Старасвецкая Беларусь
Галерэі
Уваход
Зараз на сайце
Цяпер 534 госцяў анлайнПЕЛІКАН Вацлаў |
Вацлававіч (11.9.1790—21.6.1873)
Медык, грамадскі i палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў Слоніме ў шляхецкай сям'і. Скончыў курс філасофскіх навук у інстытуце пры Віленскім універсітэце (1809), Пецярбургскую медыкахірургічную акадэмію (1813). Працаваў рэпетытарам на кафедры хірургічнай паталогіі i клінікі ў Віленскім універсітэце. Багаты вопыт i выдатныя веды па хірургіі далі падставу для вызвалення П. ад экзаменаў i абароны дысертацыі на ступень доктара медыцыны i зацвярджэння міністрам асветы (1816). Працаваў прафесарам кафедры тэарэтычнай i практичней хірургіі i хірургічнай клінікі Віленскага універсітэта (з 1817), у 1826—31 быў рэктарам, пазней — інспектарам Міністэрства ўнутраных спраў у Пецярбургу (1831—37), старшым урачом Маскоўскага ваеннага шпіталя (1838), дырэктарам медыцынскага дэпартамента Ваеннага міністэрства (1846). П. распрацоўваў пытанні ўдасканалення ваенных урачоў у хірургіі, нарыхтоўкі медыкаментаў з мэтаю эканоміі сродкаў гаспадарчым спосабам, перагледзеў i дапоўніў каталогі лекаў для шпіталяў i войск. У 1851—64 быў прэзідэнтам Пецярбургскай медыкахірургічнай акадэміі, у 1865—70 — старшынёй дзяржаўнага медыцынскага савета. У 1824 ён старшыня асобага камітэта для складання праекта новага статута вучылішчаў Віленскай навучальнай акругі i новага статута Віленскага універсітэта, у 1829 — старшыня Галоўнай духоўнай семінарыі i Віленскага цэнзурнага камітэта. Быў абраны ганаровым членам Віленскага i Варшаўскага медыцынскіх таварыстваў, Курляндскага таварыства славеснасці i навук. Аўтар артыкулаў «Міялогія для навучэнцаў» (1823), «Аб прымяненні электрычнасці ў медыцыне», прац па лячэнні анеўрызмаў i інш., змешчаных у віленскім часопісе «Dziennik medycyny, chirurgii i farmacji» («Дзённік медыцыны, хірургіі i фармацэўтыкі»). Выдаў дапаможнік па анатоміі. Памёр i пахаваны ў сваім маёнтку Пеліканы ля возера Палік (Барысаўскі раён). М.І.Аарошка. |