскай заразы» на расійскія тэрыторыі.

У той жа час, і не без падстаў, М. Рапнін займеў у сучаснікаў спагадлівае найменне «хадайніка за інтарэсы літоўскай шляхты», асабліва абвясціўшай «рэцэс», якая дала прысягу на вернасць новым уладам. Паказальнымі ў гэтым сэнсе з'яўляюцца яго адносіны да лёсу былога ваяводы наваградскага, сябра Найвышэйшай Літоўскай Рады Язэпа Несялоўскага, па выразу таго ж Рапніна, «першай знакамітасці ў Літве». Яго, не толькі сапраўды «знакамітага», але ўжо і ў паважных гадах чалавека (падчас паўстання Я. Несялоўскаму было каля 70 гадоў), Рапнін памылкова лічыў «душою і кіраўніком апошняга літоўскага паўстання».

Пасля разгрому паўстання на Беларусі Несялоўскі доўгі час хаваўся ад расійцаў па лясах. Урэшце яго злавілі ў лесе пад Гародняй салдаты з атрада генерала Кнорынга і даставілі Рапніну. Той загадаў Несялоўскаму разам з жонкай, дарэчы роднай сястрой віленскага біскупа Масальскага, павешанага паўстанцамі ў Варшаве, жыць пад наглядам у Вільні. Несялоўскаму было прызначана там нават «прыстойнае ўтрыманне». Цікавай з'яўляецца матывацыя старога Несялоўскага на допыце ў Гародні «прычын» свайго ўдзелу ў паўстанні. Ён звёў усю справу да ўзроўню асабістай крыўды, нібыта прымкнуў ла паўстанцаў зза сваёй нянавісці да гетмана С. Касакоўскага, які «нахабна» адняў у яго «адно вялікае сяло». Даведзены да адчаю магчымасцю секвестру і страты немалых уладанняў, знаходзячыся ў стане фактычна арыштаванага, Несялоўскі па парадзе Рапніна ў рэшце рэшт напісаў прашэнне Кацярыне ІІ аб памілаванні і аб сваёй гатоўнасці прыняць прысягу. Апраўдваючы ж свой удзел у паўстанні, ён пісаў, што у яго не было іншага выбару — «трэба было ці з бунтаўшчыкамі быць, ці ісці на кару». Рапнін паверыў ці зрабіў выгляд, што паверыў такім тлумачэнням, і хадайнічаў за Несялоўскага перад усемагутным тады П. Зубавым. А вось сын ваяводы, паўстанец Ксаверый Несялоўскі, касцюшкаўскі генерал, ні на якія кампрамісы з Рапніным не пайшоў. Калі ён, прыехаўшы з Варшавы ў Гародню, каб атрымаць дазвол на сустрэчу з арыштаваным бацькам, пачуў ад Рапніна, што для гэтага трэба абавязкова прыняць прысягу на вернасць імператрыцы, то рашуча адмовіўся. Сыну ні з чым прыйшлося вярнуцца ў Варшаву. Тут не выключана таксама, што М. Рапнін мог спекуляваць на бацькоўскіх пачуццях наваградскага ваяводы, дабіваючыся ад яго адрачэння ў імя захавання жыцця ці выяснення лёсу сына.

Практыка «заступніцтва» ў адносінах да замешанай тым ці іншым чынам у паўстанні беларуска-літоўскай шляхты была характэрнай на той час не толькі для аднаго Рапніна. Ёю карысталіся таксама Румянцаў, Сувораў, Туталмін. Секвестраваныя маёнткі ўдзельнікаў паўстання, як правіла, вярталіся, калі землеўладальнікі давалі «рэцэс» і прымалі прысягу. Калі не — то яны высылаліся за мяжу, акрамя непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў, маёнткі ж іх далучаліся да дзяржаўнага скарбу. Аднак і ў такім выпадку жонкі і сваякі ўдзельнікаў паўстання маглі карыстацца часткаю даходаў з такіх маёнткаў «на пражыццё», калі атрымлівалі на гэта дазвол ад імператрыцы. Такая «лагоднасць» да паўстанцаў расійскіх улад кампенсавалася велізарнымі тэрытарыяльнымі набыткамі на карысць імперыі. Новы імперскі «хапок» Расіі настолькі ўзмацняў яе пазіцыі ў Еўропе, што тая «лагоднасць» не выглядала раскошай.

Калі ж вярнуцца да тэмы «заступніцтва» таго ж генерал-губернатара Ц. Туталміна, то яно насіла вельмі асцярожны характар. Папаўшы ў няміласць да Кацярыны ІІ зза сваіх панікёрскіх настрояў падчас пачатку паўстання на Беларусі, Туталмін не хацеў дапусціць згубнай памылкі — рэабілітаваць якоганебудзь «заслужанага» паўстанца, памылкова вярнуўшы яму маёнтак і маёмасць. Таму ён неаднаразова звяртаўся да Рапніна з просьбаю, каб той выслаў яму поўны спіс «літоўскай шляхты», якая мела дачыненне да паўстання. Пры гэтым Туталмін прасіў даць звесткі на ўдзельнікаў паўстання па чатырох разрадах: першы — хто падпісаўся пад актамі далучэння да паўстання, другі — хто з'яўляўся сябрамі якіхнебудзь паўстанцкіх камісій ці па даручэнні вярхоўнага камандавання займаў іншыя пасады, трэці — хто служыў у паўстанцкім войску, чацвёрты — хто з'яўляўся павятовым генералам ці быў нейкім іншым начальнікам пры павятовым і ваяводскім «паспалітым рушэнні».

Рапнін не без падстаў лічыў, што выкананне гэтай просьбы Туталміна можа парушыць яго планы спакойнага ўтаймавання краю пасля заканчэння паўстання. Ён пісаў Туталміну: «Я мяркую, мой міласцівы сябра, што лепей Вам прыслаць да мяне рэгістр Вашых адсутнічаючых (мелася на ўвазе шляхта, якая выехала ці казала, што выехала падчас паўстання за мяжу, але ў паўстанні ўдзелу, нібыта, не прымала і цяпер прасіла аднавіць свае маёмасныя правы), чым мне адсюль (з Гародні. — Аўт.) спіс адсылаць аб усіх тутэйшых жыхарах, якія ў мяцяжы былі. Тут бы выйшаў пагалоўны перапіс усёй Літвы, а даведкі аб гэтым, якія не могуць быць зробленыя тайна, патрывожылі б усю тутэйшую зямлю. Ваш жа спіс, калі б пра яго і даведаліся, не можа зрабіць тут падобнага дзеяння». Так і не атрымаў «пільны» Туталмін пажаданага спіса ад Рапніна, уратаваўшы Беларусь, магчыма, ад яшчэ аднаго паўстання.

