Расстраляная лiтаратура

Уваход



Зараз на сайце

Цяпер 86 госцяў анлайн
JoomlaWatch Stats 1.2.7 by Matej Koval

Countries

48.4%UNITED STATES UNITED STATES
26.7%CHINA CHINA
5.6%SERBIA AND MONTENEGRO SERBIA AND MONTENEGRO
4.9%RUSSIAN FEDERATION RUSSIAN FEDERATION
2.9%CANADA CANADA
2.8%NEW ZEALAND NEW ZEALAND
2.7%GERMANY GERMANY

 

 

 

 

Rating All.BY Каталог TUT.BY

 

 

DIR.BY

 

 


 

З двух бакоў айцы дубінай заганялі нас у рай. Я.Колас.

Чума на абедзве вашы хаты. У.Шекспір.

 



Яны любілі Беларусь

«Расстраляная літаратура»... Ведама, гэта гіпербала, мастацкі прыём. Літаратуру нельга расстраляць. Можна забіць, расстраляць, нялюдскім абыходжаннем увагнаць у магілу асобных (нават дзесяткі, сотні) літаратараў, але забіць літаратуру немагчыма. Яе можна параніць, знявечыць, але, пакуль ёсць народ і ёсць творцы, літаратура жыве. Іншая справа, якія жыццёвыя ўмовы склаліся для яе, у якіх варунках адбываецца літаратурны працэс. Гэтыя варункі — што ў царскай Расіі, што пад Саветамі, што ў Заходняй Беларусі пад Польшчай — нельга назваць спрыяльнымі. Беларускую літаратуру можна без усякіх агаворак назваць тэрарызаванай або, калі заўгодна, затэрарызаванай.

Як бываюць розныя формы дзяржаўнага ладу і розныя палітычныя рэжымы, так бываюць розныя формы тэрору, г. зн. запалохвання літаратараў і літаратуры ў цэлым. Гэта адміністрацыйны і эканамічны, маральна-псіхалагічны і збройны тэрор. Антон Адамовіч, пішучы пра савецкую рэчаіснасць, уводзіць, як на маю думку, даволі ёмкія паняцці «духоўны тэрор»[1] і «інтэлектуальны тэрор»[2].

Мне ўжо даводзілася пісаць, і я настойваю на тым, што трэба адрозніваць рэпрэсію ад тэрору. Рэпрэсія — гэта мерапрыемства ўлады, скіраванае на ўтаймаванне процізаконнай дзейнасці асобных людзей і іх калектываў. Тэрор — а гаворка пра дзяржаўны тэрор — гэта запалохванне невінаватых людзей і іх калектываў, гэта часта прэвентыўныя рэпрэсіі. Рэпрэсіі набываюць характар тэрору, калі да вінаватых стасуюцца такія меры пакарання, што выклікаюць жах, страх (terror) у астатніх жыхароў краіны.

Ці будзем згадваць мураўёўскі тэрор 1863–1864 гадоў, ахвяраю якога стаў наш паэт і публіцыст Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі? Удзельніку таго паўстання Ялегію Францішку Вулю, можна сказаць, пашанцавала: ссылка ў Сібір — гэта не пакаранне смерцю і не катаржная праца, на якую быў асуджаны яшчэ адзін змагар супраць дэспатыі — Арцём Вярыга-Дарэўскі. І параўнальна шчасліва склаўся лёс вязня Пішчалаўскага замка ў Мінску Вінцэнта Якуба Дуніна-Марцінкевіча або ўдзельніка паўстання Францішка Бенядыкта Багушэвіча.

Новая хваля масавага тэрору ўсчалася падчас рэвалюцыйных падзеяў 1905–1907 гадоў. Ваенна-палявыя суды, сталыпінскія гальштукі (вяроўкі на шыбеніцах) і сталыпінскія вагоны — вось сімвалы таго часу.

Аўтарка рэвалюцыйных вершаў-пракламацый, арганізатарка акцыяў сацыяльнага і палітычнага пратэсту Алёйзія Пашкевічанка (Цётка) ратавалася ад турмы і высылкі ўцёкамі ў Аўстра-Вугоршчыну. Аляксандр Прушынскі ў час рэвалюцыі яшчэ не пісаў вершаў і яшчэ не стаў Алесем Гаруном. За друкаванне і распаўсюд супрацьурадавай літаратуры ён першапачаткова атрымаў больш-менш справядлівы прысуд (2 гады і 8 месяцаў турмы), але пасля таго, як сенат Расійскай імперыі гэты прысуд скасаваў, маладога рэвалюцыянера адправілі ў Сібір з пазбаўленнем усіх правоў і на пажыццёвае пасяленне. Язэпа Лёсіка за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях і за ўцёкі з месца папярэдняга зняволення таксама асудзілі на бестэрміновае пасяленне ў Сібіры. Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), які даводзіўся пляменнікам Язэпу Лёсіку, за правядзенне нелегальнага сходу і спробу стварэння нелегальнай настаўніцкай арганізацыі першапачаткова таксама быў асуджаны на ссылку, але «по обстоятельствам дела» (усё-ткі спроба не рэалізавалася) ссылку маладому настаўніку і паэту замянілі на тры гады адседкі ў крэпасці. Можна сказаць, што Канстанціну Міцкевічу пашанцавала. Седзячы ў Пішчалаўскім замку, ён складзе кнігу вершаў «Песні жальбы» (1910). Год у тым самым замку правёў і Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец). Ад больш жорсткай расправы гэтага рэвалюцыянера, мастака і пісьменніка ўратавала інваліднасць. Што такое Пішчалаўскі замак, зведаў таксама Антон Луцкевіч, які на кароткі час трапіў у гэтую «бастылію» яшчэ да рэвалюцыйных падзеяў 1905 года. Калі б Антона Луцкевіча па тым самым абвінавачанні — друк і распаўсюд антыўрадавай літаратуры — арыштавалі, як Алеся Гаруна, у час сталыпінскага контррэвалюцыйнага тэрору, хто ведае, які лёс чакаў бы фактычнага першага рэдактара «Нашае нівы» і ці мелі б мы гэтую газету і нашаніўскі перыяд у беларускай гісторыі.

Што такое адміністрацыйны і эканамічны тэрор, кажа нам прыклад першае беларускае газеты «Наша доля». Канфіскацыі нумара за нумарам рабілі немагчымым далейшае выданне гэтае газеты, бо выдаткі на яе набор і друк нельга было хоць у больш-менш здавальняючай ступені кампенсаваць даходамі ад продажу і падпіскі. Асудзіўшы першага рэдактара-выдаўца на адзін год крэпасці, давёўшы рэдакцыю да цяжкога эканамічнага стану, царская адміністрацыя нарэшце вырашыла забараніць «Нашу долю».

Бачачы бесперспектыўнасць мужнага змагання «Нашае долі» за выжыванне, браты Іван і Антон Луцкевічы заснавалі газету «Наша ніва». Калі «Наша доля» была ярка-чырвонаю, дык «Наша ніва» прыняла менш яркае адценне. Знаходзячыся на нелегальным становішчы, браты Луцкевічы мусілі паклікаць на пасаду рэдактара-выдаўца спачатку чалавека цалкам выпадковага, а потым таварыша па Беларускай сацыялістычнай грамадзе Аляксандра Уласава. (Гэты апошні стане пазней выдаўцом часопісаў «Саха» і «Лучынка».)

У тым самым годзе, што і «Наша ніва», іншым сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады — Вацлавам Іваноўскім — у Пецярбургу была заснавана выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца». Вацлаў Іваноўскі, якога па праву можна назваць бацькам беларускай кнігавыдавецкай справы ХХ стагоддзя, пасля кароткага перапынку, працягваў пачатае ім у 1903–1904 гады выданне кніг і альманахаў з творамі беларускіх пісьменнікаў.

Той імпульс, які на пачатку ХХ ст. задалі культура- і нацыятворчаму працэсу Вацлаў Іваноўскі, браты Луцкевічы і Аляксандр Уласаў, прынёс багаты плён, які я называю высокай класікай. Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля і Алесь Гарун, Ядвігін Ш. і Вацлаў Ластоўскі — вось далёка не ўсе імёны, якія ўвялі беларусаў у сям’ю культурных народаў «з найвышэй развітай літаратурнай мовай»[3].

Мне ўжо даводзілася пісаць, што Расійская імперыя — пры засіллі ў ёй дзержымордаў і самадурстве адміністрацыі (асабліва нізавой) — усё ж ішла па шляху станаўлення прававой дзяржавы. Гэта дало магчымасць амаль без праблем выдаваць «Нашу ніву» цягам блізу дзевяці гадоў. Некалькі нумароў газеты было канфіскавана, а рэдактару-выдаўцу Аляксандру Уласаву давялося два месяцы пасядзець у крэпасці. І ўсё ж гэта аніяк нельга параўнаць з тым, што польская ўлада чыніла з беларускімі перыядычнымі выданнямі ў Заходняй Беларусі. Канфіскацыі паасобных нумароў газет сталі звыклаю справаю. Рэдка якая газета выходзіла больш як адзін год. Да гэтага часу не падлічана, колькі рэдактараў былі зняволеныя ці аштрафаваныя (лік ідзе на дзесяткі). Калі складалася анталогія беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла» (2003), было падлічана, што з 22 заходнебеларускіх паэтаў — аўтараў гэтае кнігі — 13 прайшлі праз польскія турмы. Царская ўлада пасадзіць больш як палавіну беларускіх паэтаў пачатку ХХ стагоддзя не патрапіла.

І ўсё ж польскі дзяржаўны тэрор не пераўзышоў бальшавіцкага.

Паміж імі — бальшавіцкім і польскім дзяржаўнымі тэрорамі — было падабенства: і першы, і другі мелі класава-ідэалагічны грунт.

І польская, і бальшавіцкая дзяржавы практыкавалі масавыя хапуны[4]. Калі польскі хапун пачатку 1927 года (разгром Сялянска-Работніцкай Грамады) увайшоў, бадай, ва ўсе падручнікі гісторыі, то хапун, які адбыўся ўначы з 1 на 2 красавіка і ўдзень 2 красавіка 1925 года, заслугоўвае, каб пра яго таксама згадалі. Тады ў Наваградскім ваяводстве было ўзята пад варту аж 1368 беларусаў (гл.: Беларуская доля. 1925, 9 красавіка). Але ні эндэкі, ні санацыйнікі не здолелі пераўзысці бальшавікоў. Тыя здолелі за кароткі час адправіць на Поўнач дзесяткі тысяч беларускіх сялян.

Калі ў СССР склалася наменклатура і беспартыйнаму чалавеку практычна нельга было заняць кіраўнічую пасаду (чым вышэйшая пасада, тым большая яе недаступнасць для беспартыйнага), дык у Польшчы амаль нельга было выбіцца «ў людзі» некаталіку і непаляку.

Абодва гэтыя — бальшавіцкі і польскі — тэроры знаходзіліся ў адносінах люстраной сіметрыі: калі бальшавікі пераследавалі ўсё «антыбальшавіцкае» і «контррэвалюцыйнае», дык польскія ўлады (што рэжым нацыянальных і хрысціянскіх дэмакратаў, што санацыйны рэжым Пілсудкага–Масціцкага) вялі барацьбу з усім «бальшавіцкім», «рэвалюцыйным».