Палітыка генерал-губернатара М. Рапніна ў дачыненні да беларускага сялянства была класічнай палітыкай «бізуна і перніка». «Мы павінны, — пісаў Рапнін, — адзінае старацца трымаць (гэтую) зямлю да сябе ў страху і павазе, выйграючы апошняе як мага больш справядлівасцю, выяўленай да жыхароў, зберагаючы іх па магчымасці, і строгім спагнаннем, калі б хто-небудзь намерыўся з вайскоўцаў ім дарэмныя крыўды рабіць: гэтым спосабам лепей і сэрцамі, і зямлёю завалодаць будзе можна».

І тут, абвясціўшы барацьбу за сэрцы беларускіх сялян, М. Рапнін толькі паўтараў памкненні Кацярыны ІІ. Яшчэ падчас першага падзелу «Рэчы Паспалітай Двух Народаў» у спецыяльнай інструкцыі для губернатараў, прызначаных у «нановапрыяднаныя землі», яна пісала: «Мы жадаем, каб не толькі гэтыя правінцыі сілаю зброі былі намі скароныя, але каб сэрцы людзей, у іх пражываючых, дабром, справядлівым законным кіраваннем Расійскай імперыі прысвоены».

Ад гэтай «сардэчнай» заклапочанасці нічога кепскага, здаецца, не мог чакаць беларускі селянін. Але чамусьці яго дабрабыт пасля некалькіх дзесяткаў гадоў расійскага панавання не палепшыўся. Наадварот, беднасць селяніна-беларуса, асабліва ва ўсходняй частцы краю, зрабілася вядомай ва ўсёй імперыі. Але, кажуць, былі і «вялікія выгоды» насільнага далучэння да Расіі, якія, па меркаванні некаторых прыхільнікаў «воссоедннення», зводзіліся да таго, што беларускі селянін, нібыта, «перапоўніўся думкаю» набыцця месца ў «сэрцы цара» (!), што «калі-небудзь цар скажа слова, якое разарве яго (селяніна. — Аўт.) путы». Ідылія нейкая атрымлівалася. Хоць трактат садзіся ды пішы на тэму «Да пытання аб сардэчных узаемаадносінах паміж беларускім сялянствам і домам Раманавых».

Што ж датычыцца М. Рапніна, то ён у свой час праводзіў асцярожную і практычную палітыку ў дачыненні да сялянства. Селянін мала верыў у словы і абяцанні «сардэчных адносін», ён чакаў спраў.

Ведаючы гэта, Рапнін звярнуў увагу на становішча з падаткамі ў Вялікім княстве Літоўскім. Згодна з пастановай апошняга Гарадзенскага (1793 г.) сейма падаткі з сялянства браліся па частках: у студзені, сакавіку, чэрвені і верасні. Калі ж генерал-паручнік Галіцын у Жамойці загадаў сабраць у студзені 1795 г. падаткі ў расійскую казну адразу за ўвесь папярэдні, паўстанцкі год, то М. Рапнін адмяніў гэты загад. Ён дазволіў браць падаткі за 1794 г. толькі за апошнюю, вераснёўскую чвэрць, улічыўшы, што яны былі ўжо фактычна тры pазы заплачаныя. У студзені і сакавіку — таргавіцкаму ўраду, а ў чэрвені — паўстанцкаму. Гэты загад быў распаўсюджаны ім на ўсю тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага. Ізноў, дзякуючы цвярозаму ўліку абставін, адчуванню яшчэ не астыўшых ад паўстання настрояў, Рапніну ўдалося патушыць непатрэбныя для яго плана суцішэння канфлікты.

Адначасова мэтаю «літоўскага генерал-губернатара» было вытравіць з памяці народа само імя правадыра паўстання Андрэя Тадэвуша Касцюшкі. Таму ён пад пагрозай суровага пакарання забараніў упамінаць у афіцыйных паперах, дзе гаварылася аб адносінах запрыгоненых сялян і іх паноў, само імя начальніка паўстання. А генерал Цыцыянаў адразу пасля падаўлення паўстання на Беларусі загадаў абвясціць ва ўсіх касцёлах і цэрквах строгае распараджэнне вайсковых улад. Згодна з ім было загадана сабраць усе лісты, друкі, газеты, загады, якія зыходзілі «ад крыніцы рэвалюцыі пад імем Касцюшкі альбо іншых уладаў пад ім» для іх знішчэння. Так былі канфіскаваныя і, магчыма, знішчаныя ўсе акты гродскіх і земскіх судоў за час паўстання. Гэта рабілася для таго, каб знішчыць не толькі паперы, а і саму памяць у будучых пакаленнях аб паўстанні 1794 г. і аб яго правадыры. Вынікі выканання гэтых распараджэнняў адчуваюцца і да нашага часу. Яны ведалі, што рабілі, знішчаючы памяць пра Касцюшку, Ясінскага, касінераў, «паспалітае рушэнне». Бо народ, які не мае герояў у мінулым, і сам не здольны на гераічныя ўчынкі ў будучым.

Больш за год тэрыторыя Беларусі (з трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г.) знаходзілася пад «часовым вайсковым становішчам», пад кіраваннем начальнікаў вайсковых атрадаў. Кацярына ІІ у сваім указе М. Рапніну ад 30 кастрычніка 1794 г. адначасова з дазволам абвясціць ад яго імя «Маніфест» загадала падзяліць Княства «для лепшага ім кіравання» на тры часткі. Адміністрацыйнымі цэнтрамі Княства былі абраны гарады Вільня, Гародня і Коўна. Прытым назіральнікамі за выканаўчымі ўладамі ў гэтых гарадах прызначаліся вайсковыя начальнікі бліжэйшых карпусоў расійскага войска. Іх павінен быў забяспечыць адпаведнымі інструкцыямі генерал-губернатар Рапнін, Гародня была прызнана месцам рэзідэнцыі генерал-губернатара. Тут жа знаходзілася і Вярхоўнае Літоўскае Кіраванне. Яно складалася з чатырох аддзелаў: казённага, крымінальнага, грамадзянскага і эканамічнага. Начальнікамі гэтых аддзелаў былі прызначаны выключна прадстаўнікі расійскай адміністрацыі, адпаведна — палкоўнік Фрызель, брыгадзір Русанаў, надворны саветнік Волкаў і прэм'ер-маёр Літке. Ім у якасці памочнікаў былі прызначаныя з мясцовага шляхецтва так званыя «экспедытары».