Калі ў бальшавікоў у разрад контррэвалюцыянераў можна было трапіць за чытанне Бібліі, дык у эндэкаў і санацыйнікаў камуністычнай акцыяй лічылася выданне Новага Запавету і Псалмоў па-беларуску.

Адрозненне паміж бальшавіцкім і польскім дзяржаўнымі тэрорамі было таксама ў формах і ў ступені адкрытасці.

Так, польская ўлада вуснамі сваіх прадстаўнікоў (прэм’ер-міністр Леапольд Скульскі, прэзідэнт Станіслаў Вайцяхоўскі ды інш.) урачыста абвясціла палякаў адзінымі гаспадарамі поліэтнічнай Польскай Рэспублікі і паабяцала, што праз 50 год ніхто і са свечкаю не знойдзе ў гэтай дзяржаве беларусаў. Іосіф Сталін адкрыта абвясціў расійцаў вядучым народам Савецкага Саюза толькі ў 1945 годзе. А на пачатку 1920-х гадоў і нават на пачатку 1930-х бальшавіцкая ўлада вяла шчырую (Уладзімір Ленін) і крывадушную (яго наступнікі) барацьбу з расійскім вялікадзяржаўным шавінізмам. Народам былое Расійскае імперыі была дадзена тэрытарыяльная і культурна-нацыянальная аўтаномія. Як бы хто ні ставіўся да постаці Леніна, а ягоная канцэпцыя Саюза Савецкіх Рэспублік была прагрэсіўным крокам. Хоць гэта і была, паводле Уладзіміра Жылкі, «уступка з бою»[5], статус Савецкай Беларусі як саюзнай рэспублікі, а не як часткі Расіі, ужо тады разглядаўся як ступенька да незалежнасці нашай краіны. Такога статусу ані блізка не мела Заходняя Беларусь.

Калі ў Польшчы яшчэ існавала правасуддзе або яго падабенства[6], калі пра арышты, судовыя працэсы і зняволенні заходнебеларускіх дзеячаў можна было атрымаць даволі дэталёвыя звесткі са сродкаў масавай інфармацыі, дык расправы з беларускаю элітаю ў СССР праводзіліся пры адсутнасці галоснасці або пры абмежаванай галоснасці.

Калі ў Польшчы пісьменнікаў судзілі суды, дык у БССР гэтая функцыя цалкам была аддадзеная пазасудовым органам: «двойкам» і «тройкам» пры ГПУ, а пазней пры НКВД і НКГБ. Бальшавіцкая ўлада ўсведамляла ўсю злачыннасць таго, што яна робіць, і таму пазбягала публічнасці.

Калі польскія эліты (што нацыянал-дэмакраты, што хадэкі, што сацыялісты) адназначна дэманстравалі або не вельмі дбайна камуфлявалі сваю антыбеларускасць[7], дык бальшавіцкая нацыянальная палітыка была падступнаю і вераломнаю.

І польскі, і бальшавіцкі ўрады трымалі курс на пазбаўленне беларускага народа яго духоўнай і палітычнай эліты. Але калі польская ўлада паслядоўна праводзіла палітыку выцяснення беларускай эліты за межы дзяржавы, дык бальшавікі ўзялі курс на яе вынішчэнне.

У беларускай палітыцы бальшавіцкай Масквы візантыйства спалучалася з метадамі асірыйскіх цароў. Пачаўшы ў 1929 годзе планамерную палітыку вынішчэння нацыянальнай эліты, Масква вырашала гэтую сваю задачу метадам, апрабаваным у VІІІ стагоддзі да Нараджэння Хрыстовага ў Ізраільскім царстве. Як вядома, падначаліўшы Ізраіль, асірыйскія заваёўнікі вывелі з гэтай краіны святароў, военачальнікаў, адміністратараў. Іх месца займалі людзі, прывезеныя з іншых частак імперыі[8]. Так і ў БССР: вывозячы і расстрэльваючы беларускую эліту, Масква замяняла вывезеных і забітых навуковымі, выкладчыцкімі і адміністрацыйнымі кадрамі, прывезенымі з Усходу. Як у Ізраілі просты люд, пазбаўлены сваёй эліты, страціў веру і звычаі сваіх продкаў, так і ў Беларусі праводзілася палітыка дэбеларусізацыі і стварэння Homo soveticus без нацыянальных каранёў, традыцый і мовы. У адпаведным духу рыхтаваліся і адміністрацыйныя кадры. Пакаленне Пятра Машэрава, якое ўступала ў самастойнае жыццё ў перыяд Вялікага Тэрору, калі гэты свет пакінулі Аляксандр Чарвякоў і Мікалай Галадзед, было смяротна запалоханай генерацыяй. Яна магла быць у лепшым разе выразніцай інтарэсаў насельніцтва БССР, але не беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

Што бальшавіцкая палітыка вынішчэння нацыянальнай эліты[9] мела планамерны характар, сведчыць няўхільнасць гэтае палітыкі, якая праводзілася ў некалькі этапаў: 1929–1931, 1932–1934, 1937–1938, 1939–1941, 1944–1946 гг.

Калі мы вернемся да параўнання польскага і бальшавіцкага дзяржаўных тэрораў у дачыненні да беларусаў, то мусім прызнаць, што польская дзяржава перавышала меру абароны. Ад самага пачатку настаўленая на асіміляцыю нацыянальных меншасцяў, сацыяльна кансерватыўная, польская дзяржава, якая захавала панскае землеўладанне, не магла не спараджаць унутраных ворагаў. І гэтымі ворагамі былі не адно камуністы. Яшчэ чакае свайго асэнсавання супраціў польскай нацыянальна-рэлігійнай і сацыяльнай палітыцы беларускага каталіцкага і праваслаўнага духавенства, пратэстантаў, беларускай хрысціянскай дэмакратыі. І ўжо зусім натуральна, што польскую палітыку ў Заходняй Беларусі адпрэчвалі камуністы, сацыял-дэмакраты і сацыялісты-рэвалюцыянеры.