Стараючыся ўлагодзіць мясцовае насельніцтва, Кацярына ІІ адразу не пайшла на ліквідацыю прывычных жыхарам Княства земскіх і гродскіх судоў. Атрымалі дазвол на прадаўжэнне дзейнасці ратушы і магістраты ў гарадах, але ўжо ад імя «ўсерасійскай імператрыцы» і «парадкам да канстытуцыі 3-га мая ў Рэчы Паспалітай існаваўшым». 3 абмежаваннем у сваіх правах, але ўсё ж быў пакінуты напачатку і Літоўскі Трыбунал як галоўная судовая ўстанова ў краі. У ім павінны былі разглядацца апеляцыі з земскіх і гродскіх судоў. Аднак незадаволеныя рашэннямі Трыбунала атрымалі права звяртацца ў Вярхоўнае Кіраванне ў якасці апошняй інстанцыі. Гэтым жа ўказам Кацярыны ІІ на тэрыторыі Княства забараняліся катаванні і смяротная кара. 3 аднаго боку, такое рашэнне выглядала справядлівым і нават своечасовым, асабліва ў дачыненні да нядаўніх удзельнікаў паўстання. Але, з другога боку, жыццё прыгоннага селяніна-беларуса ізноў, як гэта не дзіўна, рабілася безабаронным. Бо гэтым самым было скасавана і рашэнне сейма Рэчы Паспалітай ад 1767 года. Згодна з ім за забойства селяніна шляхціц мог быць пакараны смяротнай карай. А цяпер магчымасці такога пакарання ўжо не існавала.

Асаблівая ўвага ва ўказе імператрыцы была звернута на кантроль за друкам, тыпаграфіямі і іх выданнямі. Фактычна ў Вялікім княстве Літоўскім уводзілася жорсткая дзяржаўная цэнзура. «Самавольнае і паўсюднае ў Літве друкаванне кніг, як зло, шматлікімі і відавочнымі вопытамі стаўшае вядомым, паўсюдна прыстойнасць жыхароў і іх спакой парушаючае, патрабуе, — загадвала Рапніну Кацярына ІІ,— прыцягнуць на сябе асаблівую вашу ўвагу». «Літоўскі генерал-губернатар» у адпаведнасці з воляю імператрыцы павінен быў сабраць у Гародні ўсе існаваўшыя ў краі тыпаграфіі, увесці цэнзуру, а самае галоўнае — вынішчыць «усе надрукаваныя пад час бунту падбухторваючыя акты і іншыя, усялякія назвы, сачыненні і лісты». Гэты загад у далейшым выконвацца будзе асабліва строга.

Замест «адданага Расіі», але павешанага паўстанцамі віленскага каталіцкага біскупа Масальскага імператрыца прызначыла на яго месца правадніка расійскіх інтарэсаў сярод каталіцкага клеру Яна Непамуцэна Касакоўскага з тытулам «біскупа інфлянцкага» (з 1798 г. ён стане ўжо «біскупам віленскім»). Каталіцкаму святарству «нелітоўскага» паходжання ўезд на Літву забараняўся. Біскупу інфлянцкаму падпарадкоўваліся ўсе ордэны манахаў, якія павінны былі «не імкнуцца браць на сябе залежнасць ад якой-небудзь духоўнай улады, паза імперыяй існуючай». Каталіцкаму святарству забаранялася бескантрольна атрымліваць папскія пасланні з Ватыкана. Яны адразу ж павінны былі іх адсылаць да генерал-губернатара Рапніна ў Гародню. Апошняя «забарона» выглядала зусім фармальнай. Але жаданне паставіць пад нагляд спрадвечнага ворага праваслаўя, а значыць і расійскага самадзяржаўя, — каталіцкую царкву, нічым тут не прыкрывалася.

Завяршылася першапачатковая перабудова адміністрацыйнага кіравання чарговым «нанова набытым» краем найвышэйшым указам Кацярыны ІІ Сенату ад 14 снежня 1795 г. па старому стылю «аб прылучэнні на вечныя часы да Расіі Вялікага княства Літоўскага» і аб падзеле яго на дзве губерні — Віленскую і Слонімскую. Губернатарамі іх былі прызначаныя адпаведна генерал-маёры Тармасаў, удзельнік змагання з Т. Касцюшкам, і Навіцкі.

Адначасова з гэтым указам Сенат павінен быў абвясціць маніфест імператрыцы да жыхароў «прыяднанай правінцыі» і «заклапаціцца прывядзеннем іх да прысягі». Гэта ўжо павінна была быць трэцяя прысяга для ліцвінаў за апошнія тры месяцы. Аб першай было заяўлена пры абвяшчэнні рапнінскага маніфеста, зацверджанага Кацярынай ІІ 30 кастрычніка 1794 года, аб другой — з прылажэннем самой яе формы ва ўказе Рапніну ад 22 лістапада 1794 года.

Звяртаючыся да новых сваіх падуладных, імператрыца заяўляла: «...Абнадзейваем пры гэтым (вас) імператарскім нашым словам за нас і спадкаемцаў нашых, што не толькі свабоднае веравызнанне ад продкаў вамі набытае, (але) і ўласнасць, законна кожнаму належачая, у цэласці захаваныя будуць». Самым жа галоўным было, аднак, тое, што Кацярына ІІ пацвердзіла для ўсяго шляхецтва і святарства апошняй часткі Беларусі, якая далучалася да Расійскай імперыі, захаванне за імі ўсіх тых «правоў, вольнасцяў і пераваг, якімі спакон веку падданыя расійскія па міласці нашых продкаў і нашай карыстаюцца».

Вядома ж, першым правам і вольнасцю было права прыгону, продажу людзей як быдла, уводу амаль пажыццёвай рэкруцкай службы сялянскіх сыноў. Большасць беларускага народа, сялянства атрымала тым самым ад «сваёй» імператрыцы пацверджанне на новае ліха.

Пасля падаўлення паўстання пачаўся агідны абрад раздачы ўзнагарод пераможцам коштам запрыгоненага беларускага народа. Па далёка няпоўных падліках найбольш актыўныя ўдзельнікі ўдушэння паўстання 1794 года, а разам з імі проста набліжаныя да імператрыцы расійскія дваране, атрымалі ў падарунак, у асноўным на тэрыторыі Беларусі, больш за сто пяць тысяч «сялянскіх душ» з маёнткамі. Граф А. СувораўРымнінскі атрымаў 13 279 «душ» пад Кобрынам, граф П. Румянцаў-Задунайскі — 10 854 «душ» на той жа Кобрыншчыне і Пружаншчыне, ды яшчэ 3652 «душы» было там жа адпісана яго спадкаемцам. 28 445 «душ» у Жамойці і Беларусі атрымаў князь П. Зубаў, пераўзышоўшы і Суворава і Румянцава. Але тут фаварыт-каханак Кацярыны ІІ быў, як кажуць, паза канкурэнцыяй.

Пераможцы зліваліся з «пераможанымі», новыя расійскія памешчыкі з «польскімі патрыётамі» санкт-пецярбургскага накірунку. Пацярпелыя ад паўстанцаў прыхільнікі Таргавіцы атрымалі каля 18 тысяч «сялянскіх душ».

Пасля падаўлення паўстання на Беларусі пачалося энергічнае следства па справах актыўных яго ўдзельнікаў. Акрамя гэтага, выясняліся і ўдакладняліся прозвішчы тых, хто меў да яго непасрэднае дачыненне. 31 снежня 1794 года М. Рапнін даносіў Кацярыне ІІ аб складанні дакладнага і поўнага спіса афіцэраў-паўстанцаў, якія ўдзельнічалі ў пачатковай змове і пры захопе Вільні. Спіс быў пададзены на «найвышэйшае імя» з падрабязнымі адзнакамі і заўвагамі, хто дзе быў, што рабіў падчас паўстання і дзе знаходзіцца цяпер.

Не спыняла сваёй працы і спецыяльная следчая камісія па справах паўстання 1794 года ў Смаленску, куды накіроўваліся для канчатковага вырашэння іх лёсу арыштаваныя.

Увогуле дзейнасць Смаленскай следчай камісіі — адна з найменш вядомых старонак паўстання 1794 года. Яна заслугоўвае больш падрабязнага асвятлення. Для гэтага нам прыйдзецца зноў вярнуцца крыху назад.

Як вядома, першыя арыштаваныя, западозраныя ў справе падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі, з'явіліся яшчэ ў сярэдзіне красавіка 1794 года. Трымаць іх на радзіме, па-суседску з паўстаўшай Польшчай, было небяспечна. Таму расійскі пасланнік Ігельстром паспеў да вызвалення Варшавы аддаць распараджэнне генерал-губернатару Туталміну пераправіць арыштаваных з Менска, дзе яны першапачаткова знаходзіліся, у «бліжэйшы вялікарасійскі губернскі горад». Туталмін жа, у сваю чаргу, загадаў менскаму губернатару Няплюеву накіраваць С. Солтана, І. Грабоўскага, М. Радзішэўскага, А. Вяжэйскага, А. Тызенгаўза і іншых у Смаленск. (За выключэннем М. Богуша і М. Бжастоўскага, якія напачатку былі накіраваны ў Чарнігаў.) 14 (25) красавіка гэтая група зняволеных пад строгай аховай з суправаджальным лістом Туталміна да генерал-губернатара смаленскага і пскоўскага Р. Осіпава была адпраўлена ў Смаленск. Прыспешылі, відаць, Туталміна зрабіць гэта і адпаведныя падзеі ў Вільні. 20 красавіка (1 мая) арыштаваныя былі ўжо на месцы.

Такі паварот спраў для Р. Осіпава быў зусім нечаканым. Ён набываў вялікі клопат. Было зразумела, што з'яўленне першай партыі арыштаваных — гэта толькі пачатак. Да таго ж былі няяснымі яго асабістыя паўнамоцтвы ў гэтай справе. Тады Осіпаў звяртаецца ў Пецярбург з прашэннем на «найвышэйшае імя». Ен просіць даць яму адпаведныя ўказанні. Адказ са сталіцы імперыі доўга чакаць сябе не прымусіў. Кацярына ІІ была вельмі занепакоена паўстаннем, у якім бачыла перш за ўсё небяспеку пашырэння «французскай заразы» на абшары сваёй імперыі. 24 красавіка (5 мая) з Пецярбурга на імя Осіпава прыйшоў указ. У ім у дачыненні да паўстанцаў гаварылася: «Дабы определить меру законной строгости, нужно взыскать во всей ясности и подробности преступленне их. На сей конец за благо признали мы учредить в Смоленске следственную комнссию, в которой назначаем присутствовать под вашим председательством генерал-майору ДмитрневуМамонову, бригаднру Русанову, председателю Смоленского наместничества уголовной палаты коллежскому советнику Мезенцеву и верхнего земского суда надворному советнику Войнову». Генерал-губернатар Туталмін атрымаў загад накіраваць у гэтую камісію ўсіх замешаных у «бунце». Згодна з указам, ён абавязваўся адсылаць у Смаленск разам з матэрыяламі папярэдняга расследавання як новых падданых Расійскай імперыі, так і тых, хто на вернасць імператрыцы не прысягаў.

У сувязі з гэтым у Смаленск сталі перапраўляцца і раней арыштаваныя, западозраныя ў падрыхтоўцы паўстання асобы, якія на той час апынуліся ў іншых месцах. Так, з Чарнігава ў чэрвеніліпені 1794 года пераведзены М. Бжастоўскі і М. Богуш. 3 Петрапаўлаўскай крэпасці быў дастаўлены К. Мараўскі. 7 мая з Екацярынбурга перавялі ў Смаленск І. Дзялынскага, актыўнага ўдзельніка падрыхтоўкі паўстання ў Польшчы.

Пасля заканчэння расследавання на «найвышэйшае імя» трэба было прадставіць «экстракты» (выпісы з пратаколаў допытаў арыштаваных) з «мнениями» (меркаваннямі камісіі наконт пакарання). 3 гэтага моманту і пачаўся актыўны наплыў арыштаваных ці трапіўшых у палон удзельнікаў паўстання ў Беларусі. 18 мая на ўтрыманне арыштаваных было асігнавана пяць тысяч рублёў. На той час у Смаленску налічвалася ўсяго шэсць арыштаваных. Але ў Пецярбургу, як кажуць, глядзелі наперад — паўстанне было на ўздыме...

Менавіта з допытаў І. Дзялынскага, якія адбыліся ўжо 8 мая, следчая камісія пачала сваю працу. Генерал-губернатар Осіпаў нават не дачакаўся прыбыцця ў

Смаленск двух сяброў камісіі — Дзмітрыева Мамонава і Русанава. Быў складзены спіс пытанняў, на якія павінны былі адказаць Дзялынскі і іншыя зняволеныя. Мовамі допытаў, з-за няведання расійскай, абралі польскую і французскую. Прычым у Пецярбург паляцела дэпеша аб неадкладнай прысылцы перакладчыка, бо ўпэўненасці ў надзейнасці выканання такой працы з боку «мясцовых палякаў» у Осіпава не было.

22 мая ад Туталміна ў Смаленск дастаўляюць ігумена Оўруцкага манастыра Ахоцкага. Яго паказанні адразу «ажыўляюць» працу камісіі і яшчэ больш насцярожваюць Пецярбург. Пацвердзілася галоўнае: паўстанцы плануюць «распачаць бунт» і ў межах уласна Расійскай імперыі праз далучэнне да паўстання былых частак польскага і літоўскага войск, якія былі размешчаны на ўкраінска-беларускім памежжы.