Не тое было ва Усходняй Беларусі.

Якуб Колас, вярнуўшыся ў Беларусь з Расіі і прыгледзеўшыся да таго, што дзеецца ў БССР, мог канстатаваць: Кавалі другія, а ланцуг той самы («Родныя малюнкі»). Аднак неўзабаве выявілася, што ў «незалежнай» БССР справы горшыя, чым за царом: кавалі другія, а ланцуг не той самы — цяжэйшы. Ужо ў 1922 годзе першы нумар альманаха «Адраджэнне», у якім Янка Купала змясціў свой геніяльны верш «Перад будучынай», бальшавікі канфіскавалі, а сам альманах забаранілі. У канцы 1920-х будзе канфіскаваны і пушчаны пад нож Купалаў зборнік «Творы. 1918–1928». Гэта не за царом, калі арыштаваную цэнзураю «Жалейку» можна было адстаяць, калі цэнзура мусіла, каб знішчыць наклад, звяртацца ў суд.

І ўсё ж, на пачатку 1920-х пераважала шчырая вера ў добрыя намеры бальшавікоў. Вера ў камунізм, у сацыяльны прагрэс, у прагрэс беларускае культуры. Будучыя беларускія пісьменнікі (Міхась Зарэцкі, Андрэй Мрый, Мікола Хведаровіч ды іншыя) са зброяй у руках абаранялі новую ўладу і новы лад. Міхась Чарот, Васіль Гарбацэвіч і Васіль Сташэўскі ва ўмовах польскай акупацыі разам з Усеваладам Ігнатоўскім ды іншымі патрыётамі Беларусі заснавалі Беларускую камуністычную арганізацыю, наладжвалі партызанскую барацьбу. Змагаліся з польскімі акупантамі і беспартыйныя. Адаму Бабарэку акупанты за гэта выразалі зорку на спіне.

Ля вытокаў беларускай савецкай дзяржаўнасці стаялі «старыя» беларускія сацыялісты Зміцер Жылуновіч, Язэп Дыла, Аляксандр Чарвякоў, Фабіян Шантыр, а таксама тэатральны дзеяч Усевалад Фальскі. На бок савецкай улады перайшоў ветэран беларускага сацыялістычнага руху, адзін са стваральнікаў сучаснага беларускага тэатра Аляксандр Бурбіс.

Новая ўлада дала сялянам зямлю. Вуснамі старшыні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Аляксандра Чарвякова яна сказала: «Багацей, селянін, здабывай больш багацця, і чым больш ты будзеш багаты, тым больш багата будзе наша Савецкая рабоча-сялянская дзяржава».

Новая ўлада адчыніла для сялянскіх дзяцей беларускія школы, беларускія педагагічныя тэхнікумы, дзяржаўны універсітэт... Былы Дзяржаўны тэатр БНР стаў Першым беларускім дзяржаўным тэатрам. Нейк хутка забылася, што расстралялі Фабіяна Шантыра. І з задавальненнем было прынята, што тэатральныя дзеячы Уладзімір Тэраўскі і Усевалад Фальскі, якім смяротны прысуд быў памяняны на 5 гадоў зняволення ў смаленскай катаржнай турме, датэрмінова выйшлі на волю.

У літаратуру прыйшлі дзесяткі юнакоў і дзяўчат. Поўныя аптымізму, яны гатовыя былі звяргаць старыя аўтарытэты і тварыць літаратуру, якой яшчэ не было. Маладое бурапенства супрацьпаставілася старому, нашаніўскаму, адраджэнству. «Маладняк» браўся «ідэі матэрыялізму, марксізму й ленінізму ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці». З часам, аднак, выявілася, што ажыццяўленне ў мастацкай творчасці ідэй матэрыялізму, марксізму й ленінізму вяло некаторых маладых пісьменнікаў на шлях рамесніцтва, халтуры і пісання агітак.

З «Маладняка» вылучылася новае літаратурнае згуртаванне — «Узвышша», якое паставіла ў цэнтр увагі высокую эстэтычную культуру творчасці, узвышэнне беларускае літаратуры. Паводле сваёй сутнасці ўзвышэнства было працягам адраджэнства, і толькі прыватныя моманты перашкодзілі таму, што ў згуртаванне «Узвышша» не ўвайшлі, за выключэннем Змітрака Бядулі, «старыя». Аднак неўзабаве частка былых маладнякоўцаў аб’ядналася са «старымі», у тым ліку з Янкам Купалам ды Якубам Коласам, і стварыла трэцяе літаратурнае аб’яднанне — «Полымя». Тое, што засталося ад «Маладняка», з часам трансфармавалася ў прыпартыйную Беларускую асацыяцыю беларускіх пісьменнікаў (БелАПП).

Даючы дазвол на стварэнне і дзейнасць новых літаратурных аб’яднанняў, КП(б)Б выконвала пастанову свайго маскоўскага кіраўніцтва, якое ў 1925 годзе дазволіла шматстайнасць у літаратуры. (Праект тае пастановы, наколькі вядома, пісаў выдатны чырвоны палкаводзец Міхаіл Фрунзе, які ў кароткім часе пасля таго памёр загадкавай смерцю[10].)

Гэта быў час адноснага лібералізму бальшавіцкае сістэмы. А прырода бальшавізму такая, што ён не можа існаваць без манаполіі — без манаполіі на ўладу перш за ўсё. Адсюль вынікае астатняе, у тым ліку адзіна правільнае вучэнне і адзіна правільны творчы метад. Дазваляючы шматлікасць літаратурных арганізацый і ў пэўнай меры шматстайнасць літаратурных плыняў, бальшавікі не адмаўляліся ад кантролю гэтых арганізацый. Яны і думкі не дапускалі, што арганізацыі дзейнічаюць бескантрольна і — што зусім недапушчальна — насуперак партыі і яе ідэалогіі.