30 чэрвеня 1794 года старшыня следчай камісіі Осіпаў атрымаў рэскрыпт ад імператрыцы, які ўдакладняў накірунак працы следчых. Справа ў тым, што ў час следства выявілася, што на некаторых арыштаваных па загаду Ігельстрома і С. Касакоўскага ў камісіі не хапае абвінаваўчага матэрыялу. Гэта датычылася, напрыклад, І. Грабоўскага, М. Бжастоўскага, М. Радзішэўскага, А. Тызенгаўза і іншых. Самі яны, натуральна, нагаворваць на сябе не жадалі. Ігельстром жа пасля разгрому расійскага гарнізона і вызвалення Варшавы вымушаны быў ратавацца ў Прусіі, наладзіць з ім кантакты ў віры паўстання было цяжка. А павешаны гетман С. Касакоўскі змоўк назаўжды... У пратаколах допытаў стала сустракацца дзіўная фармулёўка: паколькі Ігельстром і Касакоўскі без падстаў даць загад на арышты не могуць, арыштаваныя і надалей павінны знаходзіцца пад аховай да атрымання неабходных вестак.

Згодна з рэскрыптам ад 30 чэрвеня, усе падсудныя пры вызначэнні ім пакарання дзяліліся на два класы. У першы, самы цяжкі з пункту гледжання пакарання, траплялі тыя, хто прыняў калісьці прысягу на вернасць імператрыцы і, далучыўшыся да паўстання, парушыў яе. У другі клас пераводзілі тых, хто «на вернасць і падданства не прысягаў». Аднак самымі небяспечнымі лічыліся тыя, хто заахвочваў сялянства да ўдзелу ў паўстанні, асабліва на анексаваных тэрыторыях першага і другога падзелаў.

Колькасць паўстанцаў, накіраваных для допытаў у Смаленскую следчую камісію, складала: у красавіку — 4, маі — 15, чэрвені — 32, ліпені — 40, жніўні — 47, верасні — 59, кастрычніку — 67, лістападзе — 68, у снежні 1794-га — 70 чалавек. А за студзень і люты 1795 года яна павялічылася да 80 арыштаваных. Разам з афіцэрамі знаходзіліся і 22 чалавекі з абслугі, якія добраахвотна далучыліся да свайго начальства. Па саслоўных і службовых прыкметах у лік арыштаваных уваходзіла: шляхціцаў — 40, вайскоўцаў — 20, святароў (каталіцкіх і уніяцкіх) — 8, мяшчан — 1, сялян — 1.

Пра характар следства і абыходжанне са зняволенымі ў Смаленску унікальныя ўспаміны пакінуў паўстанец-ліцвін Язэп Копаць, паручнік пяцігорскай брыгады Вялікага княства Літоўскага і брыгадзір-генерал у войску Касцюшкі. Вось як апісваецца ім адзін з допытаў у снежні 1794 года.

...Увялі ў вялікую залу. Пасярэдзіне яе стаяў вялікі стол. За ім сядзелі сябар Смаленскай следчай камісіі. Копацю загадалі падаць крэсла і сесці, заўважыўшы, што ён паранены, аслаблены і яшчэ не вылечыўся. Пачаўся допыт, пасыпаліся пытанні: «Якога паходжання?», «Якую рэлігію вызнае?», «Колькі гадоў мае?», «На каго вучыўся?», «Чым займаўся на працягу жыцця?» і іншыя. На пытанне: «Ці прысягаў?» Копаць адказаў, што на працягу сваёй больш чым дваццацігадовай службы даводзілася яму прысягаць некалькі разоў. Тады яго спыталі: «Але якая была апошняя прысяга?» І тады ён, паказваючы, што нібыта не разумее сутнасці справы, адказаў: «Апошняя была найважнейшая, бо Айчыну маю да апошняй кроплі крыві праліцця абараняць і ахоўваць прысягнуў». На што прысутныя ў адзін голас заўважылі «няўцямнаму» Копацю: «Але ж не пра гэта пытаем, а толькі, ці •прысягаў нашай манархіні?» Копаць заўважыў, што тая прысяга была зроблена пад прымусам і гвалтам. Таму любоў да сваёй Айчыны загадала яму забыцца на той прымус. Узбуджаныя суддзі паўскоквалі з месцаў і загадалі вярнуць Копаця назад у вязніцу...

У архівах не знойдзена фактаў, якія б сведчылі пра тое, што супраць зняволеных паўстанцаў прымяняліся катаванні. Хаця той жа Копаць успамінаў, як адзін з каравульных падафіцэраў абвінаваціў яго перад начальствам у тым, што арыштант змайстраваў перад сваім ложкам заслону з хусткі, каб хоць нейкі час не бачыць апрыкрай варты... У адну з начэй Копаць прачнуўся і ўбачыў, што ў нагах сядзіць жаўнер і пільна на яго пазірае. Hа запытанне, навошта ён гэта робіць, атрымаў адказ: «Загадана на цябе дзень і ноч глядзець, таму што ты нас не любіш». Для Копаця гэта стала найстрашнейшай пакутай...

Смаленская следчая камісія ў асноўным скончыла сваю працу ў маі 1795 года. Матэрыялы следства былі накіраваны ў Пецярбург, у Тайную экспедыцыю, вышэйшы орган палітычнага вышуку Расійскай імперыі. Пасля гэтага Кацярына ІІ загадала стварыць «асобы камітэт», які павінен быў разгледзець вынікі следства па справе паўстання. У склад камітэта ўвайшлі сенатар П. Пасек, генерал-пракурор А. Самойлаў, граф П. Завадоўскі і князь М. Юсупаў.

У канцы мая — пачатку чэрвеня 1795 года гэты камітэт прадставіў імператрыцы праект свайго рашэння. Згодна з ім, трынаццаці паўстанцам (сярод іх — Я. Копацю, Т. Гарадзенскаму, Я. Зянковічу) была вынесена смяротная кара. Астатніх, за выключэннем шаснаццаці чалавек, якія былі вызвалены ад абвінавачвання, прапаноўвалася выслаць у Сібір.

Аднак Кацярына ІІ напярэдадні трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Двух Народаў, відаць, не хацела асвячаць смяротнымі прыгаворамі сваё панаванне на захопленых землях, узбуджаць і так неспакойнае насельніцтва. Таму смяротныя прыгаворы былі скасаваны. Найбольш вінаватыя, на яе погляд, «бунтаўнікі» былі накіраваны ў бестэрміновую сібірскую высылку і на Камчатку. Для многіх гэта стала тым жа смяротным прыгаворам, толькі адкладзеным на некаторы час...

Нельга не ўспомніць і пра гаротны лёс малодшых камандзіраў і шараговых ваеннапалонных. Тысячы такіх паўстанцаў пасля задушэння паўстання былі сагнаны ў зборныя месцы на тэрыторыі ўнутраных губерняў імперыі. Адтуль іх размяркоўвалі для рэкруцкай службы ў бязлюдных мясцінах ці невялікіх населеных пунктах. Аднак і сярод такіх ваеннапалонных, згодна з указам Кацярыны ІІ, было праведзена размежаванне. Найбольш небяспечная іх частка дастаўлялася ў Рыгу, а адтуль на караблях перапраўлялася ў Фінляндыю для «употреблення в работах». Згодна з тым жа ўказам, «присылаемые в Псков и Смоленск имеют быть определяемы во внутренние гарнизоны н штатные команды в солдаты». Толькі ў Смаленск палонных жаўнераў-паўстанцаў было прыгнана больш за тры тысячы. У асноўным гэта былі тыя, якія трапілі ў палон у баях пад Любанню, Крупчыцамі і Бярэсцем... Босыя, распранутыя і параненыя. Па некалькі соцень вымірала іх за ноч у смаленскіх казематах. Агульная колькасць такіх ваеннапалонных складала да дзесяці тысяч чалавек. Нямала сярод іх было і беларусаў-ліцвінаў.

Ужо пасля завяршэння ўсяго следства быў дасланы ў Гародню літоўскаму генерал-губернатару М. Рапніну велізарны спіс «падазроных асобаў», меўшых дачыненне да паўстання, за якімі ўстанаўлівалася назіранне. Але яшчэ доўга, нават пасля амністыі Паўла І у 1796 годзе, усім касцюшкаўцам паліцэйска-адміністрацыйны нагляд фіксаваў «вальнадумства» і «крытыку існуючага стану рэчаў» у многіх шляхецкіх маёнтках, куды вярнуліся з выгнання ці з высылкі былыя паўстанцы.

Новыя ўлады пільна сачылі за ўсялякімі спробамі змовы супраць іх на Беларусі. Так, Рапнін у лісце да віленскага губернатара А. Тармасава ад 30 красавіка 1796 года выказваў занепакоенасць з'яўленнем у Вільні людзей у «чорных шапках». Меркавалася, што яны, нібыта, служаць новым змоўшчыкам апазнавальным знакам. Нягледзячы на некаторую падазронасць такой інфармацыі, Рапнін усё ж загадаў Тармасаву павялічыць пільнасць, а ў «шынках праз кагалы скрытна яўрэям загадаць прыглядваць, хто там бывае і што гаворыцца».

У маі 1796 года ў Гародні, месцы рэзідэнцыі генерал-губернатара Рапніна, была раскрыта змова «паміж дробнай шляхтай», меўшая на мэце колішнім прыкладам Вільні напасці на кватэры расійскіх вайскоўцаў, арыштаваць Рапніна і пачаць паўстанне. Пасля выкрыцця змовы ў горадзе прайшлі арышты. Быў арыштаваны і натхняльнік справы малады шляхціц Любавецкі па здрадніцкаму даносу аднаго з удзельнікаў змовы. Хаця ў данясенні Кацярыне ІІ ад 7 мая 1796 года М. Рапнін заверыў імператрыцу, што «нічога важнага з гэтай спробы быць не магло», аднак усё-такі для «папярэджання ўсяго» ён загадаў датэрмінова вывесці з горада войскі ў летнія лагеры, каб не «засталі нас у ложку», як гэта было ў 1794 годзе ў Вільні.

Цішыня, якая, здаецца, запанавала пасля падаўлення паўстання на абсягах Беларусі, таго ж Рапніна ў зман ніколі не ўводзіла. Ён не без падстаў лічыў, што <<не зашмат трэба спадзявацца на тутэйшы спакой, асабліва калі ў нас вайна здарыцца». І нічога тут дзіўнага не было. Ніколі і нідзе яшчэ спакойна не спалі заваёўнікі ў захопленым краі.

У тым, што паўстанне 1794 года на Беларусі, як і на іншых тэрыторыях Рэчы Паспалітай, пацярпела паражэнне, былі свае прычыны. Не споўніліся спадзяванні яго кіраўнікоў на тое, што беларускае сялянства ў межах другога і першага падзелаў шырока падтрымае паўстанцкі рух. Не быў дастаткова ўлічаны своеасаблівы характар этнічна-рэлігійнай сітуацыі на беларускіх землях. Цэнтралізатарскія памкненні, якія ішлі з Польшчы, не знайшлі водгуку і ў часткі беларуска-літоўскай шляхты, якая здаўна прывыкла дыстансавацца ад поўнага атаясамлення з польскай. Спроба часткі кіраўніцтва паўстання замкнуць яго толькі на пытаннях «польскасці», а таксама неспрыяльныя ўмовы для кардынальнага вырашэння «сялянскага пытання» не вялі да яго перамогі. Адсюль і адносная пасіўнасць беларускага сялянства. Не паспеўшы адчуць рэальнай падтрымкі ў паляпшэнні свайго стану, нягледзячы на спробы Т. Касцюшкі, яно ў большасці сваёй засталося індэферэнтным.

Тым не менш, паўстанцкія атрады ў Беларусі амаль на адну трэць складаліся з сялян-касінераў. Усяго за час паўстання ў ім прынялі ўдзел больш за трыццаць тысяч прадстаўнікоў розных станаў грамадства.

Гарадское насельніцтва, мяшчанства таксама не змаглі аказаць вялікай падтрымкі паўстанню. Яно было слабым эканамічна і палітычна дастаткова не кансалідаваным. У грамадстве, амаль яшчэ цалкам феадальным, якое толькі-толькі ўставала на шлях рэформ у буржуазным духу, нават памкненні не толькі на лідэрства ў пераўтварэннях, у тым ліку і ў паўстанні з боку маладой буржуазіі, шляхецкай большасцю разглядаліся ўсё яшчэ як нешта недапушчальнае. А моцнаму радыкальнаму блоку з дэмакратычна настроеных прадстаўнікоў горада і адпаведнай часткі шляхецтва, якія б маглі аказаць уплыў на паўстанне, з-за кароткага яго тэрміну, скласціся не ўдалося.