Казаць па вялікім рахунку, што ідэя ўзвышэнства і дзейнасць палымянцаў пярэчылі генеральнай лініі КП(б)Б і нават Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў, было б перабольшаннем. Генеральная лінія, вядомая нам пад імёнамі сталінізму, бальшавіцкага таталітарызму, яшчэ не зацвярдзела. Сталіну і яго аднадумцам яшчэ належала пераадолець супраціў іх палітыцы ва ўласнай партыі. На барацьбу з «ухіламі» (гэта і Леў Троцкі з яго шматлікімі прыхільнікамі, і «новая апазіцыя» ў асобе Рыгора Зіноўева і Льва Каменева, і «правы ўхіл» на чале з Мікалаем Бухарыным, Аляксеем Рыкавым ды Міхаілам Томскім) Сталіну спатрэбілася больш за пяць гадоў пасля смерці Уладзіміра Леніна. А да таго, як Сталін перамог, у краіне праводзілася новая эканамічная палітыка (нэп) і збольшага ажыццяўлялася выпрацаваная Леніным нацыянальная палітыка, якая мела свой выраз у гэтак званай беларусізацыі[11].

У КП(б)Б яшчэ дзейнічала даволі ўплывовая нефармальная фракцыя нацыянал-камуністаў, якія якраз і праводзілі палітыку ўзвышэння беларусаў, беларускіх сялян і работнікаў праз беларусізацыю (перш за ўсё праз адукацыю ў роднай мове, стварэнне культурна-асветных устаноў, наладжванне выдавецкай справы і да т. п.), каранізацыю (павелічэнне долі беларусаў у выбарных органах, у адміністрацыі, судах і г. д.), праз правядзенне нэпу (а стрыжань гэтае палітыкі складала ўмацаванне сялянскай гаспадаркі, рост дабрабыту сялянства). Таму дзейнасць узвышэнцаў, якая шмат у чым была сугучная памкненням і сябраў «Полымя», не выпадала з агульнага праекта беларускага нацыянал-камунізму.

Палітыка беларускіх нацыянал-камуністаў практычна супадала з пастулатамі беларускіх сацыял-дэмакратаў і сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Не віна, а бяда беларускіх нацыянал-камуністаў была толькі ў тым, што ў ажыццяўленні сваёй палітыкі яны былі цалкам залежныя ад Масквы, якая — у адрозненне ад Польшчы і ад заходніх дэмакратыяў — усё ж прызнала права Беларусі на тэрытарыяльную аўтаномію і (у немалой ступені) на аўтаномію культурную.

Толькі расправіўшыся з найбольш уплывовымі апанентамі ў сваёй партыі, дэмаралізаваўшы іх, замацаваўшы «генеральную лінію», Сталін мог распачаць ліквідацыю элітаў у «нацыянальных» рэспубліках.

Апублікаваныя матэрыялы і сведчанні тых, хто перажыў эпоху масавага тэрору, адназначна паказваюць, што ліквідацыя нацыянальных элітаў праводзілася паводле пэўнага плана. Як і калектывізацыя, «ліквідацыя кулацтва як класа», так і тэрор творчай, навуковай інтэлігенцыі, знішчэнне адміністрацыйных кадраў «старой закваскі» праводзіліся хвалепадобна: наступ змяняўся часовым адступленнем, пасля чаго тэрор аднаўляўся з новай сілай, пакуль не дасягнуў свайго апагею ў 1937–1938 гадах.

Адносна мірны перадых у гісторыі бальшавіцкай дзяржавы, які называўся новаю эканамічнаю палітыкай, скончыўся ўвосень 1929 года, калі ў вострай ідэалагічнай барацьбе былі пераможаны прыхільнікі новай эканамічнай палітыкі. У Беларусі сітуацыя ўскладнялася тым, што палітычная, ідэалагічная барацьба спраглася з барацьбою афіцыйнай Масквы супроць нацыянальнай эліты, якая, ад Аляксандра Чарвякова пачаўшы, у бальшыні сваёй была прыхільніцай нэпу, паступовасці і памяркоўнасці ў сацыяльна-эканамічных пераўтварэннях. Для таго, каб меціць праціўніка, бальшавікамі яшчэ раней былі вынайдзены тэрміны «нацдэм», «нацдэмакратызм», «нацдэмаўшчына». І гэтая нацдэмаўшчына, як сцвярджалі бальшавіцкія ідэолагі, была спецыфічнаю (ва ўмовах БССР) праяваю правага ўхілу, а правы ўхіл, як сцвярджаў Іосіф Сталін, мог прывесці СССР да рэстаўрацыі капіталізму.

Такая тэарэтычная база падводзілася пад тэорыю абвастрэння класавай барацьбы. А раз класавая барацьба абвастраецца, то ўсякі супраціў «генеральнай лініі» ёсць праяваю контррэвалюцыі.