Не існавала ў Вялікім княстве Літоўскім падчас паўстання і належнага ўзаемадзеяння паўстанцкіх сіл. Барацьба з «літоўскім сепаратызмам» была недапушчальнай раскошаю ў вырашальны для паўстання час. Не барацьба з Найвышэйшай Літоўскаю Радаю і ўрэшце яе ліквідацыя, а, наадварот, яе зацвярджэнне праз прызнанне і падтрымку спрадвечных «ліцвінскіх інтарэсаў» да пэўнай самастойнасці — маглі стварыць толькі больш спрыяльныя ўмовы для паўстання, сапраўдны саюз Польшчы з Вялікім княствам Літоўскім у імя ацалення федэратыўнай дзяржавы.

Але і ў самім кіраўніцтве паўстанцкім войскам у Вялікім княстве Літоўскім не існавала патрэбнага адзінства. Нязгоды паміж Ф. Сапегам, А. Хлявінскім і Я. Ясінскім, а таксама А. Хлявінскага з Літоўскай Радай стварылі па сутнасці сітуацыю бязуладдзя ў войску, праблему свайго, «унутранага сепаратызму». Не знайшлося ў рашаючы момант і патрэбнай асобы на пасадзе галоўнакамандуючага паўстанцкім войскам, якая б адпавядала такім запатрабаванням, як рашучасць, дасведчанасць, аўтарытэтнасць. Ясінскі прагнуў змагання, але ў гэтым яму было адмоўлена дзякуючы інтрыгам тых, хто быў напалоханы яго радыкалізмам. М. Вяльгорскаму ж была «даверана» Касцюшкам «уся Літва», але той больш патраціў часу на лісты з просьбаю вызваліць яго ад непасільнага цяжару камандавання, чым на арганізацыю войска.

Паўстанне вымушана пачалося ў неспрыяльных міжнародных абставінах. У рэшце рэшт Прусія, Аўстрыя і Расія змаглі дамовіцца і разам выступіць супраць яго. Не спраўдзіліся спадзяванні кіраўнікоў паўстання на дапамогу рэвалюцыйнай Францыі, якая сама была абцяжарана ўласнымі вострымі ўнутранымі і знешнімі праблемамі.

Калі паўстанне ўжо было разгромлена, некаторыя нядобразычліўцы Касцюшкі выступілі з меркаваннем, што яго пачатак быў, нібыта, спецыяльна справакаваны расійскімі ўладамі, каб мець якую-небудзь прычыну для канчатковай ліквідацыі Рэчы Паспалітай Двух Народаў. Але гэтая спроба прынізіць значэнне паўстання 1794 года яўна недабраякасная, бо пераблытвае прычыны і вынікі. Тое, што Рэч Паспалітая, дакладней кажучы, — тое, што ад яе засталося ў канцы XVІІІ стагоддзя і ў тым выглядзе, якім яна існавала, з'яўлялася пажаданым набыткам для сквапных і больш моцных суседзяў, — сумненняў не выклікала.

Спробы рэфармавання на Чатырохгадовым сейме, якія давалі шанс направіць становішча і спыніць працэс распаду, узмацніць дзяржаву, прывялі толькі да новага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы і чарговага другога падзелу яе тэрыторыі. Поўная яе ліквідацыя была ўжо справай часу. Справа была толькі ў тым — ці моўчкі ісці ў пашчу да ўдава, ці паспрабаваць знесці яму галаву.

Так, паўстанне Т. Касцюшкі не ўратавала дзяржаву і яна знікла з палітычнай карты Еўропы. Пераможцам здавалася, што назаўжды. Але з палітычнай арэны Рэч Паспалітая сышла годна, у змаганні, не скарыўшыся. Гэтая дзяржава так бразнула пры адыходзе дзвярамі еўрапейскай палітыкі, што сцены яе адчувальна неаднаразова ўздрыгвалі, асабліва для Расіі, і ў 1812, 1831 і ў 1863 гадах. Таму паўстанне Т. Касцюшкі — гэта адначасова і канец старой дзяржаўнасці народаў, якія праз Вялікае княства Літоўскае ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, і пачатак іх змагання за новую.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

Мэты, пастаўленыя паўстанцамі і іх кіраўніком Андрэем Тадэвушам Касцюшкам, сведчылі аб тым, што гэтае ўзброенае змаганне мела для свайго часу рэвалюцыйны, нетрадыцыйны для былой шляхецкай Рэчы Паспалітай характар. Лозунгам паўстання сталі такія патрабаванні, як «воля, цэласць, незалежнасць». Гэта азначала найперш выгнанне з Польшчы і Вялікага княства Літоўскага прускіх, аўстрыйскіх і расійскіх акупацыйных войск, вяртанне страчаных у выніку грабежніцкіх падзелаў 1772 і 1793 гадоў тэрыторый.

За кароткі тэрмін паўстання ў ім толькі на землях Беларусі было задзейнічана, тым ці іншым чынам, больш за 30 тысяч чалавек — прадстаўнікоў шляхецтва, сялянства і мяшчанства. Спроба з'яднаць інтарэсы гэтых саслоўяў якраз і вылучае паўстанне 1794 года з шэрага папярэдніх, выключна шляхецкіх, бунтаў-рокашаў.

На ацалелай тэрыторыі Вялікага княства, у вызваленай паўстанцамі Вільні, быў утвораны самастойны орган па кіраўніцтву паўстаннем — Найвышэйшая Нацыянальная Рада Вялікага княства Літоўскага. Гэтая Рада напачатку больш рашуча, чым кіраўніцтва паўстаннем у Польшчы, выступіла супраць манархіі, салідарызавалася з рэвалюцыйнай Францыяй, выказалася за ліквідацыю феадальна-саслоўных прывілей. Лозунг паўстання ў Беларусі быў крыху іншы: «воля, роўнасць, незалежнасць». Пры гэтым паняцце «роўнасць» разглядалася адначасова як у грамадскім аспекце, так і ў накірунку рэалізацыі спрадвечнага жадання беларусаў-ліцвінаў — захаваць сваю самастойнасць праз уласныя органы кіравання паўстаннем.

Важным з'яўляецца і тое, што ўвогуле само паўстанне 1794 года не павінна зводзіцца, як гэта рабілася раней, толькі да канфлікту паміж Польшчай і Расійскай імперыяй, у якім нашым продкам адводзілася другасная роля — быць «аб'ектам» прыкладання сілы палякаў ды расійцаў у барацьбе за свае ўласныя інтарэсы. Паўстанне разгортвалася ў напружаным кантэксце агульнаеўрапейскай і сусветнай гісторыі. Яно напрамую было звязана з падзеямі Вялікай французскай рэвалюцыі. І нездарма самі ўдзельнікі паўстання вызначалі яго менавіта як «рэвалюцыю».