Таталітарызм тым і адрозніваецца ад аўтарытарызму, што ідэалогія, ідэалагічны кантроль пранізвае ўсю сферу духоўнага жыцця грамадства. У тых варунках, калі партыя-дзяржава трымае ў сваіх руках сродкі масавай інфармацыі і выдавецкую справу, творчасць па-за афіцыёзам немагчымая. Пасіўны супраціў — адмаўчацца, адысці ў бок (у прыродапісальніцтва і ці ў перакладчыкі) — быў маларэальны. Ведама, можна было пісаць «для сябе», «у шуфляду», але дзеля гэтага, калі ты прафесійны пісьменнік і хацеў жыць, патрабавалася публікаваць нешта дазволенае. У Беларусі такога прыкладу я не знайду, а ў Расіі выдатна пісаў «у шуфляду» Міхаіл Прышвін. Другі варыянт — змоўкнуць, перачакаць, адысці ад літаратуры і літаратурнага асяроддзя — абралі Янка Туміловіч і Аркадзь Моркаўка. Быў і трэці варыянт — пакінуць Радзіму, змоўкнуць, перачакаць, адысці ад літаратуры і літаратурнага асяроддзя. Гэтак зрабіў Алесь Вечар. Уцёкамі з БССР ратаваліся літаратуразнаўца Аляксандр Вазнясенскі, перакладчык і музыколаг Юлі Дрэйзін. Міхась Кавыль мусіў пакінуць Бацькаўшчыну, каб пазбегнуць другога арышту. Чацвёрты варыянт — пакінуць Радзіму і змоўкнуць назаўсёды — выпаў на долю Наталлі Вішнеўскай[12] і Налі Маркавай.

Пісьменнікаў змушала змоўкнуць і сама ўлада. Рыгор Папараць фармальна заставаўся на волі, але за пяро больш не ўзяўся, бо так яму загадала ўлада.

Віктара Казлоўскага раз-пораз кідалі ў псіхіятрычку, пакуль чалавек не страціў розум. Увагналі ў хваробу і Паўлюка Ананьева.

Царская ссылка, пра якую мы чытаем ва ўспамінах пра Аляксандра Пушкіна, у «Былым і думах» Аляксандра Герцэна ці ва ўспамінах Надзеі Крупскай пра Уладзіміра Леніна, або царская турма, апісаная Фёдарам Дастаеўскім у «Запісках з Мёртвага дому», савецкаму ссыльнаму і вязню турмы (канцлагеру) магла б здацца месцам адпачынку. Насіць захаляўны сшытак з творамі, як гэта ўдавалася Тарасу Шаўчэнку, у сталінскай турме, у сталінскім канцлагеры было магчыма толькі ў тэорыі.

Колькі беларускіх пісьменнікаў бальшавіцкі рэжым на доўгія гады вырваў з літаратурнага працэсу? Нейкай дакладнай лічбы не ведае ніхто. Не толькі таму, што дасюль нам недаступныя архівы карных органаў. Але й таму, што няма пакуль што адказу на пытанне: каго з тых, хто друкаваўся, можна аднесці да пісьменнікаў? Ці толькі тых, хто пісаў вершы, аповесці, апавяданні, рэцэнзіі ды крытычныя артыкулы, рабіў мастацкія пераклады? Ці нельга да гэтае катэгорыі аднесці і тых, хто пісаў на прыстойным літаратурным узроўні публіцыстыку і нарысы? Калі гаворка ідзе аб паэтах, празаіках, крытыках, літаратуразнаўцах, перакладчыках і мемуарыстах, праз бальшавіцкія турмы і лагеры прайшлі дзесяткі. Гэта: Антон Адамовіч, Вінцук Адважны (святар Язэп Германовіч), Андрэй Александровіч, Мікола Аляхновіч, Аляксей Анішчык, Наталля Арсеннева, Змітрок Астапенка, Мікола Байкоў, Сцяпан Баркоўскі, Захар Бірала, Пятро Бітэль, Янка Быліна (святар Ян Семашкевіч), Ядвіга Бяганская, Рыгор Бярозкін, Змітро Віталін, Яфім Гаварушка, Вісарыён Гарбук, Алесь Гародня, Юрка Гаўрук, Ларыса Геніюш, Міхайла Грамыка, Сяргей Грахоўскі, Алесь Гурло[13], Сяргей Дзяргай, Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Дудзіцкі, Язэп Дыла, Якуб Ермаловіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Алесь Звонак, Алесь Змагар, Міхась Кавыль, Аўген Калубовіч, Рыгор Клімовіч, Уладзімір Клішэвіч, Рыгор Кобец, Рыгор Крушына, Лявон Крывічанін, Платон Крэнь, Тодар Лебяда, Леанід Леўшчанка, Сцяпан Ліхадзіеўскі, Максім Лужанін, Раман Ляпіч, Аркадзь Мардвілка, Якуб Міско, Паўліна Мядзёлка, Уладзімір Мяжэвіч, Мікола Нікановіч, Сяргей Новік-Пяюн, Алесь Пальчэўскі, Рыгор Папараць, Уладзіслаў Паўлюкоўскі (Улад-Ініцкі), Алесь Пруднікаў, Павел Пруднікаў, Уладзімір Прыбыткоўскі, Язэп Пушча, Раман Сабаленка, Пятро Сакол, Юльян Сергіевіч, Уладзімір Сіўко, Ян Скрыган, Лявон Случанін, Станіслаў Станкевіч[14], Васіль Супрун, Масей Сяднёў, Уладзімір Сядура, Рыгор Хацкевіч, Мікола Хведаровіч, Васіль Хомчанка, Сымон Хурсік, Мікола Цэлеш, Тамара Цулукідзэ, Уладзіслаў Чаржынскі (Дзяржынскі), Нічыпар Чарнушэвіч[15], Аркадзь Чарнышэвіч, Кузьма Чорны, Янка Шутовіч, Станіслаў Шушкевіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла. У верасні 1939 года ў савецкі лагер трапіў жаўнер Войска Польскага Пётра Сыч. Следам за мужам (Максімам Лужаніным) добраахвотна ў ссылку падалася паэтка Яўгенія Пфляўмбаўм. У падлетка Альфрэда Радзюка (будучага паэта Алеся Салаўя) бальшавікі саслалі маці і бацьку. Ці маем мы права не запісаць яго ў ахвяры бальшавіцкага тэрору?

Мы нічога не ведаем пра лёс шмат каго з літаратараў. Дзе падзеўся Апанас Сідарэнка (Пеначкін), аўтар артыкула да 50-годдзя Янкі Купалы ў «Беларусі калгаснай» — артыкула, які выклікаў гнеў партыйных інстанцыяў і казённых крытыкаў?

Што ведаем пра літаратара Канстанціна Зарамбоўскага?

Хто скажа, як склаўся жыццёвы шлях Ганны Брэскай, Рыгора Бахты, Міколы Бацюшкава?

Мікола Аляхновіч, Змітро Віталін, Раман Ляпіч, Аркадзь Мардвілка, Сымон Хурсік, Уладзімір Чаржынскі (Дзяржынскі) пасля лагераў і ссылак да беларускай працы не вярнуліся.

Дзяржаўны тэрор, палітычны, ідэалагічны ўціск скоўваў творчы патэнцыял тых, хто заставаўся на волі. Дый волю тую можна толькі ўмоўна назваць воляй. Пастаўлены да сценкі тварам з узнятымі ўгору рукамі Якуб Колас — вось сімвал беларускай літаратуры 1930 —1940-х гадоў.

Хто з беларускіх савецкіх і падсавецкіх пісьменнікаў мог пахваліцца, што ён цалкам адданы творчай працы? Пра каго з іх можна сказаць, што іх талент разгарнуўся напоўніцу? Затэрарызаваны Янка Купала складаў вершы ў гонар «бацькі народаў». Янка Брыль, пераглядаючы адзін за адным тамы Поўнага збору твораў Паэта, скрушна пісаў: «Ох, гэты цяжкі ды змрочны пяты том!.. З «паэзіяй» трыццатага — сорак другога гадоў, вельмі далёкай ад Яго таленту. Ніякага асуджэння, а толькі жаль...»[16] Амаль тое ж мы можам напісаць пра Якуба Коласа. Няўтульна пачуваўся пад «сталінскім сонцам» і Змітрок Бядуля. Як жыў у пастаяннай трывозе за сябе і сваё жыццё высокаталенавіты Аркадзь Куляшоў, пра тое апавядае ягоная дачка. Толькі заходнебеларускія рэвалюцыйныя заслугі ахавалі ад тэрору Міхася Васілька і Максіма Танка. Да прысуджэння яму Сталінскай прэміі жыў у трывозе і Янка Брыль.

Нельга сказаць, што вольнымі пачуваліся тыя літаратары, якія даносілі. Калі і быў у каторага з іх талент, яму таксама не наканавана было разгарнуцца.

Не будзем ідэалізаваць і тых, хто трапіў у лагеры і ссылкі, быў расстраляны і закатаваны. Былі сярод іх і даносчыкі на калегаў, даносчыкі «ад шчырага сэрца» і дзеля зайздрасці, даносчыкі бескарыслівыя і карыслівыя. Сярод іх былі і адданыя бальшавікі, якія да апошняга моманту думалі, што «здарылася памылка». Але я ўпэўнены, што ўсе яны, людзі рознае меры таленту, рознага маральнага ўзроўню, адкупілі сваю віну пакутамі і пакутніцкай смерцю.

Расстраляных, загінулых у ГУЛАГу, памерлых у ссылцы і на пасяленні таксама былі дзесяткі: Сяргей Астрэйка, Адам Бабарэка, Міхась Багун, Сымон Баранавых, Якаў Бранштэйн, Янка Валасевіч, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Уладзіслаў Галубок, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі, Станіслаў Грынкевіч, Францішак Грышкевіч. Сяргей Дарожны, Ігнат Дварчанін, Анатоль Дзяркач, Алесь Дудар, Хацкель Дунец, Кастусь Езавітаў, Уладзімір Жылка, Іван Замоцін, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Лукаш Калюга, Андрэй Капуцкі, Павел Каравайчык, Мікалай Каспяровіч, Тодар Кляшторны, Макар Краўцоў, Сымон Куніцкі, Фелікс Купцэвіч, Дзмітрый Курдзін, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Юрка Лістапад, Антон Луцкевіч, Юрка Лявонны, Алесь Ляжневіч, Язэп Мазуркевіч, Валеры Маракоў, Барыс Мікуліч, Андрэй Мрый, Міхась Мялешка, Янка Нёманскі, Зяма Півавараў, Міхайла Піятуховіч, Сяргей Ракіта, Леапольд Родзевіч, Аляксандр Сак[17], Алесь Салагуб, Уладзімір Самойла, ксёндз Адам Станкевіч, Васіль Сташэўскі, Іосіф Сукала, Аляксандр Сянкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Юлі Таўбін, Аляксей Траецкі, Янка Туміловіч, Аляксандр Уласаў, Сяргей Фамін, Уладзімір Хадыка, Пятро Хатулёў, Аляксандр Цвікевіч, Адам Церах, Міхась Чарот, Макар Шалай, Фабіян Шантыр, Павел Шастакоў, Васіль Шашалевіч, Паўлюк Шукайла.

Дадамо да гэтага спісу вайскоўца Язэпа Дубоўку, які выступаў пад псеўданімам Язэп Вазёрны і быў не такі знакаміты, як ягоны брат.

Дадамо да гэтага спісу і аднаго з заснавальнікаў першае беларускае газеты «Наша доля» Францішка Умястоўскага. Маёр запасу Войска Польскага, пакліканы на службу на самым пачатку Другое сусветнае вайны, ён загінуў у Катыні.

З часам гэты спіс можа папоўніцца новымі імёнамі, бо пра лёс шмат каго з арыштаваных, сасланых, адпраўленых у канцлагеры мы не маем пэўных звестак.