Сувязь паўстання з радыкальнай якабінскай ідэалогіяй, імкненне яго кіраўнікоў — Т. Касцюшкі, Я. Ясінскага, Г. Калантая ліквідаваць феадальнае рабства, засілле царквы, свавольства і тыранію манархічных рэжымаў не толькі ў Рэчы Паспалітай Двух Народаў, але і ў Пецярбургу, Берліне, Вене — вось што найбольш палохала тую ж Кацярыну ІІ і яе верных памагатых.

Менавіта ў гэтым кантэксце паўстанне 1794 года — не што іншае як своеасаблівае паўтарэнне Вялікай французскай рэвалюцыі на ўсходзе Еўропы. І ў сувязі з гэтым яно з'яўляецца вызваленчым не толькі для ўсіх народаў Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, а і для іх бліжэйшых суседзяў.

Мы вяртаемся ў сваю ўласную гісторыю. Абцяжараныя няведаннем, апутаныя навязанымі догмамі і стэрэатыпамі з Усходу і Захаду, закамплексаваныя ўяўнай «вырашанасцю» нашых праблем з боку добра і нядобразычлівых суседзяў. Мы вяртаемся нібыта на папялішча. І бачым, што з нашай спадчыны забраў агонь, а што разграблі з вуголля часу і забралі з сабою больш спрытныя папярэднікі. Нам застаецца адвечнае пытанне — адкуль мы такія? Мужныя і занадта талерантныя, дасціпныя і абыякавыя, змагары і здраднікі, амаль пахаваныя і ўсё ж несмяротныя? Усе мы — са шматлікіх, залітых крывёю і потам, мінулых пакаленняў, старонак сваёй гісторыі. Толькі адну з іх, ды і тое ў першым набліжэнні, пра паўстанне 1794 года на Беларусі, мы перагарнулі.

Чым жа было гэтае паўстанне для беларуса? Якое месца займае ці яшчэ павінна заняць яно ў яго багатай, але і прыхаванай гісторыі? У непарыўнай гісторыі, з якой былі вырваныя цэлыя звенні.

Мы да часу стрымана ганарыліся адным з пачынальнікаў нашай цяперашняй незалежнасці — Кастусём Каліноўскім. Як казалі яшчэ ў старажытнасці, «нічога з нічога» не бывае. У кожнай з'явы і падзеі свае карані. У чым духоўныя карані таго ж Каліноўскага? Адкуль яго любоў да простага люду, жаданне яму лепшай долі. Дзе вытокі яго сялянскага дэмакратызму?

Дык вось, менавіта дзякуючы аднаўленню гістарычнай повязі часу, ён змог не толькі разгледзець жаданне беларусаў «людзьмі звацца», але і даводзіў, што ёсць ім з каго браць прыклад у гэтай справе. Нездарма, заклікаючы да змагання за волю беларускіх сялян, К. Каліноўскі звяртаўся на старонках «Мужыцкай праўды» не да каго іншага, а да вобраза нашага вялікага земляка Андрэя Тадэвуша Касцюшкі. Успамінаючы паўстанне 1794 года і славуты «Паланецкі універсал», ён пісаў: «Ачунялі то былі мужыкі, угледзелі што кепско, дай давай бунтаваціся» пад Касцюшкаю, а Касцюшко то кажэ: калі мужыкі хочуць ужэ самі бараніць сваю землю, так нехай жэ не служаць паншчыны, да і не плацяць у казну аброку за зямлю. От гэто так справядлівасць! — Но што ж калі Маскаль спыніў Маніхвест Касцюшкі каб не пабунтаваў усіх мужыкоў. Для таго то і пабілі Маскале Касцюшку, бо каб мужыкі ўсе разам былі збунтаваліся і ўхапілі за сакеры, нажы і косы, так бы Маскаль мусеў бы без паўстання і мы на век вякоў ужэ былі бы вольныя».

3 усёю ўпэўненасцю можна сказаць, што без паўстання Т. Касцюшкі ў 1794 годзе на Беларусі не было б і спробы сялянскай вайны 1863 года пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Два вялікія сыны беларускай зямлі звязаны паміж сабою не толькі адзінствам паходжання ад яе жыватворных глыбінь, але і жаданнем даць волю, дабіцца праўды і незалежнасці для яе народа.

Паўстанне о 1794 года для лепшых прадстаўнікоў беларускага народа дало накірунак выпрацоўкі ўласнай нацыянальнай самасвядомасці: падтрымка і дапамога іншым народам у змаганні з тыраніяй і захопамі не выключае, а заўжды ставіць на першае месца змаганне за лепшую долю сваёй Бацькаўшчыны. Паўстанне 1794 года і было тым першым прамываннем вачэй ва ўсведамленні гэтай ісціны.

Мы вяртаемся з гісторыі, праўдзівай і балючай, павучальнай і безабароннай, са спадзяваннем быць хоць крыху вартымі яе найлепшых старонак, падзей і герояў.

 


Партрэт С. Касакоўскага, апошняга гетмана Вялікага княства Літоўскага.

 

Станіслаў Солтан.

 

Караль Прозар, адзін з кіраўнікоў падрыхтоўкі паўстання на Беларусі.

 

Якуб Ясінскі.

 

Пячатка корпуса інжынераў Вялікага княства Літоўскага.

 

Медальён з партрэтам Т. Касцюшкі.

 

О. Ігельстром, расійскі пасол у Варшаве.

 

Ц. Туталмін, мінскі генерал-губернатар.

 

Абвяшчэнне 24.03.1794 г. пачатку паўстання ў Кракаве.

 

Т. Касцюшка дае прысягу на вернасць паўапанню.

 

Касцюшка вядзе ў бой паўстанцаў.

 

Панарама Вільні.

 

Кракаўскі акт наўстання.

 

Панарама Вільні ў канцы XVIII ст.

 

Раіпушавы нляц у Вільні.

 

Зварот да насельніцтва Дэпутацыі Бяспекі Найвышэйшай Нацыянальнай Рады Вялікага княства Літоўскага.

 

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746-1817).

 

Т. Касцюшка ў паўстанцкім уборы.

 

Пячатка Цэнтральнай Дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага.

 

Міхал Клеафас Агінскі.

 

Францішак Сапега

С. Макраноўскі.

 

С. Грабоўскі.

 

Рамуальд Гедройц, сябра Найвышэйшай Ліпюўскай Рады.

 

Татарскія уланы, удзельнікі паўстання на Бсларусі.

 

К. Серакоўскі.

 

Паўстанцы на прывале.

 

Малюнак сядзібы ў Мараюўшчыне пад Косавам, дзе нарадзіўся Т. Касцюшка.

 

Зварот да расійскіх салдат.

 

Якуб Ясінскі.

 

Асабістая пячатка Я. Ясінскага.

 

Тамаш Ваўжэцкі.