Дзе прапаў нашанівец Хведар Імшэнік? Вядома толькі тое, што ён адбываў ссылку. Дзе скончыў свой жыццёвы шлях двойчы сасланы Аляксандр Шлюбскі? Дзе зніклі арыштаваныя журналіст Змітрок Паваротны (Антон Адамовіч называе пісьменнікам), паэты Васіль Леанідаў, Сяргей Мурзо, Ян Субач і Янка Чабор? Дзе знайшоў свой вечны спачын Уладзіслаў Грыневіч? Дзе падзеліся вязні канцлагераў Мікола Гваздоў, Сяргей Знаёмы, Язэп Падабед і Сяргей Русаковіч? Хто скажа нам пра абставіны смерці Льва (Лявона) Цвяткова, лінгвіста, даследчыка літаратурнай мовы?

Вядома, што са ссылкі вярнуўся філолаг Платон Жарскі (Антон Адамовіч называе яго пісьменнікам). У час вайны ён працаваў у Менску. Дзе ўзяць даведку пра час і месца ягонай смерці?

Хто скажа з пэўнасцю пра лёс Міколы Нікановіча: ён загінуў на фронце ці ўзяты СМЕРШам? А Рыгор Мурашка? Забіты немцамі ці засланымі ў нямецкі тыл эканвэдыстамі? Хто сярод белага дня забіў Вацлава Іваноўскага: СД ці савецкія агенты? Хто знішчыў Францішка Аляхновіча: польскія нацыяналісты ці бальшавікі?

Паўтаруся: ахвяры бальшавізму былі людзьмі рознае меры таленту, рознага маральнага ўзроўню і розных палітычных перакананняў. Іх яднала тое, што ўсе яны — атэісты і вернікі, свецкія і святары, камуністы і антыкамуністы, дзеячы БНР і БССР — любілі Беларусь і зычылі дабра свайму народу і сваёй краіне. І ўжо гэтым яны былі небяспечныя для Масквы і яе сатрапаў у Беларусі.

Ніякі суд — ні нябесны, ні зямны — не апраўдае збройны тэрор, учынены бальшавікамі у дачыненні да беларускае літаратуры, беларускае культуры, беларускага народа.

Кніга, якая прапануецца ўвазе чытачоў, магчыма, выходзіць пазнавата. У іншых постсавецкіх краінах падобныя выданні з’явіліся раней. Але важна, што кніга выходзіць. І важна тое, што змешчаныя ў ёй тэксты служаць справе абвінавачання бальшавіцкага таталітарнага рэжыму, служаць справе асуджэння яго злачынстваў.

Анатоль Сідарэвіч

[1] Гл.: Адамовіч А. Да гісторыі беларускае літаратуры. — Мн.: Выдавец ІП Зьміцер Колас, 2005. С. 887.

[2] Гл. тамсама. С. 964.

[3] Луцкевіч А. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва / Укл., прадм. і камент. А. Сідарэвіча. Мінск: Кнігазбор, 2006. С. 17.

[4] Спецыфічна беларускае, слова «хапун» увайшло і ў расійскую мову, хоць, здавалася б, паводле законаў гэтае мовы, павінна было б гучаць як «хватун», «хваталовка» ці нешта падобнае.

[5] Жылка У. Выбраныя творы / Укл., прадм. і камент. М. Скоблы. Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998. С. 257.

[6] Гісторык Анджэй Гарліцкі (Polityka. 2007. Nr 22) піша: «У траўні 1926 г. Пілсудскі здабыў выканаўчую ўладу. Толькі ў 1930 г. (...) атрымаў поўны кантроль над заканадаўчай уладай. Найдаўжэй працягвалася падпарадкаванне санацыйнаму лагеру судовай улады».

[7] Выключэннем сярод польскіх палітычных арганізацый была, бадай, Дэмакратычная партыя (Stronnictwo Demokratyczne).

[8] Можна сказаць, што асірыйскую палітыку праводзілі маскоўскія ўладары. Так, Васіль ІІІ, захапіўшы ў 1514 г. Смаленск, вывез з горада ўсіх карэнных смалянаў, а на іх месца прывёз людзей з Масковіі. Сын Васіля ІІІ, Іван Жахлівы, правёў падобную акцыю ў Вялікім Ноўгарадзе. Высяляючы калмыкаў, чачэнцаў, крымскіх татараў ды іншыя народы, Сталін нічога новага не прыдумаў.

[9] Гаворка не толькі пра інтэлігенцыю, адмініністратараў, навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ. Гаворка і пра сялянскую эліту, бо пераважна з гэтага асяроддзя выходзілі настаўнікі, лекары, юрысты і г .д.

[10] Гэтай падзеі Барыс Пільняк прысвяціў «Аповесць непагашанай поўні» і ў 1926 годзе апублікаваў яе за мяжою.

[11] «Не столькі той работы, як галасу», — пісаў Уладзімір Жылка ў лісце да Антона Луцкевіча.

[12] У 1944-м немалая група пісьменнікаў выбрала пяты варыянт — эміграцыю, — але ў канцы 1920-х і ў 1930-х гэты варыянт быў немагчымы ці амаль немагчымы. З БССР можна было ўцячы, толькі нелегальна перайшоўшы мяжу, але Польшча з якою межавала Савецкая Беларусь, была непрывабнаю для беларускіх пісьменнікаў краінай.

[13] Ссылкаю быў пакараны ўмоўна, бо хварэў на сухоты і меў рэвалюцыйныя заслугі. Хворы на сухоты Уладзімір Жылка рэвалюцыйных заслуг не меў, таму быў сасланы.

[14] Аднавясковец і цёзка літаратуразнаўцы і гісторыка д-ра Станіслава Станкевіча.

[15] Брат Міколы Хведаровіча.

[16] Брыль Я. З людзьмі і сам-насам: Запісы, мініяцюры, эсэ. Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. С. 130.

[17] Былы ксёндз: адмовіўся ад сану.